Вы тут

У Смілавічах адкрылася незвычайная выстава


«Селядзец пад пэндзлем»... Менавіта так называецца незвычайная выстава-гульня, якая адкрылася на стары Новы год у Смілавіцкім музеі Хаіма Суціна. Вядома, які Новы ці стары Новы год без салаты «селядзец пад футрам», назву якой абыгралі ў назве выставы? Але дзень для дэманстрацыі «мастакоўскай салаты» быў выбраны найперш таму, што 13 студзеня 130 гадоў назад у Смілавічах у сям’і простага краўца нарадзіўся мастак, які заваюе сусветную славу, чые карціны стануць аднымі з самых дарагіх у свеце...


Выставу-амаж у гонар Хаіма Суціна ініцыіравала вядомы архітэктар і грамадскі дзеяч Галіна Левіна, якую падтрымала мастацтвазнаўца Надзея Усава. Для натхнення ўдзельнікам была прапанавана вядомая карціна Суціна «Нацюрморт з селядцом і памідорамі». Мастак маляваў яе падчас свайго паўгалоднага жыцця ў Парыжы, калі ён яшчэ быў непрызнаны, апантана ствараў, выплюхваючы пачуцці ў экспрэсіяністычных фарбах і формах... Селядцы на яго карціне ператвараюцца ў сімвал жаданага дабрабыту сярод неўладкаванага, хаатычнага жыцця. Але васямнаццаць беларускіх творцаў, якія адгукнуліся на ідэю выставы, інтэрпрэтавалі вобраз селядца кожны па-свойму — атрымаўся незвычайна шырокі спектр, на любы густ... Выказванні прафесіяналаў годна падтрымалі юныя навучэнцы Арт-цэнтра «Вулей» Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі імя Хаіма Суціна, у будынку якога і знаходзіцца экспазіцыя «Прастора Хаіма Суціна».

Амаль усе ўдзельнікі выставы сабраліся на адкрыцці — яго вяла тэлевядучая Першага канала Беларускага тэлебачання Вольга Венская, адна з «рухавікоў» незвычайнага праекта. Гасцей віталі ажыўленыя героі карцін Суціна — нявеста і маленькі кандытар, іх увасаблялі навучэнцы Цэнтра творчасці. Дырэктар музея «Прастора Хаіма Суціна» Святлана Хасяневіч шчыра падзякавала ўсім удзельнікам і гасцям і запэўніла, што выставу за час экспанавання пабачаць шматлікія турысты, якія ахвотна наведваюць музей у Смілавічах. А для дзяцей Арт-цэнтра творы будуць прыкладамі жывапісу.

Галіна Левіна адзначыла, што тэма выставы абумоўлена яшчэ і тым, што ў мястэчку Смілавічы жыло шмат яўрэяў, квітнела яўрэйская культура, а селядзец — частка нацыянальнай кухні. Сама Галіна таксама намалявала карціну для выставы, якая называецца «Белы селядзец са скрылёчкамі лімона. Падарожжа». Гэта аптымістычная карціна, якая нагадвае пра далёкае мора і сонца над ім.

— Сённяшняя выстава — своеасаблівае паднашэнне Хаіму Суціну з нагоды яго юбілею, — лічыць Надзея Усава. — Мяне ўзрадавала, з якой ахвотай адгукаліся мастакі на дзіўную прапанову напісаць селядзец. І ўразіла, наколькі па-рознаму яны падышлі да гэтай тэмы.

На пытанне, што б сказаў Хаім Суцін аб гэтай выставе, Надзея Усава пажартавала: ён сказаў бы, што так, гэта цікавыя творы, але, у адрозненне ад яго, іх малявалі сытыя мастакі, у якіх няма прагнага жадання хутчэй з’есці сваю натуру. Ёсць любаванне селядцом, часам шкадоба да яго, нейкая гісторыя.…

Сапраўды, творы выставы «Селядзец пад пэндзлем» можна разглядаць бясконца. Карціна старшыні Беларускага саюза мастакоў Глеба Отчыка называецца «Назіральнік»: у абрысах рыбы можна ўгледзець цэлы сусвет, а яе вока гіпнатычна ўзіраецца ў нас. Уладзімір Пракапцоў намаляваў нацюрморт у стылі тых часоў, калі ствараў Хаім Суцін: палатно з селядцамі на фоне старой газеты «Віцебскі лісток» так і называецца — «Віцебск 1918». Карціна Дзмітрыя Сурыновіча «Рыба-ежа» выканана ў пазнавальнай манеры майстра: тут рыба — не проста страва, а жывая істота, забойства якой варта аплакаць. Рыба вядомай мастачкі Марыі Ісаёнак атрымалася святочна-ўрачыстай, а «Селядзец на салаце» Ніны Кухарэнка выклікае нечаканыя асацыяцыі, бо лісты салаты — гэта і пяшчотна-зеленаватыя аблокі, а можа, крылы, а можа, пеністыя хвалі... Ацанілі гледачы і карціну Веранікі Клімашэвіч «Шлях з глыбіні». На гэтым палатне з заварожвальным спалучэннем колераў селядзец — не аб’ект і не ежа, а герой, дзейны персанаж. Касяк рыб назірае, як самая смелая з іх падымаецца з глыбіні да святла — бо заўсёды нехта паказвае шлях іншым, а ўсё жывое імкнецца да святла, дабра, спазнання свету. Залацістыя селядцы на карціне «Улоў» Марыі Кручковай нагадваюць пра лета, «Шлях» Сяргея Варкіна адсылае да хрысціянскай сімволікі, абедзве прадстаўленыя на выставе карціны Дар’і Карпавай «Каціны пачастунак» і «Салака ў пакеце» таксама метафарычныя. Арыгінальную карціну-шыльду выставы на дрэве намаляваў мастак-педагог Вадзім Дурко, які працуе ў цэнтры, «Ода селядцу» — галоўны сэнс нацюрморта ў галандскім стылі Надзеі Лівенцавай і дэкаратыўнай карціны Ніны Пілюзінай.

Былі і не толькі карціны... «Рыба» Ільі Арэшкі можа ўпрыгожыць любы інтэр’ер: гэта арт-аб’ект-свяцільнік, які выпраменьвае таемнае святло марской глыбіні. Гледачы спецыяльна падыходзілі паглядзець зблізу на работу народнага рэзчыка са слабым слыхам Леаніда Нарушэвіча, каб упэўніцца, што рыбы ў яго інсталяцыі выразаныя з дрэва, а не натуральныя. Як смачную ежу падала сваіх селядцоў і Зінаіда Скарабагатая, маці вядомай мастачкі, прафесійны кухар, якая пачала маляваць сем гадоў назад.

У адкрыцці выставы прынялі ўдзел начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Чэрвеньскага райвыканкама Ірына Змачынская і старшыня Смілавіцкага сельвыканкама Ірына Марціновіч.

— Вельмі важна, калі сустракаюцца ў адным праекце вядомыя таленты, прафесіяналы, аматары і зусім юныя, — адзначыла Ірына Змачынская. — Прывіць нашым дзецям любоў да жывапісу, да гульні колераў, каб яны творчасцю праслаўлялі свой край, — важная задача.

Але сузіранне карцін — гэта было яшчэ не ўсё дзейства. Вядомы беларускі дызайнер Наталля Мініна прэзентавала калекцыю вясельных сукенак з лёну, якой апладзіравалі на славутых подыумах свету. Сімвалічна, што паказ адбыўся ў зале, прысвечанай творчасці яшчэ аднаго ўраджэнца Смілавіч і мастака Парыжскай школы Шрагі Царфіна, які ў свой час рабіў узоры для тканін.

Выстава «Селядзец пад пэндзлем» — вельмі незвычайны праект, які абуджае цікавасць гледачоў і фантазію творцаў і ўпісваецца ў мясцовыя традыцыі. Сярод іншага на адкрыцці выставы згадалі, як калісьці падчас зімовых святаў у гарадскі парк Смілавіч абавязкова выкочвалі для продажу бочкі з селядцамі... Можа, калі-небудзь смілавіцкі селядзец у стылізаванай упакоўцы пад бочачку стане яшчэ адным брэндам горада? Ва ўсялякім выпадку, ідэя фестывалю селядца спадабалася многім.

Напрыканцы чатыры мастакі вырашылі падарыць свае творы цэнтру. Будзе цяпер там знаходзіцца і жывапісная копія карціны Суціна з селядцамі работы Віктара Варанкевіча, падарунак мінскай галерэі «Прадмесце».

Выставу, якая прадоўжыцца цягам трох месяцаў, можа паглядзець кожны ахвотны, хто наведае музей Хаіма Суціна ў Смілавічах.

Людміла ІВАНОВА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.