Вы тут

Падарожжа па творчасці замежных студэнтаў


Рэспубліканская выстаўка студэнцкіх творчых работ «У колеры падарожжа — уражанні і ўяўленні» дэманструецца ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» апошнія дні. Гэты праект праводзіцца ў рамках Рэспубліканскага фестывалю творчасці замежных студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі «F.—ART.bу» і культурна-асветніцкай акцыі «Грані творчасці». Арганізатары — міністэрствы адукацыі і культуры, Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, а таксама галерэя «Універсітэт культуры».


Го Вэньці «Яднанне культур».

Афіцыйна

Экспазіцыя «У колеры падарожжа — уражанні і ўяўленнi» была адкрыта яшчэ ў канцы 2023-га і прымеркавана да Года міру і стваральнай працы. Арганізатары падкрэсліваюць, што для ўдзелу было накіравана больш за 150 аўтарскіх работ замежных і беларускіх студэнтаў 14 устаноў вышэйшай адукацыі ў такіх відах выяўленчага мастацтва, як жывапіс, графіка, дэкаратыўна-прыкладная творчасць. Усе работы так ці інакш адлюстроўвалі ўражанні аўтараў аб прыродзе, культуры, нацыянальных традыцыях Беларусі. Ухіл — на архітэктуру і памятныя мясціны, паэзію і музыку... Так, толькі найлепшыя работы сфарміравалі адмысловую экспазіцыю.

Мэты і задачы рэспубліканскай выстаўкі высакародныя: удасканаленне работы ўстаноў вышэйшай адукацыі па полікультурнай адукацыі, інтэнсіфікацыя крос-культурнага ўзаемадзеяння і арганізацыя камунікацыі замежных і беларускіх студэнтаў, укараненне інавацыйных і эфектыўных форм арганізацыі міжнацыянальных зносін, падтрымка сацыякультурных ініцыятыў, стварэнне аптымальных умоў для рэалізацыі творчага патэнцыялу моладзі. Гэтая і падобныя ініцыятывы робяць свой унёсак у справу паразумення, сяброўства і супрацоўніцтва маладых мастакоў розных краін. Ды і арганізатары ўпэўнены: культура, мастацтва, творчасць здольны аб’яднаць.

Фрагмент экспазіцыі.

— Праз культуру сапраўды прыходзіць узаемаразуменне. І з дапамогай такога супрацоўніцтва мы можам праводзіць дыялог міру і стварэння сярод нашай моладзі. Гэта вельмі добра. 30 лістапада прайшла выдатная гала-праграма замежных студэнтаў, якія прадстаўлялі сваю творчасць на сцэне, а сёння мы сталі сведкамі свята візуальнага мастацтва. Тут выяўлены ўяўленні, пачуцці і перажыванні беларускіх і замежных студэнтаў. Усе яны з’яўляюцца патрыётамі сваіх краін, а таксама патрыётамі Беларусі, дзе вучацца. Тут мы насамрэч адчуваем: нас аб’ядноўвае агульная планета і задачы па захаванні міру і ўзаемаразумення для таго, каб усім людзям на гэтай планеце жылося добра і цікава, — выказалася падчас адкрыцця выстаўкі дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея Васільчанка.

Выказваючы падзяку ўдзельнікам і арганізатарам, яна асобна адзначыла намаганні вышэйшых навучальных устаноў Мінска і Універсітэта культуры, які прапанаваў пляцоўку для экспазіцыі і прыняў удзел у праекце.

— Работы студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў аб’ядноўваюць творы навучэнцаў іншых устаноў, дэманструючы адзіны сэнс выстаўкі — дружбу розных краін. Гэта выдатна, што столькі студэнтаў захоплены творчасцю, — рэзюмавала Надзея Васільчанка.

Вядома, што сёлета экспазіцыю плануюць паказаць на розных выставачных пляцоўках краіны. Так, навучэнцы з розных ВНУ змогуць пазнаёміцца з творчасцю іншых студэнтаў, паразважаць пра іх навыкі і ўменні,
а таксама ацаніць сябе ды іншых.

Ван Сін «Лес-экзістэнцыя».

У сумненнях

Ёсць гіпотэза, што дзяцей лепей адчуваюць іншыя дзеці, маладых дакладней разумеюць маладыя, ну і далей па спісе... Ці тычыцца гэта ацэнкі мастацкай работы, творчых памкненняў яе аўтара? У пэўнай ступені так, і гісторыя мастацтва, напрыклад, мінулага стагоддзя ведае безліч прыкладаў, калі непрынятыя суровымі крытыкамі і строгімі мастацтвазнаўцамі старэйшага пакалення, прыхільнікамі традыцый маладыя жывапісцы ці скульптары мянялі ход па-дзей, уплывалі на думкі людзей розных пакаленняў. То-бок, сучаснасць прымала іх, і гэта ўплывала на прамежкавы вынік — на ўвагу, папулярнасць, поспех. А далей ужо толькі час мог рассудзіць.

Сюй Шу «Нацюрморт з ягадамі».

Гэтыя развагі для таго, каб нагадаць аб цярпімасці і паблажлівасці да тых, хто толькі адкрывае ў сабе мастака. Ад знаўцаў, настаўнікаў і такіх жа пачаткоўцаў ім неабходны хаця б крупінкі зацікаўленасці, добрае слова. І якраз тут не дзіва апынуцца на раздарожжы. Падтрымаць аўтара слабай работы або зрабіць заўвагу, даць падказку, што можа выклікаць нечаканую рэакцыю і нежаданне маладога мастака працягваць працаваць над сабой... Звярнуць увагу на кідкае, яркае, нетыповае і з-за гэтай акалічнасці прайсці міма чагосьці насамрэч вартага ўвагі, не падштурхнуць таленавітага аўтара да адкрыццяў... Сумненні, праз якія праходзяць многія, вядуць да розных высноў.

Бай Ваньсэнь «Казка».

Не абысціся без іх і падчас знаёмства з выстаўкай «У колеры падарожжа — уражанні і ўяўленнi». Сумненні ў тым, ці на правільным шляху той ці іншы мастак, ці адпавядаюць многія задумы вынікам, ці дастаткова свабоды даецца студэнтам у іх творчых пошуках. Натуральна, ёсць і даволі пасрэдныя работы, і займальныя экспанаты. Меней разнастайным паўстае жывапіс, болей цікавымі здаюцца творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, графікі, а таксама фатаграфія. На канкрэтных кампазіцыях і аўтарах гэтым разам засяроджвацца не хацелася б, аднак ёсць намер вылучыць некаторых выкладчыкаў, пад кіраўніцтвам якіх працуюць студэнты з Беларусі і замежжа, — Тамару Васюк, Наталлю Лінькову, Наталлю Бедзюх, Наталлю Зубрыцкую. Іх намаганні недарэмныя.

Юлія Жукавец, Эджэгыз Атаева «Вуліца Горкага, г. Мазыр».«Вуліца Горк

Ва ўсякім разе каштоўна паназіраць за тым, якой замежная моладзь бачыць нашу краіну, што цікавіць і хвалюе пачаткоўцаў, на што, між іншым, скіроўваюць сёння іх увагу (куды ж без гэтага). Хочацца пажадаць аўтарам толькі ўсяго новага — ведаў, адкрыццяў і, вядома, падарожжаў. Беларусь у сваёй прыгажосці і загадкавасці гатовая адкрываць таямніцы.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.