Вы тут

Што адбываецца ў Літве?


Больш за палову жыхароў Літвы лічаць, што 2024 год будзе складаным у фінансавым плане з-за росту цэнаў і інфляцыі. Гэта вынікае з апытання кампаніі па даследаванні грамадскай думкі Spіnter tyrіmaі, якое праведзена па замове банка Medіcіnos Bankas. Адзначаецца, што адпаведнай пазіцыі прытрымліваюцца 52 працэнты рэспандэнтаў. Так, найчасцей пра гэта думаюць жыхары раённых цэнтраў і сельскай мясцовасці, а таксама фермеры і сем’і з нізкім узроўнем даходу. Дырэктар бізнес-службы Medіcіnos bankas Юлюс Івашка адзначыў, што песімістычныя настроі насельніцтва наконт надышоўшага года могуць быць абумоўлены не толькі прагнозамі эканамістаў, але і тым, што ўладам не ўдалося пазбегнуць скачка інфляцыі і павышэння цэнаў на розныя тавары. Даведзеныя да адчаю людзі проста не чакаюць пазітыўнай перспектывы. Што ж адбываецца ў Літве?


Бескарысны «апендыкс»

Эканоміка Літвы перажывае ўсёабдымны заняпад: скарачаюцца аб’ёмы транзіту, прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці, насельніцтва зацягвае паясы, затое вялізныя сумы трацяцца на ўзброеныя сілы. Такая аказалася плата за неадпаведныя геапалітычныя амбіцыі — Літва ператвараецца ў бескарысны «апендыкс» ЕС і НАТА, адзначае іz.ru.

Жыхары Літвы вымушаны эканоміць і скарачаць спажыванне. Многія мясцовыя кампаніі звальняюць супрацоўнікаў, прыпыняюць работу і фіксуюць спад вытворчасці. Валавы ўнутраны прадукт краіны за тры кварталы мінулага года склаў 53,4 мільярды ў сапраўдных цэнах. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года змяненне рэальнага ВУП аказалася адмоўным і склала мінус 0,5 працэнта. У літоўскім Дзяржаўным агенцтве даных тлумачаць гэты спад дрэннымі вынікамі дзейнасці прамысловых прадпрыемстваў і фірмаў аптовага і рознічнага гандлю, а таксама кампаній, звязаных з аперацыямі з нерухомасцю. Агульны аб’ём прамысловай вытворчасці ў Літве са студзеня па кастрычнік знізіўся ў параўнанні з аналагічным леташнім перыядам на 5,5 працэнта і склаў ¤29,3 мільярда. Скарачэнні назіраюцца ў шэрагу стратэгічных сектараў, сярод якіх — вытворчасць рафінаваных нафтапрадуктаў, металаў, камп’ютарнай, электроннай і аптычнай прадукцыі, электрычнага абсталявання, тэкстыльных вырабаў, хімікатаў і хімічнай прадукцыі.

Паказальным у гэтым плане стаў лёс вялізнага літоўскага завода фосфарных і азотных угнаенняў Lіfosa, які даваў работу амаль тысячы жыхароў краіны. Яго дзейнасць была абмежавана з-за санкцый Еўрасаюза, накладзеных на Андрэя Мельнічэнку — члена савета дырэктараў кампаніі «Еўрахім», якой належыць гэтае прадпрыемства. Узніклі цяжкасці з пастаўкамі аміяку, і завод спыніўся. У ліпені мінулага года рабочыя завода правялі мітынг у Вільні — яны выйшлі з плакатамі «Мы кормім зямлю, зямля корміць сем’і», «900 сем’яў без даходаў», «Мы хочам тут працаваць, мы не жадаем з’яжджаць». Уладальнікі прадпрыемства адчайна спрабавалі аднавіць вытворчасць, але, у рэшце рэшт, пастанавілі закансерваваць завод «да лепшых часоў».

Прыбытак скараціўся ў 20 разоў

Транспартны сектар балтыйскай рэспублікі таксама перажывае крызіс — зноў жа з-за палітычнага канфлікту Літвы з Беларуссю, працяглых антырасійскіх санкцый і закрыцця ўсходніх рынкаў. У мінулым годзе грузаперавозкі Літоўскіх чыгунак упалі амаль на 40 працэнтаў, а чысты прыбытак скараціўся ў 20 разоў. А ўжо ў снежні 2023-га паступілі даныя аб тым, што летась за 11 месяцаў праз порт у Клайпедзе (галоўныя марскія вароты Літвы) перавалена 30,1 мільёна тон грузаў, што на 10 працэнтаў менш, чым за аналагічны перыяд 2022-га, калі было адгружана 33,3 млн тон. Так, са студзеня да лістапада праз Клайпеду перавалена 7,1 мільёна тон наліўных грузаў, што на 3 працэнты менш, чым за той жа перыяд 2022-га. Найбольшы ўплыў на паказчыкі ў гэтай групе перавозак аказала падзенне пагрузкі нафтапрадуктаў і вадкіх угнаенняў.

У сваю чаргу, перавозка навалачных грузаў (сельскагаспадарчая прадукцыя, карысныя выкапні, будаўнічыя матэрыялы і г. д.) у студзені—лістападзе 2023 года знізілася ў параўнанні з гэтым жа перыядам 2022-га на 10 працэнтаў — да 8,5 мільёна тон. Найбольшы спад прыкметны ў сегменце сыпкіх угнаенняў. Перавалка генеральных грузаў (кантэйнеры, драўніна, вырабы з жалеза і сталі, металаканструкцыі, замарожаныя грузы) летась за 11 месяцаў знізілася ў параўнанні з мінулым годам на 13 працэнтаў — да 14,6 мільёна тон. У гэтым сегменце найбольшы ўплыў аказала падзенне пагрузкі вырабаў з жалеза і сталі, металаканструкцый. Са студзеня па лістапад у порце было перавалена 867,7 тыс. тон грузаў у кантэйнерах (TEU), што таксама менш, чым у мінулым годзе.

Падкрэсліваецца, што захоўваецца тэндэнцыя росту колькасці пустых кантэйнераў, якія перавозяцца суднамі, і зніжэння колькасці поўных. У мінулым годзе ў Клайпеду са студзеня па лістапад зайшлі 4,9 тысячы караблёў, што менш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 4 працэнта.

На паказчыкі работы Клайпедскага порта адчувальна паўплывала страта грузаў найбуйнейшага ў Прыбалтыцы вытворцы азотных угнаенняў Achema і прадпрыемства Lіfosa, якім прыйшлося прыпыніць дзейнасць з-за рэзкага росту цэн на энергію і сыравіну. Прэзідэнт літоўскай Асацыяцыі марскіх грузавых кампаній Вайдотас Шылейка кажа, што грузаперавозкі ў Клайпедзе ў 2023 годзе дасягнулі «дна». Ён раней выказаў надзею, што порт у мінулым годзе зможа пераваліць хаця б 33,1 млн тон грузу. Спадзяванні эксперта аказаліся марнымі. Іншыя прадпрымальнікі выказваюцца больш жорстка. Галоўны акцыянер клайпедскай кампаніі «Тэрмінал насыпных грузаў» Ігар Удавіцкі ў роспачы падкрэслівае, што разрыў Літвой дагавора аб чыгуначным транзіце ўгнаенняў з Беларусі праз Клайпеду з’яўляецца парушэннем міжнароднага права, а таксама законаў краіны Прыбалтыкі. «Літва не мела законнага права забараняць транзіт „Беларуськалію“, скасоўваць дамову транспарціроўкі, якая з’яўляецца самастойным аб’ектам інвестыцый, спыняць доступ да тэрмінала», — заявіў Удавіцкі. Ён нагадаў, што ў выніку аднабаковага скасавання дагавораў прыбалтыйская рэспубліка страціла сотні мільёнаў еўра і тысячы працоўных месцаў з-за перакрыцця транзіту калійных угнаенняў.

У трэцім квартале мінулага года ў Літву і з яе было перавезена чыгуначным транспартам 1,3 мільёна тон грузаў, што амаль на чвэрць (на 23,3 працэнта) менш, чым за аналагічны перыяд 2022-га. Асабліва пацярпеў беларускі вектар літоўскіх грузаперавозак. «У выніку ўведзеных абмежаванняў аб’ёмы грузаў, увезеных і вывезеных з Беларусі чыгуначным транспартам, знізіліся на 56,5 працэнта», — паведаміла Дзяржагенцтва даных. Спрабуючы вырашыць свае фінансавыя праблемы, кампанія LTG Cargo, якая ўваходзіць у групу Літоўскіх чыгунак, аб’явіла, што істотна павышае цэны на свае паслугі па грузаперавозках. Як растлумачылі ў адміністрацыі кампаніі, на такі крок ім прыйшлося пайсці з-за росту затрат, інфляцыі і памяншэння аб’ёмаў прыбытку. Так, грузавыя перавозкі паміж Літвой, Расіяй і Беларуссю сёлета падаражэюць на 46–62 працэнты, кантэйнерныя перавозкі ў краіны ЕС — да 13 працэнтаў, перавозкі па мясцовых маршрутах — на 5–10 працэнтаў.

Вогнішчы па ўсёй краіне

Незадаволеныя і літоўскія аграрыі. Савет сельскай гаспадаркі Літвы, які аб’ядноўвае большасць фермераў дзяржавы, днямі распачаў маштабныя акцыі пратэсту, у рамках якіх незадаволеныя сяляне распальваюць вогнішчы па ўсёй краіне. Таксама яны ладзяць пратэсны марш па Вільнюсе на трактарах. Мэта акцыі — дабіцца адстаўкі міністра сельскай гаспадаркі Кястуціса Навіцкаса. «Крызіс у сельскай гаспадарцы працягваецца каля трох гадоў, і ўжо была арганізавана не адна акцыя пратэсту фермераў. Мы лічым, што цяпер дасягнуты крытычны пункт, калі перад сельскай гаспадаркай Літвы паўстала экзістэнцыйнае пытанне», — адзначыў кіраўнік савета Ігнас Хофманас.

Сёлета літоўскія фермеры ўжо неаднаразова выказвалі сваё негатыўнае стаўленне да дзейнасці міністэрства сельскай гаспадаркі і патрабавалі адхілення яго цяперашняга кіраўніка. Яго абвінавачваюць, у прыватнасці, у няўменні дапамагчы малочным гаспадаркам, якія сутыкнуліся са значнымі фінансавымі цяжкасцямі з-за падзення закупачных цэн на малако — з 0,47 да 0,27 еўра за літр (пры сабекошце ў 0,35 еўра). «Малочная жывёлагадоўля скарачаецца, існуе велізарны крызіс. Многія фермеры не нарыхтавалі корм на зіму. Каля трох тысяч чалавек увогуле перасталі займацца фермерствам, колькасць кароў скарацілася на 7,6 тысячы. Фермеры недаатрымалі звыш 120 мільёнаў еўра даходаў», — скардзіцца старшыня Літоўскай асацыяцыі малочных фермераў Ёнас Віленіс.

У Літве захоўваецца напружаная сітуацыя таксама і з аплатай працы настаўнікаў і медыкаў, якія рэгулярна страйкуюць і патрабуюць ва ўрада павышэння заробкаў. Раней галоўны эканаміст банка Lumіnor Жыгімантас Маўрыцас заявіў, што няроўнасць даходаў у Літве па-ранейшаму застаецца адной з самых высокіх у Еўрасаюзе. У прыбалтыйскай краіне расце дарагавізна і назіраецца дэфіцыт.

Даследаванне, праведзенае па замове Swedbank, паказала, што працяглы рост цэнаў і эканамічная нявызначанасць павялічылі колькасць жыхароў Літвы, абмежаваных у выдатках. 66 працэнтаў насельніцтва вымушаныя былі штодня эканоміць. «Эканамічная сітуацыя апошняга перыяду сапраўды ўзмацніла хваляванні насельніцтва наконт фінансаў. Для некаторых з іх яна абярнулася сапраўднымі фінансавымі праблемамі. Цэлых 37 працэнтаў рэспандэнтаў адзначаюць, што іх даходы за апошнія 12 месяцаў значна знізіліся. Два гады таму доля такіх рэзідэнтаў складала 22 працэнты», — заўважыла супрацоўніца Swedbank Юратэ Цвілікене.

Паводле яе слоў, Літва лідзіруе ў Прыбалтыцы па колькасці жыхароў, вымушаных жорстка эканоміць: у Латвіі такіх 47 працэнтаў, а ў Эстоніі — 54 працэнта. «Мы назіраем тыя ж тэндэнцыі, што і ў 2020 годзе, калі пачалася пандэмія. Толькі на гэты раз змена фінансавых паводзін насельніцтва абумоўлена інфляцыяй, ваганнямі цэн на энерганосьбіты і нявызначанай сітуацыяй у некаторых сектарах бізнесу», — каментуе Цвілікене. Праведзенае Swedbank апытанне таксама паказала, што 35 працэнтаў жыхароў Літвы імкнуцца трымаць зберажэнні ў наяўным выглядзе, а не на банкаўскіх рахунках, што звязваюць з трывожнасцю насельніцтва, якая ўзрасла, адносна стабільнасці фінансавай сістэмы дзяржавы.

«Леапарды» і пратэрмінаваная ежа

Пры гэтым улады актыўна нарошчваюць ваенныя выдаткі. У Літве плануюць павялічыць фінансаванне абароны, заявіла прэм’ер-міністр Інгрыда Шыманітэ. Ваенны бюджэт Літвы за тры гады павялічыўся амаль удвая і сёлета можа дасягнуць трох працэнтаў ВУП. Усяго ж Літва на працягу найбліжэйшых дзесяці гадоў накіруе на ваенныя патрэбы каля 23 мільярдаў еўра. Кіраўнік міністэрства абароны Арвідас Анушаўскас адзначае, што ў дадзеную суму ўваходзіць увесь комплекс затрат падобнага роду, у тым ліку, вядома, закуп узбраенняў. У гэтым плане адной з самых затратных стане здзелка па набыцці за 2 мільярда еўра партыі нямецкіх танкаў Leopard. Насельніцтву краіны пастаянна ўнушаюць, што галоўнае — «абарона ад агрэсіўных і непрадказальных суседзяў», а эканоміка, маўляў, можа і пачакаць.

Тым часам міністэрства эканомікі і інавацый Літвы распрацавала прапанову, па якой максімальны тэрмін рэалізацыі прадуктаў са скончаным тэрмінам прыдатнасці можа складаць 45 дзён. Падобная прапанова аб новых правілах рознічнага гандлю прадстаўлена на разгляд прадпрымальніцкіх арганізацый і адказных інстанцый. Міністэрства аргументуе свае дзеянні «неабходнасцю рацыянальнага выкарыстання прадуктаў», частка якіх, калі заканчваецца ўказаны на ўпакоўцы тэрмін іх спажывання, адбіраецца з крам, хаця яшчэ нейкі час яны маглі б выкарыстоўвацца. У ведамстве паведамілі, што харчова-ветэрынарная служба выпусціць рэкамендацыі па гандлі пратэрмінаванымі прадуктамі.

Раней камісія Сейма Літвы па пытаннях аховы здароўя адобрыла папраўкі да закона аб прадуктах харчавання, якія даюць магчымасць прадаваць у магазінах пратэрмінаваныя прадукты, прыдатныя да ўжывання. Дыскусіі аб такіх таварах у Сейме пачаліся яшчэ восенню 2022 года, калі літоўскія парламентарыі прапанавалі абавязаць крамы аддаваць на дабрачыннасць непрыдатныя для продажу, але бяспечныя прадукты харчавання. Відаць цяпер настаў час пашыраць ініцыятыву.

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.