Вы тут

Спрадвечныя айчынныя здабыткі стануць мясцовымі інтэлектуальнымі брэндамі


Кіраўскія смажні, дрыбінскія шапкі і валёнкі, гальшанскія пернікі, ваўкавыскія вясельныя караваі, гарадоцкае ажурнае ткацтва, бярозаўскія шчэпавыя птушкі-абярэгі, палескія журавіны, лельчыцкае лясное бортніцтва, быхаўскія саламяныя павукі, карэліцкія льняныя вырабы і алей. Усе гэтыя і шмат якія іншыя адмысловыя айчынныя вырабы прэзентавалі на штогадовым міжнародным конкурсе «Адкрываючы свет інтэлектуальнай уласнасці — 2023», які быў прысвечаны народным промыслам. Прадстаўленыя прадукты могуць прэтэндаваць на набыццё свайго геаграфічнага ўказання, якое дазволіць ім атрымаць прававую ахову ў якасці аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці. Такім чынам будзе падкрэслена паходжанне тавара з тэрыторыі пэўнага геаграфічнага аб’екта, а назву населенага пункта ці мясцовасці, дзе вырабляецца самабытны прадукт, можна будзе выкарыстоўваць на ім, каб падкрэсліць тым самым яго асаблівыя ўласцівасці, якасць і рэпутацыю, перакананы арганізатары конкурсу.


Зарабляць на геаграфічных указаннях

Мерапрыемства, якое Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях (ДКНТ) ладзіць сумесна з Міністэрствам адукацыі, Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці і Еўразійскім патэнтным ведамствам Еўразійскай патэнтнай арганізацыі, пераследуе выхаваўчую і адукацыйную мэты, таму невыпадкова, што яго ўдзельнікі — моладзь ад 13 да 18 гадоў.

— Гэта людзі, якія вось-вось увойдуць у наша грамадства як дарослыя, будуць ствараць свае сем’і. Вельмі важна, каб яны ведалі спадчыну нашай зямлі, тавары, якія ў нас вырабляюць, — расказаў Дзяніс Каржыцкі, першы намеснік старшыні ДКНТ. — І гэта прадукцыя, якую фактычна стваралі нашы бацькі і дзяды, унікальная, яна дайшла да нас праз стагоддзі. Мы хочам, каб моладзь не проста ведала, што ў нас ёсць такая прадукцыя, а і ведалі, як яе папулярызаваць, каб пра яе даведаліся ва ўсім свеце. Удзельнікі конкурсу стваралі канцэпцыі прасоўвання айчыннай прадукцыі, даведваліся, як абараняць распрацоўкі, якія называюцца «геаграфічныя ўказанні», а таксама распрацоўвалі планы, як вытворцам прадукцыі прасоўваць яе на замежныя рынкі.

Хлопцы і дзяўчаты праслухалі цыкл лекцый, даведаліся пра нюансы абароны інтэлектуальнай уласнасці, што патрабуе ведання эканомікі, юрыспрудэнцыі, маркетынгу. Яны разабраліся, што такое брэнд, з чаго ён складаецца, як яго папулярызаваць і зрабіць вядомым, як зарабляць на гэтым грошы.

Паказаныя падчас конкурсу мастацкія промыслы, традыцыі ткацтва, сельскагаспадарчая прадукцыя, як спадзяюцца арганізатары, з часам могуць стаць не менш вядомымі, чым брэнды Мінскага трактарнага завода, БелАЗа, МАЗа.

— Пераможцы ацэньваліся па спосабе прававой аховы геаграфічнага ўказання, методыцы прасоўвання прадукту (наколькі падрабязна прапрацаваны пытанні, звязаныя з выхадам на новыя рынкі), магчымасцях яго папулярызацыі і стварэння вядомасці, — заўважыў намеснік старшыні. — З 1300 канкурсантаў з Беларусі, Кыргызстана і Азербайджана прызёрамі ў большасці сталі ўдзельнікі з райцэнтраў, пасёлкаў, малых гарадоў. Гэта сведчанне таго, што моладзі цікава аўтэнтычнасць нашага этнасу.

Выявіць аўтэнтычнасць прадуцыі народных просмыслаў і непаўторнасць тэхналогій, створаных у нашай краіне, і было адной з задач канкурсантаў. Школьнікі самі выбіралі тавар, які будуць прасоўваць, і былі заахвочаны паказаць свету самабытную прадукцыю свайго мястэчка.

Варвара Каяк, вучаніца 11 «А» класа гімназіі № 4 г. Віцебска, фіналістка 4-га этапу конкурсу, разам з паплечнікамі распрацоўвала канцэпцыю прасоўвання гарадоцкага ажурнага ткацтва — унікальнага народнага рамяства:

— Мы збіралі інфармацыю з адкрытых крыніц, ездзілі ў Гарадок, каб узяць інтэрв’ю у Марыны Гушчы, народнага майстра Беларусі, якая займаецца гэтым рамяством. Пасля ўжо распрацавалі камбініраваны таварны знак і назву геаграфічнага ўказання. Выбіралі тэрыторыю распаўсюджвання тавара і яго мэтавую аўдыторыю (калекцыянеры, аматары народнага рамяства, жанчыны, якія хочуць выдзеліцца знешне сярод іншых і паказаць беларускую моду). У працэсе было вельмі цікава пазнаваць, як ствараецца і выглядае гэтая прадукцыя, і паралельна мы шмат даведаліся і пра гісторыю сваіх мясцін.

Геаграфічныя ўказанні не толькі прыцягваюць увагу да рэгіёна, вобласці ці краіны, дзе яны былі створаны, але і могуць стаць магутным інструментам для развіцця малога і сярэдняга бізнесу, прыцягнення інвестыцый, павышэння прывабнасці ўязнога турызму ў рэгіёнах і ў цэлым прасоўвання Беларусі на сусветнай арэне, перакананы ў ДКНТ.

Палескія журавіны і гальшанскі пернік

Адзін з пераможцаў і прызёраў конкурсу — таварыства «Палескія журавіны». Гэта адна з найбуйнейшых у Еўропе плантацый журавін, якая змяшчаецца ў Пінскім раёне Беларусі. Арганізатары конкурсу адзначаюць, што ягада ўнікальная, бо расце ў непаўторных геаграфічных умовах па тэхналогіі, якую распрацавалі беларускія вучоныя.

— Сёння Палескія журавіны — адзін з брэндаў Пінскага раёна. Вытворчасць сваю мы пачалі з 1985 года дзякуючы савецкім меліяратарам, — падзяліўся Васіль Лягускі, дырэктар таварыства «Палескія журавіны». — Выкарыстоўваем непрыдатныя землі, выпрацаваныя тарфянікі. Практычна палова школ раёна прыязджае да нас на ўборку ўраджаю, і такім чынам мы папулярызуем гэтую культуру. Са сваімі ягадамі даехалі ўжо ажно да Хабараўска. Аднак цяпер шмат хто пачынае займацца журавінамі, і наспела неабходнасць іх аховы як прадукту. Тэхналогіі па вырошчванні журавін стварылі палешукі, якія адаптавалі яе да ўмоў рэгіёна. Як кажуць, «хто такі паляшук — той, хто поле шукаў». Не знайшлі нармальнай зямлі — працуем на тарфяніках.

Па ўраджайнасці гэта эканамічна выгадная культура, аднак яна патрабуе вялікіх матэрыяльных укладанняў (збудаваць дамбы, выраўняць зямлю, стварыць сажалкі). Таму распаўсюдзіць вырошчванне журавін на іншай тэрыторыі (акрамя 87 палескіх гектараў) затратна. Прадпрыемства не толькі пастаўляе свежыя ягады, але і вырабляе з іх цукаты, робіць сушаныя і вяленыя журавіны.

А вось па гальшанскія пернікі, якія, дарэчы, можна набыць толькі ў замку Гальшанскім, турысты, якія не купілі ласунак, але пакаштавалі ў сваіх суседзяў па аўтобусе, вяртаюцца. Пра гэтую страву нават ёсць легенда, расказала Настасся Навіцкая, дырэктар Ашмянскага краязнаўчага музея імя Багушэвіча:

— Калісьці Павел Стэфан Сапега, якому надакучылі заморскія стравы, запрасіў да сябе найлепшых кухараў і загадаў прыгатаваць тое, чаго ён яшчэ не каштаваў. Сын пекара, якому пакуль не давяралі рабіць такія важныя справы, таксама вырашыў паспрабаваць сябе. Ён спёк невялікі пернік, які зрабіў з цеста, што засталося ад гатавання стравы бацькам, дадаў туды прыправы, яйка, мёд і іншыя інгрэдыенты, што былі пад рукамі. І гэты пернік таксама паклалі на стол гаспадара замка. Калі Павел Стэфан Сапега пакаштаваў страву, яна яму так спадабалася, што ён загадаў гатаваць сабе такія пернікі штодня, а рэцэпт іх не выносіць за межы замка. З тых часоў нашчадкі сына кухара, якія жывуць у Гальшанах, захоўваюць старажытны рэцэпт і гатуюць па ім пернікі.

Над унікальным рэцэптам сапраўды шмат працавалі, некалькі разоў змянялі яго, і ў ім няма «хіміі». За дзень-два ў сезон могуць рэалізаваць 200-300 пернікаў, дадала суразмоўца.

Геаграфічныя ўказанні, якія могуць з’явіцца ў розных айчынных прадуктаў, пэўным чынам з’яўляюцца і рэпутацыйным ды іміджавым аб’ектам інтэлектуальнай уласнасці, таму маюць вялікае значэнне для дзяржавы, падкрэслілі арганізатары. А для вытворцаў рэгістрацыя геаграфічнага ўказання стане дадатковай магчымасцю аховы прадукцыі на знешніх рынках ад падробак і нядобрасумленнай канкурэнцыі.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.