14 кастрычніка, панядзелак

Вы тут

Аргенцінскі суд заблакіраваў частку рэформаў прэзідэнта краіны


Аргенцінскі суд заблакіраваў частку рэформаў прэзідэнта краіны

Суд у Аргенціне прыпыніў дзеянне часткі мераў надзвычайнага ўказа прэзідэнта Хаўера Мілея, якая датычыцца змен працоўнага заканадаўства. У заяве суда гаворыцца, што гэта зроблена для ўдакладнення, ці мае прэзідэнт права імплементаваць гэтыя меры без ухвалення Кангрэса.

Скаргі на рэформы падаў найбуйнейшы ў краіне прафсаюз CGT, які прызначыў на 24 студзеня агульнанацыянальную забастоўку. Падпісаны прэзідэнтам 20 снежня «мега-ўказ», у прыватнасці, накладваў абмежаванні на правядзенне забастовак у некаторых сектарах, у тым ліку ў сферы транспарту, адукацыі, аховы здароўя і сувязі. Дакумент таксама даў работадаўцам магчымасць павялічыць максімальны выпрабавальны тэрмін з трох да васьмі месяцаў.

Указ можа быць таксама адхілены Кангрэсам, дзе ў партыі кіраўніка дзяржавы няма большасці ні ў верхняй, ні ў ніжняй палаце. Мілей уступіў на пасаду прэзідэнта Аргенціны 10 снежня. У сваёй першай прамове ў якасці кіраўніка дзяржавы ён ахарактарызаваў сітуацыю ў краіне як крытычную і заявіў аб неабходнасці шокавых мер у эканоміцы. «Перад тым, як сітуацыя пачне паляпшацца, яна пагоршыцца», — заявіў Мілей.

Неўзабаве пасля ўступлення на пасаду яго адміністрацыя дэвальвавала аргентынскі песа больш чым на 50 працэнтаў і абвясціла аб значным скарачэнні шчодрых дзяржаўных субсідый на паліва і транспарт. Мілей таксама аб'явіў аб спыненні ўсіх новых праектаў грамадскага будаўніцтва і аб прыпыненні на год дзяржаўнай рэкламы.

20 снежня ён выступіў са зваротам да нацыі, у якім абвясціў аб падпісанні надзвычайнага ўказа, і пералічыў 30 асноўных рэформаў, у якія ўвайшлі адмова ад рэгулявання цэн, рэформа мытных правілаў для палягчэння міжнароднага гандлю, падрыхтоўка да прыватызацыі дзяржаўных кампаній і забарона на ўвядзенне абмежаванняў на экспарт. Прапанаваныя меры неадкладна выклікалі масавыя пратэсты ў краіне, дзе, паводле ацэнак, каля 40 працэнтаў насельніцтва жыве за рысай беднасці.

Паводле даных нацыянальнага інстытута статыстыкі, у лістападзе гадавая інфляцыя ў Аргенціне склала 160 працэнтаў. Дэфіцыт бюджэту ацэньваецца ў 5,2 працэнта ВУП. Адной з праблем застаюцца высокія цэны на энергарэсурсы, якія імпартуюцца. Адток капіталу і зніжэнне даходаў ад экспарту прывялі да росту дзярждоўгу. Паводле звестак МВФ, да канца мінулага года ён складаў каля 90 працэнтаў ВУП.

Прынц Дацкі стане каралём

Каралева Даніі Маргрэтэ ІІ нечакана абвясціла аб сваім адрачэнні ад трона, выступаючы з навагоднім тэлезваротам да нацыі. Афіцыйна адрачэнне адбудзецца 14 студзеня, калі споўніцца 52 гады з таго часу, як яна стала каралевай. Пасля сыходу Маргрэтэ каралём стане яе старэйшы сын, наследны прынц Фрэдэрык. Муж каралевы, французскі дыпламат і прынц-кансорт Хенрык памёр у 2018 годзе.

83-гадовая Маргрэтэ ІІ з’яўляецца самым доўгакіруючым манархам у гісторыі Даніі, яна ўзышла на трон пасля смерці свайго бацькі караля Фрэдэрыка ІX у 1952 годзе. У адрозненне ад брытанскай каралеўскай традыцыі, афіцыйнай цырымоніі каранацыі 55-гадовага наследнага прынца Фрэдэрыка не будзе. Замест гэтага ў гэты ж дзень палац абвесціць аб яго ўзыходжанні на трон.

Прэм’ер-міністр Даніі Мэтэ Фрэдэрыксен ад душы падзякавала каралеве за доўгае і нястомнае служэнне каралеўству. АР адзначае, што Маргрэтэ ІІ была папулярная, і многія датчане чакалі, што яна застанецца на троне да смерці, хаця ў апошнія гады каралеўская сям’я, па прыкладзе іншых манархій Еўропы, вырашыла скараціць колькасць найсвятлейшых нашчадкаў, якія атрымліваюць дзяржаўны грант і выконваюць каралеўскія абавязкі. Гэта прывяло да публічнага расколу ў каралеўскай сям’і пасля таго, як дзеці малодшага брата наследнага прынца Фрэдэрыка, прынца Іаакіма, былі пазбаўлены сваіх каралеўскіх тытулаў.

Цэны на гатэлі ў Парыжы ўзраслі ўтрая

Уладальнікі гасцініц спрабуюць атрымаць максімум з сітуацыі. Пра гэта гаворыцца ў даследаванні, праведзеным асацыяцыяй па абароне правоў спажыўцоў UFC-Que Choіsіr, паведаміў Euronews. Эксперты сцвярджаюць, што па меры набліжэння Алімпіяды рост цэн працягнецца і цалкам здольны дасягнуць 500 працэнтаў.

Нават самыя сціплыя гатэлі ў французскай сталіцы сёння не па кішэні шматлікім турыстам. «Мы рады, што прыехалі ў Парыж цяпер, таму што падчас Алімпіяды мы дакладна не прыедзем», — заўважыла адна з турыстак. Другая вандроўніца таксама адзначыла, што не прыедзе на Алімпіяду, «таму што цэны занадта высокія».

Уладальніца гатэля Hotel du Muguet Шарлін Пелецье заявіла, што павінна падняць цэны, каб падцягнуцца за канкурэнтамі. «Гэта выключнае мерапрыемства, так што мы стараемся атрымаць з яго максімум», — заявіла Пелецье. Каб абмежаваць чаканы масавы рост цэн падчас Гульняў, французскія ўлады правядуць праверку 10 тысяч гасцініц і рэстаранаў па ўсёй краіне.

Чакаецца, што падчас Алімпійскіх гульняў сталіцу Францыі наведаюць 16 мільёнаў турыстаў. Алімпіяда ў Парыжы пройдзе з 26 ліпеня 
да 11 жніўня.

Абвастраецца супрацьстаянне паміж КНДР і Паўднёвай Карэяй

Рызыкі прамога сутыкнення ўзброеных сіл КНДР і Рэспублікі Карэя ў 2024 годзе найбольш высокія. З такой ацэнкай выступіла Цэнтральнае тэлеграфнае агенцтва Карэі (ЦТАК), паведаміла ТАСС.

Агенцтва назвала «самазабойчым бясчынствам» некалькі вучэнняў паўднёвакарэйскіх ваенных у 2024 годзе і заявы кіраўніцтва Рэспублікі Карэя аб умацаванні ваеннага патэнцыялу. 

«Па просьбах і пры актыўным супрацоўніцтве марыянетак яшчэ больш інтэрвентаў,  у першую чаргу з ЗША і Японіі, будуць блукаць па Карэйскім паўвостраве, яны праводзяць беспрэцэдэнтную па маштабе правакацыйную палітыку ў ваеннай сферы, якая ўключае ядзерны ўдар. У сувязі з гэтым сёлета рызыкі сутыкненняў найбольш высокія», — адзначаецца ў каментарыі ЦТАК.

Трэба мабілізаваць самыя магутныя сродкі, каб знішчыць ЗША і Паўднёвую Карэю, калі яны абяруць шлях ваеннай канфрантацыі супраць Паўночнай Карэі, раней заявіў лідар КНДР на сустрэчы з камандзірамі Карэйскай народнай арміі. Кім Чэн Ын адзначыў, што небяспека ўзброенага канфлікту на Карэйскім паўвостраве становіцца рэальнай з-за «варожых манеўраў» з боку сапернікаў. «Калі вораг выбера шлях ваеннай канфрантацыі, наша армія павінна нанесці смяротны ўдар, каб цалкам знішчыць яго, мабілізаваўшы ўсе самыя цвёрдыя сродкі і магчымасці без найменшых ваганняў», — заявіў лідар КНДР (цытата па Reuters).

Кім Чэн Ын 28 снежня загадаў арміі і ваеннай прамысловасці актывізаваць намаганні па падрыхтоўцы да магчымай вайны. Паводле яго слоў, уз’яднанне з Паўднёвай Карэяй немагчыма, паколькі тая «выбрала сваёй нацыянальнай палітыкай «уз’яднанне шляхам паглынання» і «аб’яднанне сістэмы», што рэзка кантрастуе з лініяй нацыянальнага ўз’яднання, заснаванай на прынцыпе «адна нацыя, адна дзяржава і дзве сістэмы», якой прытрымліваецца Паўночная Карэя.

ЗША і Паўднёвая Карэя нарошчваюць супрацоўніцтва ў галіне ядзернага стрымлівання КНДР на фоне частых ракетных выпрабаванняў і запуску яе першага ваеннага спадарожніка-разведчыка «Манрыген-1» у лістападзе. У снежні Вашынгтон, Сеул і Токіа правялі вучэнні з прыцягненнем амерыканскага стратэгічнага бамбардзіроўшчыка B-1B.

У сувязі з запускам КНДР разведвальнага спадарожніка Паўднёвая Карэя часткова прыпыніла дзеянне пагаднення аб зніжэнні напружанасці ў ваеннай сферы з Пхеньянам ад 19 верасня 2018 года. У адказ Паўночная Карэя скасавала гэтае пагадненне, абвінаваціўшы суседнюю краіну ў «наўмысных і правакацыйных манеўрах», якія давялі сітуацыю да «некантралявальнай».

Першыя ў 2024 годзе артылерыйскія вучэнні паўднёва-карэйскае войска правяло ўжо 1 студзеня. На наступны дзень артылерыйскія вучэнні паўтарыліся. 3 студзеня ваенна-марскія сілы Рэспублікі Карэя правялі манеўры з баявымі стрэльбамі і ўдзелам 13 караблёў у Жоўтым, Японскім морах і ў водах на поўдзень ад Карэйскага паўвострава. 29 снежня пачаліся сумесныя вучэнні Рэспублікі Карэя і ЗША ў мясцовасці побач з горадам Пхачхон, яны працягнуліся да 5 студзеня.

Як адзначыла агенцтва ЦТАК, Паўднёвая Карэя пачала 2024 год «гулам гармат» і «канфрантацыйным трызненнем», гэта сведчыць аб тым, што міру і стабільнасці на Карэйскім паўвостраве не будзе, калі пакінуць без адказу «безразважлівасць марыянетак». «Гэта выродлівая зграя шалёных сабак — усяго толькі дакладны перадавы атрад амерыканцаў, іх гарматнае мяса. І чым яны буйнейшыя, тым хутчэй іх адправяць на бойню. Аматараў канфрантацыі ў новым годзе чакаюць настолькі пакутлівыя моманты, што яны і ўявіць не могуць», — папярэдзілі аўтары каментарыю.

Дзясяткі мільёнаў амерыканцаў могуць застацца без інтэрнэту

22 мільёны амерыканцаў могуць застацца без інтэрнэту напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у 2024 годзе. Пра гэта паведаміла Polіtіco. У матэрыяле адзначаецца, што федэральнаму ўраду ЗША давядзецца згарнуць «Праграму даступнай сувязі», калі Кангрэс да вясны не зможа знайсці спосаб фінансавання, які дазволіць пакрываць выдаткі на інтэрнэт малазабяспечаным амерыканцам.

«Праграма даступнай сувязі» дзейнічае з 2020 года. Яна была запушчана як часовая мера падчас пандэміі COVІD-19, а пазней паўнацэнна замацавана Джо Байдэнам. Але цяпер дзяржаўнае субсідзіраванне шырокапалоснага інтэрнэту знаходзіцца пад пагрозай. Праграма апынулася ў «пастцы партыйнай вайны» паміж дэмакратамі, якія падтрымліваюць далейшае функцыянаванне праекта, і рэспубліканцамі, якія лічаць, што гэта дасць занадта моцную перавагу Байдэну пры пераабранні. Для цяперашняй адміністрацыі гэтая праграма вельмі выгадная ў палітычным плане і можа адыграць сваю ролю падчас выбараў. Прэзідэнт ЗША з часам жадае далучыць да праграмы яшчэ 30 мільёнаў сем’яў.

Паводле інфармацыі Polіtіco, многія рэспубліканцы не вельмі давяраюць гэтай праграме. Яны сумняваюцца, што «дапамога сапраўды пашырае шырокапалосны доступ для амерыканцаў, якія маюць у ёй патрэбу,і, здаецца, падазраюць, што многія абаненты маглі б дазволіць сабе шырокапалосны доступ і без яе». Таксама яны падазраюць «Праграму даступнай сувязі» ў махлярстве, а федэральную камісію па сувязі ў бяздзейнасці. Напрыклад, у 2022 годзе больш за тысячу хатніх гаспадарак Аклахомы падпісаліся на праграму, выкарыстоўваючы асобу аднаго і таго ж чалавека. Старшыня Палаты прадстаўнікоў па энергетыцы і гандлі Кэці Макморыс Роджэрс заявіла: «Мы ўсё яшчэ вывучаем гэтае пытанне і спрабуем атрымаць больш інфармацыі аб тым, як былі выкарыстаны грошы».

Пры гэтым, на думку экспертаў, завяршэнне фінансавання можа згуляць супраць рэспубліканцаў, бо менавіта іх будуць абвінавачваць у тым, што 22 мільёны чалавек страцяць доступ у інтэрнэт. На думку Polіtіco, спыненне праграмы можа негатыўна адбіцца на дачыненне малазабяспечаных амерыканцаў да дзейнай улады і на прэзідэнцкія выбары, запланаваныя на 5 лістапада 2024 года.

Падрыхтаваў Захар БУРАК

Загаловак у газеце: Трывожны паўвостраў

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Асноўную частку часу Аўноў паглыне праца. 

Грамадства

Які культурны код зашыфраваны ў «Абрадvеі»?

Які культурны код зашыфраваны ў «Абрадvеі»?

«Я натхнялася творчасцю беларускіх бабуль...»

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.