Вы тут

«Сонейка» зімы. Маніторым цэны на «самыя зімовыя вітаміны»


Беларуская зіма пахне мандарынамі — гэта традыцыя, якой няхай не стагоддзі, але прынамсі дзесяцігоддзі. У нас мандарыны, вядома, не растуць, у продажы ў нашы дні круглы год, і ўсё ж іх пах і смак у свядомасці многіх, і нават, не пабаюся гэтага слова, большасці нашых суграмадзян (хочаце — самі спытайце ў сяброў і знаёмых) непарыўна звязаны менавіта з зімой «па-беларуску». З дамашняй цеплынёй і вячэрняй утульнасцю пад акампанемент мокрага снегу за акном.


Зрэшты, можна паглядзець на пытанне шырэй. У халодную пару года на нашых прылаўках самыя даступныя, смачныя і якасныя «жывыя» вітаміны — гэта цытрусавыя: апельсіны, лімоны, грэйпфруты, хоць у першую чаргу, вядома ж, — мандарыны. Не будзе перабольшаннем сцвярджэнне, што на прадуктовых рынках краіны ўзімку заўсёды «аранжавы настрой»: цытрусавых на прылаўках — на любы густ і смак. Дыяпазон цэн таксама шырокі. Высвятляем, што пачым.

Мандарыны і клеменціны

Напачатку заўважым, што не ўсе мандарыны — па факце... мандарыны. Парадоксу тут няма. Проста ўсё тое, што мы «да кучы» прывыклі зваць мандарынамі, насамрэч — не заўсёды яны. Гэта могуць быць, напрыклад, клеменціны («плод кахання» мандарына і апельсіна, яны буйнейшыя, скурка «друзлая» і больш тоўстая, чысцяцца лягчэй), або танжэрыны (навукоўцы разглядаюць іх як самастойны від цытрусавых), або сатсума (наогул лічыцца, што гэта сорт мандарынаў, хоць некаторыя спецыялісты адносяць іх, зноў жа, да асобнага віду цытрусавых). Ды і, уласна кажучы, непасрэдна ў мандарынаў ёсць розныя сорты і гібрыды. У свеце, дарэчы, існуе больш за 450 сортаў мандарынаў, але да нашых шырот даязджае з іх не надта шмат. Хоць разнавіднасцяў 6-8 наўскідку, проста па знешнім выглядзе пладоў, на Камароўцы мы налічылі. Гэта пры тым, што далёка не заўсёды прадавец здольны назваць сорт або гібрыд — часцей ідэнтыфікуе свой прадукт па краіне-вытворцы. І тут у параўнанні з мінулым годам — без сюрпрызаў: Грузія, Турцыя, Марока (настальгія па дзяцінстве, прывітанне), Паўднёва-Афрыканская рэспубліка (ПАР), Грэцыя, Іспанія і Італія.

Сярэдняя цана на мандарыны ў гэтым годзе на галоўным харчовым рынку сталіцы — 7- 9 рублёў за кіло (6-8 было ў мінулым годзе). Клеменціны абыдуцца ў сярэднім у 8 з паловай рубля за кілаграм. Самыя дарагія таварныя пазіцыі — 14,90 за «элітныя» італьянскія мандарыны, і 14 рублёў за кіло мандарынаў памеру «бэбі» з Абхазіі. Зрэшты, можна знайсці абхазскія мандарыны і па 4,90 за кілаграм. На слушнае пытанне, у чым прынцыповая розніца з абхазскімі ж, але па 13, на суседнім прылаўку, прадаўшчыца Валянціна ўсміхаецца і паціскае плячыма:

— Я сама працую, у мяне прадаўцоў няма, я маленькія накруткі раблю. Там, можа, працуюць па-іншаму, прадаўцы ў іх, большыя выдаткі. Гэта ж рынак! Кожны пакупнік шукае тое, што яму больш падабаецца! У мяне таксама ёсць дарагія мандарыны — вось, з Італіі. Якія найлепшыя? А вы каштуйце і купляйце, што спадабаецца.

У цэлым, «прэміум-мандарыны» адрозніваюцца ад больш «народных» варыянтаў для прадаўцоў у першую чаргу тым, што дарагія — усе аднаго памеру, а бюджэтныя — рознакаліберныя: большыя і меншыя трапляюцца ў адным кілаграме. Для пакупнікоў, зразумела, важнейшыя смакавыя якасці.

Аб смаках мандарынаў з розных краін прадаўцы ахвотна расказваюць.

— Мандарыначкі пакаштаваць хочаце? Італьянскія — самыя салодкія, за імі па салодкасці ідуць з Марока, потым Іспанія і Грузія.

У мараканскіх, дарэчы, цяпер іншыя налепкі на скуры — блакітныя. Але на скрынях захаваліся настальгічныя чорныя ромбікі, памятныя ўсім «народжаным у СССР». Па словах суразмоўцы, найбольшым попытам карыстаюцца ў пакупнікоў якраз мандарыны з Марока, а таксама італьянскія. Гэта — два самыя запатрабаваныя віды. Мандарыны з Абхазіі могуць быць па смаку розныя — трэба каштаваць. Могуць быць з кіслінкай, на аматара.

— Усё ж такі, калі казаць пра мандарыны і апельсіны, нашы пакупнікі ў большасці сваёй ласуны, аддаюць перавагу салодкім відам, — рэзюмуе жанчына за прылаўкам. — Але свой смак знойдзе кожны: у мяне шэсць відаў мандарынаў з розных краін, і ўсе яны розныя. Але ўсе без костачак!

Таксама ў размове я даведалася, што турэцкія мандарыны могуць быць як салодкімі, так і кіслявымі, а часам бываюць вадзяністымі; лепш за ўсё захоўваюцца мандарыны іспанскія, а італьянскія лягчэй за ўсё чысцяцца.

Аб густах не спрачаюцца, так што на чужое меркаванне лепш не абапірацца і каштаваць самім, яшчэ раз раяць прадаўцы. Каштаваць на Камароўцы мандарыны цяпер даюць ахвотна. Бо менавіта гэтыя цытрусавыя ўзімку «робяць касу» на фруктовых прылаўках. Выбіраючы мандарыны, зважаем на адсутнасць «пухласці» — паветра паміж мякаццю і скуркай. Калі навобмацак скурка лёгка прамінаецца і «мячык» не пругкі, значыць, мандарыны «пухлыя», то-бок нясвежыя. Зразумела, плямкі і ўвагнутасці на скурцы недапушчальныя — гэта падмерзлыя мандарыны, і купляць іх не варта. Калі вы адкрылі мандарын і адна долька аказалася сапсаванай — выкідвайце ўвесь плод: нават нармальныя з выгляду долькі будуць мець непрыемны прысмак (не кажучы ўжо пра шкоду для здароўя).

Што яшчэ дадаць аб мандарынах? Гэта скарбніца вітаміну С, а таксама B1, B2, правітаміну A, D, K і B12. Больш за ўсё вітаміну С, дарэчы, у клеменцінах (50 мг аскарбінавай кіслаты на 100 г фрукта). Клеменціны на рынках зараз можна знайсці і па 6,50.

Багатыя і мандарыны, і клеменціны фітанцыдамі (адсюль выяўленае супрацьмікробнае дзеянне), арганічнымі кіслотамі, пекцінавымі рэчывамі, мінеральнымі солямі. Падтрымліваюць імунітэт і аказваюць агульнаўмацавальнае дзеянне, падаўляюць выпрацоўку гармону стрэсу карцізолу і змагаюцца з «зімовай дэпрэсіяй», нармалізуюць страваванне і паляпшаюць абмен рэчываў (але і павялічваюць апетыт). Важна не забываць, што мандарыны валодаюць высокім глікеміческім індэксам, і распаўнець на іх зусім рэальна. Калі вы сочыце за вагой, уключайце іх у ранішні, а не ў вячэрні рацыён.

Апельсіны

«Найбліжэйшыя сваякі» мандарынаў — апельсіны — таксама запатрабаваны менавіта зімой, кажуць прадаўцы. У далёкім савецкім дзяцінстве цяперашніх 45-гадовых пакупнікоў апельсіны лічыліся экзотыкай (невыпадкова менавіта ў скрынцы з гэтымі цытрусамі прыбыў морам зневысветленых далячынь у нашы шыроты «генна-мадыфікаваны» звер Чабурашка). У нашы дні апельсінаў на прылаўках вельмі шмат, а прывозяць у Беларусь іх у асноўным з Егіпта, Іспаніі і ПАР.

— Іспанскія апельсіны — вельмі салодкія, для сапраўдных ласуноў. А апельсіны з ПАР — з кісліначкай. Але і тыя, і другія — вельмі сакавітыя, — тлумачыць прадавец.

Роскід цэн на апельсіны не такі вялікі, як на мандарыны, але таксама істотны. У сярэднім цана на кіло егіпецкіх апельсінаў пачынаецца ад 5,50, іспанскія можна знайсці за 6,90. Ёсць апельсіны і па 9,90 — прадаўцы кажуць, ну «проста адзін сок»! Апельсін (а не лімон, у процівагу распаўсюджанаму меркаванню) дыетолагі называюць рэкардсменам сярод цытрусавых па колькасці вітамінаў. Напрыклад, вітаміну С у адным сярэднім плодзе — парадку 77 мг, таксама фрукт утрымлівае ніяцын (вітамін РР), рэтынол (вітамін А), вітаміны В1, В2, В6 і В9, з мікраэлементаў — магній, фосфар, цынк, жалеза, хлор, кальцый, натрый. Багатыя апельсіны ёдам, пекцінам, фоліевай кіслатой, антыаксідантамі і біяфлаваноідамі — як вынік, валодаюць бактэрыцыдным і супрацьпухлінным дзеяннем, а таксама дабратворна ўплываюць на крывятварэнне. Рэчывы ў складзе апельсінаў змагаюцца з вірусамі і хваробатворнымі мікраарганізмамі, павялічваюць імунітэт, выводзяць шлакі, чысцяць печань. А яшчэ гэты фрукт амалоджвае арганізм. Акрамя таго, апельсіны рэкамендуюць гіпертонікам — рэчывы ў складзе гэтых цытрусавых, аказваецца, не толькі нармалізуюць артэрыяльны ціск, але і зніжаюць верагоднасць з’яўлення атэрасклерозу і разрэджваюць кроў. Вялікая колькасць фоліевай кіслаты ў гэтай садавіне станоўча ўплывае на здольнасць да працягу роду ў мужчын.

Лімоны і лаймы

Лімоны ў нашых шыротах у асноўным купляюць у прафілактычных і лячэбных мэтах, расказалі прадаўцы. Найбольш часты пакупніцкі запыт — кілаграм мандарынаў і адзін-два лімончыкі. Але бывае, што бяруць лімоны і кілаграмамі, часцей за ўсё для «народных» вітамінных сумесяў з арэхамі і мёдам або каб проста парэзаць у слоік, засыпаць цукрам або заліць мёдам — лічыцца, што гэта добрая прафілактыка прастуд і грыпу. І небеспадстаўна. Хоць лімон з цукрам лепш не захоўваць, а з’ядаць адразу, і кожны раз рыхтаваць разавую «порцыю», бо вітамін С хутка разбураецца. Плюс вялікая колькасць цукру ў такой сумесі — гэта ўжо, зразумела, не пра карысць для арганізма. Дарэчы, вітаміну С у лімонах значна менш, чым, напрыклад, у чорных парэчках або шыпшыне. І ўсё ж менавіта лімоны застаюцца ў нашых шыротах у ліку рэкардсменаў сярод «зімовай» садавіны па ўтрыманні вітаміну С. Гэтыя цытрусавыя ўтрымліваюць парадку 40 мг аскарбінавай кіслаты на 100 г: менш, чым апельсіны, але ўсё роўна шмат. 

Акрамя таго, лімоны валодаюць збалансаваным мінеральным складам: жалеза, медзь, калій і кальцый. Як вынік, ужыванне ў ежу гэтых прадуктаў нармалізуе частату сардэчных скарачэнняў і, як і ў выпадку з апельсінамі, падтрымлівае ў норме артэрыяльны ціск. Акрамя таго, цытрус багаты вітамінамі А (значыць, падтрымае вастрыню зроку), групы В (папярэджвае хваробы нерваў) і вітамінам Р (а ён якраз неабходны для засваення вітаміну С). Пекцінавыя рэчывы, якія змяшчае лімон, выводзяць цяжкія металы, а водар дэзынфіцыруе паветра і павышае настрой.

А яшчэ лімонам у «ліхія дзевяностыя» называлі мільён — рублёў ці долараў. Хоць гэты маўленчы абарот значна старэйшы, чым здаецца, адзначаюць лінгвісты. Упершыню мільён сталі зваць лімонам у 1920–1930 гг., дах, потым сэнсавая падмена забылася больш чым на паўстагоддзя і вярнулася ва ўжытак толькі ў 1990-я. Вынайдзены «тэрмін» у Закаўказскай Сацыялістычнай Федэратыўнай Савецкай Рэспубліцы — яна была пастаўшчыком лімонаў для ўсяго СССР, адсюль і аналогія.

Сёння лімоны наша краіна экспартуе ў асноўным з Іспаніі і Турцыі. У адносінах да цаны на іх гэтай зімой прадаўцы аднадушныя: 7,50-7,90 за кіло. Істотных ваганняў у большы або меншы бок знайсці на галоўным рынку сталіцы не ўдалося.

— Лімоны добрыя, не гібрыды, — кажа прадавец. — Гібрыды не ўсім даспадобы. Тоненькая скурка, і, як кажуць пакупнікі, пахнуць ігліцай. Сорты лімонаў ніякіх дадатковых водараў не маюць. З сярэдзіны студзеня да сярэдзіны лютага гібрыдаў лімонаў вялікую колькасць будуць завозіць. А гэта — лімоны сапраўдныя, сартавыя, новага ўраджаю, іспанскія.

Выбіраць лімоны рэкамендуецца па вонкавым выглядзе, як і апельсіны — скурка не павінна быць грубай і бугрыстай, плады выбіраем тыповыя па форме і не мяккія навобмацак. Хоць што да скуркі, тут яшчэ ўсё залежыць ад сорту, патлумачылі мне. Напрыклад, у мінулым сакавіку ў магазінах буйнога рытэйлера прадаваліся ружовыя лімоны (скурка ў іх паласатая, жоўта-зялёная, а мякаць — ружаватая). Сорт называецца Eureka Varіegated Pіnk, прыехаў ён з Іспаніі і каштаваў 18,99 за кіло. Тыя, хто каштаваў, сышліся ў меркаванні: па смаку — проста лімон, а пераплачваеш толькі за экзатычную знешнасць.

Лайм — выбар маладых, распавялі прадаўцы. Яго дадаюць не ў звычайны чай «з пакеціка», а ў гарбату «з прэтэнзіяй» — кітайскія і в’етнамскія сарты. А таксама ў кактэйлі і соусы да мяса і рыбы. Словам, гэта выбар тых, хто «затлумляецца» харчаваннем. Народнай любові лайм у нашых шыротах не атрымаў: ён не кісла-салодкі, як лімон, а кісла-гаркаваты. Нягледзячы на вонкавае падабенства з «братам», з’яўляецца зусім іншым цытрусавым і мае іншы склад. Напрыклад, у лайме ўтрыманне вітаміну С у пяць разоў большае, чым у лімоне, і ў ім ёсць фоліевая кіслата, якая ў лімоне адсутнічае. Але і каштуе «экзотыка» ў разы больш — у сярэднім 16-16,70 за кіло.

Грэйпфруты і памела заслугоўваюць асобнай размовы. Пакуль скажам толькі, што цэнавы дыяпазон — ад 10-11 рублёў за грэйпфруты з Ізраіля (з зялёнай скуркай і жоўтай мякаццю) да 5,50-5,70 за турэцкія чырвона-аранжавыя. А памела (фрукт з поўдня Кітая, сваяк апельсінаў, мандарынаў і грэйпфрутаў) каштуе сёлета ў сярэднім 4,5 рубля за кілаграм.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.