«Усе адлюстраваныя ва Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь змяненні і дапаўненні накіраваны на забеспячэнне аб’ектыўнасці пры ацэньванні ведаў абітурыентаў і справядлівы конкурсны адбор пры паступленні ва ўстановы вышэйшай адукацыі, — падкрэслівае Аляксандр Жук. — Мяне, як рэктара вядучага педагагічнага ўніверсітэта краіны, натхняе і тое, што новая рэдакцыя Правілаў прыёму дазволіць прыцягнуць у педагагічную прафесію матываваных і здольных абітурыентаў — пераможцаў алімпіяд, уладальнікаў атэстатаў і дыпломаў з адзнакай, выпускнікоў профільных класаў педагагічнай накіраванасці. Пройдзе ўсяго чатыры—пяць гадоў, і цяперашнія абітурыенты — ужо дыпламаваныя спецыялісты — вернуцца ў школы з важнай місіяй: навучаць і выхоўваць падрастаючыя пакаленні беларусаў.
Важным лічу і прыцягненне на педагагічныя спецыяльнасці найбольш падрыхтаваных выпускнікоў, якія паступаюць на ўмовах мэтавага набору. Гэтаму будзе садзейнічаць замацаванне парога сярэдняга бала атэстата не ніжэй за 7 балаў».
Як заўважыў рэктар БДПУ, уступная кампанія мінулага года ў рамках мэтавага набору выявіла праблему наступную праблему — недастаткова моцны канкурэнтны складнік. Новая рэдакцыя Правілаў прыёму прадугледжвае правядзенне конкурсу сярод асобных арганізацый-заказчыкаў. «Гэта, на наш погляд, будзе садзейнічаць актывізацыі прафарыентацыйнай работы з боку заказчыкаў кадраў і дазволіць ім гарантавана атрымаць патрабаванага спецыяліста, — патлумачыў ён. — Важным новаўвядзеннем прыёмнай кампаніі з’яўляецца таксама ўвядзенне квот для залічэння катэгорый абітурыентаў, якія паступаюць на агульных падставах на шэраг папулярных педагагічных спецыяльнасцяў ("Філалагічная адукацыя", "Прыродазнаўчая адукацыя", "Гістарычная адукацыя", "Спецыяльная і інклюзіўная адукацыя" і інш.), якія раней запаўняліся пераважна льготнікамі, — не менш за 20 працэнтаў ад плана набору.
Новая рэдакцыя Правілаў будзе садзейнічаць удасканаленню нацыянальнай сістэмы адбору і падрыхтоўкі кадраў з вышэйшай адукацыяй. Упэўнены, што дзякуючы гэтаму ў педагагічную прафесію прыйдзе больш падрыхтаваная і матываваная моладзь».
Надзея НІКАЛАЕВА
На прасторах яе вялікасці кнігі.