Вы тут

На парадку дня — выбары


Год, які пачаўся, надзвычай важны ў палітычным жыцці нашай краіны. Упершыню згодна з новай рэдакцыяй Канстытуцыі пройдзе Адзіны дзень галасавання. 25 лютага мы будзем выбіраць адразу дэпутатаў усіх узроўняў заканадаўчай улады — ад сельсаветаў да Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Несумненна, у арганізацыі, падрыхтоўцы і правядзенні гэтай важнай электаральнай кампаніі роля органаў мясцовага самакіравання вялікая. Мы пацікавіліся, як у рэгіёнах рыхтуюцца да Адзінага дня галасавання, у прадстаўнікоў мясцовых Саветаў.


Алена Пасюта: Да выбараў мы рыхтаваліся праз сістэму праектаў

Чаму менавіта моладзь стала цэнтрам увагі Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў?

У Гродзенскай вобласці праведзена значная арганізацыйная работа па падрыхтоўцы да электаральнай кампаніі. Сфарміраваны выбарчыя камісіі, пачаўся этап вылучэння кандыдатур. Як вядома, сёлетняя кампанія прадугледжвае выбары дэпутатаў усіх узроўняў — ад сельскіх Саветаў да Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. Не застаецца ў баку ад грамадска-палітычнага жыцця краіны і моладзь Гродзеншчыны.

Маладыя і паспяховыя

У абласным Савеце дэпутатаў вядзеццца актыўная работа па інфарміраванні маладых выбаршчыкаў аб ролі і сутнасці дзейнасці дэпутатаў усіх узроўняў.

Работа над гэтым пачалася задоўга да выбарчай кампаніі, можна сказаць, што яна вялася цэлы год і закранула, у першую чаргу, тыя змяненні, якія ўнесены ў Канстытуцыю, у Выбарчы кодэкс, у лакальныя дакументы, а таксама змяненні ў палажэнні Усебеларускага народнага сходу.

— Мы праводзілі шырокамаштабную падрыхтоўчую работу, у тым ліку праз сістэму праектаў. Праекты, якія былі рэалізаваны ў Гродзенскай вобласці, скіраваны на папулярызацыю выбарчай дзейнасці і накіраваны на ўсе ўзроставыя пласты насельніцтва. Асаблівая ўвага надавалася маладым выбаршчыкам. Разнастайныя формы ўзаемадзеяння дазволілі значна пашырыць кола маладых людзей, якія далучыліся да гэтай тэмы, — старшыня абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта прыгадала некалькі найбольш значных праектаў, якія па ініцыятыве яе падначаленых рэалізаваны сумесна са сродкамі масавай інфармацыі рэгіёна.

Адзін з іх — «Равеснікі маладой Беларусі» — расказвае аб маладых перспектыўных людзях Гродзеншчыны, сапраўдных патрыётах. Як адзначыла Алена Пасюта, гэта той стратэгічны рэсурс, які фарміруе будучае нашай краіны, уносіць важкі ўклад у назапашванне яе эканамічнага патэнцыялу, закладвае новыя традыцыі для наступных пакаленняў. Магчыма, у хуткім часе яны і самі будуць прадстаўляць краіну ў дэпутацкім корпусе.

— Калі мы пачыналі праект, было цікава прааналізаваць, аб чым думае і марыць моладзь, народжаная напачатку 1990-х гадоў, з якімі ідэямі яна ідзе ў жыццё. Такім чынам у нас атрымалася абраць больш за 150 чалавек ва ўзросце 31-32 гадоў, якія сустрэліся на агульным маладзёжным форуме ў Гродне. Гэта равеснікі маладой Беларусі, якія на старонках газет, у эфіры тэлебачання расказалі не толькі пра сваё асабістае станаўленне, прафесійны рост, але і аб тых умовах, якія створаны для іх кар’еры, магчымасці жыць і працаваць у спакойнай краіне, гадаваць дзяцей, падтрымліваць традыцыі, сямейныя каштоўнасці, — прыгадала старшыня аблсавета дэпутатаў.

Праект «Равеснікі маладой Беларусі» прымеркаваны да выбарчай кампаніі. Зараз рыхтуецца да выдання асобны зборнік з гісторыямі паспяховых прадстаўнікоў моладзі. Падчас выбараў кожны герой зборніка атрымае ў падарунак такі экзэмпляр.

Сувязь пакаленняў

Яшчэ адзін праект скіраваны на сустрэчы моладзі з прадстаўнікамі старэйшага пакалення, якія прысвяцілі сваё жыццё служэнню Радзіме. У рэгіёне нямала заслужаных людзей, якія прадэманстравалі юнакам і дзяўчатам прыклад сваёй самаадданай працы. Праект праходзіў з удзелам Савета пажылых грамадзян, прадстаўнікоў дэпутацкага корпуса і Маладзёжнага парламента.

— Аснова нацыянальнай бяспекі, як было агучана Прэзідэнтам падчас Паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, — гэта захаванне незалежнасці і суверэнітэту краіны, — адзначыла Алена Пасюта. — Важна перадаць веды і гістарычную праўду сучаснай моладзі. За мінулы год было рэалізавана нямала ініцыятыў у гэтым кірунку. Але не хапала такога праекта, які быў бы скіраваны на сувязь пакаленняў. І тут значную ролю адыгралі заслужаныя людзі працы. Іх нямала, і яны побач. Многія занесены ў Кнігу Славы гарадоў і раёнаў вобласці, узнагароджаны ордэнамі і медалямі. Гэтыя людзі і сталі героямі праекта «Медаль за бой, медаль за працу з аднаго металу льюць».

Былі арганізаваны сустрэчы моладзі з людзьмі пажылога ўзросту, якія маюць узнагароды за сваю працоўную дзейнасць. Прайшоў Першы абласны злёт прадстаўнікоў пажылога пакалення і Маладзёжнага парламента. Старэйшыя сябры расказалі аб сваім працоўным шляху, актыўнай грамадзянскай пазіцыі, аб важнасці і неабходнасці ўключацца ў тыя палітычныя працэсы, якія адбываюцца ў краіне. Такім чынам умацоўваецца сувязь пакаленняў, а значыць, тое, што зроблена ветэранамі працы, не пройдзе дарэмна.

Чаму важна ісці на выбары?

Гэтай тэме былі прысвечаны дыялогавыя пляцоўкі, круглыя сталы з удзелам моладзі і кіраўніцтва рэгіёна. Напрыклад, у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы ў мерапрыемстве прынялі ўдзел дэпутаты верхняй і ніжняй палаты парламента, прадстаўнікі мясцовых Саветаў, былыя кіраўнікі абласнога Савета, члены грамадскіх аб’яднанняў. Праз фармат «пытанні-адказы» ішла размова аб ролі і сутнасці дэпутацкай дзейнасці, аб значнасці і неабходнасці ўдзелу моладзі ў маючай адбыцца выбарчай кампаніі.

— Абласныя ўлады падтрымалі ініцыятыву дэпутатаў абласнога Маладзёжнага парламента аб правядзенні такой сустрэчы, — зазначыла суразмоўніца. — Вырасла новае пакаленне маладых людзей, якія ідуць на змену сваім бацькам. Улада павінна быць побач з моладдзю, каб дапамагчы фарміраваць адказнасць за сучаснасць і будучыню Беларусі. А ўмовы для развіцця парламентарызму з удзелам маладых дэпутатаў у Беларусі вельмі спрыяльныя. Важна іх рэалізаваць, не быць пасіўным.

Напрыклад, сёлета ў электаральнай кампаніі прымуць удзел звыш 6 тысяч студэнтаў ГрДУ імя Янкі Купалы. Палова ўсіх маладых выбаршчыкаў рэалізуе гэта права ўпершыню. Як аказалася, студэнты ў значнай ступені падрыхтаваны да выбарчай кампаніі.

— Моладзь зараз як ніколі цікавіцца гэтымі момантамі. 

І ў інфармацыйным кампаненце яны маюць высокі ўзровень дзякуючы сацыяльным сеткам і іншым інтэрнэт-рэсурсам. У маладых людзей узнікае даволі шмат пытанняў і аб ролі мясцовых Саветаў, і аб тым, хто можа быць дэпутатам, у тым ліку дэлегатам УНС, якім чынам яны маглі б удзельнічаць у гэтай кампаніі. Такой актыўнасці спрыяюць даволі частыя сустрэчы як з кіраўніцтвам вобласці, так і навучальных устаноў, — упэўнена Алена Пасюта.

Яна расказала, што нядаўна абласным Саветам дэпутатаў і факультэтам гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ падпісана пагадненне, у рамках якога пачнецца рэалізацыя міждысцыплінарнага праекта «Народная ўлада на Гродзеншчыне: гісторыя і сучаснасць». У ходзе праекта мяркуецца ўцягнуць студэнцкую моладзь у вывучэнне і папулярызацыю дзейнасці мясцовых Саветаў на Гродзеншчыне і ў цэлым па краіне.

Шырокі рэзананс у рэгіёне атрымаў таксама конкурс «Я — заканадаўца», які скіраваны на старшакласнікаў і студэнтаў пачатковых курсаў каледжаў і ВНУ. Конкурс прадугледжвае знаёмства з заканадаўчай базай праз даступныя формы. У ліку намінацый было, напрыклад, пажаданне дэлегату Усебеларускага народнага сходу. І хоць не ўсе ўдзельнікі конкурсу пакуль з’яўляюцца ўдзельнікамі электаральнай кампаніі, але яны рыхтуюцца да гэтага.

Вылучыць лідара

Дэпутаты вобласці таксама актыўна ўключыліся ў інфармацыйную работу. Толькі за апошнія тры тыдні мінулага года было праведзена звыш 420 сустрэч, на якіх прысутнічала звыш 12 тысяч чалавек.

— Летась мы адзначылі 75-годдзе Гродзенскага абласнога Савета. У гонар гэтай даты вырашылі правесці акцыю сярод дэпутатаў — 75 добрых спраў. Гэта мерапрыемствы па-за межамі іх непасрэднай дзейнасці. Справы накіраваны на дапамогу сацыяльна неабароненым асобам. А таксама гэта і суботнікі, і пасадка алей, і ўдзел у «Цягніку Памяці», і іншае. Як правіла, усе мерапрыемствы дэпутатаў праходзілі з удзелам моладзі , — паведаміла старшыня аблсавета.

Вынікі работы таксама даволі важкія, у тым ліку і ў сувязі з падоўжаным тэрмінам працы дэпутацкага корпуса ў выніку прыняцця змяненняў у Канстытуцыю. А вось хто прыйдзе на змену дзеючаму складу дэпутацкага корпуса — залежыць ад выбаршчыкаў.

У найбліжэйшы час, з 16 па 30 студзеня, пачнецца рэгістрацыя кандыдатаў, затым будзе ісці актыўная агітацыйная кампанія. Тады і можна будзе даваць ацэнку новым прэтэндэнтам на дэпутацкі мандат. Але і зараз відавочна, што барацьбы не пазбегнуць, бо на арэну выходзяць зарэгістраваныя ў краіне палітычныя партыі, якія таксама будуць вылучаць сваіх кандыдатаў у дэпутаты. Сваіх лідараў традыцыйна прадставяць працоўныя калектывы. Некаторыя кандыдаты самавылучаюцца шляхам збору подпісаў.

На думку Алены Пасюты, высокі інтарэс да электаральнай кампаніі звязаны яшчэ і з фарміраваннем складу Усебеларускага народнага сходу. Паколькі ўпершыню з’явіцца такі орган на заканадаўчым узроўні, ён выклікае шырокі інтарэс грамадства. Многія, напрыклад, цікавяцца, хто можа стаць дэлегатам, чым гэты орган будзе займацца. 

І тут трэба гаварыць пра гэта, што дэлегатамі павінны стаць не толькі прадстаўнікі розных прафесій, рознага ўзросту, але і людзі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, прафесіяналы ў розных галінах дзейнасці, якія адказна адносяцца да сваёй справы і жыцця краіны, бо ім прыйдзецца вырашаць даволі складаныя задачы па выбудоўванні далейшага руху палітычнага курсу краіны, забяспечваць яе бяспеку, захоўваць пераемнасць пакаленняў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота прадастаўлена абласным Саветам дэпутатаў


Падводзім вынікі і інфарміруем насельніцтва...

Як народныя абраннікі Магілёўскага і Бабруйскага гарсаветаў павышаюць электаральную актыўнасць выбаршчыкаў на месцах.

На адкрыцці дзіцячай пляцоўкі ў магілёўскім двары жылых дамоў па вуліцы Астроўскага. Яна адкрылася летась у Дзень абароны дзяцей

Якая карысць ад дэпутата наогул? Нагадаем — ён прамая сувязь паміж людзьмі і выканаўчай уладай. Калі дэпутат гаворыць «мы пабудавалі», «мы запусцілі аб’ект», «мы замянілі дарагое абсталяванне» — не трэба разумець гэта літаральна. Але без яго ўдзелу ўсяго гэтага магло б і не быць. Ён атрымаў наказ ад выбаршчыкаў і рабіў усё, што ад яго залежыць, каб ён быў выкананы. Удзельнічаў у выканкамах, ставіў пытанне перад адказнымі асобамі, кантраляваў, каб яно вырашалася, адным словам, актыўна ўзаемадзейнічаў з выканаўчай уладай. Напярэдадні выбарчай кампаніі дэпутаты аналізуюць аб’ём той работы, якую яны выканалі за перыяд свайго склікання, і даюць справаздачы перад калегамі і насельніцтвам. Адсочваюць, каб падрыхтоўка да выбараў ішла належным чынам.

— Дэпутаты працягваюць сваю работу да заканчэння склікання і працуюць у сваіх акругах, — расказвае старшыня Магілёўскага гарсавета дэпутатаў Максім Гурын. — Паралельна падводзім вынікі і за год, і за ўвесь свой дэпутацкі тэрмін — тое, што зроблена за апошнія шэсць гадоў. Практычна ўсё, што абяцалі людзям, мы выканалі. Было шмат пытанняў па будаўніцтве інфраструктурных аб’ектаў, напрыклад дзіцячых садкоў. Адзін з іх з’явіўся ў новым маладзёжным мікрараёне «Спадарожнік», яшчэ адзін у раёне вуліц Стасава-Грышына быў здадзены перад Новым годам. Дарэчы, яшчэ вясной мы працавалі на будаўнічай пляцоўцы гэтага аб’екта, а ў снежні ўжо яго адкрывалі. Раён, дзе ён пабудаваны, зараз імкліва развіваецца, будуецца жыллё. І прэваліруюць, у асноўным, маладыя сем’і, якія выхоўваюць маленькіх дзетак. Садок пабудавалі, цяпер будуем школу. Ёсць спадзяванні, што яна запрацуе ўжо налета.

Суразмоўнік падкрэслівае, што ўсе глабальныя пытанні, якія хвалююць большасць гараджан, вырашаюцца ў шчыльным адзінстве з выканаўчай уладай. Народны абраннік тут — сувязнае звяно.

— Мы падымаем праблемы на гарвыканкаме, які курыруе і кантралюе хваравітыя месцы на сваім ўзроўні, — расказвае дэпутат. — Але мы лабіруем гэтыя пытанні з падачы народа, нагадваем, што ён да нас звяртаецца. Капітальныя рамонты вуліц, дваровых тэрыторый — мы гэта таксама адсочваем і даводзім да кіраўніцтва горада. Летась было сфарміравана і цалкам пабудавана 12 дваровых пляцовак. У гэтым і наша заслуга. Мы маніторылі гарадскія двары, адзначалі найбольш праблемныя, дзе трэба было зрабіць рамонт у першую чаргу. Нас падтрымаў гарвыканкам на чале са старшынёй Аляксандрам Студневым. Дзякуючы губернатару Анатолю Ісачанку было выдзелена фінансаванне. Вось такая наша камандная работа. Сёння стаяць планы працягнуць гэтую работу і зрабіць каля двух дзясяткаў двароў, каб былі разам дзіцячая і спартыўная пляцоўкі, лакацыя для адпачынку.

У цэнтры ўвагі — грамадзянскія ініцыятывы. Яркі прыклад — мікрараён Дачны, дакладней — урочышча Дубкі — першы пілотны праект, дзе былі задзейнічаны ўсе: насельніцтва, арганізацыі і прадпрыемствы горада, Магілёўская абласная Асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў.

— Гэта была праблема не аднаго года, — удакладняе Максім Гурын. — Мы яе некалькі гадоў выношвалі. Падчас выбараў у 2018 годзе жыхары мікрараёна прасілі, каб іх паркавая зона была акультураная. Там пражывае больш за 2,5 тысячы чалавек, маецца 25 вуліц і завулкаў. Неабходныя былі вялікія фінансавыя ўкладанні, каб ажыццявіць мару людзей. Мы ўдзельнічалі ў абласным конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў, разумеючы, што гэта шанц атрымаць частку неабходнай сумы, і перамаглі. Частку грошай сабрала насельніцтва. Падключыўся гарвыканкам, камунальныя прадпрыемствы, спонсары. І мы такую шыкоўную пляцоўку зрабілі, што людзі не пераставалі дзякаваць.

Летась у Магілёве было зроблена шмат дарожных рамонтаў, некаторыя з іх працягнуцца і сёлета, як толькі наступяць спрыяльныя ўмовы. І дэпутацкае слова таксама гэтаму пасадзейнічала. Большасць пытанняў ад магіляўчан было звязана менавіта з дарогамі, і народныя абраннікі ўздымалі іх на розных узроўнях. Разам з капрамонтам дарог адбываецца добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый, рамантуюцца мясцовыя праезды, на якасць якіх наракала насельніцтва часцей за ўсё.

— Задача дэпутата — абазначыць праблему, а далей ідзе працэс узгаднення на ўзроўні гарвыканкама, — заўважае суразмоўнік. — Ну а тыя пытанні, якія вырашаюцца на ўзроўні гарвыканкама, мы даводзім да насельніцтва. Працуем і на зваротную сувязь. У гэтым выпадку ідзём да людзей і тлумачым, што робіць горад для таго, каб ім жылося камфортна. 

І, вядома ж, заклікаем, каб і жыхары не заставаліся ўбаку ад агульных спраў. Калі сам прымаў удзел, лепш будзеш шанаваць тое, што зроблена.

Максім Гурын ганарыцца, што дэпутаты 28 склікання датычныя да шматлікіх добрых спраў, якія рабіліся ў горадзе. У тым ліку да будаўніцтва буйных медыцынскіх аб’ектаў. Вядома, што гэта вынік работы і абласных дэпутатаў, і парламента, і кіраўніцтва краіны, але, як кажа старшыня: «Усе гэтыя моманты на зямлі ўзнікалі».

Ёсць чым пахваліцца і другому па колькасці насельніцтва гораду вобласці Бабруйску. Тут таксама з удзелам дэпутатаў зроблена шмат карысных спраў.

— З такіх вось глабальных праектаў, якія рэалізоўваліся ў тым ліку і з падачы дэпутатаў — гэта будаўніцтва дзіцячага садка ў сёмым мікрараёне, які быў здадзены ў канцы 2020 года, — прыводзіць прыклад старшыня Бабруйскага гарсавета Міхаіл Жалудоў. — Зараз гэта мікрараён «Маладзёжны». Жыхары атрымалі сучасны ва ўсіх адносінах аб’ект з басейнам. Пры ўдзеле дэпутатаў рэалізавалася шмат іншых важных для людзей праектаў. Напрыклад, больш чым на 20 кіламетраў павялічылася працягласць веласіпедных дарожак у спальных мікрараёнах, дзе жыве шмат моладзі. Дэпутаты гарсавета хадайнічалі перад Магілёўскім аблвыканкамам аб выдзяленні дапамогі на будаўніцтва дзіцячых гульнявых пляцовак. І яна была атрымана. Летась у горадзе на гэтыя грошы было пабудавана 10 такіх пляцовак. З удзелам насельніцтва зроблена спартыўна-гульнявая пляцоўка ў жылых дварах па Георгіеўскім праспекце. Ініцыятыву падтрымала Магілёўская абласная асацыяцыя Саветаў мясцовых дэпутатаў, якая ўнесла частку грашовых сродкаў на гэты абект.

Дэпутаты заўсёды там, дзе асабліва неабходная іх прысутнасць. Зараз яны цалкам паглыбіліся ў электаральную кампанію, іх задача — максімальнае інфарміраванне насельніцтва аб нюансах гэтага важнага працэсу.

— Пытанні падрыхтоўкі да выбараў мы разгледзелі на пасяджэнні Прэзідыума гарсавета дэпутатаў яшчэ напярэдадні Новага года, — удакладняе Міхаіл Жалудоў. — На ім мы абмеркавалі планы на бліжэйшы час. Гэта датычыцца і арганізацыі работы гарадскіх камісій, і інфарміравання жыхароў горада аб нюансах правядзення сёлетніх выбараў, і садзейнічання ў рамках заканадаўства Рэспублікі Беларусь правядзенню сустрэч з кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў. Тыя дэпутаты, якія вырашылі працягнуць сваю дэпутацкую дзейнасць, паўторна зарэгістравалі ініцыятыўныя групы па вылучэнні сваіх кандыдатур і вядуць збор подпісаў. Вялікую дапамогу аказваюць у падрыхтоўцы да выбараў удзельнікі Маладзёжнага парламента. Яны дапамагаюць кандыдатам у дэпутаты забяспечыць іх падтрымку сярод насельніцтва, садзейнічаюць павышэнню электаральнай актыўнасці моладзі, тлумачаць аднагодкам, чаму важна хадзіць на выбары і што залежыць ад кожнага чалавека.

Народныя абраннікі акцэнтуюць увагу на тым, што вельмі важна разумець, за каго ты аддаеш свой голас. А каб не памыліцца, трэба добра вывучаць біяграфіі тых кандыдатаў у дэпутаты, якія сёння збіраюць галасы. «Гэта павінна быць асоба, прафесіянал, які адбыўся ў сваёй справе, а не, умоўна кажучы, нейкі беспрацоўны, пра якога нічога чутна не было, а тут ён нечакана заявіўся. Што ён можа зрабіць, калі ў яго няма ніякага вопыту? Будучы дэпутат павінен быць патрыётам, грамадзянінам, чалавекам, які рэалізаваўся ў чымсьці.Трэба азнаёміцца з яго праграмай, што ён абяцае. Каб гэта былі не паветраныя палацы, а разуменне сённяшніх рэалій», — падкрэсліваюць дэпутаты.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота mogilev.gov.by


І падвоз, і выезд на дом

У сельсаветах Брэстчыны вядзецца актыўная работа па арганізацыі падрыхтоўкі да выбараў.

Карэспандэнт «МС» пацікавілася, як ідзе падрыхтоўка да важнай электаральнай кампаніі ў глыбінцы. Як правіла, гэтай тэме загадзя былі прысвечаныя сельскія сходы, з сельскімі жыхарамі сустракаліся члены інфармацыйных груп, зараз ідзе збор подпісаў за патэнцыяльных кандыдатаў у дэпутаты.

Аляксандр Заверач, старшыня Хомскага сельскага Савета Драгічынскага раёна:

— У дзень выбараў на тэрыторыі сельсавета будуць працаваць дзве ўчастковыя камісіі — у Гошаве і Хомску. Выбарчы ўчастак у Гошаве невялікі, ён аб’ядноўвае 170 выбаршчыкаў з трох населеных пунктаў. Значная іх частка — людзі пенсіённага ўзросту, якія выказалі жаданне прагаласаваць на даму, што і забяспечыць наша камісія. Астатнія змогуць выканаць свой грамадзянскі абавязак на ўчастку ў Доме сацыяльных паслуг.

На другім выбарчым участку ў Хомску зарэгістравана 922 выбаршчыкі. У аграгарадку пражывае больш маладое насельніцтва, многія выказваюць намер прагаласаваць датэрмінова альбо ў Адзіны дзень галасавання на ўчастку, у сельскім Доме культуры.

У склад сельскага Савета павінна быць абрана шэсць дэпутатаў. Зараз ідзе збор подпісаў за патэнцыяльных кандыдатаў у мясцовы Савет. А да дня выбараў у нас фактычна ўсё гатова. Закуплены празрыстыя скрыні, падрыхтаваны кабінкі для запаўнення бюлетэняў.

Нашы жыхары маюць намер прыйсці на ўчасткі і прагаласаваць за сваіх кандыдатаў. Адзін са старэйшых выбаршчыкаў — Павел Данілавіч Макарэвіч — паведаміў, што чакае дома прадстаўнікоў камісіі. Павел Данілавіч — ветэран Вялікай Айчыннай вайны, яму 96 гадоў. Пад Новы год яго віншавалі са святамі памочнік Прэзідэнта па Брэсцкай вобласці Валерый Вакульчык і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Святлана Барташ. Тады і зайшла гаворка пра выбары. Наш ветэран цікавіцца падзеямі ў краіне і свеце, з задавальненнем прымае гасцей. Дэлегацыя з ліку членаў выбарчай камісіі ў Адзіны дзень галасавання наведае яго адным з першых.

Віктар Міхайлоўскі, старшыня Войскага сельскага Савета Камянецкага раёна:

— На тэрыторыі сельсавета падыходзіць да завяршэння кампанія па зборы подпісаў для вылучэння ў дэпутаты мясцовых Саветаў. Варта сказаць, што гэтым займаецца надзвычай актыўная ініцыятыўная група з ліку ветэранаў працы. Калі да выбаршчыкаў звяртаюцца аўтарытэтныя людзі, жыхары ў абсалютнай большасці адгукаюцца. Заадно вядзецца гаворка пра важнасць электаральнай кампаніі, аб грамадзянскім абавязку кожнага.

У нас будуць працаваць два ўчасткі для галасавання, абодва размешчаны ва ўстановах адукацыі — у Войскай і ў Бучамлі 3. Усяго на тэрыторыі пражывае 1225 выбаршчыкаў, колькасць на кожным з участкаў прыкладна роўная. Праўда, на другім — у Бучамлі 3 — пражывае больш сталае насельніцтва — значыць давядзецца больш выбаршчыкаў наведваць на даму. У нас яшчэ ёсць практыка арганізоўваць падвоз людзей на ўчасткі ў дзень галасавання. Транспарт звычайна выдзяляе сельгаспрадпрыемства. Калі будзе такі запыт ад жыхароў, асабліва аддаленых вёсак, то арганізуем падвоз.

Не забываем пра нашых шаноўных ветэранаў. На тэрыторыі сельсавета пражывае два чалавекі, якія маюць статус удзельнікаў вайны. Напрыклад, 98-гадовая Еўдакія Папова, працаўніца тылу, жыве з дзецьмі ў вёсцы Мікалаева. Ведаю, што яна чакае прадстаўнікоў камісіі, каб выканаць свой грамадзянскі абавязак.

Вітольд Пяткевіч, старшыня Олтушскага сельскага Савета Маларыцкага раёна:

— У нас на тэрыторыі будзе працаваць чатыры выбарчыя ўчасткі — у Олтушы, Ланской, Збуражы і Радзежы. 25 лютага мы павінны выбраць у тым ліку і сем дэпутатаў сельскага Савета, дзевяць кандыдатаў ужо зарэгістравана, працэс вылучэння і рэгістрацыі працягваецца.

Электаральная кампанія рыхтуецца з улікам рэалій. У склад сельсавета ўваходзіць 18 населеных пунктаў. Ёсць вёскі, дзе пражывае па адным, два, пяць чалавек. Некаторыя з іх даволі аддаленыя. Вядома, да гэтых выбаршчыкаў члены камісій абавязкова прыедуць. З транспартам нам, як правіла, дапамагаюць сельгаспрадпрыемствы. Дарэчы, сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства «Савушкіна», чыя тэрыторыя супадае з трыма выбарчымі акругамі, выступіла спонсарам кампаніі і прафінансавала выраб сучасных кабін для галасавання ды набыццё празрыстых скрыняў. Ёсць усе падставы спадзявацца, што выбары пройдуць арганізавана, на добрым узроўні.

Святлана Гангала, старшыня Батчынскага сельскага Савета Кобрынскага раёна:

— У склад сельскага Савета мы павінны выбраць сем дэпутатаў. Зараз поўным ходам ідзе працэс вылучэння і рэгістрацыі кандыдатаў. Радуе, што сярод патэнцыяльных кандыдатаў ёсць маладыя, актыўныя людзі. Праўда, ёсць і больш сталыя, тыя, хто працаваў у мінулым скліканні, спадзяюся, што іх таксама падтрымаюць выбаршчыкі. Вылучэнне ідзе як па лініі працоўных калектываў, так і шляхам збору подпісаў. Для маладых удзел у выбарах — своеасаблівая школа грамадскай актыўнасці. Як паказвае практыка, тыя людзі, якія актыўна займаліся выбарчай кампаніяй, потым актыўна працуюць і ў мясцовым Савеце.

Святлана ЯСКЕВІЧ


Аддаць свой голас па-вясковаму

Лятчанскі сельскі Савет тэрытарыяльна з’яўляецца адным з найбуйнейшых у Віцебскім раёне. 

Аб падрыхтоўцы на месцы да Адзінага дня галасавання расказала выконваючы абавязкі старшыні Алена Пузырэўская.

— Алена Генрыхаўна, калі акцэнтаваць увагу менавіта на выбарах у сельскія Саветы дэпутатаў, колькі сфарміравана пунктаў для галасавання?

— У склад Лятчанскага сельскага Савета ўваходзяць 30 населеных пунктаў з агульнай колькасцю выбаршчыкаў 2149 чалавек. Аддаць свой голас жыхары Лятчанскага сельсавета змогуць у трох пунктах для галасавання, якія будуць працаваць на базе сярэдніх школ у аграгарадку Кіраўская і вёсцы Старое Сяло, а таксама ў адміністрацыйным будынку Лятчанскага сельскага Савета.

— Як работа па падрыхтоўцы да Адзінага дня галасавання вядзецца зараз?

— Прынята рашэнне аб стварэнні выбарчых акруг, вядзецца падрыхтоўка будынкаў, у якіх будуць размешчаны пункты для галасавання. Устаноўлены вулічныя пажарныя апавяшчальнікі, кожны з выбарчых участкаў будзе абсталяваны камерамі відэаназірання і ізаляванымі кабінкамі.

— Па якім прынцыпе фарміруецца склад выбарчых камісій?

— У склад кожнай з трох камісій, сфарміраваных на тэрыторыі сельсавета, увайшлі 11 чалавек. Некалькі прадстаўнікоў з кожнай камісіі — гэта людзі, якія ўжо некалькі гадоў працуюць на выбарах і маюць пэўны досвед. Пры падборы членаў камісій мы імкнуліся ўключыць і прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх арганізацый, педагогаў, работнікаў устаноў сельсавета (напрыклад санаторыя «Лётцы») і, вядома, мясцовых жыхароў з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй.

— На выбарах могуць прысутнічаць нацыянальныя назіральнікі?

— Так, для гэтага трэба папярэдне зарэгістравацца ў сельскім Савеце.

— У выбаршчыкаў будзе магчымасць прагаласаваць папярэдне і на даму?

— Калі па пэўных прычынах грамадзяне не змогуць прыйсці на ўчасткі 25 лютага, з 20 па 24 лютага будзе адкрыта папярэдняе галасаванне. Пажылыя людзі, грамадзяне з інваліднасцю змогуць у Адзіны дзень галасавання зрабіць свой выбар на даму, члены кожнай з камісій па спісах будуць аб’язджаць выбаршчыкаў. З гэтай мэтай кожная камісія ўкамплектавана двума адзінкамі транспарту.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота з адкрытых крыніц


Куткі выбаршчыкаў у калектывах і поўная інфармацыя на сайтах

Сустрэча з моладззю ў рамках інфармацыйна-асветнага праекта #ВТЕМЕ. ГОЛОСУЕМ. на тэрыторыі Красненскага сельсавета Гомельскага раёна

Як пытанні арганізацыі выбарчых участкаў вырашаюцца ў Гомельскім раёне.

На Гомельшчыне на сумесным пасяджэнні прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў і абласнога выканаўчага камітэта ўтворана Гомельская абласная і 17 акруговых выбарчых камісій. У склад Гомельскай абласной выбарчай камісіі ўвайшлі 13 чалавек, з іх двух кандыдатаў у камісію вылучылі грамадзяне шляхам падачы заявы, ад палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў вылучана 11 прадстаўнікоў. Ад палітычных партый па адным прадстаўніку вылучылі «Белая Русь», Камуністычная партыя Беларусі, Ліберальна-дэмакратычная партыя. Ад грамадскіх аб’яднанняў у склад камісіі ўвайшлі прадстаўнікі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, Беларускага саюза жанчын, Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане, рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь», Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, тры прадстаўнікі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Дарэчы, уся інфармацыя па Адзіным дні галасавання размешчана на сайце Гомельскага аблвыканкама. На асобных укладках у распрацаванай адзінай візуальнай канцэпцыі выбарчай кампаніі ўся інфармацыя адлюстроўваецца і на сайтах райвыканкамаў, што вельмі зручна для мясцовых жыхароў — наведвальнікаў афіцыйных інтэрнэт-рэсурсаў. Гомельскі раён — не выключэнне.

На тэрыторыі гэтага рэгіёна Гомельшчыны — 21 сельсавет і пражывае каля 70 тысяч насельніцтва. У раёне ў гэту электаральную кампанію будзе адкрыты яшчэ адзін участак для галасавання. Усяго цяпер выбаршчыкаў прымуць на тэрыторыі раёна 52 выбарчыя ўчасткі.

Усе ўчасткі для галасавання Гомельскага раёна забяспечаны выданнямі абноўленых Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Выбарчага Кодэкса. На прадпрыемствах і арганізацыях раёна арганізаваны куткі выбаршчыкаў.

— Такое рашэнне прынята ў сувязі з ростам колькасці насельніцтва Гомельскага раёна, — адзначыў намеснік старшыні Гомельскага райвыканкама Дзяніс Давыдаў.

Па яго словах, падрыхтоўка выбарчых участкаў да правядзення Адзінага дня галасавання пачалася яшчэ ў верасні мінулага года.

— Праведзены маніторынг усіх устаноў, дзе будуць адкрыты ўчасткі для галасавання, вызначыліся, ці патрабуецца рамонт. За кошт сродкаў раённага суботніка здзейснены бягучыя рамонты ўстаноў, дзе гэта было патрэбна. Да першага студзеня ўсе ўчасткі для галасавання ў раёне поўнасцю аснашчаны сістэмамі відэаназірання. Так, з 52 участкаў гэтыя работы давялося выканаць на 47, — удакладніў намеснік старшыні Гомельскага райвыканкама.

Як патлумачыў Дзяніс Давыдаў, у раёне ў бліжэйшы час па канкрэтных участках прапрацуюць, колькі яшчэ трэба будзе ўсталяваць дадатковых скрынь для бюлетэняў.

— Па новых патрабаваннях Выбарчага кодэкса можна рабіць больш вынасных урнаў. Але гэта ўжо будзе разгледжана па кожным выбарчым участку асобна. Акрамя таго, мы прапрацоўваем пытанне па арганізацыі інфармацыйных стэндаў. Гэта вельмі актуальнае пытанне, бо, як вядома, упершыню праводзяцца выбары ўсіх чатырох узроўняў дэпутатаў, і давядзецца размясціць на адным інфармацыйным стэндзе інфармацыю па ўсіх кандыдатах, — дадаў суразмоўца.

Усе ўчасткі для галасавання Гомельскага раёна забяспечаны выданнямі абноўленых Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Выбарчага Кодэкса. На прадпрыемствах і арганізацыях раёна арганізаваны куткі выбаршчыкаў.

Як вядома, участкі для галасавання ў краіне будуць утвораны не пазней за 10 студзеня бягучага года, а ўчастковыя выбарчыя камісіі — не пазней за 25 студзеня.

— На ўзроўні раёна ўчасткі для галасавання зацверджаны на пасяджэнні райвыканкама. Далей уся інфармацыя аб арганізацыйных пытаннях іх размяшчэння будзе апублікавана ў сродках масавай інфармацыі і на сайце райвыканкама. Акруговыя і раённыя камісіі ўжо пачалі сваю працу. Рабочы графік іх — штодзень з 10 да 14 гадзін і з 15 да 19 гадзін. У кожнай акруговай і раённай камісіях ёсць тэлефоны, па якіх можна звяртацца, калі ў грамадзян узнікаюць нейкія пытанні. Але да нас пакуль ніякіх зваротаў не паступала, — зазначыў Дзяніс Давыдаў.

У гэту электаральную кампанію Гомельскі раён тэрытарыяльна закранае тры выбарчыя акругі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. Так, Гомельская сельская выбарчая акруга № 37 уключае Добрушскі раён і 14 сельсаветаў Гомельскага. Буда-Кашалёўская выбарчая акруга № 38 — Буда-Кашалёўскі, Веткаўскі, Чачэрскі, а таксама тры сельсаветы Гомельскага раёна. Хойніцкая выбарчая акруга № 47, якая ўключае Хойніцкі, Брагінскі, Лоеўскі, Нараўлянскі раёны, горад Васілевічы і 13 сельсаветаў Рэчыцкага, закранае і чатыры сельсаветы Гомельскага раёна.

Прынамсі, Гомельскі раён яшчэ напрыканцы мінулага года актыўна падтрымаў інфармацыйна-асветны праект #ВТЕМЕ. ГОЛОСУЕМ. Дэпутаты і актыўная моладзь — прадстаўнікі Маладзёжных саветаў пры сельсаветах раёна разам абмяркоўвалі змены выбарчай кампаніі, перавагі і адметнасці Адзінага дня галасавання, дзяліліся меркаваннямі аб важнасці дзейнасці дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота гомельскай раённай газеты «Маяк»

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.