Вы тут

За тры гады навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку прайшлі 2530 вучняў 9-11-х класаў


У студзені 2021 года ў Беларусі пачаў функцыянаваць Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк. Базай для яго стварэння стаў Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці. 


З 2021 года па лістапад 2022 года тэхнапарк дзейнічаў у рэжыме апрабацыі. Цяпер уведзены ў эксплуатацыю ўсе яго аб’екты і ўстанова працуе паўнацэнна ў штатным рэжыме. На ўсе 100 працэнтаў аснашчаны сучасным высокатэхналагічным абсталяваннем яго навучальныя лабараторыі.

Ёсць станоўчая дынаміка ў адборы матываваных дзяцей для навучання. Так, калі 1 студзеня 2021 года адбор навучэнцаў праводзіўся толькі па трох адукацыйных кірунках, то ўжо з 1 лістапада 2022 года павялічыўся да пятнаццаці. На сённяшні дзень 150 адораных навучэнцаў у рамках кожнай змены маюць магчымасць вучыцца ў беларускім дзіцячым навукаградзе. 

Найбольшай папулярнасцю ў дзяцей карыстаюцца такія адукацыйныя кірункі як «Біятэхналогіі», «Інфармацыйныя і камп’ютарныя тэхналогіі» і «Робататэхніка». Таксама вялікую цікавасць выклікаюць «Авіякасмічныя тэхналогіі», «Архітэктура і дызайн», «Віртуальная і дапоўненая рэальнасць», «Зялёная хімія».

Вучэбная праграма па кожным адукацыйным кірунку разлічана на 72 гадзіны. Заняткі з дзяўчатамі і хлопцамі праводзяцца шэсць разоў на тыдзень па чатыры гадзіны. Навучальныя праграмы складзены такім чынам, каб навучэнцы маглі авалодаць усім комплексам ведаў для рэалізацыі і абароны ўласнага даследчага праекта, праца над якім праходзіць у перыяд навучання.
Са студзеня 2021 года па снежань 2023 года было арганізавана 29 адукацыйных змен, у рамках якіх у Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку прайшлі навучанне 2530 вучняў 9-11 класаў з усіх рэгіёнаў Беларусі і сталіцы. Сярод прэтэндэнтаў на навучанне ў тэхнапарку дастаткова высокі конкурс — больш за тры чалавекі на месца.

Як падкрэслівае дырэктар Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка Сяргей Сачко, назіраецца відавочная дынаміка росту дасягненняў адукацыйнай і даследчай дзейнасці іх выхаванцаў. Так, былі распрацаваны 1742 праекта даследчага або вынаходніцкага характару (921 — у 2023 годхе). Апублікавана 97 артыкулаў у навуковых часопісах і зборніках канферэнцый (69 — летась). Заваявана 78 прызавых месцаў у рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Атрыманы патэнт на карысную мадэль «Прылада абароны інфармацыі ад уцечкі па акустычных і вібрацыйных каналах». Атрыманы два пасведчанні Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці Рэспублікі Беларусь аб добраахвотнай рэгістрацыі і дэпанаванні аб’ектаў аўтарскага права распрацовак навучэнцаў.

Па выніках навучання ў 2022/2023 годзе 58 навучэнцаў атрымалі рэкамендацыі Назіральнага савета Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарку для залічэння ў ВНУ і ў агульнаадукацыйныя ліцэі без уступных іспытаў. З іх 47 навучэнцаў — для залічэння ва ўстановы вышэйшай адукацыі без уступных іспытаў на спецыяльнасці профіляў адукацыі «Тэхніка і тэхналогіі» і «Прыродазнаўчыя навукі»: 34 навучэнцаў — ва ўстановы вышэйшай адукацыі, размешчаныя на тэрыторыі Мінска, і 13 — у іншыя ўстановы вышэйшай адукацыі.

Са студзеня 2023 года ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку праводзяцца адукацыйна-асветніцкія праекты «Навуковыя выхадныя» і «Навука пачынаецца з настаўніка» для вучняў агульнаадукацыйных устаноў краіны. Усяго рэалізаваны 21 праект, у якім прынялі ўдзел 965 чалавек.

З улікам даручэнняў Кіраўніка дзяржавы і Урада абноўлены і пашыраны задачы, якія стаяць перад Нацыянальным дзіцячым тэхнапаркам. У снежні 2023 года прайшло пасяджэнне Назіральнага савета, па выніках якога адобрана новая канцэпцыя развіцця ўстановы да 2025 года. Прадуманы шляхі павышэння эфектыўнасці пабудовы індывідуальнай адукацыйнай траекторыі навучэнцаў, узгоднены дарожныя карты па развіццю супрацоўніцтва з галіновымі міністэрствамі і ведамствамі. Ключавая ідэя — не толькі знайсці і падрыхтаваць самых адораных школьнікаў з усёй краіны, але і суправадзіць іх да першага працоўнага месца. Індывідуальную адукацыйную траекторыю будуць выбудоўваць так, каб на прадпрыемствы прыходзілі маладыя людзі, здольныя генерыраваць новыя ідэі і ўдасканальваць вытворчы працэс. Галоўная мэта — практычнае прымяненне распрацовак навучэнцаў на заводах, фабрыках, прадпрыемствах.

На пасяджэнні Назіральнай рады былі адобраны дарожныя карты супрацоўніцтва з міністэрствамі энергетыкі, прамысловасці, сельскай гаспадаркі і харчавання, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, аховы здароўя. У заключнай стадыі знаходзяцца дарожныя карты з Міністэрствам транспарту і камунікацый і Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі.

На сёння наладжаны прамыя сувязі больш як з 30 высокатэхналагічнымі прадпрыемствамі Беларусі, сярод іх «Пеленг», «Планар», МТЗ, МАЗ і шэраг іншых. 

Асаблівую ролю ў развіцці Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарку адыгрывае ўзаемадзеянне з буйнымі навукова-тэхналагічнымі паркамі. У першую чаргу, гэта Беларуска-Кітайскі індустрыяльны парк «Вялікі камень», ПВТ, Мінскі гарадскі тэхнапарк. На цяперашні момант функцыянуюць 170 апорных пунктаў Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарку ў кожным раёне краіны, у якіх праводзяцца адбор, падрыхтоўка і далейшае суправаджэнне дзяцей, якія прайшлі навучанне ў тэхнапарку, ва ўзаемадзеянні з абласнымі інстытутамі развіцця адукацыі, рэгіянальнымі ўніверсітэтамі, прамысловымі прадпрыемствамі.

Такім чынам, прыярытэтнай задачай Нацыянальнага дзіцячага парку становіцца не толькі выяўленне адоранай моладзі і выбудоўванне індывідуальнай адукацыйнай траекторыі, але і суправаджэнне, практычнае ўкараненне распрацовак юных даследчыкаў у рэальны сектар эканомікі аж да прадастаўлення маладым талентам перспектыўнага месца працы ў будучыні.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота з сацыяльных сетак Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.