Вы тут

Спартыўны год пачаўся з біятлонных перамог


У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем цікавыя навіны са стадыёнаў.


Героі тыдня. У Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту прайшоў трэці этап розыгрышу міжнароднага Кубка Садружнасці па біятлоне сезона — 2023/24. Беларускія спартсмены даказалі, што дома і сцены дапамагаюць. Лідар нацыянальнай зборнай Антон Смольскі ў першы дзень спаборніцтваў перамог у спрынтарскай гонцы, затым стаў налепшым у гонцы пераследу. А ў заключны дзень спаборніцтваў перамог у гонцы з масавым стартам. На завяршальны этап Кубка Садружнасці, які пройдзе ў красавіку ў Мурманску, Антон адправіцца ў жоўтай майцы лідара. Іншыя беларускія біятланісты ў «Раўбічах» медалёў не заваявалі. Адзіны медаль для жаночай каманды Беларусі заваявала Ганна Сола. Яна перамагла ў гонцы з масавым стартам. Беларуска дапусціла адзін промах на стартавай агнявой мяжы, затое на дзвюх наступных абышлася без памылак і дзякуючы хуткаму ходу па лыжні да заключнай стральбы мела перавагу над саперніцамі больш як хвіліну.

Каманда тыдня. Гандбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі сталі пераможцамі міжнароднага турніру «Кубак дружбы» ў Маскве. Спачатку беларусы абыгралі каманду Ірана — 29:28, затым разграмілі маладзёжную зборную Расіі з вынікам 45:29. А ў заключным матч каманда Юрыя Шаўцова перамагла нацыянальную зборную Расіі з вынікам 32:31. Такім чынам беларускія гандбалісты сталі пераможцамі турніру. Выніковае становішча каманд: Беларусь — 6 ачкоў, Іран — 4, Расія-1 — 2, Расія-2 — 0.

Перамога тыдня. Хакеісты мінскага «Дынама» перамаглі ў выязным матчы рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. Першы ў новым годзе гасцявы паядынак «зубры» правялі ў Ніжнім Ноўгарадзе супраць мясцовага «Тарпеда». Вынік сустрэчы — 5:2. Сёння «Дынама-Мінск» замыкае васьмёрку найлепшых каманд Заходняй канферэнцыі КХЛ, у актыве нашых хакеістаў 45 балаў пасля 46 сустрэч. Далей «зуброў» чакае пяціматчавая хатняя серыя, па ходзе якой мінчане згуляюць са «Спартаком» (9 студзеня), «Тарпедам» (11 студзеня), «Трактарам» (14 студзеня), а таксама двойчы супраць «Куньлуня» (16 і 17 студзеня).

Няўдача тыдня. Другая ракетка планеты Арына Сабаленка пацярпела паражэнне ў фінале турніру WTA-500 у аўстралійскім Брысбене. У вырашальным паядынку беларуская тэнісістка прайграла прадстаўніцы Казахстана Алене Рыбакінай, якая знаходзіцца на 4-й пазіцыі ў сусветным рэйтынгу, — 0:6, 3:6. На шляху да фіналу сёлетніх спаборніцтваў у Брысбене Сабаленка перамагла італьянку Лючыю Бранцэці (52-і нумар рэйтынгу WTA), кітаянку Чжу Лін (33), расіянку Дар’ю Касаткіну (18), а ў паўфінале перайграла беларуску Вікторыю Азаранку (23). У гэтых сустрэчах яна не аддала саперніцам ніводнага сэта.

Ужо ў гэту нядзелю, 14 студзеня, у Мельбурне вядучыя тэнісісткі свету пачнуць выступленне на Australіan Open — 2024, пераможцай якога ў мінулым годзе стала менавіта Арына Сабаленка.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».