Вы тут

Рускі пісьменнік і краязнаўца нарадзіўся на Вілейшчыне


На Вілейшчыне людзі даволі сталага ўзросту памятаюць, што быў некалі ( у 1940 — 1947 гады) такі сельсавет — Латыгальскі. А цэнтрам яго з’яўлялася вёска Латыгаль. Яшчэ ў 1771 годзе тут была пабудавана Свята-Мікалеўская царква. Цяпер паселішча Латыгаль уваходзіць у Вязынскі сельсавет Вілейскага раёна. Адміністрацыйны цэнтр — аграгарадок Вязынь (да 2019 года — вёска). 
Тут, у Латыгалі, 1 студзеня 1929 года нарадзіўся Анатоль Паўлавіч Васілеўскі (1929 — 1993), рускі пісьменнік і краязнаўца. Яшчэ ў 1976 годзе наш суайчыннік быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў СССР як празаік. На той час — аўтар зборніка апавяданняў «Паміж зменамі», які выйшаў з друку ў 1973 годзе ў маскоўскім выдавецтве «Савецкі пісьменнік». А ў 1974 годзе пабачыла свет асобнае выданне аповесці Анатоля Васілеўскага «Ратнікавы». 
 
Ужо з першых сваіх публікацый Анатоль Паўлавіч звярнуў на сябе ўвагу як на песняра Уладзімірскай старонкі, літаратара, які разгледзеў свае асаблівыя адметнасці расійскай глыбінкі. Спярша будучы пісьменнік закончыў мастацкае вучылішча ў Палеху Іванаўскай вобласці. Пасля службы ў арміі працаваў камсамольскім работнікам, педагогам. 
 
А ў 1966 годзе Анатоль Васілеўскі пераязджае ва Уладзімір. Некаторы час вядзе заняткі з аўтарамі-пачаткоўцамі ў маладзёжнай літаратурнай студыі пры Уладзімірскім аддзяленні Саюза пісьменнікаў РСФСР. Анатоль Паўлавіч лічыцца адным з самых аўтарытэтных, уплывовых уладзімірскіх пісьменнікаў у 1970-ыя — на пачатку 1990-х гадоў. А Уладзімір — як горад літаратурны, можна сказаць, легендарнае мастацкае гняздо талентаў. Між іншым, у заснаванні першай газеты ва Уладзіміры ўдзельнічаў Аляксандр Герцэн. З краем звязаны імёны рускіх пісьменнікаў Радзішчава, Аляксандра Адоеўскага, Мікалая Някрасава і нават Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна. Свой літаратурны шлях ва Уладзіміры пачыналі Віктар Палтарацкі і Уладзімір Салаўхін. У Вязніках на Уладзімірскай зямлі нарадзіўся легендарны паэт-песеннік Аляксей Фацьянаў. З Уладзіміршчынай звязаны і Венедзікт Ерафееў і яго твор «Масква — Пятушкі»... 
 
Анатоль Васілеўскі напісаў тэкст кнігі-фотаальбома «Уладзімір», якая выйшла ў Маскве ў 1980 годзе. А яшчэ ў Маскве і некаторых рэгіянальных расійскіх кніжных выдавецтвах пабачылі свет кнігі нашага земляка — «Разналессе», «Што чалавеку трэба», «На тры бакі», «Ля астылай ракі». Анатоль Паўлавіч — укладальнік уладзімірскага краязнаўчага зборніка «Залатыя вароты». Памёр пісьменнік 6 жніўня 1993 года на 65-м годзе жыцця. Пахаваны ў вёсцы Кусунова Суздальскага раёна. А ва Уладзіміры па вуліцы Міра, 19, дзе пісьменнік жыў, усталявана мемарыяльная дошка ў гонар ураджэнца Латыгалі Анатоля Паўлавіча Васілеўскага. 
 
А мы ў Беларусі да літаратурна-краязнаўчай гісторыі Вілейкі і Вілейшчыны, якая звязана з імёнамі Максіма Танка, Ганны Новік, Аляксандра Уласава, Ігната Ходзькі, Клаўдзіі Дубовік, Змітрака Бядулі, Івана Лашуткі, Уладзіміра Дубоўкі, Касьяна Вясёлага, Тамаша Зана, Янкі Купалы (напісаў у 1911 артыкул «З гуты «Залессе» пра наведванне ў жніўні 1911 г. гуты, што знаходзілася ў 7-8 км ад вілоейскай Іллі), дадзім і імя рускага пісьменніка і краязнаўца Анатоля Васілеўскага.
 
Мікола БЕРЛЕЖ
Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.