Вы тут

Якія «фаварыты» сярод галаўных убораў у гэтым зімовым сезоне


Пагарджаць зімой галаўнымі ўборамі — значыць, не толькі павялічваць рызыку захворванняў. Шапкі, хусткі, капары — тыя зімовыя аксесуары, якія дапамагаюць стварыць новую выяву, прыцягнуць да сябе ўвагу.

Дызайнер, магістр мастацтвазнаўства, старшы выкладчык кафедры дызайну моды факультэта сацыякультурных камунікацый БДУ Марына Машэда расказала пра «фаварыты» сёлетняга зімовага сезона.


Фота: pexels.com

Павязка

У трэндзе — ваўняныя, кашміравыя, звязаныя кручком, на ўцяпляльніку. Гэтаму аксесуару аддаюць перавагу жанчыны, перакананыя, што галаўныя ўборы ім не ідуць, і яшчэ тыя, хто баіцца сапсаваць прычоску. Павязку можна падабраць у тон верхняй адзежы, а можна і кантрасную да яе.

Капар

Аксесуар з моды 1990-х ізноў на піку папулярнасці. Гэта вельмі зручны галаўны ўбор: абараняе патыліцу, вушы, вобласць горла. Асартымент вырабаў у гэтым сезоне досыць разнастайны: аб’ёмныя і лаканічныя, з падоўжанай манішкай, якая затуляе вобласць горла, і без яе, трыкатажныя і вязаныя, з мяккай воўны, з даданнем махеру і пуху. Капоры гарманічна выглядае з футрам, пухавіком, паліто, курткай. У гэтым сезоне ніякіх абмежаванняў па колеры да іх няма: выбірайце той, які вам да твару.

Біні

Зручныя, лаканічныя, з адваротамі і без — гэтыя шапкі падыходзяць многім жанчынам незалежна ад узросту, спалучаюцца з розным верхнім адзеннем, гарманічна выглядаюць на аматарах спартыўнага стылю і стылю кежуал.

Футравыя панамы

Такія вырабы могуць быць з натуральнага, штучнага меху, з экаматэрыялаў. Сустракаюцца мадэлі на падкладцы, на сцёжцы, флісе. Яны цёплыя і зручныя, але не на ўсіх выглядаюць аднолькава стыльна. Калі такі галаўны ўбор падыдзе вам, то вы напэўна застанецеся задаволеныя — з ім можна стварыць зусім новы, магчыма, нечаканы для вас самой вобраз. У гэтым сезоне перавага аддаецца футравым панамам нейтральных колераў.

Хустка

У мінулым сезоне «піскам» былі мадэлі з экажожы. У гэтым папулярныя вязаныя з воўны, кашміра, а таксама падвойныя хусткі на ўцяпляльніку. Завязваць іх можна па-рознаму, у залежнасці ад асаблівасцяў асобы, пераваг і гардэроба. Актуальна выглядаюць хусткі як з яркімі прынтамі, так і манахромныя.

Хусткі не ўваходзяць у лік «фаварытаў» гэтага сезона, але ад іх не варта катэгарычна адмаўляцца, асабліва калі яны вам ідуць. Хусткі з кветкавым кідкім малюнкам могуць быць яркім, эфектным дадаткам да аднатоннага верхняга адзення, падкрэсліць вашу жаноцкасць.

Вушанка

Такія вязаныя, футравыя, тэкстыльныя шапкі трэба насіць выключна ў распраўленым выглядзе. Гэтая мадэль да твару далёка не кожнай жанчыне. Але калі яна вам падыходзіць, дык варта яе набыць, каб вушы былі ў цеплыні. Можа цікава выглядаць з пухавіком, паліто, курткай.

Бейсболка

Зімовыя мадэлі з палітовых, пухнатых, шчыльных матэрыялаў, часта на ўцяпляльніку. Гэты галаўны ўбор таксама — на аматара. Трэба валодаць стылістычным нюхам, каб арганічна «ўпісаць» бейсболку ў свой стыль і не стаць смешнай.

Май на ўвазе

— Пры выбары галаўнога ўбору варта зважаць на матэрыял, форму выраба, улічваць свой колеравы тып, каб выгодна падкрэсліць добрыя якасці твару, — кажа Марына Машэда. — Гэты аксесуар можна падабраць у тон верхняга адзення, а можна і па кантрасце з ім, калі хочаце менавіта за кошт яго зрабіць акцэнт у сваім аўтфіце. Стылісты рэкамендуюць не хаваць усе валасы пад галаўныя ўборы, каб стварыць больш жывы, цікавы, прывабны вобраз. У гэтым сезоне варта адмовіцца ад шапак-клаш, кацялкоў, таблетак, якія глядзяцца старамодна і адразу дадаюць узросту.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.