Вы тут

Чаму людзі сварацца і як захаваць шлюб?


Паводле статыстыкі, ледзь не палова шлюбаў заканчваюцца разводамі. Першая «ластаўка» будучага крушэння сямейнай лодкі — гэта, вядома, сваркі. Нават сярод тых, хто здолеў захаваць шлюб на ўсё жыццё, адсвяткаваўшы не толькі «залатое», але і «дыяментавае» вяселле, не знойдзецца пар, якія здолелі б на працягу ўсяго гэтага часу ні разу не пасварыцца.

Ці трэба баяцца сямейных сварак? У якой сітуацыі неабходна ўсвядоміць, што дрэнны мір лепшы і як пераадольваць наступствы сямейных канфліктаў?


Важкія прычыны

Сваркі — гэта, вядома, непрыемна, але без іх, на жаль, ніхто і ніколі не абыходзіцца. Больш за тое, не выключана, што менавіта дзякуючы сваркам сям’я можа стаць мацнейшай. З гэтага не вынікае, што сваркі трэба раздзімаць спецыяльна, але ставіцца да канфліктаў варта ўсё ж такі спакайней.

Падрабязна разгледзім прычыны неразумення паміж мужам і жонкай.

— Яны могуць насіць эмацыянальна-псіхалагічны характар або быць абумоўленымі бытавым бязладдзем. Часта большасць сварак звязана з няздольнасцю прыстасоўвацца да змен у жыцці, радзей — з адсутнасцю аб’ектыўных спосабаў зняць напружаную атмасферу падчас прывыкання да новых умоў, — расказвае псіхолаг Мінскага гарадскога клінічнага цэнтра псіхіятрыі і псіхатэрапіі Дзмітрый Швец.

Прычын для сварак можа быць вельмі шмат, але тое, што іх аб’ядноўвае, — немагчымасць выйсці з канфлікту якім-небудзь іншым, больш канструктыўным чынам. Звычайна сваркі з’яўляюцца вынікам таго, што эмоцыі перавешваюць здольнасць думаць і размаўляць адзін з адным аб тым, што адбываецца. Стомленасць, эмацыянальная няўстойлівасць, моцныя пачуцці — гнеў, роспач, бездапаможнасць, страх у спалучэнні з зацяжным канфліктам, хутчэй за ўсё, выльюцца ў сварку як у спосаб разрадкі вострых перажыванняў.

Сярод асноўных прычын канфліктаў у сям’і — розныя погляды на сумеснае жыццё. Важную ролю адыгрываюць мадэлі мужа і жонкі, якія былі зададзены бацькамі (хто дамінаваў, ад каго залежаў асноўны даход і інш.). Калі яны абсалютна розныя, гэта можа стаць падставай для пастаянных сварак.

Няўменне своечасова агучыць свае прэтэнзіі таксама нярэдка прыводзіць да сямейных скандалаў. Тут дзейнічае прынцып «раздзімання мухі да памераў слана». Своечасова не выказаная незадаволенасць з нагоды незакрытага цюбіка пасты пазней можа выліцца ў вялізны скандал, дзе назапашаныя крыўды як снежны ком абрынуцца на аднаго з членаў сям’і.

Непавага ў адносінах адзін да аднаго, несумненна, рана ці позна стане прычынай сварак. У момант прыціркі зніжаецца ступень павагі, што можа пераходзіць у прыніжэнне і хамства. Негатыўнае стаўленне да партнёра, няздольнасць яго зразумець заўсёды прыводзяць да сваркі.

Сярод прычын канфліктаў — розныя духоўна-маральныя арыенціры, процілеглыя асаблівасці тэмпераменту, недавер і рэўнасць.

Псіхолагі ўстанавілі, што бытавыя прычыны рознагалоссяў 

у сям’і адыгрываюць не такую значную ролю, як эмацыянальна-псіхалагічныя. Але ўсё роўна пра гэтыя фактары не варта забываць. Да іх адносяць матэрыяльныя праблемы — недахоп грошай, істотная розніца ў даходах, завышаныя матэрыяльныя амбіцыі і немагчымасць іх задавальнення. Таксама гэта жыллёвыя цяжкасці: адсутнасць жылля, пастаянныя пераезды, пражыванне з бацькамі, невыкананне сваіх абавязкаў па доме. Сюды ж можна дадаць выхаванне дзяцей — розныя стылі і метады, якім аддаюць перавагу бацькі. Безумоўна, псуюць сямейную атмасферу шкодныя звычкі — алкагалізм, наркаманія і іншыя, якія не дазваляюць весці нармальны лад жыцця. Да гэтай жа праблемы адносіцца і нежаданне мяняць сябе.

Крызісныя перыяды

Кожная сям’я праходзіць праз чатыры асноўныя крызісныя перыяды. Першы здараецца, як правіла, на першым годзе шлюбу. Прычына большасці канфліктаў — пошук агульнай мовы, прыцірка адзін да аднога, якія могуць пагаршацца матэрыяльнымі і жыллёвымі праблемамі. Лічыцца, што на першым годзе сумеснага жыцця адбываецца самая вялікая колькасць разводаў. Паспяхова пераадолеўшы першы этап прыціркі адзін да аднаго, людзі расслабляюцца.

Але якраз расслабляцца і не варта, бо наперадзе — яшчэ адзін крызіс, звязаны са з’яўленнем дзяцей і зменай сацыяльных роляў. Партнёры з мужа і жонкі пераходзяць у бацькоў, што накладвае цэлы шэраг новых абавязкаў і вялікую адказнасць, адбываецца ўшчамленне патрэб, рознагалоссі наконт выхавання дзяцей. У гэты час назіраецца першае астуджэнне ў адносінах да партнёра. Людзям становіцца сумна ў адносінах, таму канфлікты непазбежныя.

Наступная крызісная пара — пасля 10–15 гадоў у шлюбе. Адбываецца згасанне пачуццяў, перанасычэнне бытавым жыццём, абвастрэнне супярэчнасцяў з падрастаючымі дзецьмі. Канфлікт паміж мужам і жонкай часта завяршаецца разводам, бо пасля дзесяцігадовай мяжы большасць пар сутыкаецца з рэальным астуджэннем у адносінах да партнёра і немагчымасцю вырашыць праблемы, якія так ці інакш узнікаюць у шлюбе.

Яшчэ адзін небяспечны перыяд — пасля 20 гадоў сумеснага жыцця. Узмацняюцца трывогі з нагоды здрад, недавер партнёраў, з’яўляецца сіндром «апусцелага гнязда», калі дзеці выраслі і жывуць самастойна.

Лепш дрэнны мір

Ці трэба пазбягаць сварак? Па магчымасці так. Сварка кажа аб тым, што канфлікт дасягнуў вострага эмацыянальнага піку. І нават калі пазбегнуць яе не атрымліваецца, то дзякуючы канфлікту мы можам зразумець, што стаіць за сваркай і як нам быць далей. Часам канфлікты вядуць да больш сумленнага і адкрытага дыялогу: мы разумеем, што ёсць нейкія моманты ў нашым жыцці, якія патрабуюць увагі і рашэння. Калі за сваркай не стаіць жаданне прычыніць іншаму боль спецыяльна, то яна часта дапамагае нам лепш зразумець адно аднаго, вывесці на паверхню нейкія непрыемныя ўнутраныя гісторыі і падумаць, як быць далей.

Але часта наступствы лакальных сутыкненняў маюць негатыўны характар. Яны моцна адбіваюцца на псіхічным і фізічным здароўі ўсіх, хто жыве ў адным доме. Перш чым злавацца на жонку, падумайце, ці не пашкадуеце вы пра гэта, бо прычыненая рана ад каханага чалавека вельмі доўга гоіцца і часам не зажывае ніколі. Парушаюцца адносіны паміж мужам і жонкай, з’яўляюцца крыўды, недавер, паступова само існаванне сям’і губляе сэнс, што прыводзіць да непазбежнага разводу.

Сваркі адмоўна адбіваюцца на неакрэплай псіхіцы дзіцяці. Яно цяжка ўспрымае негатыўнае стаўленне бацькоў адзін да аднаго і потым усё праецыруе на сябе, лічачы, што само з’яўляецца галоўнай прычынай разладу. Гэта накладвае вялізны адбітак на ўсё, што дзіця робіць, якім яно будзе ў далейшым.

Каб пазбегнуць гэтых негатыўных наступстваў, лепш не даводзіць да сваркі, устараняючы ўсе рознагалоссі мірным шляхам. Памятайце, як у прымаўцы: дрэнны мір лепшы за добрую сварку. Але калі ўсё ж гэта не ўдаецца, ёсць пэўныя прыёмы, з дапамогай якіх можна папярэдзіць развіццё недапушчальнага сцэнарыя.

Крокі насустрач

Каб у доме панавалі каханне і ўзаемаразуменне, а ўсе непаразуменні вырашаліся толькі ў канструктыўным кірунку, кожны партнёр павінен пастарацца і прыкласці максімум намаганняў.

Найперш умець гаварыць пра свае перажыванні і слухаць партнёра. Іншага спосабу, акрамя як спрабаваць асэнсоўваць і пераварваць тое, што адбылося між людзьмі, няма.

— Важна навучыцца цярпенню, старацца ўспрымаць партнёра як самога сябе, апускаючы недахопы, стаць часткай іншага. Варта суперажываць, не ігнараваць і не прыніжаць яго асобу, а паспрабаваць уважліва выслухаць і зразумець. Трэба ўмець дамаўляцца і ісці на кампрамісы. Важна памятаць, што заўсёды ёсць спосаб паляпшэння сітуацыі, якой бы складанай яна ні была. Калі муж і жонка гатовы разам знаходзіць выхад, а не вінаваціць адно аднаго, то ў іх усё абавязкова атрымаецца, — кажа Дзмітрый Швец.

Каб вырашыць сямейны канфлікт, трэба выявіць прычыны рознагалоссяў, ацаніць «унёсак» у іх кожнага ўдзельніка, адключыць эмоцыі і ўключыць розум, пастарацца прыняць кампраміснае рашэнне.

Захаванню добразычлівай атмасферы ў сям’і спрыяюць узаемная павага, імкненне да кампрамісу, талерантнасці, уменне дараваць памылкі свайго спадарожніка, адсутнасць узаемных абвінавачанняў, прамой крытыкі, непрыняцця, здаровая самаіронія партнёраў, захаванне даверлівых адносін, аб’ектыўны погляд на розныя пункты гледжання, уменне захоўваць агульнасць пазіцый і перажыванняў.

Ёсць некалькі дзейсных тактык для рашэння канфліктаў у сямейных адносінах. Такі спосаб, як ухіленне ад канфлікту, можна прымяніць пры няўпэўненасці ў станоўчым вырашэнні спрэчкі. Прыстасаванне магчымае, калі адзін суб’ект дамінуе, а другі прымае яго інтарэсы без вялікіх для сябе страт. Тым самым выпрацоўваецца рашэнне, якое задавальняе абодвух. Супрацоўніцтва спрацуе, калі ёсць жаданне абодвух партнёраў ліквідаваць разлад і прыйсці да ўзаемавыгаднага рашэння пры ўмове раўнапраўя. Кампраміс магчыма дасягнуць, калі абодва бакі ідуць на ўступкі і разумеюць, што хочуць аднаго і таго ж, але ў данай сітуацыі гэта невыканальна. Тады можна прыйсці да нейкага часовага вырашэння праблемы.

Выбар якой-небудзь мадэлі залежыць ад ступені складанасці сітуацыі. Кожная пара ў залежнасці ад сваіх асаблівасцяў зможа знайсці правільны выхад з сітуацыі.

Калі ў мужа і жонкі не атрымліваецца самастойна вырашыць праблему, заўсёды можна звярнуцца да спецыяліста. Псіхатэрапеўт ці псіхолаг зможа стварыць умовы для ўзаемадзеяння бакоў, выяўлення першапрычыны незадаволенасці сабой і іншым і падкажа спосаб устаранення раздражнення і напружання. Сямейны псіхолаг будзе карысны асабліва ў тых сітуацыях, калі размаўляць пасля сваркі адзін з адным не атрымліваецца, калі канфлікты перарастаюць у халодную вайну, з’яўляецца гвалт, уцягваецца ўся сямейная сістэма. Псіхолаг можа дапамагчы ўбачыць тое, што ўтоена за сваркай, знайсці прыдатныя словы, каб наладзіць зносіны, дыялог бакоў, калі ён магчымы. Або прапанаваць работу з кімсьці з членаў сям’і, калі сваркі звязаны па большай частцы з унутранымі цяжкасцямі кагосьці з партнёраў. Калі ў аснове адносін ляжыць каханне, павага і цеплыня адзін да аднога, то дастаткова даць партнёру час астыць і адкрыта пагаварыць, каб выйсці са складанай сітуацыі.

У любым выпадку маркоціцца не варта, бо сваркі здараюцца з усімі, але далёка не заўсёды яны заводзяць сямейную лодку ў тупік.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.