Вы тут

Днямі 80 гадоў мірнага жыцця адзначылі Ельск, Мазыр, Калінкавічы, Азарычы


Гэтымі студзеньскімі днямі ўсе пакаленні жыхароў раёнаў Гомельшчыны ўшаноўваюць памяць герояў-вызваліцеляў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Днямі 80 гадоў мірнага жыцця адзначылі Ельск, Мазыр, Калінкавічы, Азарычы. У раёнах прайшлі мітынгі-рэквіемы, фотавыставы, патрыятычныя акцыі, аўтапрабегі з наведваннем брацкіх пахаванняў герояў Вялікай Айчыннай. Разам з жыхарамі раёнаў успомніць гераічны шлях савецкіх байцоў, партызан, якія збівалі фашысцкую навалу з Прыпяцкага Палесся, заклікае праект «Звязды» — «Шляхамі вызвалення» — да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.


Старшыня Ельскага райвыканкама Віктар Замосцік падчас патрыятычнага марафону «На шляху да Перамогі!» перадаў Сцяг Перамогі старшыні Мазырскага раённага Савета дэпутатаў Галіне Кудзінай.

Ельск, Мазыр, Калінкавічы, Азарычы былі вызвалены падчас Калінкавіцка-Мазырскай аперацыі. З 8 студзеня да 8 лютага 1944 года войскі левага крыла Беларускага фронту разграмілі калінкавіцка-мазырскую групоўку гітлераўскіх войскаў, стварылі плацдарм для далейшага наступлення савецкіх войскаў у бабруйска-мінскім напрамку. У аперацыі былі задзейнічаны 61-я армія пад камандаваннем П. А. Бялова, 65-я армія пад камандаваннем П. І. Батава, сілы 16-й паветранай арміі пад камандаваннем С. І. Рудэнкі, а таксама беларускія партызанскія злучэнні. У выніку аперацыі войскі Чырвонай Арміі рушылі наперад на 30–40 кіламетраў, а на асобных напрамках да 60 кіламетраў, было вызвалена больш за 400 населеных пунктаў.

Воінскім фарміраванням, якія найбольш вызначыліся ў аперацыі, былі прысвоены званні «Калінкавіцкіх» і «Мазырскіх». Сёння многія ваенныя гісторыкі называюць гэтую вызваленчую аперацыю савецкіх байцоў своеасаблівым генеральным прагонам канчатковага вызвалення Беларусі, рэпетыцыяй аперацыі «Баграціён». Гэтая аперацыя дэталёва разглядалася ў нямецкіх падручніках, пра яе пісалі ў савецкіх і нямецкіх газетах.

Тройчы адбівалі ў ворага

Фотапраект, прысвечаны франтавікам, партызанам, камандзірам воінскіх часцей і злучэнняў чырвонай Арміі, якія вызвалялі Ельскі раён

Ельскі раён савецкія войскі і партызаны вызвалілі ад гітлераўскіх акупантаў у выніку некалькіх паспяховых аперацый. Так, яшчэ 17 лістапада 1943-га партызанскае злучэнне Сабурава пасля жорсткіх баёў вызваліла Оўруч Жытомірскай вобласці Украіны. Пасля аб’яднання з 4-й гвардзейскай стралковай дывізіяй 1-га Украінскага фронту партызаны разам з 12-м палком і артдывізіёнам дывізіі рушылі да Ельска. Наступленне на акупантаў пачалося ўвечары 26 лістапада, а ўжо 27 лістапада Ельск быў ачышчаны ад фашыстаў. Але, як аказалася, ненадоўга. Вораг сцягнуў да невялікага райцэнтра велізарныя сілы, 29 лістапада савецкія салдаты і партызаны вымушаны бялі пакінуць горад. Чарговую спробу выбіць фашыстаў з райцэнтра распачалі 2 снежня. Аднак удалося ачысціць ад акупантаў толькі частку горада, рухацца далей нашы не змаглі. Кровапралітныя баі за Ельск ішлі на працягу ўсяго снежня. Так, 10 снежня савецкія вайскоўцы і партызаны зрабілі яшчэ адну спробу вызваліць Ельск. У гэты дзень выбілі акупантаў з вёсак Дабрынь, Данілаўка, Санюкі, Вішанькі і Багуцічы. Фашысты падцягнулі свежыя сілы, і 11 снежня зноў адкінулі чырвонаармейцаў і партызан з захопленых пазіцый. Страты былі вялізныя.

Так, 12 снежня ў адным з баёў за Ельск гераічна загінуў памочнік камандзіра ўзвода аўтаматчыкаў 1321-га стралковага палка, старшы сяржант Павел Тамілін, які ў верасні 1943 года за фарсіраванне Дняпра быў прадстаўлены да звання Героя Савецкага Саюза. Герой пахаваны ў Ельску.

Толькі праз месяц, у ходзе Калінкавіцка-Мазырскай наступальнай аперацыі 415-я стралковая дывізія 61-й арміі Беларускага фронту разам з байцамі атрадаў 37-й Ельскай партызанскай брыгады вызвалілі райцэнтр і чыгуначную станцыю.

За гады вайны на тэрыторыі Ельскага раёна нямецка-фашысцкія захопнікі знішчылі каля 3 тысяч мірных жыхароў; больш за 800 чалавек былі вывезены на катаржныя работы і ў канцлагеры ў Германію і Аўстрыю, вярнуліся дадому крыху больш за 600 чалавек; спалена 59 вёсак, з іх тры вёскі не адрадзіліся.

Па традыцыі ў дзень вызвалення Мазырскага раёна ад нямецка- фашысцкіх захопнікаў на мемарыяльным комплексе Курган Славы сабраліся розныя пакаленні жыхароў, каб ушанаваць памяць герояў-вызваліцеляў

11 студзеня — асаблівая дата для жыхароў раёна. У 80-ю гадавіну вызвалення Ельскага краю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў памяць загінулых у баях чырвонаармейцаў і партызан ушанавалі падчас мітынгу «Героям, якія кавалі Перамогу, прысвячаецца». У Ельску да знамянальнай даты падрыхтавалі і фотавыставу з партрэтамі франтавікоў, партызан, камандзіраў воінскіх часцей і злучэнняў, якія вызвалялі раён. Сярод іх — Герой Савецкага Саюза, камандуючы 61-й арміі Павел Бялоў, сувязная атрада «За Радзіму» 37-й Ельскай партызанскай брыгады Хрысціна Малюк, камандзір 415-й стралковай дывізіі Павел Машчалкоў. Да святкавання 80-годдзя з дня вызвалення Ельска і Ельскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ва ўстановах адукацыі прайшлі класныя і інфармацыйныя гадзіны, хвіліны Памяці, урокі мужнасці, экскурсіі. У рамках раённай патрыятычнай акцыі «Дарогамі вызвалення» прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, прадпрыемстваў і арганізацый Ельска ўшанавалі памяць герояў-вызваліцеляў на месцах баявой славы.

Акрамя таго, Ельск прыняў эстафету патрыятычнай акцыі «На шляху да Перамогі!», якая стартавала 23 верасня мінулага года ў першым вызваленым населеным пункце Беларусі — аграгарадку Камарын Брагінскага раёна. Эстафету ад Ельскага раёна прыняў Мазыр.

Два з паловай года акупацыі

У 80-ю гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Калінкавіцкага раёна асаблівыя словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны

Увечары 14 студзеня 1944 года неба над Масквой асвяцілася тысячамі агнёў урачыстага салюту. Так Радзіма ўшаноўвала герояў 1-га Беларускага фронту, байцоў Палескага партызанскага злучэння — вызваліцеляў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Мазыра і Калінкавічаў.

У ноч на 8 студзеня войскі 61-й арміі пачалі з поўдня абыходзіць Ельск і выйшлі ў раён вёскі Рэмезы. Кавалерыйскія дывізіі наблізіліся да Мазыра з заходняга і паўднёва-заходняга боку. Па ўсіх напрамках гітлераўцы люта контратакавалі. 12 студзеня пачала актыўныя дзеянні 55-я стралковая дывізія. Чырвонаармейцы вызвалілі шэраг населеных пунктаў левабярэжжа Прыпяці і выйшлі да дарогі Мазыр — Калінкавічы. Найбольшага напружання баі за Мазыр дасягнулі 13 студзеня. Раніцай 14 студзеня Мазыр быў поўнасцю вызвалены ад гітлераўцаў.

У данясенні камандуючага 61-й арміі паведамлялася: «Войскі арміі, зламаўшы супраціўленне праціўніка на мяжы Бабранята, Шпількі, да 7.00 авалодалі г. Мазыр... У баях за Мазыр нанесены значныя страты пяхотнай дывізіі саперніка, забіты 1500 чалавек салдат і афіцэраў. Вызвалена 710 кв. кіламетраў, занята больш за 80 населеных пунктаў».

15 студзеня 1944 года 18 часцям і злучэнням Савецкай Арміі, якія вызначыліся пры вызваленні Мазыра, былі прысвоены ганаровыя найменні «Мазырскіх».

У дзень вызвалення з 18 500 жыхароў даваеннага Мазыра ў ім заставаліся 4700 чалавек. За час акупацыі мазырскай зямлі нацысты поўнасцю або часткова знішчылі 43 вёскі, забілі і замучылі больш за сем тысяч мірных жыхароў, было вывезена больш за 1800 чалавек на катаржныя работы ў Германію.

Асабліва лютыя баі

14 студзеня 1944 года стала днём вызвалення адразу двух гарадоў — і Мазыра, і Калінкавічаў. 20 часцям і злучэнням Савецкай Арміі, якія вызначыліся пры вызваленні Калінкавічаў, былі прысвоены ганаровыя найменні «Калінкавіцкіх».

У гэтым раёне — найважнейшым чыгуначным вузле і апорным пункце акупацыйнай нямецкай адміністрацыі — баі былі асабліва лютыя. У паветраных баях падчас Калінкавіцка-Мазырскай аперацыі вызначыліся многія экіпажы савецкіх знішчальнікаў і бамбардзіроўшчыкаў 16-й паветранай арміі. Былі і тыя, хто паўтарыў подзвіг Мікалая Гастэлы. 12 студзеня 1944 года, калі савецкія войскі вялі цяжкія баі на подступах да Калінкавіч, экіпаж пад камандаваннем падпалкоўніка Крыўцова бамбіў варожыя ўмацаванні, наносіў удары па жывой сіле і тэхніцы саперніка. Пры выкананні чарговага баявога задання самалёт падбілі. Лётчыкі накіравалі ахопленую полымем машыну на групу фашысцкіх эшалонаў на чыгуначнай станцыі Калінкавічы.

У 1975 годзе за тры кіламетры на захад ад Калінкавічаў, каля трасы Калінкавічы — Жытомір, быў пастаўлены абеліск, які ўвекавечыў памяць экіпажа самалёта 301-й бамбардзіровачнай авіядывізіі 16-й паветранай арміі — падпалкоўніка Крыўцова, маёра Сомава і старшыны Паўлава.

Дарэчы, аб тым, як нашы войскі выбівалі фашыстаў з Калінкавіцкай зямлі, у сваёй кнізе «У паходах і баях» апісаў і двойчы Герой Савецкага Саюза, камандуючы 65-й арміяй, генерал Павел Іванавіч Батаў. У студзені 1944 года менавіта 65-я армія Батава ва ўзаемадзеянні з 61-й арміяй генерала Бялова рыхтаваліся нанесці сакрушальны ўдар па ворагу і вызваліць Калінкавічы.

«...За некалькі дзён сюды былі падцягнуты з правага флангу асноўныя сілы артылерыйскага корпуса Ігнатава. Але і сапернік узмацніў тут сваю групоўку. Камандуючы фронтам папярэдзіў, што, паводле звестак разведкі, на галоўным напрамку, дзе павінна была наступаць 162-я стралковая дывізія палкоўніка С. І. Чарняка, гітлераўцы маюць некаторую колькасную перавагу ў сілах... Дывізія Чарняка трапіла пад такі моцны агонь, што не магла авалодаць першай траншэяй варожай абароны. Да вечара камандуючы фронтам сам прыехаў на камандны пункт войска... Ракасоўскі коратка выклаў свой план.

— Мы павінны перахітрыць саперніка, — казаў ён. — За ноч трэба ракіраваць асноўныя сілы на восем-дзесяць кіламетраў налева ад вызначанага раней участка галоўнага ўдару і на досвітку аднавіць наступленне...

Войскі атрымалі баявы загад. Дывізія палкоўніка Чарняка з надыходам цемры дэманстратыўна ўзмацніла атакі на ранейшым напрамку. Тым часам галоўныя сілы войска, у тым ліку большасць артылерыі, здзяйснялі марш уздоўж фронту... На досвітку тры стралковыя дывізіі і некалькі артылерыйскіх палкоў занялі зыходнае становішча для нанясення галоўнага ўдару... Атака пачалася ў 12 гадзін дня сіламі перадавых батальёнаў, якія надыходзілі пры падтрымцы артылерыі. Гэта была, па сутнасці, разведка боем, але яна аказалася настолькі паспяховай, што атакуючыя без страт захапілі першую траншэю і завязалі бой у глыбіні абароны. Развіваючы гэты поспех, мы адразу нанеслі ўдар галоўнымі сіламі ўсіх дывізій першага эшалона. Праз тры гадзіны паласа варожай абароны была прарвана. Войскі выйшлі на ўскраіну Калінкавічаў і завязалі баі на вуліцах горада. 14 студзеня горад Калінкавічы быў вызвалены, а 61-я армія заняла Мазыр».

Між тым вялікую дапамогу ў паспяховым правядзенні Калінкавіцка-Мазырскай аперацыі войскам Беларускага фронту аказалі палескія партызаны і падпольшчыкі. Камандаванне арміі падтрымлівала бесперапынную сувязь з падпольнымі райкамамі партыі, партызанскімі атрадамі і брыгадамі. Гэта дапамагло авалодаць дакладнай інфармацыяй аб становішчы спраў у тыле ворага. Інфармацыя партызан аб аператыўнай абстаноўцы ў паласе наступлення арміі, складзе і дыслакацыі гітлераўцаў на гэтым участку фронту, стане дарог спрыяла больш дакладнай ацэнцы праціўніка і дапамагла паспяховаму наступленню 65-й арміі.

Вызваленне ад гітлераўцаў моцнага апорнага пункта і чыгуначнага вузла — Калінкавічы — пахавала план ворага аб злучэнні яго жлобінскай і калінкавіцкай груповак. Былі створаны выгадныя ўмовы для далейшых наступальных баёў Чырвонай Арміі.

Падчас акцыі «На шляху да Перамогі!» старшыня Калінкавіцкага райвыканкама Сяргей Гвоздзь перадаў сцяг Перамогі старшыні Лельчыцкага раённага Савета дэпутатаў Таццяне Бяспалай

«Паскуднае злачынства нямецка-фашысцкай ваеншчыны»

20 студзеня 1944 года падчас Калінкавіцка-Мазырскай аперацыі савецкія войскі вызвалілі і гарадскі пасёлак Азарычы Калінкавіцкага раёна. Войскі Чырвонай Арміі падступілі да Азарыч яшчэ ў канцы лістапада — пачатку снежня 1943 года. Больш за месяц на гэтым напрамку доўжыліся пазіцыйныя баі.

Акупанты паспелі добра падрыхтавацца да наступлення савецкіх войскаў, утварылі шчыльную кругавую абарончую лінію. Подступы да Азарыч немцы густа замініравалі, амаль усе каменныя і цагляныя пабудовы былі прыстасаваны да кругавой абароны. Баі за Азарычы былі вельмі кровапралітнымі. Асноўны цяжар змаганняў за гарпасёлак прыняла на сябе 218-я стралковая Рамадана-Кіеўская, ордэна Чырвонага Сцяга, ордэна Суворава дывізія.

20 студзеня на досвітку, пасля моцнай артпадрыхтоўкі, 372-і стралковы полк выйшаў на паўднёвую ўскраіну, а 667-ы стралковы полк — на паўночна-заходнюю ўскраіну гарпасёлка. Кровапралітны бой за кожную вуліцу і дом скончыўся толькі да 15 гадзін поўным знішчэннем усяго нямецкага гарнізона ў Азарычах.

У пачатку сакавіка 1944 года на фашысцкай тэрыторыі, у непасрэднай блізкасці ад лініі фронту, непадалёк ад Азарычаў, акупанты стварылі тры лагеры смерці, куды пад выглядам эвакуацыі былі дастаўлены больш за 50 тысяч чалавек з Гомельскай, Магілёўскай, Палескай абласцей Беларусі, а таксама Смаленскай і Арлоўскай абласцей Расіі. Гэтыя тры лагеры атрымалі назву «Азарыцкія лагеры смерці». Тут было знішчана каля 20 тысяч чалавек. Без ежы і вады людзі ўтрымліваліся пад адкрытым небам на тэрыторыі, абнесенай калючым дротам. У такіх умовах людзі паміралі тысячамі. Аднак гэтага нацыстам было недастаткова.

Нельга не прывесці радкі з кнігі «У паходах і баях» двойчы Героя Савецкага Саюза, камандуючага 65-й арміяй генерала Паўла Іванавіча Батава, які апісваў падзеі тых месяцаў: «На правым флангу сапернік не рабіў больш актыўных дзеянняў. Але тут лютаваў іншы вораг — сыпны тыф. Эпідэмія ўспыхнула ў дывізіях 19-га корпуса. Гэта было адно з самых паскудных злачынстваў нямецка-фашысцкай ваеншчыны. 37-я гвардзейская з баямі падыходзіла да вёскі Дзерць. Разведчыкі данеслі камдыву, што ў наваколлі, на балотах, яны бачылі лагеры: калючы дрот, за ім на холадзе, без усякіх сховішчаў, жанчыны, дзеці, старыя. Страшна глядзець. Камандзір дывізіі генерал Ушакоў паслаў некалькі падраздзяленняў — імклівым ударам адбіць пакутуючых людзей, пакуль іх не пастралялі фашысты. Але нямецка-фашысцкае камандаванне не дало загад знішчыць зняволеных у гэтых лагерах. Яно чакала іншага. Рускія салдаты кінуцца да жанчын, абдымуць дзетак, і тады папаўзе ў шэрагі надыходзячых савецкіх войскаў сыпнатыфозная вош... Усе загнаныя ў лагеры каля пярэдняга краю людзі былі заражаныя сыпным тыфам...»

У складзе 218-й дывізіі на пасадзе санінструктара ад сцен Сталінграда да Азарычаў дайшла Зінаіда Самсонава. У 658-м палку той жа дывізіі ў якасці стралка 487-й асобнай разведроты служыў Аляксей Лазуненка. Абодва яны склалі галовы пад Азарычамі: Зінаіда Самсонава — 27 студзеня, Аляксей Лазуненка — на наступны дзень. 3 чэрвеня 1944 года ім абодвум было прысвоена званне Герояў Савецкага Саюза за фарсіраванне Дняпра. У 1957 годзе астанкі Герояў былі перапахаваны ў брацкай магіле ў Азарычах Калінкавіцкага раёна. У баях за Азарычы вызначыўся і камандзір узвода 1184-га артылерыйскага палка 20-й артылерыйскай брыгады лейтэнант Анатоль Ананьеў, будучы савецкі пісьменнік.

Сапраўды, вязняў «Азарыцкіх лагераў смерці» выкарыстоўвалі ў якасці біялагічнай зброі. Гітлераўцы спецыяльна звозілі хворых на сыпны тыф і іншыя хваробы, заражалі людзей з разлікам, што пасля інфекцыя перакінецца на часці Чырвонай Арміі, якія наступалі.

Звыш 1800 жыхароў і гасцей Гомельшчыны ўшанавалі памяць ахвяр генацыду падчас адкрыцця абноўленага мемарыяльнага комплексу на месцы Азарыцкага лагера смерці ў Калінкавіцкім раёне

Месяц таму ў Азарычах быў адкрыты пасля маштабнай рэканструкцыі мемарыял ахвярам Азарыцкага лагера смерці. Гэта найважнейшы народны патрыятычны праект знакавы не толькі для Гомельшчыны, але і ўсёй краіны. На цырымоніі адкрыцця абноўленага мемарыяльнага комплексу людзі не маглі стрымаць слёз падчас выступлення былога вязня лагера смерці ў Азарычах Алены Сямёнаўны Цясленка: «Семдзесят дзевяць гадоў таму савецкія войскі вызвалілі нас. Як цяпер памятаю: мы, змучаныя, у абмарожаным стане выходзім з канцлагера па вузкай сцяжынцы, якую размініравалі чырвонаармейцы генерала Батава. Вызваленне з палону стала для мяне другім днём нараджэння. У лагеры я была з маці і дзвюма сёстрамі. Штодзень там ад голаду, холаду і тыфу паміралі тысячы чалавек. Сярод іх аказалася і мая сярэдняя сястра Оля. Нікога з памерлых не хавалі. Людзі — жывыя і мёртвыя — так і заставаліся на мерзлай, балотнай зямлі. І кожны дзень у лагеры мог стаць для кожнага з нас апошнім. Жах, перажыты ў тыя дні, пераследуе нас, вязняў, усё жыццё. Захопнікі, якія развязалі тую жорсткую, крывавую вайну, пацярпелі паражэнне. Мільёны бязвінна загубленых душ сталі для іх нямым праклёнам з вечнасці».

У Азарычах ўпершыню ў рэспубліцы адкрыты знак у гонар подзвігу савецкіх ваенных медыкаў

На мемарыяльным комплексе ўпершыню ў краіне адкрыты знак у гонар подзвігу савецкіх ваенных медыкаў, якім пасля вызвалення палонных Азарыцкага лагера смерці ўдалося спыніць эпідэмію тыфу.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота тэлеграм-канала «Гомельшчына афіцыйна»

Загаловак у газеце: Героі Калінкавіцка-Мазырскай наступальнай аперацыі

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.