Вы тут

Што вядома пра некаторыя віды дзікіх жывёл у сучаснай Беларусі?


Пачынаючы з 2021 года вучонымі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі праводзіцца навуковая работа па ацэнцы сучаснага стану папуляцый мядзведзя, рысі, барсука з наступнай распрацоўкай планаў кіравання папуляцыямі названых відаў дзікіх жывёл. Вынікі гэтага даследавання абнародавала Міністэства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.


Станоўчы трэнд на рысь

Так, у 2023 годзе колькасць еўрапейскай рысі склала 1315 асобін, і ў цэлым у краіне адзначаецца станоўчы трэнд змянення колькасці гэтага віду.

Улік колькасці рысі ажыццяўляецца карыстальнікамі паляўнічых угоддзяў сістэмы Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Міністэрства лясной гаспадаркі, Рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў», Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, іншымі карыстальнікамі.

Станоўчы трэнд змянення колькасці еўрапейскай рысі па краіне з’яўляецца падставай для перагляду ў 2025 годзе катэгорыі нацыянальнай прыродаахоўнай значнасці віду — зніжэнне з ІІ катэгорыі да ІV катэгорыі (пры падрыхтоўцы 5-га выдання Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь і зацвярджэнні Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя новага спіса рэдкіх і тых, што пад пагрозай знікнення, на тэрыторыі краіны, відаў дзікіх жывёл, якія ўключаюцца ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь).

Разам з тым, у сувязі са зменлівай і невялікай колькасцю рысі, якая не дасягнула аптымальнай колькасці (1520 асобін) і якая засяляе не ўсе прыдатныя месцапражыванні, адсутнічаюць падставы для выключэння рысі са спіса рэдкіх і тых, што пад пагрозай знікнення, на тэрыторыі краіны відаў дзікіх жывёл, якія ўключаюцца ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

Падлік мядзведзя на аўсах

Колькасць мядзведзя ў 2023 годзе склала 700 асобін, і распаўсюджванне яго па тэрыторыі краіны не раўнамернае. Разам з тым дадзеная колькасць засноўваецца на анкетным метадзе ўліку, які мае вялікія хібы і выкарыстоўваецца для выяўлення на пачатковым этапе асноўных месцаў знаходжання мядзведзя з наступным улікам метадаў вясновага траплення і прамога падліку на аўсах.

У сувязі з гэтым казаць аб тым, што колькасць названага віду дасягнула свайго аптымальнага значэння, пры якім забяспечвалася б захаванне віду ў доўгатэрміновай перспектыве, няма падстаў. У той жа час у сукупнасці з біялогіяй самога віду (мінімальны і павольны рост узнаўлення), на жаль, захоўваюць сваю актуальнасць і асноўныя пагрозы, якія аказваюць негатыўны ўплыў на стан (колькасць) папуляцыі мядзведзя: асенне-зімовае паляванне на пушных звяроў і капытных, асабліва загоннае паляванне з выкарыстаннем сабак, якое прыводзіць да ўзняцця мядзведзяў з бярлогі і гібелі дзіцянят.

Барсук ва ўразлівым стане

Колькасць барсука ў Беларусі ў 2023 годзе ацэнена на аснове анкетнага апытання і даных, атрыманых з большасці адміністрацыйных раёнаў краіны, і складае каля 2307 асобін.

Як і ў папярэднія гады, найбольшая колькасць барсука выяўлена ў Віцебскай вобласці, дзе сканцэнтравана 56 працэнтаў беларускай папуляцыі гэтага віду. На астатняй тэрыторыі краіны адзначаецца раўнамернае размеркаванне яго колькасці (4–14 працэнтаў). Пры гэтым шчыльнасць беларускай папуляцыі барсука і распаўсюджвання жылых паселішчаў адна з самых нізкіх у арэале віду.

Разам з тым атрыманыя даныя паказваюць на значнае паляпшэнне стану папуляцыі барсука ў Беларусі за апошнія гады — павелічэнне ўзроўню колькасці, ёсць фрагменты з поўным асваеннем барсуком экалагічнай ёмістасці. Але ў цэлым яна ўсё яшчэ знаходзіцца ва ўразлівым стане: барсук адсутнічае на значнай частцы краіны, лакальныя папуляцыі барсука прыкладна ў 30 працэнтаў карыстальнікаў знаходзяцца ў дэпрэсіўным стане, і ў 16 працэнтах ад усіх гаспадарак устаноўлена знаходжанне барсука ў вельмі пагрозлівым стане.

У сувязі са зменлівай і невялікай колькасцю барсука, а таксама з яго адсутнасцю на прыдатных месцапражываннях немэтазгодна выключаць названы від з Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь. Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі прапанавана ўключыць яго ў наступнае выданне з паніжэннем яго ахоўнага статусу з ІІ катэгорыі да ІV катэгорыі.

Пра меры рэагавання

Для мэт урэгулявання сітуацый, звязаных з выяўленнем дзікай жывёлы, якая можа ўяўляць пагрозу жыццю і здароўю людзей або знаходзіцца ў гаротным становішчы, у краіне пры мясцовых выканаўчых і распарадчых органах (базавага ўзроўню) створаны камісіі па аказанні дапамогі дзікай жывёле.

Прадстаўнікі камісіі выязджаюць на месца выяўлення дзікай жывёлы і, зыходзячы з існуючай сітуацыі, прымаюць адно з наступных рашэнняў: аб адлове дзікай жывёлы. Жывёла можа быць перададзена на ўтрыманне фізічнай асобе, у тым ліку індывідуальнаму прадпрымальніку, або юрыдычнай асобе з іх згоды, або выпушчана ў натуральнае асяроддзе пасялення; аб здабычы дзікай жывёлы. Яна можа быць здабыта ў выпадку, калі ўяўляе пагрозу жыццю і здароўю грамадзян або мае траўмы, несумяшчальныя з жыццём.

Рашэнне афармляецца актам аб выяўленні дзікай жывёлы і з’яўляецца падставай для прыняцця мер рэагавання.

Такім чынам, мясцовы выканаўчы і распарадчы орган абавязаны прыняць неабходныя меры рэагавання для ўстаранення магчымай пагрозы жыццю і здароўю грамадзян, звязанай з паводзінамі дзікай жывёлы, а таксама па аказанні ёй дапамогі.

Сяргей РАСОЛЬКА

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Рэктар БДУКМ — пра падрыхтоўку прафесійных кадраў для ўстаноў культуры.

Грамадства

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Прагуляліся па квітнеючым Цэнтральным батанічным садзе: расказваем аб уражаннях

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.