Вы тут

З душой і гаспадарчым падыходам


Дзейнасць грамадскіх актывістаў ацэньваецца па цэлым шэрагу крытэрыяў. Вызначаецца ўменне працаваць з людзьмі і выніковасць гэтай работы. Важна чуць прапановы з месцаў, улічваць думкі грамадскасці па самых злабадзённых пытаннях, а таксама прыцягваць жыхароў да агульна карысных спраў. 


Усім гэтым якасцям адпавядае стараста з Капцёўкі. Урачыстая цырымонія ўшанавання адбылася з удзелам кіраўніцтва Гродзенскай вобласці.

Галіна Канецкая прызнаецца, што ўзнагарода была ў некай ступені нечаканай. Але прыемна, што яе заўважылі. Работа старасты не заўсёды на віду, між тым патрабуе даволі значных намаганняў. І гэта не толькі вырашэнне нейкіх арганізацыйных пытанняў, але і непасрэдны ўдзел у мерапрыемствах, акцыях ці практычнай рабоце.

Напрыклад, зараз актуальная тэма — расчыстка снегу. Рэгіён, можна сказаць, замяло. З панядзелка стараста патэлефанавала ў мясцовую школу адкуль адправілі валанцёраў для дапамогі адзінокім старым.

— Мы вельмі шчыльна працуем з Капцёўскай сярэдняй школай, у нас наладжаны добры кантакт з валанцёрамі, яны арганізавана выйшлі на расчыстку снегу, пачалі з дома, дзе жывуць педагогі-ветэраны. Мы тэлефануем нашым адзінокім жыхарам і прапануем дапамогу. Па іх адрасах і адпраўляюцца школьнікі, — расказала стараста.

Дарэчы, свой кантынгент найбольш уразлівай катэгорыі жанчына ведае дасканала — яна працуе спецыялістам раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Работу лічыць хутчэй прызваннем, чым службовым абавязкам. Гэта якасць і вылучыла Галіну Янаўну ў старасты. Яна выконвае свой грамадскі абавязак ужо дзесяць гадоў. Добра ведае жыхароў не толькі свайго аграгарадка, але і наваколля. Алгарытм дзейнасці даволі просты — выяўляць прадстаўнікоў уразлівых сацыяльных груп і прымаць меры. У некаторых выпадках дастаткова наладзіць кантакт, а іншым варта аказаць і практычную дапамогу. 

У полі зроку Галіны Канецкай каля 750 чалавек менавіта ўразлівай катэгорыі, з іх — 440 адзінокіх і адзінока пражываючых пенсіянераў, больш за 60 шматдзетных сем’яў.

Пры гэтым стараста не чакае, пакуль да яе звернуцца з просьбай, а сама ставіць пытанне: чым дапамагчы?

— Асаблівай увагі патрабуюць шматдзетныя сем’і і тыя, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Мы іх трымаем на пастаянным кантролі. За некаторымі патрэбен штотыднёвы нагляд, а іншы раз і штодзень трэба зайсці, паглядзець, як справы, — заўважае субяседніца.

І асабліва радасна на душы, калі такая дапамога прыносіць свой плён. Агульнымі намаганнямі з работнікамі сельвыканкама ўдалося вярнуць у сям’ю малое дзіця жыхароў Капцёўкі. Гэтаму папярэднічала даволі значная работа... 

Падрабязнасці расказала кіраўнік спраў Капцёўскага сельвыканкама Анастасія Мацкевіч. Так сталася, што ў маладой сям’і ўзнікла праблема з жыллём. Умовы для дзіцяці не адпавядалі нармальнаму становішчу. Дзіця з сям’і забралі, але яго бацькоў не пакінулі без увагі. Мужчыну дапамаглі з працаўладкаваннем, жанчына па падказцы работнікаў сацыяльнай службы атрымала інваліднасць, зараз яна ў дэкрэтным водпуску. Як аказалася, людзі проста не ведалі, куды звяртацца і што рабіць. Цяпер уся сям’я жыве разам у выдзеленай кватэры. Яны атрымліваюць гуманітарную дапамогу па лініі Чырвонага Крыжа, нераўнадушныя гродзенцы дапамаглі з мэбляй, бытавой тэхнікай.

Галіна Канецкая по роду сваіх абавязкаў трымае руку на пульсе падзей. Яна — член аглядальнай камісіі і савета грамадскага пункта аховы правапарадку, супрацоўнічае з органамі ўлады і ўчастковым інспектарам, праводзіць грамадскі кантроль за дзейнасцю розных службаў, уносіць прапановы па ўдасканаленні работы ўстаноў і арганізацый, садзейнічае ў правядзенні культурных мерапрыемстваў. Цэнтральнае месца ў пераліку спраў займае абследаванне падворкаў і падтрыманне парадку. Тут, як і ў многіх сельскіх Саветах, праводзіцца конкурс на найлепшае добраўпарадкаванне тэрыторыі, пераможцы атрымліваюць падарункі. Дарэчы, Галіна Янаўна і сама займаецца азеляненнем — прыгожыя кветнікі на цэнтральнай плошчы аграгарадка — яе работа. Жанчыну называюць сапраўдным спецыялістам па кветках — яна ведае, дзе набыць насенне і як яго высадзіць. Прыгожы кветнік жанчына стварыла і на сваім прысядзібным участку.

Апошнім часам набірае папулярнасць раённы конкурс «Я Магу». Менавіта з дапамогай старасты выяўлены таленавітыя людзі з інваліднасцю, якія займаюцца творчасцю — вышываюць, вяжуць, складаюць вершы, малююць карціны. Некаторыя з іх сталі лаўрэатамі конкурсу, атрымалі грашовыя прэміі. Таксама ў сельскім Савеце прынята віншаваць заслужаных юбіляраў, доўгажыхароў. Не так даўно віншавалі сужэнцаў, якія разам пражылі 60 гадоў.

У пастаянным полі зроку вясковай старасты і чысціня навакольнага асяроддзя. Сёлета работа ў гэтым кірунку працягнецца. У дварах аграгарадка пачалася ўстаноўка кантэйнераў для асобнага збору смецця. Напачатку іх паставяць каля трохпавярховіка, затым на іншых падворках. Гэта будзе для жыхароў зручна, лічыць субяседніца, але кантраляваць сітуацыю ўсё роўна прыйдзецца.

Галіна Канецкая любіць свой родны куток і хоча бачыць яго чыстым і ўтульным. Капцёўка мяняецца проста на вачах. Значна зменшылася колькасць пустых дамоў, вядзецца забудова выдзеленых пад гэта ўчасткаў. Цяпер увага скіравана на ачыстку вуліц, гэта работа вядзецца камунальнымі службамі альбо сельгаспрадпрыемствам. «Капцёўка расце, сюды едуць многія гараджане, купляюць участкі, будуюцца. Дзякуючы старшыні сельвыканкама Таццяне Лосцы, аграгарадок развіваецца, вуліцы асфальтуюцца, да навагодніх свят цэнтр зіхаціць ілюмінацыяй», — расказвае субяседніца.

Аб самой Галіне Канецкай тут таксама адгукаюцца вельмі станоўча. У сельвыканкаме кажуць, што гэта чалавек на сваім месцы.

— Работа старасты вядзецца на грамадскіх пачатках. Але такая пасада прадугледжвае вельмі важныя функцыі. Гэта работа, якая ідзе ад душы, па закліку сэрца. Менавіта так працуе Галіна Канецкая, якая заслужана атрымала перамогу ў абласным конкурсе на лепшага старасту Гродзенскай вобласці сярод 34 прэтэндэнтаў, — падкрэсліла кіраўнік спраў сельвыканкама Анастасія Міцкевіч.

У намінацыі «Найлепшы стараста» адзначаны таксама Эдвард Булкевіч з аграгарадка Граўжышкі Ашмянскага раёна, Ірына Грушэвіч з вёскі Шоўкі Ваўкавыскага раёна, Галіна Саўчук з аграгарадка Курыловічы Мастоўскага раёна і Тэрэса Сідар з вескі Радзівонішкі Лідскага раёна.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота прадастаўлена героем публікацыі

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.