Вы тут

Кантраляваць праявы ПМС складана, але магчыма


Ці можа прыгажуня і разумніца, душа кампаніі і прызнаны лідар калектыву ў раз ператварыцца ў раздражнёную і незадаволеную ўсім істоту? Можа! Прычым робіць гэта з зайздроснай рэгулярнасцю — раз на месяц, напярэдадні крытычных дзён. Завецца такая каварная метамарфоза — ПМС (перадменструальны сіндром).


Вядома каля паўтары сотняў сімптомаў перадменструальнага сіндрому. Да іх адносяцца і нематываваная злосць, калі дабрадушная звычайна жанчына становіцца проста-такі ўпартай, і павышаная стамляльнасць, і болі ў жываце, і праблемы з самаацэнкай, і бясконцая дрымотнасць ці, наадварот, бяссонніца... І няхай пераважная большасць жанчын сутыкаецца толькі з парай пунктаў з гэтага спісу, гэтага ўсё роўна дастаткова, каб кожны месяц на тыдзень выключаць чалавека з нармальнага рытму жыцця. Пра фактары, якія могуць садзейнічаць ПМС, лячэнне і прадукты, якія змяншаюць яго праявы, расказалі спецыялісты.

Зусім не норма!

— Перадменструальны сіндром — гэты фізічна або псіхафізічна дыскамфортны стан, які ўзнікае ў некаторых жанчын у другую фазу менструальнага цыкла. Звычайна ПМС праяўляецца наборам непрыемных сімптомаў з боку арганізма ў спалучэнні са слабасцю, парушэннямі настрою і эмацыянальнага стану, аж да неўратычнага. Ён шмат у чым залежыць ад наяўнасці хранічных хвароб жанчыны, уплыву стрэсаў ці дысбалансу гармонаў. ПМС не з’яўляецца нормай, як лічаць многія жанчыны, і патрабуе карэкцыі, у тым ліку і за кошт лекаў, — тлумачыць старшы выкладчык кафедры рэпрадуктыўнага здароўя і медыцынскай генетыкі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Святлана Крэер.

Па даных статыстыкі, частата праявы ПМС у жанчын залежыць ад узросту. У жанчын 19–29 гадоў яна складае 20%, у 30—39-гадовых — 47%, у 40—49-гадовых — 55%. З узростам частата яго ўзнікнення павялічваецца, у тым ліку за кошт змянення балансу палавых гармонаў. Тыповы ўзрост узнікнення сіндрому — з 20 да 40 гадоў, бліжэй да клімаксу праявы могуць рэзка абвастрыцца, бо палавыя гармоны выпрацоўваюцца ў меншых колькасцях, што ўплывае на жаночы арганізм.

Сіндром назіраецца часцей у гараджанак, якія займаюцца разумовай працай, а таксама ў жанчын з захворваннямі сардэчна-сасудзістай або цэнтральнай нервовай сістэмы, страўнікава-кішачнага тракту. У большасці жанчын сіндром працякае ў лёгкіх формах, але каля 10% выпадкаў патрабуюць неадкладнага ўмяшання ўрачоў і інтэнсіўнай карэкцыі.

На сёння сапраўдныя прычыны, якія фарміруюць у часткі жанчын праявы ПМС, не выяўлены. Але спецыялісты вылучаюць пэўныя фактары рызыкі, такія як роды і аборты, асабліва ўскладненыя, інфекцыйныя захворванні, нервова-псіхічныя стрэсы, парушэнне функцыі шчытападобнай залозы, змена гарманальнага балансу, недахоп вітаміну В, асабліва В6, дэфіцыт магнію і кальцыю, недахоп у рацыёне ненасычаных тлустых кіслот, аскарбінавай кіслаты, цынку, спадчынны фактар.

Непрыемныя сімптомы

Сімптомы ПМС моцна вар’іруюць ад формы са ступенню цяжкасці.

Як адзначае ўрач-акушэр-гінеколаг кансультатыўнага аддзялення Мінскага абласнога клінічнага шпіталя інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя П. М. Машэрава Алеся Карнеева, калі гэта нейрапсіхічная форма, праяўляюцца слабасць і няўстойлівы настрой, перыяды бяссонніцы, агрэсіўнасць, раздражнёнасць і плаксівасць, змены настрою, моцная стомленасць, дэпрэсіўныя думкі аж да суіцыду, прыступы панікі, нематываваныя страхі, парушэнні слыху і нюху.

Ацёчная форма сіндрому праяўляюцца затрымкай вадкасці з апуханнем твару і рук, прыбаўленнем вагі, паніжэннем вылучэння мачы, выяўленай смагай, парушаным апетытам, прыступамі метэарызму, болем і нагрубаннем у малочных залозах.

Крызавая форма праяўляе сябе ўздымам ціску, прыступамі сэрцабіццяў, болямі ў сэрцы, панічнымі страхамі, моцным мачааддзяленнем.

Цэфалгічная форма звычайна дае праявы ў выглядзе мігрэняў, боляў у галаве з млоснасцю, расстройстваў стула, сардэчных боляў, павышанай адчувальнасці да гукаў і пахаў, прыступамі раздражнёнасці і праблемамі са сном.

Часта могуць вылучацца спалучэнні дзвюх ці нават больш формаў.

Спачатку без лекаў

Дыягностыкай і лячэннем ПМС займаюцца гінеколагі.

— Выкарыстоўваецца комплекс мерапрыемстваў, і далёка не заўсёды першымі ў спісе значацца лекі. Стрэс безумоўна ўплывае на ўвесь арганізм. Паказана псіхатэрапія, выкананне рэжыму дня, умераныя нагрузкі, прыём настоек лячэбных траў ці чаёў, кіслародных кактэйляў, вітамінаў, прычым з акцэнтам на групу самых карысных у такіх выпадках, — расказвае ўрач-акушэр-гінеколаг 11-й гарадской паліклінікі Мінска Ірына Барысевіч. — Напрыклад, у рэгуляцыі тканкавага метабалізму найважнейшае месца займаюць вітаміны C, А, Е, В6 і мікраэлементы — цынк, медзь і селен. Абавязкова трэба папоўніць магній, сутачная норма якога складае 300–600 мг. Важна разнастайваць харчаванне, абмяжоўваць раздражняльныя і ўзбуджальныя прадукты, адмовіцца ад алкаголю. Варта выключыць цукар — у цукерках, пірожных, кашах і салодкіх напоях, а таксама тлустую ежу, чыпсы, смажанае. Не варта злоўжываць кафеінам, а гэта значыць, трэба скараціць колькасць колы, гарбаты, кавы. Кола ўвогуле зусім не карысны прадукт.

Дапаўняюць лячэнне седатыўныя лекі мяккага дзеяння (валяр’янка, сардэчнік), мачагонныя сродкі ў выглядзе нырачнага чаю. Пры болевых адчуваннях могуць прымяняцца лекі з анальгетычным і супрацьзапаленчым эфектам (ібупрафен, парацэтамол), анцігістамінныя сродкі (алеркапс, алергалак). Пры цяжкім цячэнні ПМС могуць быць паказаны гарманальныя лекі з прагестэронам. Прагноз у большасці выпадкаў спрыяльны — праявы рэзка памяншаюцца або цалкам знікаюць.

Аднак займацца самалячэннем не варта, лепш звярнуцца да гінеколага, які параіць меры і прэпараты для аблягчэння ПМС.

Птушка, рыба і бананы

Пры з’яўленні сіндрому карысныя семачкі і арэшкі. Парадуйце сябе стравамі з птушкі і рыбы. Асабліва карысная тлустая рыба. 100–200 г рыбы ў суткі задавальняе патрэбу ў вітамінах Е і В6, а таксама магніі і кальцыі. Калі вы вегетарыянка, з’ядайце 2-3 бананы ў дзень, гатуйце на пары спаржу і карычневы рыс — яны таксама ўтрымліваюць неабходныя ў гэты перыяд калій, кальцый, цынк.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі. 

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.