Вы тут

Моманты жыцця Уладзіміра Марука


З Уладзімірам Маруком я пазнаёміўся ў 2004 годзе ў «Полымі», дзе ён тады працаваў намеснікам галоўнага рэдактара. Здаецца, і ў само «Полымя» таксама завітаў упершыню, хоць публікаваўся ўжо ў «Маладосці», іншых літаратурных выданнях, выдаў некалькі кніг. Яно ж самае патрабавальнае, і таму не асмельваўся. Канечне ж, вельмі хваляваўся. У аддзеле прозы здаў новыя апавяданні, гутарылі з супрацоўнікамі. З’яўленне Марука не адразу і заўважыў, гэтак ціха ён увайшоў і гэтак жа ціха пачаў нешта абмяркоўваць з калегам, які неўзабаве і пазнаёміў нас.


Уладзімір Марук. Фота Кастуся Дробава.

Завочна я ўжо ведаў гэтага выдатнага паэта па вершах у перыёдыцы, а кнігу «Ліст рабіне» набыў яшчэ, калі не здраджвае памяць, у 1988-м ці крыху пазней, будучы студэнтам БДУ. Пасля таго знаёмства дома разгарнуў нанова кнігу паэта і прыгадаў, наколькі ўважліва штудзіраваў той сур’ёзны, на 127 старонак, зборнік. Каля паловы вершаў былі так ці іначай пазначаны алоўкам: альбо падкрэслены асобныя радкі, альбо на палях значыліся кароценькія каментарыі, птушачкі, клічнікі. Тыя пазначаныя радкі можна прывесці і зараз, бо кніга захавалася, як і тысячы іншых:

Неба абшыта карункамі

Лесу, з якога бягу...

Сэрца жывымі малюнкамі

Я наталіць не магу.

Гэтае чатырохрадкоўе выдзеліў доўгім, на ўсю вышыню, клічнікам. Як і яшчэ адно, апошняе ў паэтычным творы «Ненапісаныя вершы»:

Няўжо пачнуць бяздарнасцю крышыць

І мукі тыя, і той боль паднебны?..

Мне верш, што ненапісаны, патрэбны,

Каб веру у сябе не патушыць.

У анатацыі да зборніка чытаю: «Узаемасувязь чалавека і прыроды — адна з галоўных тэм зборніка. Малады паэт уважліва прыслухоўваецца да шолаху лістоты, якая, „як душа, прасвечваецца“ (...) Яркае полымя рабіны — паэтычны сімвал чалавечнасці і высокага сэнсу жыцця людзей. Вершы ў паэта часта набываюць філасофскае гучанне».

На жаль, у газетным артыкуле немагчыма вымаляваць больш-менш поўны партрэт юбіляра (плошча аркуша не дазваляе), так шмат хочацца сказаць у сувязі 70-годдзя з дня яго нараджэння. А трэба і з біяграфіяй чытача пазнаёміць. Яна, дарэчы, якраз і пралівае святло на паэтычныя прыхільнасці паэта. Нарадзіўся ж у лясным краі, у хаце, якая стаяла і цяпер стаіць крыху паводдаль ад вёскі.

Гэтая вёска — Гута. Яна вядомая тым, што некалі тут выплаўлялі шкло, а з яго — розныя вырабы, бо ў тых мясцінах зямля назапасіла шмат найкаштоўнейшай сыравіны для гэтай справы; сёння такія прадпрыемствы называюць шклозаводамі. Увогуле ж, такую назву ў Беларусі носяць 26 вёсак, у тым ліку 6 — на Берасцейшчыне. Вось і адзін са сваіх вершаў паэт пачынае: «Гута — крыштальнае дно».

У Гуце зноў спаткаўся з Уладзімірам Антонавічам некалькі гадоў таму, калі пісаў нарыс пра гэтае цяпер малалюднае — усяго некалькі дзясяткаў чалавек — паселішча. Гэтым разам ён пазіраў на мяне сваімі добрымі і самотнымі вачыма (як і тады) з шыльды на сцяне бацькоўскай хаты, на якой выбіты наступныя радкі: «У гэтай хаце 6 студзеня 1954 года нарадзіўся і вырас паэт, рэдактар, перакладчык Марук Уладзімір Антонавіч». Адсюль — выток яго жыцця і творчасці.

З маленства цяжка хварэў, таму трапіў у Моўчадскую сярэднюю санаторную школу-інтэрнат. Гэтая невылечная хвароба сэрца спадарожнічала яму ўсё жыццё. Паводле расповеду Алены Кулан, бібліёграфа Ганцавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя В. Ф. Праскурава, якая скрупулёзна даследавала жыццё і творчасць літаратара-земляка, у 1970 годзе юнак паступіў у Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. «Адарваны, здавалася б, ад родных каранёў, ад тае прасторы, што знітоўвае душу з паэтычным светабачаннем, Уладзімір усё ж умацаваўся ў сваіх паэтычных перакананнях. Поруч быў і настаўнік — Аляксей Пысін, які ўмеў заўважыць і падтрымаць талент», — зазначае Алена Юр’еўна.

Атрымаўшы адпаведны дыплом, Уладзімір Марук вярнуўся на родную Ганцаўшчыну. Працаваў у цэнтральнай раённай і дзіцячай бібліятэках, Шашкоўскай сельскай бібліятэцы, у аўтаклубе. Гэтая праца з кнігай і чытачамі яшчэ болей прыахвочвала да ўласнай творчасці. І вось у 1974 годзе ў часопісе «Маладосць» надрукаваны цэлы цыкл вершаў маладога паэта, які засведчыў яго несумненны паэтычны талент.

У 1975-м Уладзімір Марук паступае на філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Менавіта тут ва ўсёй красе праявіўся яго талент, канчаткова акрэсліўся непаўторны паэтычны почырк. Вершы паэта ахвотна друкавалі газеты «Чырвоная змена», «Знамя юности», «Мінская праўда», часопіс «Маладосць»... Аднакурснікамі і, вядома, сябрамі-паплечнікамі былі вядомыя сёння пісьменнікі Кастусь Жук, Хрысціна Лялько, Уладзімір Мазго, Мікола Мятліцкі, Алесь Пісьмянкоў, Уладзімір Ягоўдзік... Кожны з іх, адчуўшы да сябе ўвагу кіраўніка ўніверсітэцкага літаб’яднання «Узлёт» Алега Лойкі, ужо ў студэнцкія гады знайшоў свой мастацкі кірунак. З рупліўцаў-«узлётаўцаў» Уладзімір Марук — асоба і ў студэнцтве вядомая. Быў старастам літаратурнага аб’яднання. Друкаваўся няшмат, але кожная з публікацый успрымалася як падзея для сапраўдных аматараў паэзіі.

Настаўнічаў пасля заканчэння вучобы нядоўга, бо ўжо быў заўважаны на, так бы мовіць, літаратурным Парнасе краіны. Яго запрасілі ў газету «Звязда» — прызначылі на пасаду карэспандэнта, загадчыка аддзела літаратуры і мастацтва, пасля працаваў рэдактарам, загадчыкам аддзела выдавецтва «Юнацтва», галоўным рэдактарам выдавецтва «Белфакс». Апошняе месца працы — намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Полымя».

За час сваёй творчай дзейнасці выдаў кнігі паэзіі «Зоркі ў кронах», «Ліст рабіне», «Інкрустацыя голасам» (апошняя прыжыццёвая кніга пра вытокі духоўнасці чалавека, выдадзеная ў 1991-м), дзіцячыя «Ехаў чыж у Парыж», «Чыж вярнуўся з-за мяжы» і іншыя, займаўся перакладамі з рускай, армянскай, узбекскай, туркменскай моў на беларускую.

Зборнік вершаў «Кудмень» аўтар, на вялікі жаль, не паспеў убачыць. Ён выйшаў свет у 2011-м. Хоць падрыхтаваны быў даўно і праляжаў у выдавецтве «Мастацкая літаратура» амаль 15 гадоў. Назву яму дало даўно забытае старажытнае слова, якое азначае амулет, абярэг. У кнізе аўтар працягвае тэму, якую пачаў глыбока распрацоўваць у «Інкрустацыі голасам»: што з’яўляецца нашым абярэгам ад бездухоўнасці і цынізму, ад бязладдзя. Не толькі змест зборніка, але ўжо адна толькі назва і інтрыгуюць, і вяртаюць нас у глыбіні народнай памяці, нашых вытокаў. Зноў-такі, на вялікі жаль, не ўбачыў аўтар і самую апошнюю сваю кніжку «Яршы плялі кашы».

Вось такія дзве сустрэчы з выдатным паэтам і чалавекам Уладзімірам Маруком — першая ў Мінску і апошняя ў Гуце. А паміж імі — цеплыня, якая межаў не мае.

Анатоль КРЭЙДЗІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».