Вы тут

Ад чаго дапамагаюць сушаныя лісічкі


Гэтыя веды назапашваліся стагоддзямі. Людзі прыкмячалі асаблівасці раслін. Іх ужывалі ў ежу, імі лячыліся, упрыгожвалі жытло падчас святаў, выкарыстоўвалі ў абрадах. Уменне жыць у суладдзі з прыродай было і адным з сакрэтаў душэўнага дабрабыту. Таму расліны падаваліся ў вышыўцы, песнях, казках, паданнях... На жаль, з перацяканнем насельніцтва з вёсак у гарады парушаліся даўнейшыя сувязі, і, калі раней зёлкавыя сакрэты перадаваліся праз пакаленні, то сёння ўжо стаіць пытанне аб захаванні і папулярызацыі традыцыйных ведаў. Менавіта гэтай тэме быў прысвечаны круглы стол, які правялі вучоныя Інстытута генетыкі і цыталогіі і Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук. Ён праходзіў у межах маштабнага праекта «Нарошчванне патэнцыялу для захавання традыцыйных ведаў, звязаных з генетычнымі рэсурсамі, і прававога рэгулявання доступу да іх у Рэспубліцы Беларусь» (праект ЮНЕСКА па Праграме ўдзелу на 2022–2023 гады). На ім сабраліся носьбіты традыцыйных ведаў з розных рэгіёнаў Беларусі, прадстаўнікі ўстаноў культуры і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, прафесійныя ўрачы.


Слова носьбітам

Сафія Каток на сустрэчу з’явілася не толькі з сушанымі зёлкамі

Загадчыца Пластоўскага сельскага клуба Сафія Каток на сустрэчу з’явілася не толькі з сушанымі зёлкамі, але і з настойкамі і варэннем, пра якія ведае бадай уся вёска на Любаншчыне. У клубе адкрыты пакой траў, а мясцовы калектыў пенсіянераў з задавальненнем збірае зёлкі. Жанчына расказала, што тут нарыхтоўваюць лісце маліны, суніц, парэчак, брусніц, карані калгану, дзівасілу, лапчаткі, піжмы, бярозавую амялу, кветкі ліпы, чабор, мацярдушку. У сезон прастуд запатрабаваныя варэнне з дзьмухаўца і хваёвых шышак ці пупышак. Настойкі тут робяцца не толькі з зёлкамі, але і з грыбамі. Так, ад многіх хвароб дапамагаюць настойкі з вясёлкай ці лісічкамі.

Раіса Валькова, якая таксама прадстаўляла Любаншчыну, прывезла рэзнікі — традыцыйныя стравы з тварагу. Мясцовыя гаспадыні цеста, якое ліпне да рук, наразаюць нажом. Акрамя таго, ім наносяць на вырабы малюнак у выглядзе розных крыжыкаў, драпін, адсюль і назва «рэзнікі». Пры Кузьміцкім сельскім доме культуры створана аматарскае аб’яднанне «Кузьміцкія прысмакі». Карысным стравам з тварагу, які робіцца з самакішы (кіслага малака), тут надаецца асаблівая пашана. Стравы з яго бываюць з рознымі дадаткамі, напрыклад, з карыцай, ці з трыпутнікам — апошні варыянт карысны для страўніка. Падзялілася жанчына і сакрэтамі мясцовых гарбат. Раней, калі не было завазных «індыйскіх чаёў», вясковыя жанчыны падсмальвалі на вогнішчы акраец хлеба, кідалі яго ў чыгунок з кіпнем, і так атрымліваўся напой з пахам хлеба. А яшчэ можна зачарсцвелы падсмажаны хлеб кінуць у слоік з цёплай гатаванай вадой, завязаць марляй ці анучкай і пакінуць на два дні ў пячурцы, каб пайшлі бурбалкі. Пасля слоік трэба на некалькі дзён пераставіць у халоднае месца. Калі скарынкі апусцяцца на дно, атрымаецца квас, застанецца толькі працадзіць настой. Таксама квас маглі рабіць з сушанымі яблыкамі ці салодкімі ягадамі. У вялікіх сем’ях жанчыны, якія ўжо не хацелі мець дзяцей, рабілі гарбатку з галінак вішні. Вішнёвы пучок кідалі ў чыгунок з кіпнем і ставілі ў цёплую печ на ноч. Натуральна, цяжарным такі напой забараняўся.

А яшчэ жанчына расказала, што ў пасляваенныя гады вяскоўцы збіралі па вясне рудыя «пупышкі» хвашча, сушылі, малолі і дадавалі ў хлеб.

Святлана Парашчанка, загадчыца клуба на Веткаўшчыне, кіраўнік калектыву «Стаўбунскія вячоркі», адна з захавальніц абрада «Пахаванне стралы», падзялілася сваімі сакрэтамі. З вясны ў вёсцы збіраюць падбел (сродак ад кашлю), пазней чабор, мацярдушку. Растуць у іх такія траўкі, як дуброўка (калган) і зуброўка. Пры болях у суставах у вёсцы прыкладаюць да хворага месца лісты капусты, дзядоўніка. Калі баліць пазваночнік, можна на ноч прыкласці ліст хрэна.

Папулярызацыя

Пра сакрэты раслін сёння можна даведацца і ва ўстановах культуры. Напрыклад, мерапрыемствы, прысвечаныя зялярству, праходзяць ў Беларускім дзяржаўным музеі архітэктуры і побыту. Яго навуковы супрацоўнік Алеся Зінкевіч выступае адным з іх арганізатараў. Дзяўчына падзялілася, што шмат якіх сакрэтаў пераняла ад свайго дзядулі, які жыў у Лагойскім раёне і збіраў розныя зёлкі. Так, у сям’і быў культ святаянніку — ім лячылі ўсе хваробы, ад галаўнога болю да праблем са страўнікам. З чорнай таполі збіралі пупышкі. Настойка з іх — тапялёўка — выкарыстоўвалася для лячэння драпін, парэзаў. Калі балелі ногі, іх расціралі настойкай з мухамора ці ўціралі лісце бэзу (у некаторых мясцовасцях лічыцца, што падыходзіць толькі белы бэз). Узвар з сасновых пупышак лілі на гарачыя камяні ў лазні, а мачалкі рабілі з дзеразы.

Шмат для захавання і папулярызацыі традыцыйных ведаў робяць супрацоўнікі музея народнай культуры Мазыршчыны «Палеская веда». Нямала цікавых звестак яны запісалі ў экспедыцыях. Так у адной з вёсак ім распавялі, што пры купанні нованароджанага хлопчыка ў ваду трэба класці чыстацел і ружовую півоню, каб ён вырас прыгожым, грошы — каб багатым. Купалі абавязкова на белай пялюшцы — каб твар быў чысты, без сыпу. Дзяўчынцы ў ваду клалі чыстацел, мядзвежыя вушкі, пялёсткі ружы — каб была прыгожай і добрай гаспадыняй. Ваду пасля купання вылівалі за парог, каб, як вырасце, пайшла з бацькоўскай хаты. Да года ў калыску клалі кавалак хлеба, каб дарослае жыццё ў нашчадка было сытым. Сродкам ад бяссоння былі шышкі хмелю, імі набівалі падушкі. Ад ціску выкарыстоўвалі каліну. Пры болях у суставах — настоі з мухамораў, сушаныя лісічкі давалі жаваць дзецям ад паразітаў.

Музей Элізы Ажэшкі ў вёсцы Мількаўшчына створаны на базе былой школы на малой радзіме пісьменніцы. Не дзіва, што ў ім вялікая ўвага надаецца зёлкам. Такім было хобі знакамітай зямлячкі. Улетку Эліза Ажэшка ехала з Гародні да прынёманскіх вёсак і разам з мясцовымі жанчынамі збірала расліны... У музеі частуюць вітаміннымі напоямі, расказваюць пра ўласцівасці раслін, робяць кампазіцыі з засушаных кветак.

Па сакрэты раслін можна завітаць і ў аграсядзібы. Напрыклад, пры сядзібе «Дайнаўскі двор» працуе майстэрня смаку «Зёлка-пчолка», гаспадары якой — частыя ўдзельнікі разнастайных фэстаў і фестываляў. Ідэю яны пазычылі з мінулага, калі дазналіся, што раней былі так званыя «пані аптэчковыя». Жанчын наймалі спецыяльна, каб яны нарыхтоўвалі зёлкі, займаліся вырабам мазяў, настоек, воцату. Такая пані — Юлія Літвінава — і кіруе дайнаўскай майстэрняй «Зёлка-пчолка». Яна робіць гарбаткі, у якія дадае як мясцовыя зёлкі, так і нешта сваё — эксперыментуе, падбірае расліны, каб атрымаўся пэўны водар. Юлія, як і раней яе бабуля, таксама пячэ караваі для маладых. Упрыгожвае іх жывымі кветкамі...

Маладыя гаспадары запісваюць за бабулямі рэцэпты і мясцовыя назвы раслін, распытваюць пра традыцыі, развучваюць народныя песні. У адной з экспедыцый, напрыклад, іх уразіў рэцэпт з мухамораў ад адной траўніцы. Настойку з іх тая закопвала ў зямлю ў «гнілыя дні» (калі дні стаяць пахмурныя, уначы на небе не відаць месяца). У зямлі настой павінен быў прастаяць 40 дзён.

Фітаправілы

Раіса Валькова, прывезла рэзнікі — традыцыйныя стравы з тварагу

Сёння зёлкі становяцца папулярнымі, багата парад па іх выкарыстанні можна знайсці ў інтэрнэце, але як папярэдзіў прафесар народнай медыцыны, фітатэрапеўт Мікалай Агрэніч, з раслінамі трэба быць вельмі асцярожнымі. Многія з іх сапраўды здольныя дапамагаць у лячэнні пэўных хвароб, у той жа час яны могуць утрымліваць рэчывы, якія разбураюць печань і ныркі. Як, напрыклад, той жа разраклэмаваны ў сеціве акопнік. Перш чым заняцца такім лячэннем, трэба вывучыць, як працякае хвароба, якія іншыя захворванні могуць быць у чалавека. Часта фіталячэнне трэба падбіраць індывідуальнае, асабліва, калі чалавек мае захворванні нырак. Аматарскае захапленне зёлкамі можа не прыбраць хваробы, а наадварот, ускладніць іх. Калі трыпутнік ці палын даць хвораму на язвенную хваробу дванаццаціперснай кішкі, гэта пагоршыць яго стан. Ёсць шмат нюансаў, якія тычацца жаночага здароўя. Пры прыёме зёлак важна ўлічваць узрост і нават фазы цыкла пацыентак.

Трэба ведаць, як збіраць расліны, як іх ужываць. Ёсць сярод іх дубільныя, і тыя, што ўтрымліваюць слізь, яны ніяк не сябруюць у адным зборы. Верхняя, сярэдняя і ніжняя частка той жа крапівы могуць па-рознаму дзейнічаць.

Да таго ж чалавек недасведчаны можа лёгка заблытацца. Адну і тую ж назву людзі могуць даваць розным раслінам. Бываюць і розныя віды адной і той жа раслінкі, адрозніць якія паміж сабой і спецыялісту няпроста...

Як захаваць і не нашкодзіць?

Беларусь — адна з краін, якая падпісала Нагойскі пратакол, які тычыцца захавання генетычных рэсурсаў і традыцыйных ведаў, з імі звязаных. Сёння неабходна вызначыць, якім чынам можна абараніць «прыродны» пласт нематэрыяльных каштоўнасцяў, які быў назапашаны нашымі продкамі. Безумоўна, неабходна выхоўваць у грамадстве паважлівае стаўленне да такіх ведаў ды іх носьбітаў. Але існуе шмат пытанняў, на якія яшчэ трэба знайсці адказы. Важна захаваць назапашаныя веды, патрэбна папулярызацыя, але ці павінна бабулька, якая валодае тымі ж зёлкавымі сакрэтамі ці рэцэптамі мясцовых страў, дзяліцца імі з усімі, хто да яе прыязджае? Здаралася, што госці з «пазычаных» рэцэптаў атрымлівалі камерцыйную выгаду, калі друкавалі іх. Магчыма, традыцыйныя веды трэба вызначаць як аб’ект інтэлектуальнай уласнасці, а носьбітаў адзначаць дзяржаўнымі сертыфікатамі.

Хто мае права маральнае, інтэлектуальнае пераняць сакрэты зёлак? Ці мусіць за гэта плаціць? Як, прымаючы права на грашовую ўзнагароду, не змяніць менталітэт? Усё ж раней людзі не шукалі ва ўсім карысці, лічылі: госць у дом, гэта Бог у дом. Якія правілы трэба замацоўваць нарматыўнымі дакументамі і як даносіць іх да турыстаў, спажыўцоў, гасцей, можа, праз буклеты і памяткі?

Неабходна разумець, што часта веды, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне, мелі і сакральны складнік. Загадчык аддзела арганізацыйна-метадычнай работы Любанскага раённага цэнтра культуры Сяргей Выскварка прызнаўся, што калі ён бачыў, як у вёску Пагост прыязджалі на абрад Юр’е недасведчаныя людзі і з фотаапаратамі лезлі пасярод карагода, зрываючы сакральнае дзейства, «проста хацелася іх гнаць адсюль палкай». Да гэтага часу не сціхаюць спрэчкі вакол традыцыі выпякання хлеба. Раней гаспадыні нават дзяцей выганялі з хаты, калі мясілі цеста, а сёння паглядзець на гэты працэс ідуць незнаёмыя людзі. Кампраміс быў знойдзены ў тым, што дзейства было перанесена ў клубныя ўстановы.

Добрым варыянтам для папулярызацыі ведаў і стварэння на аснове іх раённых турыстычных брэндаў маглі б стаць аграсядзібы, але сёння неабходна гаспадарам даць правы на тое, каб яны маглі запрасіць людзей і правесці абрад ці тыя ж майстар-класы, звязаныя з зёлкамі.

Добрыя вынікі ў захаванні традыцыйных ведаў дае супрацоўніцтва са школамі. Тут прывіваецца любоў як да мясцовых звычаяў, абрадаў, фальклору, так і наогул да народнай культуры.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Зёлкавыя сакрэты

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.