Вы тут

Таццяна Філімонава: Быць бацькамі — гэта вельмі цікава!


Часам здаецца, што ёсць людзі, якія ў сутках маюць не 24, а 48 гадзін. Інакш цяжка растлумачыць, як яны ўсё і ўсюды паспяваюць. Часцей за ўсё такая суперздольнасць сустракаецца ў жанчын, якія пабудавалі добрую кар’еру, стварылі сям’ю і пры гэтым цудоўна выглядаюць. Магчыма, сакрэт у тым, што пакуль адны скардзяцца не недахоп часу, такія жанчыны проста робяць сваю справу: працуюць, выхоўваюць дзяцей, даглядаюць сябе (хто сказаў, што гэта адпачынак?). Таму і ўсё паспяваюць. Адна з такіх жанчын — Таццяна Філімонава, якая на нечым адным не спыняецца. У яе двайная пасада — намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму. І ў яе дзве дачкі-двайняшкі Ліза і Ангеліна. Свае рэцэпты таго, як спраўляцца з падвойнай адказнасцю дома і на працы, і ўсюды паспяваць, Таццяна Філімонава расказала «Сямейнай газеце».


Час знаходзіцца на ўсё, што сапраўды важна

— Ад прыроды жанчына вельмі моцная. Нездарма яна выношвае, нараджае дзяцей, потым іх гадуе. І мноства жанчын, у якіх не двое, як у мяне, дзяцей, а скажам, чацвёра, сумяшчаюць і сям’ю, і кар’еру, і ўсюды паспяваюць. Насамрэч, сёння лёгка ўсё сумяшчаць. Тым больш калі ёсць памочнікі ў выглядзе робата-пыласоса, пральнай і пасудамыечнай машын. У нашых мам і бабуль нічога гэтага не было, але яны працавалі і выхоўвалі дзяцей, якія вырасталі дастойнымі людзьмі. Таму я перакананая: час можна знайсці на ўсё, было б жаданне.

Мне, можа, было больш складана, таму што ў мяне адразу з’явілася дзве дзяўчынкі. Маці, якія нарадзілі адразу двух дзяцей, зразумеюць, пра што я кажу. Прасцей вырасціць чацвёра дзяцей, якія адзін за адным нараджаюцца, чым вырасціць двайнят. Адна засынае — другая пачынае плакаць, кожнай патрэбны максімум увагі. Тым не менш, калі маім дзяўчынкам споўніўся адзін год, я паспяхова выйшла на працу. Вялікі дзякуй маёй маме, якая працавала ў школе, за выслугу гадоў датэрмінова выйшла на пенсію і дапамагала мне з дзецьмі. Было складана, былі бяссонныя ночы, дзеці хварэлі. Але з усім справіліся. І сёння я магу сказаць, што ўсё пасільна. Выгадаваць дзяцей па сілах любой жанчыне, і гэта зусім не гераізм.

Дзеці — гэта вялікае шчасце. Я цудоўна памятаю свае адчуванні ў першыя дні мацярынства. Каля месяца я зведвала адчуванне абсалютнага шчасця. Гэта немагчыма перадаць словамі, гэта можна толькі адчуць. Так, цяжка, дзеці не спяць, плачуць, фізічна сябе не вельмі добра адчуваеш. Але і бяссонныя ночы, і стомленасць, і фізічны боль — усё адыходзіць на другі, а то і на чацвёрты планы. У гэты перыяд жанчына ў прамым сэнсе гэтага слова лятае на крылах. Я добра памятаю, што мне ў той момант усе людзі здаваліся вельмі прыгожымі, я была рада бачыць кожнага прахожага. Адзіны раз у жыцці зразумела, што такое абсалютнае шчасце — калі нарадзіліся дзеці. А калі ты шчаслівы, то ўсе цяжкасці па плячы. А потым дзеці падрастаюць, і маці становіцца прасцей у бытавым плане, яна можа выйсці на працу.

Галоўнае, не несці працоўныя перажыванні дадому. У мяне быў вельмі добры прыклад — мой бацька. Ён працаваў усё жыццё дырэктарам школы, зразумела, што было няпроста. Але ён умеў, пераступаючы парог дома, забывацца, што ёсць такія праблемы. Ён станавіўся бацькам, мужам. Мусіць, яго асабісты прыклад на мяне паўплываў. Мне ніколі не даводзілася прыкладаць намаганні, каб з кіраўніка пераключыцца на ролю маці і жонкі.

Любая маці адчувае сваіх дзяцей як ніхто іншы і разумее, як сябе з імі паводзіць, дзе трэба быць больш строгай, дзе трэба пашкадаваць. Гаворыцца, што дасць Бог дзіця, дасць і на дзіця. Маецца на ўвазе матэрыяльны аспект. Але я б аднесла гэта і да выхавання: калі Бог дае жанчыне дзіця, то яна ўжо сама на падсвядомым узроўні ведае, як правільна сябе паводзіць з дзіцем. У мяне быў цікавы выпадак у радзільні: праз тры дні пасля родаў да мяне ў палату нясмела пастукала зусім маладзенькая дзяўчынка, гадоў 18 максімум. Ёй першы раз прынеслі яе малога, і яна не ведала, што з ім рабіць. Мы пачалі размаўляць, і яна зразумела, што ўсё цудоўна ведае. Матчын інстынкт — вельмі моцная рэч. Мама — яна заўсёды мама, яна ведае, як выхоўваць дзіця, якія словы падабраць, калі трэба ўсміхнуцца. Гэта невытлумачальна, але гэта факт.

Быць мамай лёгка, калі побач надзейны мужчына

Сёння многія мужчыны замест жонкі ідуць у дэкрэтны адпачынак. І я стаўляюся да гэтага вельмі станоўча. Асноўная нагрузка па выношванні, нараджэнні дзіцяці кладзецца на плечы жанчыны. І так склалася, што менавіта яна павінна даглядаць, выхоўваць дзіця. Але калі ў жанчыны ёсць добрая высокааплатная праца, магчымасць кар’ернага росту, а ў мужчыны такого няма, навошта ёй на тры гады выпадаць з рытму, калі гэтыя тры гады глядзець дзіця можа тата? Тым больш, што ў маці і дзіцяці ёсць сувязь ад прыроды, а бацьку трэба яе ўстанаўліваць. І калі мужчына будзе з нараджэння глядзець дзіця, то яны ў будучым будуць яшчэ бліжэйшымі. Асабліва, калі ў сям’і нарадзіўся хлопчык. Дзіця як губка ўсё ўбірае, і калі яно бачыць дужага сур’ёзнага тату, то само такім становіцца. Гэта нармальна, гэтага не трэба саромецца. Сярод маіх знаёмых ёсць сур’ёзныя мужчыны, якія пайшлі ў дэкрэт і паспяхова выхоўваюць дзяцей. І гэта вельмі моцныя, надзейныя мужчыны.

Галоўны сакрэт — асабісты прыклад

Калі б мяне спыталі, што самае складанае ў жыцці, я, не задумваючыся, сказала б, што выхаваць дастойнага чалавека, сумленнага, шчырага, сапраўднага патрыёта, як бы пафасна гэта ні гучала. Так, нашым бабулям было цяжэй у бытавым плане, але з пункту гледжання выхавання ім было прасцей. Дзеці з малога ўзросту дапамагалі па гаспадарцы, яны ведалі, што такое праца, мелі больш зносін са старэйшымі, больш кніг чыталі. А сёння дзеці жывуць у інтэрнеце і бачаць увесь бруд, які яго запаланяе штодня. Таму сучасным бацькам вельмі цяжка растлумачыць, што такое добра, а што такое дрэнна, знайсці правільныя падыходы да сваіх дзяцей. Я з гэтым сутыкнулася ў 2020-м годзе. Мае дзяўчынкі тады вучыліся ў чацвёртым класе. Вучням чацвёртага класа па 10 гадоў, гэта ўжо амаль падлеткі, са сваім меркаваннем, з імі ўжо няпроста. І я ганаруся сваімі дзецьмі: у тыя неспакойныя часы яны не пайшлі за «нязгоднымі» аднакласнікамі, не пагаджаліся з імі, адстойвалі сваё меркаванне. Мы з мужам не стаялі над імі з рамнём, нічога ім не забаранялі. Дзеці проста чулі, аб чым мы размаўлялі дома, што абмяркоўвалі; калі ўзніклі пытанні — мы даступна і шчыра ім тлумачылі, што да чаго. Можа быць, ім лягчэй, бо іх двое. Яны падобныя да мяне, яны ўмеюць адказаць, не баяцца за сябе пастаяць. Дзеці як губкі ўсмоктваюць усё, што робяць бацькі. Таму, калі хочаце выхаваць прыстойнага чалавека, варта пачаць з сябе.

Не варта шкадаваць душэўнае цяпло

Быў час, калі я працавала загадчыцай аддзялення псіхолага-педагагічнай дапамогі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання. Я працавала з дзеткамі-інвалідамі, з дзеткамі з неўладкаваных сем’яў, і я бачыла, як ім патрэбна дапамога. Тры гады таму наш прафсаюз узяў шэфства над Сенненскім дзіцячым домам, сёння там выхоўваецца 83 дзіцяці. Я стараюся рэгулярна да іх прыязджаць, абавязкова на Новы год, Дзень аховы дзяцей і 1 верасня. Для гэтых малых важныя не падарункі, для іх вельмі важна, каб іх абнялі, важна адчуць цеплыню мамы. Яны разумеюць, што я не іх маці. Але ім вельмі важна разумець, што яны такія ж, як усе, што іх любяць. У гэтым годзе ў рамках рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці» мы пастараліся падарыць ім цуд. Папрасілі кіраўніцтва запісаць відэаролік з кожным дзіцем, у яно ён звяртаецца да Дзеда мароза, бо Дзед мароз ніколі не выконваў жаданні гэтых дзяцей. Яны запісалі ўсіх дзяцей, хто мог агучыць свае жаданні. Зусім малым мы падарылі добрыя мяккія цацкі, салодкія падарункі. Усе відэа мы выклалі ў сваіх сацыяльных сетках. Нашы пярвічкі адгукнуліся і размеркавалі, якому дзіцяці хто купляе падарунак. Самае цікава, што дзеці не прасілі чагосьці неверагоднага. Іх жаданні цалкам рэальныя, у хлопчыкаў — спартыўны касцюм, бутсы, футбольныя мячы, у дзяўчынак — фены, адпарвальнік, сумачкі. І напярэдадні Калядаў, каб падоўжыць дзецям свята, мы прывезлі ўсё, што яны хацелі. У дзіцячым доме ёсць вельмі таленавітыя дзеці, здольныя спартсмены. Таму мы часта прыязджаем да іх разам са студэнтамі ўніверсітэта культуры ці ўніверсітэта фізкультуры. Яны расказваюць дзецям пра сваю вучобу, запрашаюць паступаць у свае ўніверсітэты. У сям’і дзяцей на правільную дарогу накіроўваюць бацькі, а ў дзіцячым доме не заўсёды ёсць каму гэта зрабіць. Таму мы стараемся дапамагчы і справай, і парадай. І гэта зусім не складана.

Бацькі развіваюцца разам з дзецьмі

Знешне мае дзяўчынкі падобныя да мужа — бландзінкі з блакітнымі вачыма. Але характарамі яны пайшлі ў мяне. І мне гэта падабаецца. Я нарадзілася ў сям’і вясковых настаўнікаў, усяго ў жыцці дасягала сама, бо ніхто б мне нічога на талерачцы не прынёс. І я хацела, каб мае дзяўчынкі былі такімі ж мэтанакіраванымі, рашучымі. Муж у мяне таксама вельмі мэтанакіраваны, але ён па тэмпераменце больш флегматык. А я лічу, што дзяўчына павінна быць своеасаблівым генератарам, рухацца наперад, пастаянна развівацца. Мае дочкі так і робяць. Яны займаліся плаваннем, фігурным катаннем, лёгкай атлетыкай, хадзілі ў Нацыянальную школу прыгажосці, ужо не першы год займаюцца конным спортам. Здавалася б, як за 12 гадоў можна столькі паспець? Але я як маці шчаслівая, што яны многім цікавяцца і ўсебакова развіваюцца. І ўжо відаць, што яны ідуць да сваёй мэты, яны яе яшчэ не намацалі, але ўжо ёсць жаданне знайсці яе і дасягнуць.

Дзеці прымушаюць і бацькоў развівацца і самаўдасканальвацца. Калі дзяўчынкі былі на трэніроўцы па плаванні, я займалася ў суседнім басейне. І цяпер плаваю даволі нядрэнна. Сёння займацца конным спортам я б не рызыкнула. Але пачала зусім па-іншаму глядзець на коней, ужо разбіраюся ў масці і гляджу інакш на гэтых жывёл. Я думаю, што калі б не было ў мяне дзяцей, я нічога не ведала бы пра фігурнае катанне, пра лёгкую атлетыку, пра плаванне і многія іншыя заняткі.

Найлепшая матывацыя для бацькоў

Пакуль у мяне не было дзяцей, я нават не сумнявалася, што маю сэнс жыцця. Цяпер мне смешна ад таго, што я тады лічыла, быццам ведаю, як трэба жыць і што трэба рабіць, што для мяне галоўнае, а што — не. Але толькі калі ў мяне з’явіліся дочкі, я зразумела, што галоўнае ў жыцці. Я зразумела, як мне выбудоўваць свой жыццёвы шлях. У мяне з’явіўся стымул, бо ад мяне зараз залежаць яшчэ два лёсы. Дзеці прыўносяць у нашае жыццё перамены, якія на першы погляд з дзецьмі зусім ніяк не звязаныя. Прывяду прыклад. Да нараджэння дзяцей я зусім не захаплялася кветкаводствам. Ад бацькоў дастаўся дом за горадам — увесь участак мы з мужам засадзілі газонам, нават думаць аб кветках не хацела. Але нарадзіліся дзяўчынкі, і я зразумела, што яны павінны расці ў прыгажосці. Разбіла адну невялікую клумбу... Прайшло 12 гадоў, а я не магу спыніцца, хутка на ўчастку не застанецца вольнага месца, дача патанае ў кветках. На мясцовым рынку мяне ведаюць усе прадаўцы кветак, я скупляю ўсё, што ёсць у продажы. У мяне растуць кветкі дома і на працы. І я не магу супакоіцца, мне хочацца, каб маёй сям’і было ўтульна.

Быць бацькамі — гэта вельмі цікава, гэта значыць пастаянна развівацца. І вяртаючыся да пачатку, адзначу, што праца бацькоўству зусім не перашкода. Дзеці даюць стымул на больш прадукцыйную працу. Разумееш, для каго стараешся, навошта працуеш, хочацца зрабіць свой уклад у тое, каб краіна развівалася. Прэзідэнт часта паўтарае, што кожны чалавек на сваім рабочым месцы робіць унёсак у развіццё краіны. А якія бацькі не жадаюць светлай будучыні для сваіх дзяцей?! Я лічу, што ў кожнай сям’і павінны быць дзеці, таму што гэта самы сур’ёзны стымул старацца рабіць добра не толькі сваёй сям’і і сваёй хаце, але і сваёй краіне. Асабліва ў цяперашняй няпростай сітуацыі. Сёння, мне здаецца, кожны чалавек разумее, што мір — гэта самае галоўнае. І калі дарослы можа пра сябе не вельмі перажываць, то няма такіх бацькоў, якія не перажывалі б за сваіх дзяцей і не хацелі б для іх добрай будучыні.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Рэктар БДУКМ — пра падрыхтоўку прафесійных кадраў для ўстаноў культуры.

Грамадства

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Прагуляліся па квітнеючым Цэнтральным батанічным садзе: расказваем аб уражаннях

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.