Вы тут

Выстаўку акварэльнай мініяцюры можна пабачыць на Кастрычніцкай плошчы


Да 13 студзеня ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» (Кастрычніцкая плошча, 1) можна ўбачыць змястоўны праект «Птушыны свет». Выстаўка акварэльнай мініяцюры падрыхтавана ўдзельнікамі арт-студыі «АКВАВІР», якая аб’ядноўвае мастакоў-аднадумцаў. Многія гады кіраўніком суполкі быў прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Уладзімір Рынкевіч. Менавіта яму належала ідэя стварыць такую выстаўку. Ажыццявіць ідэю Уладзімір Іванавіч не паспеў — пайшоў з жыцця ў снежні 2021 года.


Фрагмент экспазіцыі.

Асноўная частка членаў аб’яднання — былыя выпускнікі і выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Яны працуюць у тэхніцы вадзянога жывапісу. Сярод аўтараў — Наталія Авяр’янава, Ганна Алёшына, Аляксандр Арцюхоў, Ягор Арцюхоў, Карына Волкава, Ірына Данскова, Алена Зданевіч, Ірына Кітаева, Ала Кушнер, Гунефа Мацюшэнкава, Наталля Шапавалава... Яны разам з некаторымі іншымі ўдзельнікамі арт-студыі «АКВАВІР» арганізавалі выстаўку акварэльнай мініяцюры «Птушыны свет», куды ўключылі, дарэчы, некалькі твораў Уладзіміра Рынкевіча: «Заляцанне» (1997), «Зачараваныя лесам» (1998), «У чаканні вяртання» (2014) і «Птушыны свет» (2014).

Да тэмы звярнуліся з той прычыны, што птушка ўяўляе сабой сімвал душы, вызваленай ад зямных ланцугоў, аб’яднанасці з нябеснымі сіламі. Яшчэ гэты вобраз нагадвае пра творчы палёт мастака, залежны нават ад слабых павеваў ветру, незразумелы, нябачны і незаўважны для многіх... У прадстаўленых работах аўтары імкнуліся аб’яднаць розныя аспекты гэтай тэмы і раскрыць яе з асаблівага ракурсу. Напрыклад, дэманструюцца абстракцыі ў даволі малым фармаце.

Наталля Шапавалава. Дыптых «Чарада. Ноч і дзень», 2022 г.

У акварэлі выбраная тэма раскрываецца як мага ўдала. Уся яркасць і лёгкасць птушак, іх моц, прыгажосць і непаўторнасць могуць быць выразна адлюстраваны менавіта ў графіцы і акварэлі. А, напрыклад, у жывапісе тэма птушак раскрываецца зусім інакш — меней вытанчана, без хітрыкаў. Найчасцей яны –  прамое сведчанне той ці іншай падзеі або з’явы, ясны сімвал, які суправаджае героя (белы голуб азначае мір, крумкач звычайна выступае як пасланец пекла, сава ці пугач сімвалізуе мудрасць, інтуіцыю, альбо цемру, лебедзь стаў увасабленнем адданасці, вернага і чыстага кахання). Хоць, натуральна, можна знайсці шмат твораў, што ўслаўляюць гэтых істот, выводзяць іх на першы план. Сярод такіх — «Маленькая сава» Альбрэхта Дзюрэра (1506), «Зімародак» Вінсэнта Ван Гога (1886), «Певень» Марка Шагала (1929). У гэтым шэрагу і карціна Карэла Фабрыцыуса «Шчыгол» (1654), якая стала знакамітай пасля змяшчэння на вокладку аднайменнай кнігі Доны Тарт.

Наталія Авяр’янава «Ледзяная агамі», 2020 г.

Аднак акварэльныя мініяцюры ў гэтым рэчышчы ніякім чынам не хаваюць канкрэтнага вобраза, ідэі застаюцца выразныя. А на іх выстаўка багатая — усё ж кожны аўтар расказвае ўласную гісторыю, няхай і абмежаваную канцэпцыяй.

— Тэма птушак і птушынага свету вялікая і аб’ёмная, падыходзіць да яе можна з розных бакоў і вызначаць кожны раз тыя ці іншыя аспекты, — разважаюць стваральнікі часовай экспазіцыі. — Сімвалічны, калі птушка становіцца знакам, сэнс якога зразумелы адразу; міфалагічны, калі птушка пераўтвараецца ў чарадзейную істоту і становіцца асновай сакральнага апавядання; філасофскі, калі, назіраючы за тым, як птушкі жывуць суразмерна сваёй прыродзе, глыбока адчуваючы сябе і свой рытм, міжволі задумваешся аб чалавечым жыцці; эстэтычны, калі мастацкае ўвасабленне пачынаецца са спробы перадаць прыгажосць гэтых дзіўных, ні на кога не падобных істот.

Ірына Кітаева «Змярканне», 2023 г.

Адметныя каляровыя і чорна-белыя, месцамі цалкам абстрактныя работы прадставіла Наталія Авяр’янава. Яна даследавала тэму палёту, руху, але асаблівую ўвагу надала матыву супраціўлення. Так ці інакш, з ім даводзіцца сутыкацца, каб дасягнуць мэты. А часам і няма ніякай мэты, а ёсць толькі дарога, і трэба ўсё роўна супраціўляцца, нават самому сабе, каб працягваць ісці... Дыптых «Скрозь церні» (2023) выдатна паказвае падобны шлях.

Адрозныя — яркія гумарыстычныя і змрочныя, напоўненыя глыбокім зместам, — творы прэзентавала Ганна Алёшына. Яе птушкі мініяцюрныя, незаўважныя, недзе кволыя: такі напамін аб крохкасці жыцця, асабліва маладога. Мастачка спрабуе эксперыментаваць, але звяртаецца і да традыцый акварэлі, і найбольш адметным атрымліваецца сумяшчэнне гэтых відаў творчасці. Напрыклад, работы «Перапалох», «Назіраем», «Блакітніцы» (усе 2023 года) вельмі трапна апісваюць птушынае быццё.

Пра будзённае разважае таксама Ірына Данскова — дэманструецца яе серыя (хоць і не заяўленая як такая), прысвечаная розным порам года. Пейзажы па каларыце, кампазіцыі, дэталях нагадваюць найлепшыя ўзоры традыцыйнай акварэльнай ілюстрацыі.

Алена Зданевіч «Крыжадзюб», 2023 г.

На жаль, на выстаўцы «Птушыны свет» можна ўбачыць толькі адну работу («La Creazione di...», 2023) Ягора Арцюхова, які пераасэнсоўвае знакаміты сюжэт Мікеланджэла. Здаецца, мастак здольны здзівіць і парадаваць гледача, якому ў айчынным мастацтве не хапае нечаканых адсылак, смелых параўнанняў і трапнага гумару.

Вартыя асаблівай увагі акварэлі Наталлі Шапавалавай. Тут зноў хочацца выказаць шкадаванне з-за іх нязначнай колькасці: гэта «Застаёмся зімаваць» (2023), «Птушаняткі» (2023) і дыптых «Чарада. Ноч і дзень» (2022). Не абцяжараныя лішнім зместам, яны нібы фрагменты болей маштабных гісторый, якія патрабуюць працягу ў выглядзе тых жа серый. Гаворка не пра абрывачнасць ці незавершанасць кампазіцый. Тут хутчэй асабістая цікавасць да сюжэтаў, якія здольная нарадзіць аўтарская фантазія, да адкрыццяў, што яна абяцае. Ці гэта не трыумф мастака, калі назіральнік чакае, што будзе далей?

Упрыгажэннем экспазіцыі сталі таксама акварэлі Гунефы Мацюшэнкавай. «У ночы» (2017), «Ён, яна... Вясна» (2018), «Узнясенне» (2020), «Тая, што глядзіць» (2021), «Вачыма птушкі» (2021), «Калі месяц быў чырвоны» (2023), «Птушыная гара» (2023) — усе гэтыя работы сведчаць пра шырокі спектр магчымасцей аўтара, яе адметны погляд на рэчаіснасць, багаты тэматычны дыяпазон, рознасць падыходаў... З аднаго боку, перад гледачамі паўстаюць відавочныя абстракцыі, з другога — выразныя гісторыі, напоўненыя алегорыямі, з іншага — ірэальныя сюжэты. У работах злучаюцца розныя пачаткі — прыродны і культурны. Гунефа Мацюшэнкава галоўным чынам разважае пра сувязь зямнога і нябеснага, пра недасяжнае і невядомае. І гэтым вабіць гледача.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.