Да 2025 года ўзровень выкарыстання адходаў у Беларусі павінен дасягнуць 64%, а да 2035-га — 90%. Каб гэта адбылося, адных дырэктыўных планавых намаганняў «зверху» мала. Неабходна (як бы пафасна гэта ні гучала), каб кожны беларус усведамляў, што колькасць адходаў, якія будуць стварацца ўвогуле, а таксама — якія з іх будуць вывозіцца на палігоны, а якія — перапрацоўвацца, залежыць у тым ліку ад яго асабістага стаўлення да смецця. Кропля камень точыць, памятаеце? Набыць тканевую торбу-шопер замест бясконцых пластыкавых пакетаў, не ўгортваць у пакецікі штучна набытыя мандарыны, цыбуліны ці сыркі, не ленавацца выкідаць смецце ў адпаведныя кантэйнеры, не звальваючы іх у адну сметніцу. Гэта тое, што навідавоку, што зрабіць вельмі проста кожнаму з нас. А вось як з адходамі «змагаюцца» і абыходзяцца на ўзроўні краіны, якія наступствы чакаюць планету ад часта бяздумнага спажывецкага ўжытку, чаму немагчыма цалкам перайсці на экаўпакоўку, расказалі эксперты.
З 2012 года ў Беларусі ўкаранілі прынцып пашыранай адказнасці вытворцаў, хоць нейкія падобныя механізмы існавалі яшчэ з 2002-га. Прынцып мае на ўвазе, што адказнасць за абарачэнне з адходамі, якія ўтвараюцца пасля страты таварамі сваёй спажывецкай якасці, перакладаецца на вытворцаў і імпарцёраў гэтых тавараў, нагадала Надзея Арэшка, намеснік дырэктара дзяржаўнай установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў»:
— Вытворцы і імпарцёры, якія ўвозяць у краіну нейкія спажывецкія тавары, у тым ліку і ўпакоўку, абавязаны або самастойна забяспечыць збор адходаў такога ж віду ў пэўнай колькасці (для пластыку, напрыклад, гэта палова ад увезенай колькасці), або ўнесці плату за арганізацыю збору гэтых адходаў. Сродкі акумулююцца і накіроўваюцца на развіццё сістэмы абыходжання з адходамі ў краіне. Такім чынам створаны эканамічныя стымулы для павелічэння збору адходаў, у тым ліку часткова і для прадухілення іх стварэння.
Вызначаны розныя памеры платы, якую ўносяць вытворцы і пастаўшчыкі. Яны зменшаны, напрыклад, для папяровых пакетаў, якія могуць выкарыстоўвацца замест палімерных у параўнанні з усёй папяровай упакоўкай. Менш плацяць і за біяраскладальную ўпакоўку, каб стымуляваць вытворцаў выбіраць той прадукт, які наносіць менш шкоды наваколлю, прывяла прыклады спецыяліст ДМР:
— За кошт сродкаў, якія збіраюцца, ствараюцца таксама дадатковыя механізмы ў дачыненні да арганізацый, якія займаюцца абыходжаннем з адходамі, нарыхтоўчых арганізацый. Напрыклад, уведзена кампенсацыя расходаў па зборы і выкарыстанні шматабаротнай шкляной упакоўкі, што адначасова спрыяе прадухіленню ўтварэння адходаў. Летась было кампенсавана гэткім чынам практычна дзевяць мільёнаў бутэлек, то-бок прадухілілі стварэнне такога аб’ёму адходаў.
Існуюць таксама механізмы для замены непажаданых матэрыялаў — напрыклад, прадугледжана кампенсацыя для вытворцаў напояў і малака за разліў сваёй прадукцыі ў шкляную тару, бо яна прасцей перапрацоўваецца. У краіне ўжо адзначаецца станоўчая дынаміка ў выкарыстанні шкляной тары для гэтых мэтаў. Летась да Аператара звярнуліся за кампенсацыяй прыкладна 118 тысяч бутэлек, а за няпоўны год сёлета — ужо больш як 540 тысяч штук, то-бок павелічэнне больш як у чатыры разы.
Ключавы паказчык у сферы абыходжання з адходамі — узровень іх выкарыстання. Летась ён быў 34%, а дзесяць гадоў таму — усяго 10%. Грошы, якія выплачваюць вытворцы і імпарцёры, дазваляюць Аператару інвесціраваць у аб’екты па абыходжанні з адходамі. Аднак толькі за кошт збору і выкарыстання другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР), дакладней тых іх відаў, якія можна перапрацаваць у прадукцыю, узровень выкарыстання не павысіць, пераканана Надзея Арэшка:
— У рамках Нацыянальнай стратэгіі па абыходжанні з адходамі да 2035 года і дзяржпраграм па абыходжанні з адходамі рэалізуюцца мерапрыемствы, скіраваныя на развіццё іншых кірункаў. Напрыклад, кампаставанне арганічнай часткі адходаў, выраб РДФ-паліва для цэментных заводаў з адходаў, якія не могуць быць адсартаваны і перапрацаваны як другасная сыравіна (у тым ліку частка пластыку, які не падлягае перапрацоўцы).
Шкло — матэрыял, які на 100% паддаецца рэцыклінгу і пасля перапрацоўкі якога не застаецца пабочных матэрыялаў. Кожныя 100 перапрацаваных кілаграмаў шкла эканомяць больш за 1000 кілаграм прыродных матэрыялаў, у тым ліку 200 кіло вапняку, каля 180 кіло соды і больш як 600 кіло пяску, расказалі эксперты.
— Аднак у савецкія часы шкляная бутэлька была літаральна чатырох тыпапамераў і яе можна было збіраць і шматабаротна выкарыстоўваць. Зараз у нас поўная рознакаляровасць у бутэльках: ад празрыстасці да сіні і зялёнасці. І калі проста сабраць гэта «да кучы», то атрымаем шэра-бура-малінавае шкло. Так што не праблема перапрацаваць, але пытанне, як гэта выкарыстоўваць паўторна, — узняў пытанне Валерый Ганчароў, дырэктар Цэнтра сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН Беларусі. — Адказнасць, якая перакладзена на вытворцаў, яны кампенсуюць у кошце прадукцыі, і ўрэшце яна перакладаецца на пакупніка, які і кампенсуе гэтыя затраты вытворцаў на аплату яго пашыранай адказнасці. Мяркуючы ж па кампенсацыі, па якую звяртаюцца вытворцы, шкляная бутэлька, што выкарыстоўваецца паўторна, павінна была ўжо патаннець у некалькі разоў, але ж гэтага не адбываецца.
Так, фактычна свае затраты вытворца закладвае ў кошт прадукту. Але гаворка найперш не пра змяншэнне сабекошту прадукту, а пра тое, каб уздзейнічаць на вытворца эканамічнымі метадамі, каб ён прымаў рашэнне на карысць больш прыдатнага для перапрацоўкі матэрыялу. Вытворцу кампенсуецца розніца паміж коштам пластыкавай бутэлькі і коштам шкляной, заўважыла на гэта Надзея Арэшка:
— У кожнага спажыўца ёсць выбар, ці хоча ён несці адказнасць за будучыню прыроды сваёй краіны і свету ў цэлым. Калі хоча, то, вядома, ён пераплаціць, але ж набудзе тавар у шкляной бутэльцы ці шматабаротнай тары. Аднак заўжды будуць людзі, якім усё роўна і якія будуць выбіраць больш танны прадукт і не думаць пра наступствы ад яго ўпакоўкі.
Свой унёсак на шляху змяншэння выкарыстання палімернай упакоўкі і яе замяшчэння экалагічна бяспечнай робіць і канцэрн «Беллеспаперпрам», у прыватнасці яго цэлюлозна-папяровая галіна.
Дзесяць прадпрыемстваў канцэрна за 2022 год вырабілі 440 тысяч тон паперы і кардону. Ствараюць таксама гафрыраваны кардон для транспарціроўкі розных відаў прадукцыі (175 тысяч тон). На базе Добрушскай папяровай фабрыкі з 2021-га працуе завод па вырабе шматслойнага мелаванага і немелаванага кардону (вырабіў 150 тысяч тон за 2022-і). А Кіруючая кампанія холдынга «Беларускія шпалеры» пачала замяняць пластыкавыя кубачкі папяровымі. Лінія здольная вырабляць за год 185 тысяч тон такой прадукцыі (найбольш запатрабаваныя памеры ад 110 да 450 мл) і ствараць як аднасценныя кубачкі, так і двухсценныя, падзяліўся Аляксандр Казакевіч, галоўны спецыяліст упраўлення цэлюлозна-папяровай і лесахімічнай вытворчасці Беларускага вытворча-гандлёвага канцэрна лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці:
— У бліжэйшым пяцігоддзі плануецца паэтапная рэалізацыя некалькіх інвестпраектаў, сярод якіх — будаўніцтва і ўстаноўка новай папераробчай машыны па вырабе крафт-мяшэчнай паперы на пляцоўцы Светлагорскага цэлюлоза-кардоннага камбіната. Плануецца, што праект будзе рэалізаваны ў 2024-м.
Своеасаблівымі матыватарамі для людзей ставіцца да смецця больш дбайна з’яўляюцца і нарыхтоўшчыкі другаснай сыравіны, якія прымаюць яе ў спажыўца за грошы. За 2022-і нарыхтоўчыя арганізацыі спажывецкай кааперацыі закупілі 3,2 тысячы тон пластыку. Аднак больш грунтоўнае і надзённае пытанне — мінімальнае дапушчэнне нераскладальнага пластыку на тэрыторыю Беларусі, заўважыла Аксана Скіндзер, начальнік упраўлення нарыхтовак Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў «Белкаапсаюз»:
— На жаль, асноўнымі абмежавальнымі мерамі ў нас займаюцца спецыялісты Дзяржстандарта, якія працуюць над пакетам дакументаў, каб мінімізаваць паступленне гэтага пластыку ў рэспубліку. І тое — гэта робіцца толькі апошнія гады, бо вельмі працазатратна. Мала інфармацыі, напісанай проста і зразумела для насельніцтва, што канкрэтна ім рабіць і як ім быць максімальна зацікаўленымі.
Яна нагадала, што спецыялісты расказваюць, як дрэнна, калі пластыкавае смецце трапляе ў кантэйнеры са звычайнымі адходамі і вывозіцца на звалку; як цяжка збіраць пластык асобна і пасля перапрацоўваць яго; як гэта шкодна для прыроды. Аднак ніхто не задумваецца, што хтосьці атрымлівае грошы ад упакоўкі, якая ўвозіцца ў краіну і якая не раскладаецца і не падлягае наступнай перапрацоўцы.
— Мы кажам, як матывуем вытворцаў, якія выпускаюць свой прадукт у шкляной тары, але ж сёння існуе толькі некалькі відаў шклатары, якія зваротныя, і для іх далейшага выкарыстання прадуманы гэты механізм. То-бок мы зрабілі адзін крок, але не зрабілі ўсе наступныя, каб завяршыць гэты ланцужок па шматабаротнай тары.
Аксана Скіндзер пераканана, што работы, якая праводзіцца з насельніцтвам, недастаткова. На яе думку, найбольш прыдатная аўдыторыя для ўсведамлення важнасці пытання збору ДМР, — людзі, народжаныя ў 40–60-я гады мінулага стагоддзя і, вядома, новае пакаленне — цяперашнія школьнікі, якія здольныя паўплываць на сваіх бацькоў.
— Арганізацыі спажывецкай кааперацыі шмат працуюць са школамі. У 2022-м мы заплацілі школьнікам за здачу больш як 200 тон пластыку (бутэлек, крышачак). Пры гэтым вучні разумелі, што ўсё, што яны сабралі, — не вярнулася ў экалагічнае асяроддзе. А яшчэ — што гэта спосаб зарабіць (эканоміка).
Хлебная прамысловасць арганізацый спажывецкай кааперацыі працэнтаў на 60-70 перайшла з пластыкавай упакоўкі на папяровую. А ў кропках грамадскага харчавання па ўсёй краіне, дзе гатуюць стравы на вынас, таксама назіраецца станоўчая дынаміка — у параўнанні з 2020-м у пяць разоў павялічылася выкарыстанне папяровай упакоўкі, якая можа перапрацоўвацца і выкарыстоўвацца далей, дадала спецыяліст.
Аднак існуюць яшчэ сацыяльныя групы тавараў, якія ўпакоўваюцца ў танную палімерную тару, і гэта момант сацыяльнай адказнасці, які трэба размяжоўваць. Значыць, адзіна правільнага падыходу няма — трэба гнутка падстройвацца ў іх дачыненні. А яшчэ паколькі кошт упакоўкі ўсё роўна закладваецца ў цану тавару, то было б добра, калі б спажывец мог зрабіць у краме выбар на карысць умоўна бясплатнага пластыкавага пакета ці ўмоўна бясплатнага папяровага, падсумавалі эксперты.
Ірына СІДАРОК
Фота аўтара
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.