Вы тут

Уменне бачыць шчасце, як Алесь Савіцкі


Нямала прыкладаў, як некалі сектар мастацкай літаратуры Цэнтральнага Камітэта Кампартыі Беларусі ўмешваўся ў творчыя справы. Меў да гэтага адносіны і загадчык яго, вядомы пісьменнік Алесь Савіцкі. Але не думаў, што «пагарыць» і сам. «Спатыкнуўся» на рамане «Тры непражытыя дні». Не паспеў апублікаваць у часопісе «Полымя», як пасыпаліся ў ЦК ананімныя абурэнні. Гэта ж трэба, каб персанажы выказвалі свае пачуцці блізу Хатыні. А Анатоль Вялюгін пад сваім прозвішчам нават выступіў у «ЛіМе» з эпіграмай. Маскоўская ж прэса зусім агрэсіўнай была. Каб апярэдзіць падзеі, Алесь Ануфрыевіч звярнуўся з лістом да першага сакратара ЦК КПБ Пятра Машэрава. Папрасіў у яго дазволу пайсці на творчую працу. Пазней успамінаў:

«Калі ў часе гаворкі — а яна ішла да поўначы — у кабінет зазірнуў другі сакратар, Машэраў сказаў:

— А ўсё ж такі пасаду яму трэба падабраць. ЦК што? ЦК вытрымае. А ён можа зламацца...

Тады я вазьмі ды скажы ў адказ:

— Няўжо Вы, Пётр Міронавіч, мяркуеце, што ў былога камандзіра падрыўной групы мужнасці меней, чым у былога партызанскага камісара (ім быў у вайну Пётр Міронавіч. — А. М.)?

Машэраў смяяўся ад душы!»

Так у 1973 годзе Алесь Ануфрыевіч пайшоў на творчы хлеб. Раман «Тры непражытыя дні» перапрацаваў, з’явіўся новы варыянт — «Толькі аднойчы». Як і задумвалася, прысвечаны маральна-этычнай праблематыцы. Ёй напоўнены і некаторыя іншыя творы Алеся Савіцкага. Аднак асаблівы ўклад зрабіў у адлюстраванне тэмы Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікам якой быў.


Шчаўнік — не кожнаму прысмакі

Нарадзіўся Алесь Савіцкі 8 студзеня 1924 года ў Полацку. Да вайны скончыў восем класаў. За зброю ўзяўся ў 1942 годзе. Калі Віцебшчыну вызвалілі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, ваяваў у Польшчы, браў Берлін. Як многія пісьменнікі, пачынаў з паэзіі, а першае апавяданне напісаў у партызанскім атрадзе. Пасля дэмабілізацыі працаваў у тагачаснай полацкай абласной газеце «Бальшавіцкі шлях». Спачатку было не да прозы. Уражанні тых гадоў перадаў так: «На першым часе ў рэдакцыі я быў мала і камандзіроўкі ішлі бясконца. Расоны і Дрыса. Глыбокае і Ушача. Асвея і Ветрына. Я бачыў вёскі, што не адбудоўваліся і вуліцы іх зарасталі альхоўнікам — усіх жыхароў фашысты знішчылі. Бачыў жанчын, якія басанож па вясновай слоце неслі на сваіх плячах мяшэчкі з насеннем са станцыі, — а да станцыі той кіламетраў сорак! Бачыў, як гэтыя жанчыны, запрогшыся па чатыры ў плуг, аралі поле. Я сам цягаў гэты хамут. Я бачыў, як моршчыўся дзябёлы, добра ўкормлены амерыканец (амерыканская дэлегацыя была на Асвейшчыне ўлетку сорак шостага), адліваючы з кацялка ў бутэлечку крыху шчаўніку, чорнага, як зямля, нічым не запраўленага. Тады ў калгаснікаў не толькі Асвейшчыны была такая ежа. Я бачыў слёзы маці, горкія слёзы, калі сястра абярнула чыгунок з капустаю. Чыгунок быў ладны — ежа на ўвесь дзень! — і капуста была прыпраўлена маленькімі, як касячкі медзяныя, кавалачкамі сала. Абярнуць такі чыгунок! Хіба прыдумаеш горшую бяду!.. Бачыў мізэрныя кавалачкі хлеба па картках, бачыў ордэры, па якіх давалі тры метры чорнага сукна на год».

Пакуль пісаў «на злобу дня». Праўда, у снежні 1948 года ў «Бальшавіцкім сцягу» апублікаваў сваё першае апавяданне «Рыбацкае шчасце». Узначальваў літаратурнае аб’яднанне пры газеце. У 1953 годзе паступіў у Літаратурны інстытут імя А. М. Горкага ў Маскве, скончыўшы які прадоўжыў вучобу ў аспірантуры. Паездка на будаўніцтва Брацкай ГЭС падказала ідэю аповесці «Кедры глядзяць на мора» (1960). Праз два гады ўбачыла свет яшчэ адна — «Пасля паводкі». Пасля заканчэння аспірантуры, вярнуўшыся ў Беларусь, загадваў рэдакцыяй у выдавецтве «Ураджай». З 1982 да 1969 года быў вучоным сакратаром Літаратурнага музея Якуба Коласа. Потым перайшоў у апарат ЦК КПБ, дзе і працаваў да 1973 года.

Як трапіць у... Рай

Найбольш важкае слова Алесь Ануфрыевіч сказаў, асэнсоўваючы падзеі Вялікай Айчыннай вайны. У тым ліку і ў рамане «Зямля не раскажа» (1980), прысвечаным жыццю мірнага насельніцтва ў час акупацыі. Асабліва значны ўклад у адлюстраванне ваеннай тэмы ён унёс трылогіяй «Верай і праўдай» (1976), «Літасці не чакай» (1982), «Памерці заўсёды паспееш» (1983). Гэта маштабнае мастацкае палатно, у якім сям’я рабочага-палачаніна Елісея Крупні, якая прайшла праз ваенныя выпрабаванні, паўстае тыповым прыкладам таго, як у гады Вялікай Айчыннай вайны ўся краіна стала адзіным фронтам. Не менш па-майстэрску напісаны раман «Верасы» (1985). У ім асабліва пераканаўчым атрымаўся вобраз галоўнай гераіні, студэнткі медыцынскага інстытута. Бязлітаснай праўдай вайны напоўнены і раман «Обаль» (1989) — дакументальны ў сваёй аснове, героі якога падпольшчыкі Зіна Партнова, Фруза Зянькова, Мікола Зянькоў, Аркадзь Барбашаў і іншыя.

Быў адным з самых актыўных пісьменнікаў. Найлепшае з напісанага ім вызначаецца высокай мастацкасцю, цудоўным веданнем жыцця, глыбокім пранікненнем у характары персанажаў. Праўда, у першым рамане «Жанчына» (1962) у раскрыцці характару галоўнай гераіні яшчэ часам назіраецца пэўная прамалінейнасць. Затое раман «Палын — зелле горкае» (1967) — з тых твораў, у якіх моцны жыццёвы патэнцыял, створана нямала яркіх і праўдзівых характараў.

А яшчэ Алесь Савіцкі належаў да тых людзей, якія пасля развалу Савецкага Саюза не здрадзілі сваім поглядам, не захісталіся, імкнучыся даказаць, што яны ў нечым «прозрели». Хоць нават для самых сумленных і прыстойных настаў час пэўнай пераацэнкі маральных каштоўнасцей, з’явілася жаданне разабрацца ў тым, што было і што адбылося. Такім роздумам і напоўнены раман «Пісьмо ў Рай» (2003), які сам пісьменнік назваў раманам-споведдзю, што і адпавядае ісціне.

Паколькі ж раман у цэлым, за выключэннем першага і апошняга раздзелаў, — споведзь галоўнага героя, то і аповед вядзецца ад першай асобы. На тое, што было некалі, Андрэй Смоліч глядзіць з пазіцыі сённяшняга дня. Чуваць голас самога пісьменніка-грамадзяніна. Асабліва гэта тычыцца тых момантаў, што дазваляюць усвядоміць, як ён ставіцца да нашай нядаўняй гісторыі.

Узяць хоць бы гэтае меркаванне: «А мінулае ты ніколі не падманеш, бо яно табе непадуладнае. [...] Мінулае табе ніколі і нічога не даруе. Яго не зменіш, не пераробіш, не ўпросіш зрабіцца лепшым, прыгажэйшым, у ім ты не выправіш нават дробненькую памылку, ніводнае слова і гук, і ўсе твае апраўданні і маленні яно, тваё мінулае, маўкліва прапусціць гэтак жа, як прапускае вецер раскінутая брама. Тваё мінулае заўжды застаецца гэткім, якім яно было».

Суд і над сабой

Таму так балюча Смолічу, бо ён сутыкаецца з тымі выпадкамі, калі знаходзяцца нягоднікі, гатовыя апаганіць помнікі і мемарыялы: «У большасці сваёй гэта нашы, айчынныя вандалы, пацукі нашае ўласнае гадоўлі, і раскашуюць яны з нашае ласкі, з нашае дабрыні, неабачлівасці, лагоды». Не менш страшны і вандалізм духоўны. Праяўленне яго, бадай, нават у большай ступені наносіць урон маральнасці, спаконвечным ідэалам дабра і справядлівасці. Вандалаў, якія апаганілі партызанскі мемарыял непадалёку ад Полацка, можна пакараць. Але як быць з рознымі Антонамі Шаўлюкамі.

Антон Шаўлюк, канечне, за дзеда не адказвае. Гэта «чалавек новага і ўчэпістага пакалення». Хоць і любіць паразважаць (часам і правільна) аб тым, прынамсі, як трэба развіваць бізнес, у сапраўднасці нічога святога за душой не мае. Не абцяжарваючы сябе згрызотамі сумлення, грэе рукі на выданні кнігі былых ахвяр. Ды і адкуль з’явіцца сумненням наконт таго, наколькі непрыстойны гэты яго ўчынак, калі сваё стаўленне да ўспамінаў тых, хто перажыў сталінізм, ён выказаў яшчэ раней: «Кніга Філяева выдадзена, помнікам героям яе можна лічыць. А хто і як на яго будзе маліццца — нам тое ведаць не дадзена. У дзеда была свая праўда, у нас — свая. І гэта нязменна: новыя пакаленні жывуць па сваёй праўдзе. Так што эпас нашага дзеда ўжо нічога не зменіць».

Быцам і ўчапіцца няма за што. Аднак толькі на першы погляд. З пункту гледжання самога Шаўлюка і яму падобных. Аднак ёсць яшчэ і праўда, якая забыццю непадуладная, — праўда пакалення Андрэя Смоліча. Праўда тых, а гэта хочацца асабліва падкрэсліць, хто жыў так, як і мусіць жыць чалавек сумленны. Насуперак тым, для каго гэтае сумленне і выедзенага яйка не варта. Таму Смоліч і ўзяўся разблытваць гісторыю лёсу свайго дзеда, а разам з тым пераасэнсоўваць сваё стаўленне да падзей, што спадарожнічалі і яму самому на працягу жыцця.

Кожны яго роздум — нялёгкі і няпросты. Але без яго нікуды не дзенешся, бо гэта неабходна для душэўнага самаачышчэння. У імя таго неабходна, няхай такое сцвярджэнне не падасца гучным, што ўступаць у заўтрашні дзень з бруднымі думкамі недаравальна злачынна. З маральнага боку недаравальна. Толькі Андрэй Смоліч ужо мог неаднаразова ўпэўніцца, што і маральны суд шмат значыць. Як над іншымі, так і над самім сабой. Бо тое, што робіцца ў табе самім, таксама важна для грамадства, таму што ты з’яўляешся яго часткай: «Тут Антон, вядома ж, мае рацыю: у свеце яны сапраўды нічога не зменяць. Затое ў маёй душы змянілася шмат: амаль усе падрабязнасці таго, што здарылася з табой (мае на ўвазе свайго бацьку. — А. М.), я цяпер ведаю. Аднак Антонаву выснову — „У дзеда была свая праўда, у нас — свая“ — маё сэрца не хоча прыняць і аніколі з ёй не пагодзіцца, калі Яўгенка, мой унук, а твой праўнук, не паставіцца з павагаю да праўды, па якой мы жылі, дык чаго яна, тая наша праўда, вартая? І навошта тады было па ёй жыць, адстойваць яе і за яе змагацца?»

Важкія творчыя дасягненні Алеся Ануфрыевіча належна і ацэнены. Аповесць «Самы высокі паверх» адзначана прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі (1970). Прэмію Саюза пісьменнікаў СССР і ВЦСПС за найлепшы твор мастацкай прозы аб рабочым (1972) ён атрымаў за дакументальную аповесць «След пракладае першы» (у перакладзе на рускую мову называецца «Сверяю жизнь по времени»). Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь А. Савіцкаму прысудзілі за трылогію для дзяцей «Дзівосы Лысай гары» (2002). За раман «Верасы», а таксама за гэтую ж трылогію ён узнагароджаны літаратурнай прэміяй Расіі «Прохоровское поле» (2010).

* * *

У маёй асабістай бібліятэцы шмат кніг з аўтографамі пісьменнікаў, у тым ліку і знакамітых, якія атрымалі званне народнага. Але гэтая, падпісаная Алесем Ануфрыевічам, асабліва каштоўная дзякуючы такому аўтографу:

«Алесю Марціновічу

Дарагі мой дружа!

Няхай штодня сонца будзе ў тваёй душы, нават калі неба хмарна! З паклонам партызан Алесь Савіцкі.

31 студзеня 2012 г.».

Называецца ж яна «Алесь Савіцкі: „Сонца на ўсіх адно“», а выпушчана выдавецтвам «Чатыры чвэрці», у якім, дзякуючы няўрымслівай Ліліяне Анцух, з 2008 года выходзіць серыя «Асоба і час». Алесь Ануфрыевіч і пісаў пра тое, каб кожны не забываў, што сонца на Зямлі для ўсіх адно. Нават у тых, хто жыве не так, як трэба жыць. Воблікі іх як перасцярога тым, хто не павінен паўтараць іх памылак. Гэта і пацвярджэнне правільнасць думкі Таццяны Шамякінай, выказанай пра апошні твор Алеся Ануфрыевіча «Пісьмо ў Рай»: «Раман Савіцкага прасякнуты вялікім гуманістычным, жыццесцвярджальным пафасам. Сцвярджэнне жыцця — як і ў папярэдніх творах — адбываецца як сцвярджэнне дабра, прыгажосці, міру, кахання, сям’і, працы, любові да сваёй зямлі — тых самых каштоўнасцей, якія маюць універсальны характар і з’яўляюцца ўмовай выжывання роду чалавечага. Уласнае шчасце чалавек павінен бачыць не ў тым, каб шмат чым валодаць, а ў тым, каб шмат што бачыць. Укараненне такой жыццёвай мудрасці праз мастацкую літаратуру заўсёды лічыў сваёй галоўнай місіяй пісьменнік-патрыёт». А па сутнасці сказана і пра ўсю творчасць Алеся Савіцкага.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.