Вы тут

Даніна памяці — выстаўка, прысвечаная Гаўрыілу Вашчанка


Ці шмат у айчынным выяўленчым мастацтве асоб, чыю творчасць надзвычай высока ацанілі пры жыцці аўтара і працягваюць папулярызаваць пасля яго сыходу з жыцця? Можа быць, нехта і захоча падлічыць і вызначыць іх колькасць... Так ці інакш, у гэты пералік абавязкова ўвойдзе Гаўрыіл Вашчанка, народны мастак БССР, заслужаны дзеяч мастацтваў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі.


«Надзеі», 1992 г.

Чарговае прысвячэнне майстру, даніна памяці — выстаўка ў Нацыянальным мастацкім музеі пад назвай «Палескі волат». У прысвечаным 95-годдзю з дня яго нараджэння праекце можна ўбачыць каля 60 работ розных перыядаў. Усе яны — з калекцыі НММ і сям’і народнага мастака. Між іншым, у 2023 годзе адбылося некалькі прымеркаваных да даты выставак: у Палацы мастацтва размясцілі экспазіцыю «Дынастыя» з мноствам палотнаў Гаўрыіла Вашчанкі, а таксама твораў яго сына Канстанціна і ўнучкі Ангеліны. У філіяле Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка — Мастацкай галерэі Полацка дзейнічаў праект «КРЫЛЫ»: у яго ўвайшлі жывапісныя і графічныя работы мастака з калекцыі яго сям’і. Не абышлося без святочнай выстаўкі ў Гомелі — у Карціннай галерэі, якая носіць імя творцы, у яго дзень нараджэння адкрылі маштабную экспазіцыю.

І вось завяршаецца святкаванне рэтраспектыўнай выстаўкай «Палескі волат» . Яе куратары Святлана Кот, загадчык аддзела беларускага мастацтва ХХ—ХХI стст., і Наталля Сяліцкая, вядучы навуковы супрацоўнік гэтага аддзела, імкнуліся пазбегнуць адназначнасці і прамалінейнасці ў прачытанні творчасці народнага мастака. Задума, здаецца, удалася — карцін на выбар было дастаткова, ды і шматграннасць спадчыны Гаўрыіла Вашчанкі дазваляе ствараць неаднастайныя экспазіцыі. Акцэнт, між іншым, куратары зрабілі на жывапісных творах з фондаў музея.

Трыпціх «Капішча», «Сведкі», «Барысаў камень», 1993 г.

Лейтматывам выстаўкі, відавочна, з’яўляецца Палессе — як увасабленне паняцця малой радзімы, як магутны гімн чалавеку і прыродзе, над якім многія гады працаваў Гаўрыіл Вашчанка. Тут як эпічныя («Прастора», 1978; «Мір зямлі маёй», 1982; «Ave, Айчына!», 2008), так і лірычныя пейзажы («Каля сажалкі», 1957; «Раніцай», 1963; «Летні вечар», 1982; «Вартавы пушчы», 1977). У некаторых з апошніх амаль знікае імкненне мастака да манументальнасці, маштабнасці, аднак чароўнасці яны, вядома, не пазбаўлены.

«Няміга», 1967 г.

Між тым куратары імкнуліся падкрэсліць думку пра тое, што Гаўрыіл Вашчанка быў волатам у выяўленчым мастацтве. Гаворка ўсё пра той жа маштаб у творчасці, глыбіню і шырыню думкі мастака пра розныя эпохі ў жыцці краіны, уважлівае стаўленне да трагедый Вялікай Айчыннай вайны і Чарнобыля. Не меней каштоўныя для даследчыкаў вынікі яго роздумаў пра міфы і гісторыю хрысціянства. Здаецца, у творчасці майстра не ўздымаюцца ніякія пытанні... Мастак быццам ведаў і быў перакананы ў тым, што такое дабро, а што — зло, дзе святло, а дзе цемра, як адчуваецца радасць і як боль, у чым праўда, а ў чым мана... І верай ва ўсё найлепшае ён напоўніў сваё мастацтва, да якога няспынна звярталіся і працягваюць звяртацца новыя пакаленні. Што яны шукаюць у палескіх краявідах? Пра што ім гавораць вобразы шматлікіх удзячных роднай зямлі працаўнікоў? Што чуецца ў клёкаце буслоў, якія запаланілі палотны мастака? І як пачуваюцца ў бурштынава-бурым сусвеце Гаўрыіла Вашчанкі? Напэўна, у кожнага свой адказ — у залежнасці ад таго, дзе нарадзіўся і ў якіх кутках свету пабываў, аб чым марыць і якія пачуцці напаўняюць душу кожны дзень. Шмат што вызначае і стаўленне кожнага да беларускага выяўленчага мастацтва, яго погляд на мінулае і сённяшняе...

«Маці», 1983 г.

Выстаўка «Палескі волат» у Нацыянальным мастацкім музеі будзе працаваць да 4 лютага.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Ірына Старавойтава: За гады суверэнітэту ў Беларусі сфарміравалася свая школа стварэння падручнікаў

Ірына Старавойтава: За гады суверэнітэту ў Беларусі сфарміравалася свая школа стварэння падручнікаў

«Для таго, каб стаць падручнікам, матэрыялы, падрыхтаваныя аўтарамі, праходзяць шмат этапаў экспертызы, абмеркаванняў на дыялогавых пляцоўках з педагогамі, узгадненняў, апрабацыю ва ўстановах адукацыі». 

Рэгіёны

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў

Вобласць падрыхтавала ладны пакет прапаноў удзельнікам форуму.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.