Вы тут

Адкрылася выстава пра летні адпачынак класікаў


«Чытаю біяграфіі нашых класікаў. Многіх я знаў асабіста. Як іх залізаныя і прычасаныя партрэты розняцца ад тых, якімі яны былі ў сапраўднасці людзьмі, у меру святымі і ў меру грэшнікамі, а не нейкімі манекенамі...»


Гэтыя словы Максіма Танка зрабіліся лейтматывам выставы «Моры рэальныя і выдуманыя. Беларускія літаратары на вакацыях». Выстава з’яўляецца сумесным праектам Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва і Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў. Праект адметны яшчэ і тым, што ў пару зімовых святаў глядач атрымлівае магчымасць перанесціся да цёплага мора, адчуць тое, што адчувалі беларускія паэты і пісьменнікі, падчас летняга адпачынку. Надзвычай цікава разглядаць фотаздымкі, якія не прызначаліся для публікацый, рабіліся для сябе, для хатняга альбома, дзе героі без гальштукаў і афіцыйных касцюмаў, з валасамі, ускалмачанымі ветрыкам, са шчаслівымі ўсмешкамі... Хаця архіўныя фотаздымкі чорна-белыя, іх дапаўняюць каляровыя карціны беларускіх мастакоў з фонду НЦСМ і адмысловае афармленне. Вось малады Янка Брыль у Неапалі, Уладзімір Дубоўка і Янка Купала на пляжы ў Ялце... Уладзімір Караткевіч сустракае «пацалункі салёнай марской вады», змушаючы прыгадаць сваё апавяданне «Залаты бог».

Але не ўсе адпачынкі звязаныя з выездам на экзатычную прыроду. Для Якуба Коласа морам было і поле ржаных каласоў — як вядома, ён нават займаўся селекцыяй на ўчастку свайго дома ў Мінску. Максім Танк не меней, чым далёкія падарожжы ў цёплыя краі, любіў адпачываць і натхняцца ля роднай Нарачы.

Шчаслівыя, расслабленыя твары... Мора, горы, пальмы. Пісьменнікі часта выязджалі на мора яшчэ і таму, што да іх паслуг былі дамы творчасці — у Ялце, Піцундзе, Кактэбелі, Місхоры... З падабраных у буклеце выставы цытат з твораў пісьменнікаў атрымліваецца незвычайны канцэптуальны твор — «мора беларусаў». Маршруты летніх вакацый абавязкова пакідалі след у напісаным. Калі ў 1938 годзе Якуб Колас і Янка Купала адпачывалі ў Грузіі, у санаторыі Цхалтупба, Купала склаў верш: «Грузія, дружная з сонцам краіна, // Як жа ты сэрца і думкі салодзіш!» Гледзячы на фота ў экспазіцыі, можам згадаць не толькі кнігі, але і асабістую перапіску. «Але галоўнае — мора. Пішу цяпер вечарамі, а ўдзень не магу без яго. Берагі сухія, як перац у перачніцы, змаршчкаватыя, як мозг, як далонь малпы, а сярод іх дзівоснага спакою вада, жыццё, усё, дзеля чаго варта дыхаць. Днямі забіраюся ў скалы і ляжу на распаленых баках, як яшчар», — так распавядаў Янку Брылю свае ўражанні ад паездкі ў Кактэбель у 1962 годзе Уладзімір Караткевіч. Шчаслівы твар маладога класіка таксама можна пабачыць на архіўных фота.

Выставу можна наведаць да 18 лютага 2024 года.

Людміла ІВАНОВА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.