Вы тут

Гандаль падводзіць папярэднія вынікі работы ў навагодні і калядны перыяд


Завяршыўся адзін з самых важных і адказных для ўсіх аб’ектаў гандлю час —навагодніх і калядных пакупак. Штогод стартуе ён у пачатку снежня і доўжыцца практычна да сярэдзіны студзеня. Канчатковыя вынікі падводзіць пакуль рана — статыстычныя даныя яшчэ фарміруюцца. Але ўжо сёння спецыялісты расказалі, на што, напрыклад, перад зімовымі святамі выдаткоўвалі грошы мінчане і госці сталіцы.

Быць стрыманым і эканомным у зімовыя святы — не ў нашай традыцыі: менавіта ў гэтыя дні людзі гатовыя выдаткаваць асабістыя фінансы на падарункі і «атрыбуты свята», святочныя мерапрыемствы, накрыць годны стол. Нават калі фінансаў гэтых аб’ектыўна няшмат, пакупнік хоча даставіць радасць сабе і сваім блізкім. І важна, каб такую магчымасць яму своечасова далі і аб’екты гандлю, і ўстановы грамадскага харчавання.


Навагодні настрой — рухавік продажаў

— Штогод напярэдадні святкавання Новага года і Раства Хрыстова сталічны гандаль ажыццяўляе падрыхтоўку па забеспячэнні павышанага пакупніцкага попыту па ўсіх групах харчовых і нехарчовых тавараў, а таксама па аказанні паслуг грамадскага харчавання, — адзначыла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Ірына Маслакова. — Суб’ектамі гандлю праведзены падрыхтоўчыя мерапрыемствы, актывізавана работа з прадпрыемствамі-вытворцамі краіны і пастаўшчыкамі па фарміраванні неабходнай колькасці таварных запасаў, шырокага асартыменту падарункаў, сувеніраў, тавараў з каляднай і навагодняй тэматыкай. Як вынік, у перадсвяточныя і святочныя дні быў арганізаваны бесперабойны гандаль усімі групамі тавараў, у тым ліку павышанага попыту. Гэта, у прыватнасці, такія прадукты, як кандытарскія вырабы, рыба, морапрадукты, шампанскае і ігрыстыя віны, каўбасныя вырабы і многае іншае. Таксама ў шырокім асартыменце былі прадстаўлены падарункавыя наборы з цукерак ад айчынных вытворцаў у розных пакаваннях (мяккія цацкі, тубы, гульнявыя наборы і г. д.).

Навагодні настрой — адзін з важных складнікаў пакупніцкай актыўнасці ў святы, і сталічны гандаль паклапаціўся пра гэта.

— Суб’ектамі гандлю і грамадскага харчавання былі рэалізаваны праекты па тэматычным афармленні гандлёвых залаў, прылеглых тэрыторый і фасадаў, — звярнула ўвагу Ірына Маслакова.

І, вядома, у буйных універмагах Мінска, іншых аб’ектаў гандлю была арганізавана работа спецыялізаваных навагодніх аддзелаў.

— У прыватнасці, пакупнікам было прапанавана больш за 2 тысячы найменняў ёлачных упрыгожванняў і сувеніраў, а таксама сфарміраваных падарункаў, — дадала прадстаўнік галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама. Дакладныя звесткі статыстыкі — лічбы, якія характарызуюць вынікі навагодняга і каляднага гандлю, будуць сфарміраваны крыху пазней, сказала Ірына Маслакова. Але ўжо сёння можна казаць аб тым, што тавараабарот арганізацый гандлю і грамадскага харчавання ў снежні і пачатку студзеня чакана вырас, а таксама павялічыўся таварны чэк на аднаго пакупніка.

Забеспячэнне стабільнасці на спажывецкім рынку ў святочныя дні — адна з найважнейшых задач, якая стаяла перад кіраўніцтвам сферы гандлю напярэдадні Новага года і Калядаў. У снежні спецыялісты ўзмацнілі кантроль за забеспячэннем рознічнага гандлю таварамі навагодняга асартыменту, цэнамі на тавары павышанага спажывецкага попыту. Маніторынгі наяўнасці тавараў у розных арганізацыях гандлю, у тым ліку святочнага асартыменту, праводзіліся пастаянна.

— Упраўленне гандлю Мінгарвыканкама актыўна абследавала крамы з мэтай арганізацыі бесперабойнага гандлю і даступнасці тавараў для спажыўца, і падчас гэтых праверак мы бачылі, што павышаны попыт на тавары існуе, а сярэдні чэк, мяркуецца, павялічыўся, — адзначыла Ірына Маслакова.

Ёлкі, кірмашы і квэст

Ёлачныя кірмашы — неад’емная частка зімовых свят. Іх прайшло ў сталіцы 67. Акрамя таго, навагоднія ёлкі (хвоі, піхты), штучныя і «жывыя», былі прадстаўлены на святочных кірмашах, у розных гандлёвых аб’ектах і на прылеглых да іх тэрыторыях. Цэнавы дыяпазон стартаваў ад 20 рублёў, дадала спецыяліст. У цэлым, кошт залежаў ад вышыні і пышнасці, іншых характарыстык дрэва. Дарэчы, можна адзначыць, што сёлета дастаткова вялікая колькасць нашых суграмадзян аддалі перавагу жывым ёлкам перад штучнымі, хоць усе папярэднія гады выбар спажывец рабіў адназначна на карысць «пластыку». Таксама пакупнікам у гэтым годзе актыўна прапаноўваліся ёлкі, хвоі і піхты ў кадках — самы «экалагічны» варыянт.

Навагоднія кірмашы ў сталіцы праходзілі ў кожным адміністрацыйным раёне. Яшчэ перад Новым годам спецыялісты МАРГ адзначалі: штогод плануецца адна колькасць святочных кірмашоў, але па выніках навагодняга сезона такіх мерапрыемстваў заўсёды аказваецца больш. У любым выпадку недахопу ў навагодніх кірмашах у сталіцы не адчувалася. Найбуйнейшы, па традыцыі, разгарнуўся на пляцоўцы каля Палаца спорту: у ім прынялі ўдзел звыш 50 суб’ектаў, у тым ліку рамеснікі. Кірмаш і сёння працягвае сваю работу і будзе адкрыты да 14 студзеня. Заўважым, што, хоць навагодні і калядны сезон можна лічыць «закрытым», у шэрагу гандлёвых аб’ектаў усё яшчэ дзейнічаюць святочныя скідкі, так што пакупнік можа паспець «ускочыць у апошні вагон». Калі вы забыліся ці не паспелі зрабіць камусьці падарунак або парадаваць сябе і блізкіх — самы час. І яшчэ адна заўвага: эканомныя купляюць ёлачныя цацкі і гірлянды... пасля Новага года, ужо для наступнага. І гэта разумна: пакупніцкі ажыятаж сціхнуў, цэны на гэты «сезонны тавар» ужо практычна ўдвая ніжэйшыя, а час хуткаплынны. І наступнай зімой вы пахваліце сябе за прадбачлівасць.

Новаўвядзеннем гэтага навагодняга і каляднага перыяду стала прэзентацыя «тэхнаёлак», расказала прадстаўнік галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама. Кожны дзень пачынаючы з сярэдзіны снежня на пляцоўцы каля Палаца спорту раёны сталіцы прэзентавалі сваё ўнікальнае бачанне галоўнага сімвала Новага года (фотарэпартаж з аглядам усіх ёлак-удзельніц нашы чытачы бачылі ў першым нумары гэтага года і на сайце zvіazda.by. 

Акрамя таго, другі год запар у сталіцы праходзіў навагодні квэст. У гэтым годзе ён называўся «Разам з Мінскам у 2024 год». Па яго умовах, трэба было наведаць мінімум 10 гарадскіх пляцовак, уключаных у інтэрактыўную карту, і атрымаць падарунак. Стартаваў квэст 23 снежня, інтэрактыўную карту яго ўдзельнікі шукалі на сайце Мінгарвыканкама, а фінальнай лакацыяй для атрымання заслужанага падарунка па выніках праходжання квэсту стаў кірмаш каля Палаца спорту.

— Падарункі ўдзельнікі змогуць атрымаць да 14 студзеня, — рэзюмавала спецыяліст.

Гэтыя і іншыя спадарожныя мерапрыемствы (канцэрты і выступленні артыстаў, вогненнае шоу і г. д.) дазволілі павялічыць прыток наведвальнікаў. У цэлым, наведванне навагодніх кірмашоў у параўнанні з папярэднімі гадамі ў сталіцы было актыўным, расказала Ірына Маслакова.

Вялікай цікавасцю ў мінчан і гасцей горада ў гэтыя святочныя дні карыстаўся навагодні кірмаш каля Вялікага тэатра (гэта відаць па сацсетках, адзначыла Ірына Маслакова). Кірмаш каля Опернага стаў навінай сёлетняга святочнага сезона. Гэтая лакацыя, дарэчы, была ўключана ў квэст.

— Арганізатарам пляцоўкі выступаў суб’ект гаспадарання самастойна. Мы адкрыты да дыялогу, і калі на будучы Новы год з’явяцца прапановы па новых цікавых пляцоўках для кірмашоў і яны не будуць ствараць нязручнасць жыхарам і рабоце камунальных службаў, мы з задавальненнем падтрымаем іх правядзенне, — адзначыла спецыяліст.

Што куплялі?

І, зразумела, цікава, якія тавары былі найбольш запатрабаваны ў навагоднія і калядныя святы. Зразумела, гэта натуральныя і штучныя ёлкі, ёлачныя цацкі і ўпрыгожанні. У пакупальніцкім прыярытэце былі таксама навагоднія сувеніры (у першую чаргу — фігуркі сімвала года).

— Што да харчовай сферы, акрамя тавараў штодзённага попыту, якія таксама былі прадстаўлены ў Новы год на святочных сталах, павышаны попыт адзначаўся адносна кандытарскіх вырабаў, — расказала спецыяліст. — І ў першую чаргу гэта цукеркі ад айчынных вытворцаў.

Кандытарскія вырабы — важная частка навагодняга настрою: у зімовыя святы прынята забываць не толькі аб эканоміі, але і аб дыеце, і гэта, мабыць, правільна, бо час ад часу нават самым сур’ёзным і адказным дарослым не перашкодзіць расслабіцца і адпачыць. Дык вось, сёлета прадпрыемствы «Белдзяржхарчпрама» вырабілі больш за 2 мільёны навагодніх падарункаў, і ўсё гэта багацце было пастаўлена ў гандлёвую сетку краіны. На паліцах гандлёвых аб’ектаў пакупнікам было прадстаўлена каля 70 найменняў салодкіх навагодніх падарункаў памерам ад 300 г да 2 кг і коштам ад 8 да 80 рублёў.

Таксама практычна ў кожным прадуктовым спісе тых, хто закупляўся да Новага года і Калядаў, былі шампанскае або ігрістыя віны. Акрамя таго, да тавараў павышанага пакупніцкага попыту напярэдадні зімовых свят можна аднесці сёлета так званыя прэміяльныя прадукты, адзначыла прадстаўнік галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама. Гэта сыры, каўбасныя вырабы, морапрадукты больш высокага цэнавага дыяпазону.

У цэлым прадстаўнікі гандлю з радасцю канстатуюць: на фоне чаканага павелічэння ў навагодні перыяд таваразвароту можна зрабіць выснову, што пакупнік стаў давяраць айчынным таварам: і харчовыя, і нехарчовыя былі запатрабаваныя. Як вядома, агульнапрызнанай з’яўляецца якасць беларускіх тавараў. І тое, што за іх наш спажывец «галасуе рублём», сімвалічна ў сувязі з тым, што 2024 год аб’яўлены ў нашай краін Годам якасці.

Дастойным завяршэннем года не толькі для мінчан, але і для ўсіх беларускіх пакупнікоў і гасцей краіны стала адкрыццё ў Мінску маштабнай «вітрыны тавараў айчынных вытворцаў». І гэта «Першы нацыянальны гандлёвы дом», які прадставіў найлепшую беларускую прадукцыю з усіх рэгіёнаў нашай краіны, адзначыла спецыяліст. 133 фірменныя крамы, кафэ і рэстараны, бытавыя аб’екты размешчаны на трох паверхах па адрасе праспект Незалежнасці, 134. «Першы» адкрыўся 29 снежня, і калі вы яшчэ не паспелі там пабываць у мінулым годзе, то яго наведванне — выдатны спосаб узняць сабе настрой ужо у годзе новым.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.