Вы тут

Васілёк, півоня і паэзія. «Звязду» наведалі маладыя кітайскія студэнты-паэты


У Выдавецкага дома «Звязда» шмат праектаў, скіраваных на беларуска-кітайскія культурныя сувязі. Сярод гэтых праектаў — творчае супрацоўніцтва з кітайскімі студэнтамі, якія вучацца на факультэце журналістыкі БДУ. Адбылося ўжо некалькі публікацый у выданнях Выдавецкага дома «Звязда», дзе прадстаўлялася творчасць маладых кітайцаў у перакладзе на беларускую мову, праходзілі цікавыя сустрэчы. І вось чарговая такая сустрэча — рэдакцыю «Звязды» наведала група кітайскіх студэнтаў, якія вучацца на чацвёртым курсе факультэта журналістыкі па спецыяльнасці веб-журналістыка. Маладыя людзі — аўтары вершаў, якія былі надрукаваныя на старонках «Літаратуры і мастацтва» і часопіса «Беларусь». Студэнтаў прывяла іх выкладчык, загадчыца кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі, вядомы кінакрытык Людміла Саянкова, якая актыўна падтрымлівае гэтае супрацоўніцтва са «Звяздой».


 

Дырэктар-галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч распавёў гасцям пра дзейнасць рэдакцый, пра выдавецкія праекты «Звязды», звязаныя з Кітаем, такія, як пераклады класікаў кітайскай паэзіі. «Звязда» мае дамову з буйнейшай газетай Кітая «Жэньмінь жыбао», і цяпер на партале «Звязды» ёсць адмысловая рубрыка «Весткі з Кітая», дзе рэгулярна друкуюцца навіны. 

— Напрыканцы мінулага года мы заключылі дамову і з інфармацыённым агенцтвам «Сіньхуа», якую з кітайскага боку падпісаў кіраўнік Маскоўскага бюро «Сіньхуа» Фань Вэйга. Таму што разумеем, што беларускаму чытачу трэба атрымліваць як мага больш інфармацыі пра Кітайскую Народную Рэспубліку. Распавядаем і кітайскаму чытачу пра нашу краіну, якая знаходзіцца ў добрых сяброўскіх адносінах з Кітаем.

 Вялікае ўражанне на гасцей зрабіла знаёмства з выданнем прац кітайскага лідара Сі Цзіньпіна, якое пабачыла свет у выдавецтве «Мастацкая літаратура» ўпершыню ў перакладзе на беларускую мову. Госці пабачылі і некаторыя выданні кітайскай класікі ў Беларусі, а таксама кнігу для дзяцей Алеся Карлюкевіча, якая выйшла на двух мовах, рускай і кітайскай. Абмеркавалі нумар часопіса «Беларусь», дзе апублікаваныя вершы некаторых з іх у перакладзе на беларускую і ў кітайскім арыгінале.

Кітайскія студэнты атрымалі магчымасць і прадэманстраваць свае творчыя здольнасці — майстар-клас для іх правяла іх былая выкладчыца, рэдактар аддзела культуры «Звязды» Людміла Рублеўская. Зайшла размова пра нацыянальныя сімвалы краін. Было вызначана, што кветкі-сімвалы Беларусі і Кітая — адпаведна васілёк і півоня, а сімвалічныя птушкі — беларускі бусел і кітайскі журавель з чырвонай каронай. Кожны з маладых паэтаў напісаў па вершу, у якім мусіў ужыць усе гэтыя вобразы, расказаць пра беларуска-кітайскае сяброўства, пра сумоўе культур, а таксама ўкласці свае ўражанні ад жыцця ў Беларусі. Усе ўдзельнікі са сваім заданнем справіліся з натхненнем, па выніках былі зладжаныя паэтычныя чытанні на двух мовах. Лепшае з таго, што атрымалася ў маладых паэтаў, будзе перакладзена на беларускую мову і надрукавана ў выданнях Выдавецкага дома «Звязда». Вось, напрыклад, які верш атрымаўся ў студэнткі Кэ Вэй Вэй:

Вісілёк і півоня растуць разам,

Бусел і журавель лятуць побач.

Яна разам прыносяць радасць,

І разам дораць надзею.

Васілёк сіні, як неба,

Півоня пунсовая, як сонца,

Бусел белы, як воблака,

Журавель чырвоны, як агонь.

Яна разам ствараюць прыгажосць,

Яны разам дораць натхненне,

Яны разам робяць свет лепей,

Яны разам робяць жыццё ярчэй.

Няхай Беларусь і Кітай

Гэтак жа дружна жывуць і квітнеюць,

Як васілёк і півоня, 

Як у палёце — бусел і журавель. 

Падчас візіту маладыя кітайскія журналісты даведаліся шмат новага пра беларускія СМІ, і гатовыя да далейшага творчага супрацоўніцтва са «Звяздой», так што гэта не апошняя падобная сустрэча.

Людміла ІВАНОВА

Фота Лізы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».