Вы тут

Бабруйск — радзіма гісторыкаў


Люблю завітваць у Бабруйск, калі «звезена лета ў стагі», калі «нівы, паляны, лугі / Знесены ў кошыках зручных». Тады і «нават пейзажы з ракі // Нейкі мастак гарадскі // Шумна ў рулоны паскручваў»... Тады стараюся павандраваць па старым горадзе, па тых вуліцах і вулачках, дзе гаспадарыць так званы прыватны сектар.


Бабруйск. Гасцініца «Беразіна» (1918 г.)

Гісторыя забірае нешта ў свае недры і пільна ахоўвае, стараючыся пад пылам сваіх даўніх папер утрымліваць многія і многія таямніцы. Бабруйск здаўна быў цэнтрам яўрэйскага жыцця не толькі ў Беларусі, але і ўвогуле ў Расійскай імперыі. Нездарма ж адзначаны і радком у славутым рамане Ільфа і Пятрова. Таму напрыканцы ХІХ — у пачатку ХХ стагоддзя тут было магутнае яўрэйскае кніжнае выдавецтва. Пагадзіцеся, для сённяшніх, блізкіх да нас дзесяцігоддзяў, факт крыху дзіўны...Не выключана, дарэчы, што поруч з рэлігійнай літаратурай яно выдрукоўвала і фатаграфічныя выявы горада. А ў 1920-я гады працавала і выдавецтва Якава Гінзбурга, якое, між іншым, выдала апошні ў перадваенным СССР зборнік яўрэйскіх малітваў

Бабруйск — радзіма пісьменніцы Паліны Венгеравай.

Дарэчы, шкада, што галоўны твор жыцця нашай зямлячкі бабруйчанкі Паліны Венгеравай «Успаміны бабулі» — не перакладзены на беларускую мову. У кнізе гэтулькі цікавага матэрыялу, што яна ўспрымаецца не толькі як мастацкі твор, але і нагадвае сабою збор этнаграфічных, дакументальных звестак пра жыццё ў дзевятнаццатым стагоддзі, пра сутыкненні рэлігій і светапоглядаў, пра розныя сацыяльныя групы нашых папярэднікаў.

Бабруйск. Свята-Мікалаеўскі сабор (пач. ХХ ст.)

Сапраўднае прозвішча Венгеравай, якая нарадзілася ў 1833 годзе, — Эпштэйн. Дарэчы, паблізу ад Бабруйска, у старажытным мястэчку Пухавічы жыла таксама вядомая сям’я Эпштэйнаў. Родам з яе — заснавальнік славутага эстраднага калектыву «Хор Турэцкага». У адзін са сваіх прыездаў у Беларусь ён наведаў гэтыя, пухавіцкія, мясціны, пакланіўся той магіле, дзе знаходзяцца парэшткі сотняў пухавіччан — першых ахвяр Вялікай Айчыннай... А на рускай мове двухтомныя «Успаміны бабулі» Паліны Венгеравай пабачылі свет у 2003 годзе. Варта нагадаць, што дачкою пісьменніцы з Бабруйска з’яўляецца перакладчыца і літаратурны крытык Зінаіда Венгерава.

У сям’і беднага настаўніка ў Бабруйску ў 1878 годзе нарадзіўся будучы пісьменнік Восіп Тункель (памёр ў Нью-Ёрку ў 1949 годзе). Наш зямляк як пісьменнік-гумарыст і мастак-карыкатурыст болей вядомы пад псеўданімам Дэр Тункелер (Цёмны). Пісаў на ідзішы. У 16 гадоў паступіў у Віленскую школу малявання, якую на той час узначальваў Іван Трутнеў. Пасля пераехаў у Адэсу, захапіўся паэтычнай творчасцю. Першыя вершы надрукаваў у 1901 годзе. У Варшаве ў 1912 годзе пабачыла свет першая гумарыстычная кніга нашага земляка «Зялёны папугай». Пасля смерці літаратара — у 1951 годзе — надрукавана яго кніга «Віленскі перыяд майго жыцця».

У Бабруйску нарадзіўся вядомы расійскі вучоны Саламон Давыдавіч Кацнельсон (30 ліпеня 1907 года), доктар філалагічных навук, дасведчаны лінгвіст. У асноўным займаўся германістыкай, мовай скандынаўскіх краін. Напісаў некалькі работ па філасофіі, гісторыі моў. Доктарскую дысертацыю абараніў яшчэ ў 1939 годзе. Выкладаў у Ленінградскім універсітэце. З 1953 года — на працы ў Ленінградскім аддзяленні Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук СССР.

Са знакамітых бабруйчан — і славуты савецкі спартсмен Антон Пятровіч Войцах (нарадзіўся ў лістападзе 1937 года). Адзін з лепшых шахматыстаў свету па перапісцы. У 1977-1982-м — чэмпіён Еўропы ў складзе зборнай каманды СССР. Прозвішча нашага земляка занесена ў энцыклапедыю «Шахматы», выдадзеную ў Маскве ў 1990 годзе.

Калі ўжо зайшла размова пра спартсменаў, то нельга не згадаць імя Веніяміна Барысавіча Гарадзецкага (нарадзіўся ў Бабруйску 13 красавіка 1919 года). Знакаміты шашыст. Трэнер і шашачны кампазітар. У 1962 годзе адзначаны званнем гросмайстра СССР. Пасля атрымаў і тытул міжнароднга гросмайстра. Чэмпіён СССР па рускіх шашках. Акадэмік Пецярбургскай Акадэміі шахматнага і шашачнага мастацтва. Першыя свае шашачныя кампазіцыі друкаваў яшчэ ў даваенным яўрэйскім часопісе «Акцябэр» у Мінску. А ў 1935 годзе ў Бабруйску нарадзіўся яшчэ адзін шашыст — Восіп Барысавіч Функ, заслужаны трэнер Малдовы, майстар спорту, міжнародны арбітр. Сярод яго вучняў — чэмпіёны свету Іон Доска і Алена Барысава.

 

Бабруйск.Гарадская ўправа (пач. ХХ ст.)

Бабруйск. Прыстань на рацэ Бярэзіна (пач. ХХ ст.)

Бабруйск — радзіма гісторыка Самуіла Лазінскага (нарадзіўся ў 1874 годзе). У 1907-1913 гадах ён з’яўляўся адным з рэдактараў «Яўрэйскай Энцыклапедыі». Аўтар многіх кніг па гісторыі Сярэдневечча. Яшчэ ў Кіеве ў 1904 годзе пабачыла свет яго кніга «Гісторыя Другой французскай рэвалюцыі». З цікавасцю і зараз чытаецца яго праца «Сацыяльныя карані антысемітызму ў Сярэдневеччы і ў наш час», хаця і выдадзена ў 1929 годзе.

Бабруйск — радзіма расійскага педагога Яўгена Якаўлевіча Голанта (нарадзіўся ў 1888 годзе). Закончыў гісторыка-філалагічны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. У 1920-я гады, калі ў СССР змагаліся за пісьменнасць, шырокай папулярнасцю карыстаўся дапаможнік Я. Голанта для дарослых «Будзем вучыцца». Наш зямляк — стваральнік многіх буквароў, метадычных дапаможнікаў, аўтар «Буквара селяніна» (1922). У сааўтарстве з іншымі вучонымі напісаў «Гісторыю педагогікі» (1940).

Яшчэ адно імя , якое не часта згадваецца ў дачыненні да Беларусі...6 сакавіка 1923 года ў Бабруйску нарадзіўся кампазітар, музыкант , дырыжор Леанід Веніямінавіч Фейгін (памёр у Лондане 1 ліпеня 2009 года). Вучань Давыда Ойстраха, аўтар многіх музычных твораў амаль ва ўсіх жанрах. Гэта ён з’яўляецца стваральнікам калісьці папулярнага балета «Зоркавая фантазія» (пастаўлены ў Маскве ў 1963 годзе). Л. Фейгін — аўтар кнігі «Маё жыццё» (Масква, 1993 год).

Калі выкладаю ўсе гэтыя жыццяпісы сваім бабруйскім знаёмым, не перастаюць здзіўляцца : «А чаму мы рэдка згадваем пра іх у Бабруйску?..» Вось і я часам задумваюся над гэтым пытаннем. Бабруйск сёння — сімпатычны, цікавы сваім добраўпарадкаваннем горад. Спадзяюся, што знойдзецца ў клопатах сённяшніх бабруйчан месца і для мемарыялізацыі памяці пра сваіх славутых землякоў.

Бабруйск.Скобелеўская вул. (пач. ХХ ст.)

А зусім нядаўна атрымаў ліст ад рускай пісьменніцы Ларысы Чаркашынай (яна нарадзілася, між іншым, на Гродзеншчыне, у Ваўкавыску). Дзеліцца сваім жаданнем наведаць Бабруйск і прывезці мясцовым бібліятэкарам, музейшчыкам новыя, нядаўна знойдзеныя звесткі пра сувязь нашчадкаў Аляксандра Пушкіна з Бабруйскам, Бабруйшчынай. А я паведаміў пра гэтае жаданне ў Бабруйскую гарадскую бібліятэку. Там, дарэчы, праводзіцца велізарная праца па захаванні памяці пра родзічаў Аляксандра Сяргеевіча...

Кастусь ЛЕШНІЦА

Старыя паштоўкі з калекцыі лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава.

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.