Вы тут

Па слядах юнага Купалы


Першая вандроўка ў гэтым годзе пачалася для нас з замка... А менавіта з самага таямнічага замка Беларусі Белы Ковель (я пра яго ўжо пісала ў артыкуле «Балі ў разбураным замку»). Руіны ў Смалянах на Аршаншчыне, ля рэчкі Дзярноўка, нагадваюць чэрап — пустыя ваконныя праёмы як пустыя вачніцы. Готыка, карацей... А восеньскімі начамі, калі ад ракі падымаецца туман, у вокнах замка загараюцца агні і рухаецца ў танцы сілуэт жанчыны — гэта каралева Бона…


Насамрэч замак пабудаваны пасля смерці Боны тагачаснымі ўладальнікамі Смалянаў Сангушкамі. Сангушкам маёнтак дастаўся ад князя Андрэя Курбскага, а таму ў падарунак якраз ад каралевы Боны, а Бона ўспадчынніла ад згаслага роду Астрожскіх... Карацей, там свая дэтэктыўная гісторыя — згадаем толькі, што Сангушка абмяняў замак Курбскага ў Смалянах на свае ўладанні ў Ковелі — вось і назваў яго Белы Ковель... І пафарбаваў муры адпаведна ў белае.

На гары на крутой, на абвітай ракой...

Зруйнаваны замак яшчэ ў часы Паўночнай вайны, кажуць, па загадзе Пятра І, каб шведам не дастаўся. Адзін з пазнейшых уладальнікаў, Аляксей Сямёнаў, у XІX стагоддзі прадаў тое, што засталося, на цэглу — з яе пабудавалі царкву святога Аляксея тут жа, у Смалянах. Адзіная ацалелая вежа замка пагрозна пазірае на наваколле... А быў ён магутнейшы, чым Мірскі, — у Мірскім даўжыня сцен 75 метраў, а ў Белым Ковелі дзве сцяны былі па сотні метраў даўжынёй, а яшчэ дзве — па дзвесце...

Але нам, хоць праязджалі паблізу раней, так і не ўдалося падысці да Белага Ковеля. Бо размешчаны ён, як апісаў Янка Купала ў сваёй паэме «Курган»:

«На гары на крутой, 

на абвітай ракой,

Лет назад таму сотня 

ці болей,

Белы хорам стаяў, 

недаступнай сцяной

Грозна, думна глядзеў 

на прыволле».

З усіх бакоў абкружаюць Белы Ковель рэчка Дзярноўка ды балоты... Улетку падысці не змаглі. Думалі — у маразы ўдасца.

Але рэчка па ранейшаму гнала сваю плынь, якая на фоне лёду і снегу здавалася чорнай, а бераг быў падмерзлым балотам, і пры спробе падысці бліжэй сляды пачалі запаўняцца вадой... Нам казалі, мясцовыя ведаюць, дзе насып, па якім калісьці праязджалі карэты, — сёння там можна прайсці па костачкі ў вадзе. Але ж не зімою... Зразумела, найбольш цікаўныя турысты ўсё адно дабіраюцца — у Сеціве хапае здымкаў. Мо і начныя агні ў вокнах — дзейнасць сталкераў?

Мы паставілі машыну ля сіняй драўлянай царквы — узору народнага дойлідства XVІІІ стагоддзя, стылю барока, у прасвеце вуліцы бачыўся на ўзгорку замак... Здаецца, вось ён, блізка... Але дзе там! Самы спартыўны з нашай сямейнай каманды ўсё-ткі дабраўся да муроў — давялося лезці на дрэва, адтуль па галлі перабірацца да заледзянелай вады, саскокваць... Я сціпла пафатаграфавала з берага, зайшоўшы так далёка, наколькі было магчыма, каб не праваліцца ў ваду. Таемнасць, загадкавасць, готыка...

«Ясь хадзіў сам не свой...»

І недарэмна я ўспомніла радкі Купалы. Ці не натхняўся ён Белым Ковелем, калі пісаў пра «белы хорам», які стаіць на гары, абвітай ракой? Вельмі верагодна. Паэма «Курган» была напісаная ў 1910 годзе, а ў 1903-1904-м Янка Купала, тады яшчэ юны, нікому не вядомы Іван Луцэвіч, працаваў за трыццаць кіламетраў адсюль, у маёнтку Старая Беліца.

Вось туды мы і скіраваліся са Смалянаў.

Праўда, цяпер гэта не Старая Беліца, а Полымя. Назва паўстала ў рэвалюцыйным 1917-м. Дарэчы, таксама па-купалаўску сімвалічна — калісьці паэт быў адным з арганізатараў літаратурнага аб’яднання «Полымя».

Першае, што кідаецца ў вочы, — самыя вялікія ў Беларусі серп і молат. Помнік 50-годдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі вышынёй каля трох метраў.

Але ад даўнейшых часоў таксама шмат што засталося... Некалькі будынкаў з цэглы і каменю, сярод іх — трохпавярховы бровар. Там яшчэ ў нашым тысячагоддзі дзейнічаў спіртзавод, таму ён і больш захаваўся.

А вось і рэшткі сядзібы... Васьмікутная двух’ярусная вежа. Высокія прыступкі... Пра Беліцу шмат пісаў вядомы гісторык Аляксандр Бараноўскі, аўтар кнігі «Полымя (Беліца): гісторыя маёнтка і вёскі». Ён знайшоў план дамініканскага касцёла ХVІІ стагоддзя, на месцы якога ў другой палове ХІХ-га і з’явіўся гэты палац. Гаспадаром тады быў Карл Свяцкі.

Аглядаем заснежаныя руіны, калісьці велічны парк...

І ўяўляем юнага канторшчыка Івана Луцэвіча, які ідзе ў гэты будынак, яшчэ цалюткі, на працу. На сцяне нават ёсць шыльда, якая сведчыць, што будынак мае гісторыка-культурную каштоўнасць і тут працаваў Янка Купала.

Патрапіў дваццацігадовы юнак сюды не ў самы лёгкі свой час.

У маі 1902-га памірае бацька Купалы і будучы паэт застаецца галавой сямейства. Больш за тое — увосень таго ж года памірае адзіны брат Казімір, праз тыдзень — дзве сястры Сабіна і Гэля, ад скарлаціны. У Івана Луцэвіча не хапала грошай нават заплаціць за пахаванне, бо ксёндз запатрабаваў за сясцёр, якіх адпяваў у адзін дзень, двайную плату. А яшчэ і пан загадаў выбірацца з арэнды і ачысціць зямлю іншаму, багацейшаму, арандатару.

Сястра Купалы Леакадзія Раманоўская ўспамінала: «Ясь хадзіў сам не свой... Вельмі многа яму даводзілася працаваць. Пачаў многа пісаць. Пісаў ён на полі, на возе — усюды.»

Звернемся да слоў самога Купалы, які 23 лістапада 1927 года даслаў вядомаму навукоўцу Льву Клейнбарту сваю біяграфію: 

«В декабре этого же 1903 г... я поехал в им. Толочин помещиков Славинских Могилевской губернии, где через знакомого я должен был получить место в лесничестве, но по причине, что я нигде не служил в лесничестве, мне там отказали. Тогда я направился (по рекомендации того ж знакомого) в имение Белица помещика Свяцкого Сенненского уезда Могилевской губернии. Там я прослужил сначала в конторе имения, а потом, под весну, уже в 1904 г. — в качестве младшего приказчика на поле по хозяйству. Жалования помещик призначил мне 10 руб. в месяц, потом заявил откровенно, что на моей обязанности лежит самая усердная эксплуатация рабочих (его слова). Но эта моя «эксплуатация» долго не продолжалась. Я получил телеграмму о болезни матери и вынужден бросить службу и выехать домой к себе в Селище и снова заняться своим хозяйством».

Вясёлае жыццё ў Старой Беліцы

Што ж убачыў Купала, калі прыйшоў да палаца зімой 1903 года?

Перад намі рэшткі будынка, найбольш выразны фрагмент — вежа з прыступкамі... Вось толькі дабудаваная яна была пазней за палац па праекце Уладзіслава Мячкоўскага, у 1907-1911 гадах, калі Купала ўжо з’ехаў.

Гаспадар маёнтка Карл Свяцкі лічыўся добрым адукаваным гаспадаром. Збіраў у сваім уладанні студэнтаў, пісьменнікаў, мастакоў, гасцявала тут і старэйшая дачка Адама Міцкевіча Марыя Гурэцкая — з апошнім Свяцкі быў у сваяцтве. Ладзілі тэатральныя прадстаўленні, працавала дабрачынная школа, якой апекавалася жонка Карла Свяцкага Марыя Данімірская... Сын Свяцкага Станіслаў калекцыяніраваў зброю, а таксама быў арнітолагам-аматарам. У маёнтку мелася 18 пакояў, вялікая бальная зала, карцінная галерэя, бібліятэка з трыма тысячамі кніг. Менавіта ў вежы, між іншым, і размяшчаліся калекцыі Станіслава Свяцкага: арніталагічная, зброі, марскіх ракавін, разьбярная майстэрня.

Зразумела, Карлу Свяцкаму не прыходзіла ў галаву далучыць да творчага кола сціплага беларускага юнака, нанятага на службу за дзесяць рублёў...

Гаспадарка была адметная. Сыр пад маркай «Dobra Bіelіca, K. Swіackіego» ведала ўся Расійская імперыя. Разводзілі племянных коней, кароў, свіней. Лес даваў вялікі прыбытак. У палацы меліся электрычнасць, водаправод, каналізацыя і нават нечуваная раскоша — тэлефон.

Пасля рэвалюцыі гаспадары з’ехалі. У Вялікую Айчынную вайну ў палацы размясціўся нямецкі гарнізон. Праўда, наўрад ці акупанты адчувалі сябе тут у бяспецы: Сенненшчына ўваходзіла ў Сенненска-Аршанскую партызанскую зону, у 1943 годзе на тэрыторыі раёна дзейнічалі 40 падпольных арганізацый і груп. Пасля вайны тут былі сельскагаспадарчы тэхнікум, Дом культуры.

Хоць Купала нядоўгі час правёў у Старой Беліцы, гэта для ягонай творчай біяграфіі вызначальны перыяд. Пачаў складаць вершы. Спачатку — на польскай мове, нават друкаваў іх у часопісе «Zіarno» пад псеўданімам «К-а». Але пясняр прыходзіць да ўсведамлення, што хоча пісаць на мове свайго народа. У 1904-м з’яўляецца першы верш Янкі Купалы на беларускай мове — «Мая доля»:

«Чаму ж, доля, 

ты цяжкая,

Тут мне шчасця 

не даеш?

Чаму ж, горкая такая,

Смерць мне лепей 

не пашлеш?»

Скарбы Напалеона і сэлфі на прыступках

Сярод абавязковых пунктаў для наведнікаў палаца ў Старой Беліцы — сфатаграфавацца, лежачы на прыступках вежы. Чаму? Таму што захаваўся здымак пачатку ХХ стагоддзя, на якім на тых прыступках пазіруе прыгожая дзяўчына ў позе актрысы нямога кіно: млява ляжыць, падняўшы над сабой руку дакладна так, як бы робіць сэлфі. Толькі замест смартфона — ружа. Захавалася імя дзяўчыны: Анэля Карзаловіч. Здымак сапраўды нагадвае сцэну нямога фільма: прыгожы палац, фінікавыя пальмы, рададэндраны....

Сёння аблупленыя сцены з пустымі прагаламі і снег. Дах, кажуць, у 1988-м знялі віцебскія рэстаўратары — узяліся за працу, але толькі і зрабілі, што «абезгаловілі» палац, тым самым падштурхнуўшы да далейшага разбурэння.

Гісторык Аляксандр Бараноўскі выказвае думку, што вежу можна аднавіць і зладзіць тут музей вёскі...

Наконт таго, на якія грошы пабудаваны палац, існуць розныя версіі... Паводле адной, Карл Свяцкі знайшоў у адным з тутэйшых азёр золата — калі армія Напалеона адступала, воз нарабаванага праваліўся пад лёд. Другую версію прыводзіць даследчыца Людміла Хмяльніцкая, якая знайшла ўспаміны родзіча Свяцкіх, літаратуразнаўцы Вацлава Лядніцкага: «Беліца разам з іншымі маёнткамі, фальваркамі і лясамі займала тэрыторыю ў дванаццаць тысяч дзесяцін. Маці Карла і яго сястры Марыі была з роду Ваньковічаў, бабка — з роду Дварэцкіх-Багдановічаў. У сям’і распавядалі, што дзед Карла Свяцкага быў упраўляючым у Багдановіча..., багатага і ўплывовага памешчыка. Багдановіч некалі параіў Свяцкаму набыць які-небудзь большы маёнтак (можа, Беліцу), зразумела на яго, Багдановіча, імя. Свяцкі маёнтак купіў, аднак на сваё імя, а Багдановічу прапанаваў кампраміснае выйсце: каб яму да маёнтка той аддаў таксама дачку. Так і зрабілі, і такім чынам была закладзена аснова вялікай фартуны Свяцкіх».

Праўда, захаваліся і звесткі, што Карл набіраў рабочых з вёскі Навахросты і яны капалі каналы, каб вада ў возеры сышла. Так што, магчыма, нешта пан і знайшоў.

«Хто першы трапіўся, той і прапаў»

Так, наўрад Карл Свяцкі звяртаў увагу на аднаго са сваіх работнікаў па прозвішчы Луцэвіч. Аднак сам юнак не мог не запомніць асобу гаспадара і, зразумела, чуў, што пра яго гаварылі. Вось што кажа Лядніцкі: «Я ўжо згадваў, што дзядзька Карл быў славуты сваім тэмпераментам — перш за ўсё тэмпераментам данжуанскім. Гэта не быў Дон Жуан у поўным значэнні гэтага слова, гэта быў страшэнны жарабец. Прыстойна, заўсёды цудоўна апрануты, брунет, з падстрыжанымі вусікамі над моцна развітай і выступаючай ніжняй сківіцай, з поўнымі жыцця вачамі і зубамі, якія блішчэлі залатымі каронкамі і пломбамі (калі ён зрабіў сабе гэтыя ўпрыгожанні, мая мама неяк сказала яму жартаўліва: «Табе не хапае яшчэ брыльянтаў у гэтым золаце»), бадзёры, заўсёды ў руху, ён увесь час паддаваўся фізічным жаданням. Пра яго можна было сказаць: «Хто першы трапіўся, той і прапаў» — прыгожая, брыдкая, падлетак, замужняя. Часта здаралася, што, напрыклад, падчас гульні ў тэніс — а ён часта гуляў у тэніс, гэтак жа, як і ездзіў верхам (кожны дзень рана ён аб’язджаў на кані фальваркі і палі, а пасля поўдня гарцаваў з гасцямі), чакаючы сваёй чаргі, ён адводзіў у глыб парку тую або іншую дзяўчыну і там імкнуўся, здаецца, не заўсёды без поспеху, давесці свае афекты да апошняй рысы».

Хто ведае, калі Янка Купала праз дзесяць гадоў пісаў паэму «Бандароўна», ці не прыходзілі яму на памяць расповеды пра пана Свяцкага, які «к маладзіцам і дзяўчатам лезе смоллю ў жарты»?

Мы ад’язджалі са Старой Беліцы з надзеяй, што ўсё-ткі знойдуцца сродкі на аднаўленне сядзібы, якая памятае маладога Купалу, дзе складаліся яго першыя паэтычныя спробы... Што не перастануць людзі ездзіць, каб палюбавацца гэтымі маляўнічымі мясцінамі, што натхнялі паэта.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Па слядах юнага Купалы. Ад Белага Ковеля да Полымя

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.