Вы тут

Цягнік ідзе не спыняючыся


Завеі. Сцюжа. Мароз. Студзень. Сапраўдны, як яму і належыць быць. За акном цягніка зімовы лес. А мчым наперад. У цёплым і ўтульным салоне. Кожны са сваімі думкамі, мэтамі і марамі. Разам і наперад. Цягне лакаматыў, не зважае на сцюжу і завею... Ці не гэта вобраз нашай дзяржавы? Яна, нібыта цягнік, імчыцца наперад, не зважаючы на перашкоды, тыя геапалітычныя выпрабаванні, на пахаладанне ў міжнародным дыпламатычным клімаце. Цягнік імчыць, а мы ва ўтульным асяроддзі толькі за гэтым усім і назіраем праз «акно» — праз экран тэлевізара, гаджэта альбо праз манітор...


Але ёсць людзі, якія намагаюцца наўмысна альбо па неверагоднасці разбіць тое шкло ў цягніку, націснуць на стоп-кран. Навошта? Навошта глабальную сцюжу мы будзем запрашаць да сябе ў хату? Каб стаць, як Украіна — у лахманах, з незайздросным выбарам: альбо жабраваць, альбо гінуць? Тых «рамантыкаў» майдана ўжо няма — загінулі ці пакалечаныя, іншыя з’ехалі, а за іх «культурныя маршы» і нацысцкія амбіцыі плацяць звычайныя людзі…

А палітычныя завеі не сціхаюць. Замест Віфлеемскай зоркі ў Раство на Блізкім Усходзе рэха выбухаў. Амерыканскія сцярвятнікі бамбяць Емен, і, як ні прыслухоўвайся, не чутна асуджэння з боку міжнародных праваабаронцаў, маўчаць «самыя мірныя» прыхільнікі збеглай кааліцыі. А эксперты прагназуюць новую нагоду свету вар’яцець — яшчэ адну пандэмію. З пазнакай «ікс». Аб гэтай хваробе разважалі нават у Давосе — элітарным месцы, дзе збіраецца сусветная эліта. І адтуль ужо пайшлі чуткі. якія вельмі палохаюць…

А ў Беларусі зноў электаральная кампанія. Прычым упершыню адзіны дзень галасавання. Адразу змены на ўсіх узроўнях заканадаўчай улады. Зноў прыйдзецца здаваць экзамен: камусьці — на сумленнасць, камусьці — на сталасць разумення працэсаў, а каму — і на мужнасць і адданасць абранаму шляху. І ўсім нам — на павагу да сваёй краіны, дый проста на ўдзячнасць. Як кажуць, прапусціць дзень выбараў — тое самае, што не павіншаваць родную маці з днём нараджэння.

Гэты важны іспыт нам спрабуюць сарваць звонку. Трэба разумець: грошы заканчваюцца, цярпенне спонсараў — таксама. Вось яны і выдумляюць розныя спосабы хлусні і падману беларускага грамадства. Спрабуюць ізноў завесці ў багну. У калабарантаў існуе некалькі планаў. Самы страшэнны — гэта адкрытая агрэсія. Розныя «харугвы», якія гатовыя заліць Беларусь крывёю. Шлях ад «светлага твару пратэстаў» да нацыка — вельмі кароткі. Нават прапагандыстам не трэба нічога выдумляць — даволі паслухаць тое, што прапаноўваюць неверагодныя штабы. Гвалт і бойку. Дарэчы, у розныя экстрэмісцкія і нават тэрарыстычныя аванцюры яны ўцягваюць і тых, хто тут, — прыхаваных ворагаў ды «рамантычных» натур. Але ж адказнасць вельмі суровая. Уласцівыя для нас гуманізм і літасць не час праяўляць. Інакш на заводах былі б выбухі, а цягнікі сыходзілі б з рэльсаў, а далей і краіну б абрынулі. Калі гэта хто яшчэ не зразумеў — шкада. Усе гэтыя баявыя суполкі створаны дзеля аднаго: яны павінны стварыць прэцэдэнт. Маўляў, іх ідэі забіваць і знішчаць сваіх жа суайчыннікаў падтрымліваюць усе беларусы... А далей — натаўскія танкі на нашай тэрыторыі, Беларусь — тэрыторыя проксі-вайны. Так званы рэванш за іміджавыя і фінансавыя страты ва Украіне. А ўсё пачыналася з мірных маршаў. І вось да чаго яны маглі неўзабаве прывесці... «Ахвяры» ператвараюцца ў катаў. Такое магчыма падчас безуладдзя і пры адсутнасці моцнай праваахоўнай вертыкалі.

Апошняе, канешне, не пра нас. Але нават самае дужае дрэва можа загінуць з-за ўнутранных хвароб — супярэчнасцяў. Менавіта на гэта і ставяць ворагі беларусаў, намагаючыся вывесці наша грамадства з раўнавагі. Сёння ў іх на парадку дня дыскрэдытацыя маючай адбыцца электаральнай кампаніі. Асабліва ў вачах моладзі. Моладзі патрэбен хайп. Каб зацікавіць. Але тое, што моладзі патрэбен хайп, а больш ёй не трэба нічога, бо ўсё ёсць — ці не найлепшы доказ таго, што ў «дыктатуры» людзям нядрэнна жывецца? Таму і мітусяцца, і заклікаюць байкатаваць адзіны дзень галасавання. Хаця, калі падумаць, гэтыя заклікі — не што іншае, як пацвярджэнне таго, што ў грамадстве ёсць жаданне ісці на выбары. Калі б яго не было, то і не трэба было б заклікаць да ігнаравання.

Справа ў тым, што палітычныя лузеры не маюць падтрымкі сярод людзей, каб удзельнічаць у выбарах, прапаноўваць грамадству сваіх кандыдатаў. Так было заўжды: бачачы, што іх чакае фіяска, яны адразу пачыналі лямантаваць: «байкот і фальсіфікацыя». На іншае яны не здатныя.

На чым яны паспрабуюць хайпануць цяпер? На мясцовых праблемах. Яма на дарозе, абыякавы ўрач, дэфіцыт рабочых месцаў... Але ж больш выпадкаў, калі іх, рабочых месцаў, хапае. Як і класных магістраляў, і зычлівых дактроў... Але пра гэта мы саромеемся казаць, а калі і будуць пісаць дзяржаўныя СМІ, то некаторыя махнуць рукой: маўляў, прапаганда. Кажуць: трэба шукаць новыя і суперсучасныя метады інфармавання. Займацца піярам…

Але моц дзяржавы — у яе справах, а не ў піяры. А мы павінны разумець: тыя, хто цяпер намагаецца ўкрасці нашы сэрцы, выбіць шыбу ў нашым цёплым цягніку дзеля папаўнення сваіх банкаўскіх рахункаў і перамог заходніх гегемонаў, нават ужо нічога не абяцаюць, а толькі плююць у калодзеж, з якого мы ўсе бяром ваду.

Яўген ПУСТАВОЙ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Ірына Старавойтава: За гады суверэнітэту ў Беларусі сфарміравалася свая школа стварэння падручнікаў

Ірына Старавойтава: За гады суверэнітэту ў Беларусі сфарміравалася свая школа стварэння падручнікаў

«Для таго, каб стаць падручнікам, матэрыялы, падрыхтаваныя аўтарамі, праходзяць шмат этапаў экспертызы, абмеркаванняў на дыялогавых пляцоўках з педагогамі, узгадненняў, апрабацыю ва ўстановах адукацыі». 

Рэгіёны

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў

Вобласць падрыхтавала ладны пакет прапаноў удзельнікам форуму.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.