Вы тут

У Мінску за мінулы год адбылося 1855 сеансаў кіно


За мінулы год у кінатэатрах сталіцы адбылося 1855 сеансаў беларускага кіно, сярод якіх 786 сеансаў ігравых кінастужак, 609 сеансаў дакументальнага кіно і 460 сеансаў анімацыі. А па выніках пракату ўсіх карцін, якія паказвалі на вялікім экране ў Мінску, пяцёрку лідараў склалі «Чабурашка», «Аватар: шлях вады», «Опэнгеймер», «На другім беразе» і «Кот у ботах 2. Апошняе жаданне».


Фота: pexels.com

— Штогод сетка кінатэатраў Мінска дае пляцоўку для паказу беларускіх фільмаў. У 2023 годзе ў нас прайшлі прэм’еры такіх беларускіх карцін, як «Ліст чакання» народнага артыста Беларусі, рэжысёра Аляксандра Яфрэмава, якая распавядае пра ўрачоў-кардыёлагаў нашай краіны, іх працоўныя і сямейныя ўзаемаадносіны; поўнаметражны дэбют «Кіношнікі» рэжысёра Кірыла Халецкага, дзе галоўны герой таксама малады рэжысёр, які марыць рабіць аўтарскае кіно, а замест гэтага павінен працаваць у архівах кінастудыі; і галоўная нацыянальная прэм’ера мінулага года — фільм «На другім беразе» рэжысёра Андрэя Хрулёва, які расказвае пра цяжкія для нашай краіны падзеі перыяду польскай акупацыі, стужка займела вялікі поспех у гледача, — расказвае першы намеснік генеральнага дырэктара кінавідэапракату Мінгарвыканкама Вольга Дзюльдзя. — Многія беларускія фільмы былі прадэманстраваны ў рамках тэматычных мерапрыемстваў і праектаў, прысвечаных грамадска-патрыятычнаму выхаванню моладзі. Такія праекты, як «З любоўю ў сэрцы да Беларусі», кінаакцыі і кінаўрокі гісторыі «Мы беларусы, мірныя людзі», мерапрыемствы, прысвечаныя Году міру і стваральнай працы, праграмы ў рамках шостага школьнага дня «Кіно глядзім разам», дазволілі зрабіць акцэнт на беларускае кіно і паказаць такія фільмы нашай вытворчасці, як «Дзяўчынка шукае бацьку», «Іван Макаравіч», «Мама, я жывы», «Вам заданне», «Падрыў» і іншыя.

Яшчэ ў кінатэатрах адбыліся паказы фільма «200 крокаў пад зямлёй» — гэта дакументальная драма, прысвечаная аднаму з самых неверагодных эпізодаў супраціўлення жыхароў Беларусі нацысцкім акупантам, расказвае пра навагрудскіх яўрэяў, якія змаглі зладзіць уцёкі з гета і папоўніць рады партызан. Прэм’ера кінастужкі «Аляксандр Кішчанка. Касмічная Адысея» была прымеркавана да 16-годдзя студыі гістарычных фільмаў «Майстэрня Уладзіміра Бокуна». Магчымасць далучыцца да прагляду на вялікім экране кінастужак з самых розных куткоў свету даў летась ХХІХ Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад». Паказы конкурсных і пазаконкурсных фільмаў, творчыя сустрэчы адбываліся ў кінатэатрах «Дом кіно», «Піянер», «Цэнтральны» і «Беларусь». Карціны праграмы «Лістападзіка» дэманстраваліся ў «Піянеры».

Асобна спецыяліст спынілася таксама на тым, якія кінастужкі расійскай вытворчасці выклікаюць інтарэс у сталічнай публікі. «Акрамя фенаменальнага поспеху фільма „Чабурашка“, пра які на пачатку мінулага года шмат гаварылі ў СМІ, увагу гледачоў прыцягнула экранізацыя вядомай казкі „Па шчупаковай волі“ і сучаснай казкі „Баба Яга ратуе свет“. Не пакінуў абыякавымі аўдыторыю і фільм „Выклік“, які стаў першай кінастужкай, знятай у космасе. Цікавай для гледачоў была таксама кінастужка „Праведнік“, якая знаёміць з гісторыяй і подзвігам афіцэра Чырвонай Арміі Мікалая Кісялёва ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі беларускіх зямель. Усе пералічаныя фільмы дазваляюць сцвердзіць, што сучасны расійскі кінематограф, акрамя палепшанага тэхнічнага складніка, нясе ў сабе ідэі дабра, гуманізму, нагадвае пра ключавыя моманты нашай гісторыі, якія мы не павінны забываць», — адзначыла Вольга Анатольеўна.

А што датычыцца сітуацыі з кінапракатам на пачатак 2024 года, то першыя месцы па колькасці наведвальнікаў сталічнай кінасеткі займаюць таксама расійскія карціны «Халоп 2», «Брэменскія музыканты» і «Тры багатыры і Пуп зямлі». Але ўсё ж ім, па меркаванні Вольгі Дзюльдзі, не дагнаць па зборах «Чабурашку» з яго мінулагоднім поспехам у пракаце. Калі казаць пра фільмы, выхаду якіх шырокая аўдыторыя можа чакаць сёлета, то найперш кінапракатчыкі рыхтуюцца да рэалізацыі праектаў, прысвечаных 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і праектаў з нагоды 100-годдзя беларускага кіно. Вядома, сярод чаканых падзей і ХХХ ММК «Лістапад». З прэм’ер беларускай вытворчасці на 2024 год намечаны паказы фільмаў «Казбек», «Чорны замак Альшанскі», анімацыйнай кінастужкі «Песні Сірын». Расійскія кінавытворцы прадставяць у мінскіх кінатэатрах ваенную драму «Паветра», экранізацыю рамана Булгакава «Майстар і Маргарыта», экранізацыю казкі «Лятучы карабель», працяг франшызы «Лёд», а таксама экранізацыі аповесці Кіра Булычова «Сто гадоў таму наперад» і рамана ў вершах Аляксандра Пушкіна «Яўгеній Анегін», і ўжо бліжэй да канца года варта чакаць выхаду спін-офа папулярнай франшызы «Апошні багатыр. Фініст — першы багатыр» і прыгодніцкага фэнтэзі «Чараўнік Смарагдавага горада».

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Нікому не дагнаць «Чабурашку»!

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.