Вы тут

Сіла маленькіх крокаў


Пачаць сённяшнюю калонку хочацца з малітвы аўтара «Маленькага прынца» Антуана дэ Сент-Экзюперы: «Госпадзі, я прашу не аб цудах і не аб міражах, а аб сіле кожнага дня. Навучы мяне мастацтву маленькіх крокаў»...


...Штораз перад Новым годам мы абавязкова штосьці сабе абяцаем, штосьці загадваем. Хтосьці адразу намячае здзейсніць нешта маштабнае: кардынальна памяняць работу, купіць абанемент у трэнажорную залу, каб скінуць 10 кілаграмаў, запісацца на курсы замежнай мовы. Я ж вырашыла пайсці па прыкладзе сваёй знаёмай, маці чатырох дзетак, і асвоіць майстэрства маленькіх крокаў. Паспрабаваць якасна палепшыць сваё жыццё без лішніх выдаткаў грошай і часу.

Сутнасць метаду ў тым, каб рэгулярна ісці да намечанай мэты, але вельмі маленькімі крокамі. Напрыклад, калі ў дзень вучыць хаця б па 5 новых замежных слоў, то праз год можна засвоіць больш за 1800 слоў. Калі чытаць па 20 старонак у дзень, то за год можна прачытаць больш за 20 кніг сярэднім аб’ёмам у 350 старонак. Напрыклад, мая прыяцелька-пісьменніца пад Новы год паабяцала сабе больш займацца ўласнымі тэкстамі. І для гэтага зрабіла маленькі крок — прыдумала рубрыку для Іnstаgrаm, якая будзе крыху яе дысцыплінаваць, — «Гісторыі ў суботу». Пачынаючы з 1 студзеня штосуботу яна выкладвае кароткую гісторыю: скетч, фрагмент апавядання са свайго пісьменніцкага нататніка. Чым вельмі радуе мяне і іншых прыхільнікаў сваёй творчасці.

Шматдзетная мама Каця, пра якую я згадвала вышэй, вырашыла змяніць сваё жыццё да лепшага пры дапамозе карысных звычак. Яна склала для сябе спіс штодзённых мікраспраў — такіх маленькіх крокаў, на якія пастаянна чамусьці не хапа сіл. (Хоць, калі разабрацца, то яны займаюць не так ужо і шмат таго часу, некаторыя наогул некалькі хвілін.) А ёсць і такія — з частачкай «не» — то-бок тое, што трэба проста НЕ рабіць (напрыклад, адмовіцца ад цукру ў рацыёне ці не глядзець усе запар відэа ў Іnstаgrаm), якія наогул яго эканомяць.

Дык вось, прайшло ўсяго два тыдні, але Каця сцвярджае, што маленькія, але рэгулярныя крокі насамрэч здольныя тварыць цуды. Дзякуючы выкананню мікраспраў, накшталт практыкавання планкі па 3-5 хвілін, 10 хвілін на вывучэнне англійскай па мабільным дадатку ці простай маскі для твару на 15 хвілін (для гэтага нават не трэба спецыяльна выдаткоўваць час, можна паралельна рабіць нешта іншае) — адчуванне, што прадукцыйнасць павысілася ў разы. Больш за тое, адразу ж з’явілася дадатковая нагода пахваліць сябе за зробленае.

Вы ж, напэўна, не раз чулі (а можа, нават і самі казалі) фразу: «У мяне няма часу». Яна, насамрэч, як сцвярджаюць псіхолагі, пра расстаноўку прыярытэтаў, пра тое, што справа, на якую няма часу, мае меншы прыярытэт для вас, чым іншыя справы. І, ведаеце, што я заўважыла: вельмі часта часу не хапае менавіта на значныя і важныя рэчы. Таму, натхніўшыся прыкладам Каці, я таксама накідала невялікі спіс карысных звычак, якія хачу паступова ўвесці ў сваю паўсядзённасць. Сярод іх — кантрасны душ, шклянка цёплай вады раніцай нашча, ранішняя зарадка, хадзіць па лесвіцах пешкі, праветрываць пакой ды мазаць крэмам рукі перад сном, рабіць гімнастыку для твару, піць як мінімум 1,5 літра вады ў дзень, вучыць вершы, каб трэніраваць памяць. Штосьці з гэтага я ўжо і так раблю, але, на жаль, пакуль нерэгулярна.

Лічыцца ж, што для фарміравання новай звычкі трэба як мінімум 21 дзень рэгулярных паўтарэнняў дзеяння. Не забываць аб пастаўленых мэтах дапаможа трэкер. Ён можа быць у выглядзе табліцы, намаляванай ад рукі на звычайным аркушы (лепш яе павесіць на бачнае месца), або дадатку на тэлефоне. Алгарытм просты: у трэкеры звычак указваем дзеянне (ці некалькі), якое трэба замацаваць, і давесці да аўтаматызму, і кожны дзень ставім плюсік аб выкананні. І яшчэ адна карысная парада, ці лайфхак, як цяпер модна казаць: калі хочаце адмовіца ад цукру, не варта трымаць у доме цукеркі (замяніце іх на карысныя сухафрукты, мёд, бананы); калі хочаце кожны дзень чытаць — пакладзіце кнігу на бачнае месца. Бо, як казаў Альберт Эйнштэйн, самае вялікае глупства — рабіць усё тое ж самае і спадзявацца на іншы вынік. А яшчэ асабіста мяне на нейкія змены ў жыцці вельмі матывуе фраза Канфуцыя: «У чалавека два жыцці. Другое пачынаецца ў той момант, калі мы ўсведамляем, што жыццё ўсяго адно».

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Рэктар БДУКМ — пра падрыхтоўку прафесійных кадраў для ўстаноў культуры.

Грамадства

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Прагуляліся па квітнеючым Цэнтральным батанічным садзе: расказваем аб уражаннях

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.