Вы тут

Гродна з эфектам таемнасці ў новым зборніку


У цікавае падарожжа можна адправіцца з аўтарамі нарыса, што ўвайшоў у склад новага зборніка гродзенскіх аўтараў. А ўсяго ў новым выданні змешчана каля сотні розных твораў: артыкулаў, апавяданняў, замалёвак, вершаў і нават песень. Усе яны аб’яднаны тэмай любові да горада — сучаснага і старажытнага. 


Наталля Гаманчук жыве ў Гродне з 1970 года і лічыць горад сваёй другой радзімай. Яна — самы ўзроставы аўтар зборніка, але нават у свае 90 гадоў пастаянна ўдзельнічае ў рабоце гарадскога аматарскага калектыва «Надзея», які не адно дзесяцігоддзе аб’ядноўвае творчых асоб горада над Нёманам. На яе думку, Гродна — гэта горад мары і горад паэтаў. 

Да шуму горада прыслухалася паэтка Кацярына Каламейцава і пачула ў ім гукі жыцця, шэпт дрэў, гудзенне машын, шум дажджу. Свой верш яна так і назвала «Шум горада». Дарэчы, верш пакладзены на музыку і неаднаразова гучаў у выкананні музыкаў-аматараў. Дзякуючы вершам, аблічча горада можна ўявіць у кожную пару года. 

Пераважная большасць твораў паэтычныя. Але ёсць і проза. У зборнік увайшло апавяданне пра тое, як важна апынуцца дома— прайсціся па пешай вуліцы гістарычнага цэнтра, зайсці у Фарны касцёл, Каложскую царкву, Стары замак, выпіць кавы ва ўтульных старажытных кавярнях. 

Дарэчы, аб старажытнасці. Гісторык-архівіст прадставіла ў зборніку пазнавальны артыкул аб музычным Гродне XVI – пачатку XX стагоддзя. У артыкуле выкарыстаны матэрыялы Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў Гродне, дзе па данай тэме захоўваецца звыш 4 тысяч спраў. Архіўныя крыніцы сведчаць аб багытай музычнай спадчыне горада.

Вядома, што адзін з першых аркестраў быў створаны ў Гродне яшчэ ў 1543 годзе. Называўся ён Літоўская капэла. На пачатак XVII стагоддзя тут налічвалася 15 музыкаў і спевакоў. Самай яркай старонкай у развіцці музычнай культуры мінулых часоў стаў перыяд праўлення Антонія Тызенгаўза, які стварыў у Гродне музычную школу. У гэты ж перыяд у Гродне пачаў дзейнічаць першы пастаянны тэатр пад кіраўніцтвам Саламеі Дэшнэр. Разам з драматычнымі спектаклямі ставіліся і оперы. Архіўныя дакументы расказваюць, што Гродна наведвалі вядомыя музычныя і тэатральныя трупы. Такім чынам, на працягу многіх стагоддзяў тут існавалі творчыя традыцыі, і гродзенскі глядач быў гатовы да ўспрымання шэдэўраў сусветнага мастацтва. 

У зборніку прыцягвае ўвагу нарыс, які выйшаў у суаўтарстве Сяргея Тражко і Дзмітрыя Радзівончыка. На іх думку, яны ўбачылі Гродна такім, якім ніхто яго да гэтага часу не бачыў. Гэта свойго роду творчы эксперымент, фасмагорыя. 

—Такі нябачны вобраз горада мне дапамог адкрыць мой сябар Сяргей, гэта была яго ідэя, — расказаў гродзенскі пісьменнік Дзмітрый Радзівончык. — Мы хацелі пакаказаць вобраз горада, які не бачны шырокаму колу. Бо ў мастацкага твора ёсць не толькі цікавы змест, але і форма. Мы выкарысталі эфект адсутнасці як мастацкі сродак, правялі яго праз усю кампазіцыю нашага нарыса. Гэта свайго роду падарожжа па часе.

Разам з відарысамі Гродна паўстае ў невядомым ракурсе. Нават немагчыма ідэнтыфікаваць, у якую эпоху паказаны мясціны. Як удакладняе пісьменнік, гэты незычайны вобраз не ўвайдзе ні ў якія турыстычныя праспекты і даведнікі, тым не менш, ён цікавы. 

— На гербе Гродна галоўная выява — гэта алень, які скача цераз агароджу. Таму мы хацелі спыніцца на прыродным ландшафце горада. І бачым, што тут ёсць пагоркавы ландшафт, калісьці, відавчна, была гарыстая мясцовасць. Мы натыкаліся на даволі дзіўныя пейзажы з абрысамі пабудоў, імшыстымі бярвеннямі. Нават цяжка сказаць, якая тут эпоха.  Складваецца ўражанне, што гэта нібы партал у іншы свет, а з-за пагорка вось-вось выскачыць дракон, — апісвае сваё сакральна-чароўнае падарожжа па нябачным горадзе аўтар нарыса «Гродна нябачны». Ён звяртае ўвагу на плазмоіды, якмя трапілі ў аб’ектыў фотакамеры.  

Сааўтар Сяргей Тражко раіць не толькі звяртаць увагу на тое, што пішуць у даведніках, але і самім шукаць цікавыя мясціны. А такіх нямала ў кожным населеным пункце. Варта тольі прайсціся іншымі сцежкамі, змяніць маршрут, убачыць знаёмыя мясціны з іншага боку. Магчыма, гэта дапаможа змяніць штосьці і ў сабе. 

У зборніку сабрана амаль 50 аўтараў і каля сотні твораў. Старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Людміла Кебіч называе зборнік гродназнаўчым. 

 

—Гэта не першы зборнік пра Гродна. Праект стартаваў у 2008 годзе і быў прымеркаваны да 880-годдзя горада. Адбылося два перавыданні, а зборнік уручалі ў якасці падарунка прадстаўнікам усіх дыяспар Рэспубліканскага фестываля нацыянальных культур. У зборніку было шмат ілюстрацый нашых гродзенскіх мастакоў, а многія вершы суправаджаліся нотамі. І вось праз пяць гадоў мы працягваем праект. За гэты час сабралася нямала новых твораў, многія нават не ўвайшлі ў кнігу, мы ўключылі толькі самыя моцныя. Зборнік, дарэчы, адзначаны ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі: старшыня Алесь Карлюкевіч заўважыў, што кніга не толькі прыгожая па знешнім выглядзе, але і якасная па змесце, у ёй усебакова і сцісла паказаны Гродна, — расказала Людміла Кебіч. 

Праз пяць гадоў, калі гораду будзе 900 гадоў, магчымы працяг праекта. У мясцовых творцаў ёсць час зрабіць новыя цікавыя жанравыя і гістарычныя даследванні ў мінулым і сучасным жыцці старажытнага Гродна. 

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».