Вы тут

Кніжныя навінкі «Звязды» у лютым 2024-га...


Пачаўся новы, 2024-ы, год. Пачалася рэалізацыя новых кніжных праектаў. Звяртаем увагу чытачоў, патэнцыйных пакупнікоў кнігі на тое, якімі навінкамі парадуе Выдавецкі дом «Звязда» у лютым 2024-га... 


Ужо даўно склалася кола прыхільнікаў творчасці вядомага літаратара Віктара Шніпа не толькі як паэта, а яшчэ — і як уважлівага да сённяшняй рэчаіснасці празаіка. Цыкл пісьменніка «Заўтра была адліга...», заснаваны на дзённікавых запісах, складаецца з некалькіх кніг. Новая — «Заўтра была адліга-4» — якраз і пабачыць свет у лютым у «Звяздзе». На старонках выдання чытач знойдзе многа вядомых і не зусім вядомых нашых сучаснікаў. 

У 2024 годзе — 100 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, Героя Сацыялістычнай Працы, лаўрэата Ленінскай прэміі Васіля Быкава. Пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь у добра вядомай серыі «Школьная бібліятэка» пабачыць свет зборнік лепшых аповесцяў класіка беларускай літаратуры «Выбраныя творы».

Ганна Чыж-Літаш — ваенная журналістка, пісьменніца, падпалкоўнік Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь. У мінулым і пазамінулым гадах у «Звяздзе» пабачылі свет тры кнігі маладой пісьменніцы. Зараз увазе чытачоў прапануецца дэтэктыўны раман Ганны Чыж-Літаш «Убийство в поезде Минск — Брест». 

Дзіцячая пісьменніца Валянціна Драбышэўская — новы аўтар для «Звязды». Самаму юнаму чытачу адрасавана яе прыгожа аформленая невялічкая кніжачка сімпатычных мастацкіх твораў «Секретно!: для девчонок». Дарэчы, у «Звяздзе» працуюць і над новымі творчымі праектамі Валянціны Драбышэўскай. У хуткім часе мы раскажам пра іх. І, канешне ж, у самым хуткім часе новыя кнігі В. Драбышэўскай з’явяцца ў бібліятэках краіны, на паліцах кнігарняў.

Ужо стала традыцыяй Выдавецкага дома «Звязда» рыхтаваць кнігі, паэзію і прозу народнага песняра Беларусі з разлікам на юнага чытача. Так, у лютым пабачаць свет у адной кнізе два неўміручых творы класіка — «Міхасёвы прыгоды» і «Савось-распуснік». Кніга выйдзе ў прыгожым мастацкім афармленні. Між іншым, ужо двойчы на пляцоўцы Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа праводзіўся — у 2022 і 2023 гадах — фестываль дзіцячага чытання і дзіцячай кнігі «Міхасёвы прыгоды». Мяркуецца, што пройдзе ён і сёлета, на пачатку чэрвеня. Поруч з музеем, Коласавым домам, арганізатарам фестываля выступае і Выдавецкі дом «Звязда». 

Выйдзе ў «Звяздзе» і ўжо добра вядомы твор, які не аднойчы прыходзіў да чытача раней, — паэма Святланы Быкавай «Легенда Заслаўя». Ілюстратарам выступіў вядомы кніжны графік Валянцін Макаранка. 

Падзеяй для Выдавецкага дома «Звязда» і, спадзяёмся, для многіх чытачоў стане і выхад яшчэ аднаго зборніка вершаў нашага вялікага класіка — «Цвяток радзімы васілька» Максіма Багдановіча. 

Кніжныя навінкі ад «Звязды» можна набыць у кнігарнях ААТ «Белкніга» па ўсёй краіне і ў кнігарні «Акадэмкніга» у Мінску па адрасе: праспект Незалежнасці, 72. 

Сяргей ШЫЧКО

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?