Вы тут

Ваеннаслужачыя 103-й асобнай брыгады наведалі Дзіцячы дом у Віцебску


Кожны з гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак марыць толькі аб адным — знайсці сваіх маму і тату. Безумоўна, дэсантнікі не могуць замяніць дзецям бацькоў альбо цяпло, якое мамы і таты даюць сваім сынам і дочкам. Аднак у іх сілах зрабіць жыццё малых хоць на некалькі імгненняў больш шчаслівым і яркім. 


Вайскоўцы 103-й асобнай паветрана-дэсантнай брыгады штогод наведваюць падшэфныя ўстановы і дораць падарункі, у тым ліку салодкія і карысныя. У гэты раз абаронцы Айчыны падарылі дзецям часцінку навагодняга настрою, а таксама спартыўныя касцюмы, пледы і прысмакі. Акрамя таго, вайскоўцы з разуменнем ставяцца і да патрэб установы.

На жаль, толькі 10 % дзяцей, якія выйшлі ў дарослае жыццё з дамоў-інтэрнатаў, асірацеўшы ў раннім дзяцінстве, паспяхова спраўляюцца з рэаліямі сучаснага свету. Паводле даных Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у дамах-інтэрнатах пражывае 1,4 тысяч дзяцей і маладых інвалідаў, каля 1,3 тысяч дзяцей з інваліднасцю штогод праходзяць рэабілітацыю ў Рэспубліканскім рэабілітацыйным цэнтры для дзяцей-інвалідаў. І ўсе яны вераць у навагодні цуд, як і мы ў дзяцінстве.

Выхаванцы з нецярпеннем чакалі навагодняе чараўніцтва — і вось яно адбылося! Вайскоўцы брыгады, пераапрануўшыся ў Дзеда Мароза і Снягурку, падарылі дзецям не толькі падарункі, але і незабыўныя эмоцыі. І гэта сапраўды варта таго! Калі бачыш, як малыя ўсміхаюцца і радуюцца казачным героям, адчуваеш сябе на сёмым небе ад шчасця. Аднак воляй-няволяй сэрца сціскаецца неверагодна моцна, па целе прабіраюць дрыжыкі, бо знаходзіцца ў сценах гэтай утульнай, але ўсё ж рэжымнай установы, глядзець на твары дзяцей, у якіх, мякка кажучы, не самы лёгкі лёс — усё гэта не можа прымусіць чалавека застацца абыякавым... 

Аднак гэты візіт каштаваў таго, бо няма нічога важней ўсмешкі дзіцяці, а іх было шмат. Акрамя розных актыўнасцяў, карагодаў з Дзедам Марозам, Снягуркай і прыемных падарункаў, салдаты славутага злучэння накармілі малых смачнай салдацкай кашай, напаілі гарачай гарбатай. Бо, як адзначыў Дзед Мароз, сакрэт яго даўгалецця і бадзёрасці, — правільнае і паўнавартаснае харчаванне, асабліва салдацкая каша, якая, несумненна, прыйшлася дзецям даспадобы. Акрамя таго, ваеннаслужачыя 103-й брыгады распавялі па вялікім сакрэце малым тое, што яны самі штодня спажываюць найсмачнейшую салдацкую кашу, ад таго яны такія здаровыя, вялікія і моцныя.

Дзеці ў літаральным сэнсе акружылі начальніка інфармацыйнага цэнта гвардыі маёра Эрнэста Юпатава, які распавёў ім пра жыццё і побыт віцебскіх дэсантнікаў, пра распарадак дня, заняткі, харчаванне і разнастайныя мерапрыемствы. Цяпер малыя ведаюць, як гэта — быць сапраўдным патрыётам, абаронцам сваёй Айчыны, і, несумненна, у будучыні захочуць стаяць на варце нашай Радзімы.
Нягледзячы на тое, што кіраўніцтва і педагогі дзіцячага дома клапоцяцца аб сваіх выхаванцах, дзеці пазбаўленыя самага галоўнага — сваёй сям’і. Таму важна дарыць яркія ўражанні, рабіць добрыя справы, асабліва дзеля тых, хто верыць у цуд. Ваеннаслужачыя з задавальненнем далучыліся да марафону дабра, які праходзіць па ўсёй краіне. 

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ, ваеннаслужачы 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады.

Фота аўтара.

г. Віцебск

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.