Вы тут

Аліна Змушко: Мне ніколі проста так нічога не давалася


На этапе Кубка свету па плаванні, які прайшоў у кастрычніку, Аліна Змушко заваявала бронзавы медаль на дыстанцыі 50 метраў брасам. Гэты медаль стаў нядрэнным задзелам для падрыхтоўкі да чэмпіянату свету, які пройдзе ў лютым. «Мая галоўная матывацыя — гэта вынік. Калі ён стаіць на месцы, мне вельмі цяжка. Але калі я дадаю, у мяне з’яўляюцца сілы і жаданне працаваць больш», — дзеліцца Аліна Змушко. Здавалася б, такія развагі пра матывацыю — проста прыгожыя словы спартсмена для інтэрв’ю. Але не ў выпадку Аліны. Яе любімы занятак — устанаўліваць нацыянальныя рэкорды па плаванні брасам. Ніводны яе рэкорд не становіцца «вечным», яна ўвесь час пераўзыходзіць уласны найлепшы вынік, павышаючы планку нацыянальных рэкордаў. Для заўзятараў і журналістаў гэта неверагодна прыгожая гісторыя. Але толькі сама Аліна і яе трэнер Ігар Макееў ведаюць, што за гэтым стаіць. У інтэрв’ю «Звяздзе» Аліна Змушко прыадчыніла заслону спартыўнага жыцця.


— Аліна, самае актуальнае пытанне: як вярнуцца на міжнародныя старты і прычым адразу заваяваць медаль?

— Калі шчыра, то падчас падрыхтоўкі да этапу Кубка свету я нават не думала аб медалі, я проста радавалася, што лёд крануўся і мы вяртаемся на міжнародныя спаборніцтвы. Адабрацца на чэмпіянат свету — наогул велізарнае шчасце. Што б хто ні казаў, але выступленне на міжнародных спаборніцтвах — зусім іншы ўзровень. Чым больш удзельнікаў, тым вышэйшая канкурэнцыя. Многіх спартсменак я ведаю не першы год і была вельмі рада ўсіх бачыць, паспаборнічаць з імі. І самі саперніцы былі рады нас бачыць. Я была гатова да таго, што нас могуць неяк укалоць, настройвалася, што давядзецца абстрагавацца і рабіць сваю працу. Але не, нічога такога не было. Пасля фінішу 50 метраў брасам працягнула руку пераможцы-італьянцы, каб павіншаваць. А яна сама мяне абняла. Так, былі абмежаванні, нас не выклікалі на ўзнагароджанне, я не стаяла на п’едэстале. Вядома, гэта непрыемна, але я была гатова да такога сцэнарыя. Самае галоўнае, што я зноў адчула дух, атмасферу міжнародных стартаў, адчула спаборніцкі кураж. Увесь час, што мы былі адхіленыя, я працавала, нарошчвала вынік, таму што спартсмен не можа інакш. Але трэніравацца, не разумеючы, навошта, складана. Таму я была вельмі рада «бронзе» этапу Кубка свету і яшчэ больш рада таму, што мы зноў выступаем на міжнародных стартах.

— Ніводны старт не праходзіць без паведамленняў «Аліна Змушко ўстанавіла нацыянальны рэкорд». Ты калі-небудзь лічыла, колькі іх у цябе?

— Аднойчы спрабавала, але хутка закінула, таму ведаю толькі прыкладную колькасць, дакладную нават ведаць не хачу. Каму патрэбны гэтыя лічбы? У мяне стаіць рэкорд — добра, я ўстанаўліваю новы — яшчэ лепш, гэта значыць, я пераўзыходжу свой вынік. Вось гэта галоўнае, а не статыстыка. Рэкорд — выдатна, але мы ж глядзім на перспектыву. Таму я аналізую, куды мяне прывядзе гэты вынік, наколькі я канкурэнтаздольная з ім. Са сваім вынікам на 200 метрах брасам я была б другая ці трэцяя на нядаўнім чэмпіянаце Еўропы. Вось што важна — вынік, якога я магу дасягнуць, а рэкорд ці не — другарадна.

— Лічыцца, што плыўцом можа стаць любы, але брасістам трэба нарадзіцца. Чаму?

— Першыя гады ў басейне я плавала на спіне. Аднойчы праплыла на спаборніцтвах комплексам, трэнер толькі і сказаў: «ды яна ж брасістка, навошта яе „спінай“ мучаць». Пры гэтым брас я спецыяльна не трэніравала. Мне здаецца, я з нараджэння ўмею плаваць брасам. Мая мама калісьці плавала брасам і, хутчэй за ўсё, гены далі аб сабе ведаць. У мяне рухомыя гіперпластычныя суставы, у мяне рухомыя ступні, вада мяне вельмі добра трымае — усё гэта відавочна ад прыроды. Вядома, гэта не значыць, што я проста бяру і плыву. Сваю генетыку, прыродныя якасці я ўдасканаліла трэніроўкамі, адсюль і вынік. Якім бы ты ні быў адораным, на трэніроўках трэба ўкалваць. Мне ніколі проста так нічога не давалася. Вынік прыходзіць толькі да тых, хто працуе. Бывае, нешта не атрымліваецца, я тады плачу, псіхую, а потым супакоўваюся, абяцаю сабе ўсё выправіць. І іду працаваць. Як спартыўны псіхолаг па адукацыі я сапраўды ведаю, што эмоцыі трэба выпускаць. Няма нічога дрэннага ў тым, каб паплакаць, пакрычаць, выгаварыцца аб тым, што баліць.

— Чым цябе зацікавіла спартыўная псіхалогія?

— Мне трэба было папрацаваць над сваім псіхалагічным станам. І я вырашыла гэта зрабіць такім чынам: разабрацца са сваімі праблемамі і атрымаць адукацыю. На нашай спецыяльнасці няма завочнай формы навучання, таму я вучылася на дзённая і паралельна працавала ў НДІ. Усе тэсты, усе методыкі я паспрабавала на сабе. З-за сваёй эмацыянальнасці я часта ўпадаю ў крайнасці: то я максімальна ў сабе, то фантаную эмоцыямі. Трэба было шукаць баланс. 

І, дзякуючы навучанню, я яго знайшла. Аказалася, вельмі займальна капацца ў сабе і вывучаць свой унутраны свет. Ды і ў спорце псіхалагічная падрыхтоўка важная не менш за фізічную. Як мне казаў адзін трэнер: «У фінале ўсе восем спартсменаў гатовыя ваяваць за медаль, кожны прэтэндуе на п’едэстал. Але сярод роўных фізічна перамагае той, хто лепш гатовы псіхалагічна».

— Загадчык кафедры спартыўнай псіхалогіі Уладзімір Генадзевіч Сівіцкі ў адным інтэрв’ю сказаў, што найлепшы псіхолаг для спартсмена — яго трэнер. Ты з ім пагодзішся?

— З Уладзімірам Генадзевічам нельга не пагадзіцца, гэта быў выдатны выкладчык, які шмат мне даў. Я пагаджуся, што трэнер іграе вялікую ролю не толькі ў фізічнай, але і псіхалагічнай падрыхтоўцы спартсмена. Трэнер для спартсмена — гэта мама, тата, брат, сябар, урач, псіхолаг у адной асобе. Мой трэнер мяне выдатна разумее, счытвае мой стан і, зыходзячы з гэтага, выбудоўвае трэніроўку. Калі ў мяне нешта не атрымліваецца, мы абавязкова з трэнерам гэта абмяркоўваем, каб выправіць памылкі і больш іх не дапускаць. Для спартсмена вельмі важна, каб трэнер яго разумеў і працаваў з ім індывідуальна. Калі ў трэнера 10 чалавек у групе, ён фізічна не можа аддаць аднаму спартсмену столькі ўвагі, як пры індывідуальнай работы. Таму часам у плане псіхалагічнай падрыхтоўкі трэнеру патрэбна дапамога спецыялістаў.

— У спартсменаў часта пытаюцца аб тым, як ён рыхтуецца да старту, і вельмі рэдка аб тым, што ён адчувае пасля фінішу. Што ты адчуваеш пасля заплыву?

— Часцей за ўсё — стомленасць. Калі мы рыхтуемся да спаборніцтваў, усе сілы і эмоцыі ідуць на гэтую працу. На самі спаборніцтвы іх застаецца мінімум. І калі на спаборніцтвах і гэты мінімум выплюхваецца, надыходзіць спусташэнне. І гэта нармальна, гэта азначае, што ты выклаўся цалкам. Бывае, пасля старту такая стомленасць на плечы навальваецца, што нават не застаецца сіл радавацца медалю. У 2021 годзе на адкрытым чэмпіянаце Расіі я заваявала ліцэнзію на Алімпійскія гульні. Спаборніцтвы шэсць дзён запар, і ў апошні дзень на дыстанцыі 200 метраў я адбіраюся на Алімпіяду. Фінішавала, гляджу на вынік, а ў галаве толькі адна думка: «Я нарэшце гэта зрабіла». І стомленасць.

— І тут зноў вяртаемся да таго, наколькі важная псіхалагічная падрыхтоўка — пераадолеўшы такую стомленасць, зноў вярнуцца да фізічнай працы, мусіць, могуць толькі спартсмены…

— Мы праводзім у вадзе па чатыры гадзіны ў дзень. Я назіраю за аматарамі, якія плаваюць 40 хвілін, а потым хочуць спаць, есці, паляжаць. Вада забірае вельмі шмат сіл. 

А мы яшчэ, акрамя басейна, працуем у трэнажорнай зале. Я звычайна дзве гадзіны плаваю і потым яшчэ паўтары гадзіны ў трэнажорнай зале працую. Некалькі гадзін адпачыла, і ўвечары зноў на трэніроўку. Гучыць, вядома, страшнавата, але мы прывыкаем да такога рытму. Калі правільна спланаваць нагрузку, то не ўсё так жудасна. Але бываюць і форс-мажоры. Напрыклад, на падрыхтоўку да этапу Кубка свету ў мяне было прыкладна паўтара месяца. У сціслыя тэрміны трэба было хутка набраць форму, падрыхтоўка ішла ў рытме вальса. Мы з трэнерам разумелі, што часу мала, таму і зрабілі акцэнт на паўсотні і на стометроўцы, на 200 метраў я б не паспела падрыхтавацца. Я толькі выйшла з водпуску, а пасля адпачынку заўсёды цяжка ўваходзіць у працоўны рытм. Але, калі праз два тыдні старт, часу на разварушванне няма. Усё ў нашай галаве, таму я проста настроілася на працу і пачала працаваць.

— Ці былі ў тваёй кар’еры моманты, калі хацелася пакінуць прафесійны спорт?

— Вядома. У 2017 годзе быў вельмі цяжкі перыяд, калі вынік спыніўся, і трэба было кардынальна мяняць падрыхтоўку, каб ісці далей. У такія моманты арганізм кажа: «Я ўжо зрабіў максімум, больш не магу». Гэта своеасаблівая ахоўная рэакцыя. У мяне яна выявілася ў настроі. Я не магла глядзець на ваду, на басейн. У адзін дзень я проста прыйшла на трэніроўку і сказала: «Я не хачу плаваць». На шчасце, у мяне цудоўны трэнер, і замест таго, каб прымушаць мяне, Ігар Аляксеевіч проста сказаў: «Ідзі, займайся сваімі справамі. Жаданне вернецца — прыходзь». На наступны дзень я прыйшла ў спартыўны комплекс, але да басейна не дайшла. Праз два дні прыйшла ў бассейн, проста паплавала для сябе, без задання і вярнулася на вячэрнюю трэніроўку. Мне трэба было адпачыць ад плавання, каб упэўніцца, што я не змагу без яго. Я зразумела, што сёння перада мной адкрыта маса заняткаў, але мне нічога не трэба, акрамя плавання.

— Ты задаволеная цікавасцю гледачоў да плавання?

— Вядома, хочацца, кааб, як на футболе, усе трыбуны былі занятыя. Мне падаецца, людзі сталі больш цікавіцца плаваннем. З-за каранавіруса мы выступалі без гледачоў. А на этапе Кубка свету зноў убачылі запоўненыя трыбуны, пачулі іх падтрымку! Гэта ўзрушае. Адразу столькі сіл і эмоцый прыбаўляецца. Усё роўна, за каго хварэюць трыбуны. Важная гэтая атмасфера.

— Часта можна пачуць фразу «у яе плечы як у плыўчыхі». І не заўсёды гэта камплімент. Як ты ставішся да такіх выказванняў?

— У плыўчых цудоўная постаць. Я ў гэтым упэўнена, а як лічаць іншыя, мне не цікава. У мяне прыгожыя ногі, прыгожыя плечы. Так, яны крыху шырэйшыя, чым у іншых дзяўчат, але гэта не праблема. Мае плечы не перашкодзілі мне выбраць ідэальную вясельную сукенку, не перашкаджаюць выбіраць прыгожую вопратку. Таму пра такія стэрэатыпы я нават не думаю.

— Ты выйшла замуж, а некалькі гадоў таму ў інтэрв’ю казала, што спачатку Алімпіяда, а потым замужжа.

— Тады я думала, што замужжа перашкодзіць маёй кар’еры. Але, мусіць, тады я яшчэ не сустрэла свайго чалавека. Адно іншаму зусім не замінае. Наадварот, муж падтрымлівае і дапамагае. У алімпійскі год наўрад ці сталі б гуляць вяселле, усе намаганні былі б накіраваны на Алімпійскія гульні. Але мы пажаніліся ў 2023 годзе, усё правільна спланаваўшы. Распісаліся ў ЗАГСе і... я паехала на трэніроўку, з макіяжам, у прыгожай сукенцы паехала ў басейн. Трэнер скарыстаўся маёй эйфарыяй, і мы прадукцыйна папрацавалі. А вяселле згулялі падчас водпуску. Усе арганізавалі так, каб свята не перашкаджала трэніроўкам і працы, і я магла лёгка пераключыцца.

— У тым, што плаванне карыснае для здароўя, сёння ўжо ніхто не сумняваецца. Што ты як прафесіянал можаш сказаць людзям, якія ўвесь час адкладаюць паход у басейн?

— Плаванне — выдатны спосаб трэніраваць унутраную дысцыпліну. Бывае, вельмі не хочацца заходзіць у ваду, яна халодная, настрой не той. Але даводзіцца пераступаць праз сваё нежаданне і апускацца ў басейн. І настрой адразу ж мяняецца. Я ведаю, што людзі, якія ходзяць у басейн па раніцах, цудоўна сябе адчуваюць увесь дзень. Аматарскае плаванне дае бадзёрасць і зарад энергіі. І ў той жа час вада супакойвае. Асабіста для мяне павольнае плаванне падобна да медытацыі. Паплавала крыху, і думкі адразу праясняюцца. Такому халерыку, як я, гэта вельмі карысна.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з асабістага архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.

Сям'я і дэмаграфія

Надзея Ластоўская: Калі ты багацейшы, дапамажы іншаму

Надзея Ластоўская: Калі ты багацейшы, дапамажы іншаму

Якія прынцыпы закладвае ў выхаванне сваіх дзяцей лаўрэат рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года»?

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.