Вы тут

У Беларусі завяршылася рэспубліканская акцыя «Ад усёй душы»


У Беларусі завяршылася рэспубліканская акцыя «Ад усёй душы», якая была ініцыявана Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам і накіравана на аказанне дапамогі пажылым людзям, ветэранам, доўгажыхарам. У паўночным рэгіёне клопатам з боку кіраўніцтва вобласці, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый і ўстаноў, маладога пакалення былі ахоплены тысячы людзей «залатога» ўзросту.


Фота: БелТА

Старт рэспубліканскай акцыі «Ад усёй душы» трэцяга студзеня далі мерапрыемствам, прысвечаным 105-годдзю з дня ўтварэння органаў па працы і сацабароне. У Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа сабраліся больш за 500 чалавек з усяго рэгіёна: прадстаўнікі старэйшага пакалення, удастоеныя ганаровых званняў, дзяржаўных узнагарод, ветэраны працы з усёй Віцебшчыны.

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін адзначыў на адкрыцці мерапрыемства, што моладзь бярэ прыклад з людзей «залатога» ўзросту і імкнецца цягнуцца за імі, бо яны яшчэ поўныя сіл, энергіі, запалу і ідэй. «Прыцягненне моладзі да гэтага працэсу аб’ядноўвае грамадства і паказвае, што ў нас ёсць пераемнасць. Тут ёсць актыўныя людзі, якім 80, 70 гадоў. Яны яшчэ могуць і нас павучыць, падсілкаваць энергіяй. Падрастаючае пакаленне глядзіць на гэта і кажа: „Нічога сабе, так мы, можа, дзесьці і адстаем, мы ж маладзейшыя, мы павінны быць больш актыўнымі“. І гэта ўсё як факел алімпійскі перадаецца з рук у рукі. І гэты валанцёрскі рух, рух дапамогі адно аднаму толькі набірае абароты», — выказаў сваё меркаванне кіраўнік вобласці.

Разам з прадстаўнікамі «залатога» ўзросту віншаванні адрасавалі тым, хто побач з імі па абавязку службы і закліку сэрца, — работнікам сістэмы сацыяльнай абароны вобласці. Напярэдадні прафесійнага свята і 105-й гадавіны ўтварэння сістэмы Мінпрацы дзясяткі добрасумленных прафесіяналаў атрымалі заслужаныя ўзнагароды.

У межах акцыі член Савета Рэспублікі Ірына Ляўковіч, а таксама начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын Марына Навіцкая наведалі Чашніцкі раён. У цэнтры ўвагі на гэты раз апынуліся прадстаўнікі старэйшага пакалення, якія апякуюцца Тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Порцыю ўвагі і падарункаў атрымалі таксама наведвальнікі аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ТЦСАН. Як кажуць, дапамогі шмат не бывае, а душэўнага цяпла хопіць на ўсіх.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка наведаў Глыбоцкі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў у рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі. Спікер ніжняй палаты Парламента не першы раз заязджае ў вёску Петрунова, дзе разам жывуць 330 чалавек ва ўзросце ад 18 гадоў, старэйшаму пастаяльцу 88. Пасля візіту ў 2020 годзе дзякуючы падтрымцы Уладзіміра Паўлавіча праведзены бягучы рамонт фасада будынка і даху гаспадарчага блока. Гэтым разам дом-інтэрнат і Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Глыбоцкага раёна атрымалі ў падарунак ад Старшыні Палаты прадстаўнікоў і Віцебскага аблвыканкама сертыфікаты на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў.

«Клопат пра людзей старэйшага пакалення — адзін з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь. Акцыю разглядаем як магчымасць больш надаць увагі пажылым людзям, а нам, заканадаўцам, паглядзець, што яшчэ трэба зрабіць для ўдасканалення заканадаўства, хоць ужо многае зроблена. Акцыя — гэта таксама магчымасць аддзячыць старэйшае пакаленне за вялікі ўклад, які яно ўнесла ў будаўніцтва моцнага падмурка беларускай дзяржаўнасці», — адзначыў Уладзімір Андрэйчанка.

Таксама акцыя «Ад усёй душы» прайшла на базе Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Першамайскага раёна горада Віцебска. Актывісты віцебскага філіяла Акадэміі сувязі сумесна з кіраўніцтвам Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь, кіраўнікамі прадпрыемстваў галіны сувязі Віцебскай вобласці павіншавалі наведвальнікаў цэнтра, валанцёры і творчы актыў падарылі пажылым людзям музычныя віншаванні. Пасля выступленняў з моладдзю сустрэўся і абмеркаваў актуальныя пытанні грамадскага і палітычнага жыцця міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган.

Прадстаўнікі абласнога аддзялення беларускай партыі «Белая Русь» сумесна з актывам унітарнага прадпрыемства «Віцебскаблгаз» павіншавалі з навагоднімі святамі старэйшае пакаленне Віцебскага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў. У якасці падарункаў ганаровыя госці ўручылі арганізацыі грашовыя сертыфікаты — гэтыя сродкі ахвяраваны членамі грамадскіх арганізацый па ўласнай ініцыятыве з найлепшымі пажаданнямі. А яшчэ творчы калектыў газавікоў парадаваў гледачоў яркімі канцэртнымі нумарамі.

«Калядны баль» для пажылых людзей — наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання Наваполацкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва зладзіў валанцёрскі цэнтр Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай. Інтэрактыўная праграма, арганізаваная студэнтамі, адбылася ў рамках рэспубліканскай акцыі. Падарункам для гледачоў сталі венскі і павольны вальсы і іншыя танцавальныя нумары ў выкананні ўдзельнікаў танцавальнай студыі «Балансе» Наваполацкага ТЦСАН, а таксама святочны фуршэт. Творчыя нумары прадставілі студэнты ПДУ. Госці прынялі ўдзел у квізе «Бальны этыкет», вырабе ўпрыгожэнняў для каляднай ёлкі, латарэі пажаданняў і прадказанняў.

Вялікі святочны марафон прымаў і Аршанскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў. Яго наведалі намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі, старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Барыс Яфрэмаў. Вядома, не з пустымі рукамі, а з цёплымі словамі і каштоўнымі падарункамі. Ад міністэрства інфармацыі пастаяльцы ўстановы атрымалі апарат для падрыхтоўкі кіслародных кактэйляў, ад аблвыканкама — грашовы сертыфікат на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».