Вы тут

Пра самыя распаўсюджаныя кіберзлачынствы, якія былі ў Магілёўскай вобласці ў мінулым годзе


З тых часоў, як з’явіўся Інтэрнэт, гэта тэма не перастае быць актуальнай. Наадварот, з’яўляецца ўсё больш розных сюжэтаў, сцэнарыяў, схем... Нават праславуты герой раманаў Ільфа і Пятрова вялікі камбінатар Астап Бэндэр мог бы пазайздросціць вынаходлівасці сваіх паслядоўнікаў. Пра набалелае размаўляем з начальнікам упраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці УУС Магілёўскага аблвыканкама, палкоўнікам міліцыі Раманам Раманенкам.


Ёлачны пярэпалах

Так, і на ёлках можна нажыцца. Асобныя жыхары Магілёўшчыны цяпер гэта добра ведаюць. Перад Новым годам у сацсетцы Іnstagram быў сапраўдны перадсвяточны пярэпалах: людзі куплялі ёлкі і ёлачныя цацкі па вельмі прывабных цэнах. Такіх не было нідзе — ні ў афіцыйных крамах, ні на аўтарытэтных маркетплэйсах. Пакупнікі не вагаючыся пераводзілі стопрацэнтную перадаплату па рэквізітах прадаўцоў і радаваліся, што сэканомілі. Але тавар затрымліваўся. Тады яны пачыналі пісаць негатыўныя водгукі няспрытным прадаўцам. У адказ — цішыня. І толькі пасля гэтага пакрыўджаныя грамадзяне адпраўляліся ў міліцыю, каб падаць заяву. Бо, нарэшце, зразумелі, што сталі ахвярамі падману.

— Дзеянні такіх псеўдапрадаўцоў кваліфікуюцца па артыкуле 209 Крымінальнага Кодэкса як махлярства, — удакладняе Раман Раманенка. — Як толькі людзі пачыналі з імі высвятляць адносіны, яны зварочвалі сваю старонку і адкрывалі новую, крыху па-іншаму аформленую. Яшчэ яе і раскручвалі, пісалі станоўчыя водгукі з розных акаўнтаў, каб людзі думалі, што нехта карыстаўся іх паслугамі і застаўся вельмі задаволеным. Гэта сапраўды спрацоўвала. Чалавек справядліва разважаў: навошта купляць у разы даражэйшае, калі тут танней. І прынада заглыналася. Перад Новым годам мы за дзень рэгістравалі па 5-6 фактаў махлярства па вобласці. І не толькі звязаных з ёлкамі і іх упрыгожваннямі. Тут фігуравалі і парфума, і брэндавае адзенне, і шмат чаго іншага. І зноў усё гэта набывалася па стапрацэнтнай перадаплаце. Пра што людзі толькі думалі? Тут і да варажбіткі не трэба хадзіць, каб зразумець, што гэта падман. Але яны чамусьці закрывалі на гэта вочы. Вынік не прымушаў сябе чакаць — кішэні пустыя, тавар не атрыманы. І такіх махлярскіх «разводаў» шмат.

Сюрпрыз з крэдытам

Колькасць званкоў зламыснікаў, якія па тэлефоне паведамляюць, што блізкі чалавек у небяспецы і трэба перадаць грошы кур’еру, каб яго выратаваць, значна скарацілася. Выпадкі бываюць, але не ў тых катастрафічных памерах. Спрацавала інфармацыя праваахоўнікаў, як сябе засцерагчы ад такіх сюрпрызаў. Пакуль ехаў кур’ер, ахвяра паспявала паведаміць у міліцыю і здзелка не адбывалася. На змену прыйшоў іншы, больш дасканалы спосаб. Цяпер «дабрадзеі» прадстаўляюцца сваёй ахвяры праваахоўнікамі розных структур і папярэджваюць, што нехта збіраецца аформіць на яе імя крэдыт. Каб вывесці зламыснікаў на чыстую ваду, кажуць яны, трэба як мага хутчэй звярнуцца ў банк і ўзяць крэдыт раней, чым той невядомы нехта. Людзі паслухмяна ідуць, афармляюць і... кладуць усю суму на разліковы рахунак «дабрадзеяў».

— Ім абяцаюць, што, як толькі спецаперацыя будзе завершана, грошы вернуцца ў банк, — расказвае Раман Уладзіміравіч. — Калі ахвяра «задумваецца», прымяняецца агрэсіўная лексіка. Чалавека запалохваюць, і ён пагаджаецца. Звычайна такія званкі паступаюць праз месэнджары Vіber, telegram і іншыя. Нумары, як правіла, замежныя. Часта ўказваюцца як службовыя. Для пераканаўчасці могуць скінуць скан службовага пасведчання з фатаграфіяй. Зрабіць такое ў фоташопе не праблема. І людзі вераць. Не аднойчы нашы супрацоўнікі ў самы апошні момант прыпынялі іх дзеянні пры спробе ўзяць крэдыт у банку.

Кожны раз механізм падману трансфармуецца, махляры становяцца ўсё больш вынаходлівымі. Калі не спрацаваў адзін спосаб, могуць прыдумаць іншы. Напрыклад, прымусіць паведаміць рэквізіты плацежнай банкаўскай карткі або ўстанавіць праграму аддаленага доступу на тэлефон. Потым уваходзяць у дыстанцыйную сістэму банкаўскага абслугоўвання, афармляюць віртуальныя банкаўскія карткі, бяруць крэдыты анлайн і паспяхова пераводзяць іх на свае патрэбы.

Прасачыць лічбавы след

У жніўні мінулага года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў Указ № 269, які дазваляе праваахоўнікам аператыўна атрымліваць інфармацыю з банкаўскіх устаноў. Гэта значыць, што магчымасці вярнуць скрадзеныя грошы павялічваюцца.

— Дзякуючы Указу ствараецца выразная сістэма ўзаемадзеяння паміж праваахоўнымі органамі і ўсімі сектарамі банкаў, што дазваляе па заяве кліента прыняць максімальныя меры па блакіраванні грашовых сродкаў на рахунках зламыснікаў, — удакладняе Раман Раманенка.

— Першы званок, як толькі грошы прападаюць з рахунка, ахвяра звычайна здзяйсняе ў банк. І гэта ўжо сігнал. Указ дае магчымасць аператыўна ўзаемадзейнічаць з банкам па прынцыпе — або ён нас папярэджвае, што грошы ў кліента зніклі, або мы, што да нас паступіла заява. Абмен такой інфармацыяй дапаможа хутка рэагаваць на сітуацыю і ўстанаўліваць, на кім гэтыя рахункі аформленыя. Раней гэты працэс быў крыху зацягнуты, што давала зламыснікам час вывесці грошы за мяжу. Зараз мы будзем дзейнічаць больш аператыўна. 

Гэтым мы абаронім большую колькасць нашых грамадзян. Некаторыя пацярпелыя маглі і больш чым сто тысяч рублёў за раз перавесці.

Карысныя парады ад Рамана Раманенкі

• Ажыццяўляючы плацяжы, звяртайце ўвагу, у якой даменнай зоне вы знаходзіцеся. Код нашай — by. Перад тым, як перавесці грошы незнаёмым людзям, думайце, ці трэба вам гэта? Магчыма, не перашкодзіць лішні раз вывучыць рэйтынг прадаўца.
• Калі няма родных за мяжой, адключыце міжнародныя званкі. Або не адказвайце, калі ў месэнджары вам тэлефануюць па незнаёмым нумары. Не факт, што вы не станеце ахвярай нечых маніпуляцый.
• Калі вы нешта шукаеце ў інтэрнэце, сістэма гэта запамінае і потым некаторы час усплываюць прапановы. У тым ліку і ад зламыснікаў. Будзьце пільнымі!
• Яшчэ больш карысных парад на telegram-канале УУС Магілёўскага аблвыканкама.

Паляванне на дропаў

На 21 снежня мінулага года на Магілёўшчыне было зарэгістравана 195 выпадкаў махлярства, што на 71 болей, чым за аналагічны перыяд 2022 года. Узрасла колькасць злачынстваў, якія класіфікуюцца па артыкуле 222 Крымінальнага кодэкса як выраб і збыт падробленых плацежных сродкаў. Гэты артыкул запрацаваў у красавіку 2021 года, каб мінімізаваць наступствы незаконнага абароту сродкаў гэтага плацяжу і (або) яго інструментаў на тэрыторыі Беларусі. Вялікая колькасць выкрадзеных рознымі спосабамі грошай як раз і качуе па рахунках падстаўных асоб, або, як іх яшчэ называюць — дропаў. Людзей, якія аформілі на сябе банкаўскія плацежныя карткі, а потым прадалі іх. У канцы мінулага года ў СМІ з’явілася навіна, як дзве непаўналетнія магіляўчанкі перадалі свае плацежныя карткі зламыснікам і папалі пад крымінальную адказнасць.

— Гэты лёгкі заробак грошай асабліва папулярны ў маладзёжным асяроддзі, — канстатуе суразмоўнік. — На ім можна было аднамаментна зарабіць 50 рублёў. Летась навучэнцы шэрагу сярэднеспецыяльных устаноў Магілёўшчыны актыўна практыкавалі на сабе схему афармлення плацежных банкаўскіх картак. Маладым людзям, якія хочуць лёгкіх грошай, было няўцям, што яны парушаюць закон. Некаторыя афармлялі на сябе па 5-6 банкаўскіх картак.

З канца 2022-га па жнівень мінулага года такія карткі аформілі болей чым 150 чалавек. Раней збыт плацежнай карткі не расцэньваўся як крымінальны выпадак. Бо гэта было рэдкасцю. Калі праваахоўныя органы разам са Следчым камітэтам пачалі разбірацца з механізмамі вываду скрадзеных сродкаў за мяжу, было ўстаноўлена, што людзі за пэўную суму добраахвотна становяцца памочнікамі зламыснікаў. Таму і было вырашана заканадаўча абмежаваць абарот пластыка ў краіне і ўвесці крымінальную адказнасць для тых, хто ім гандлюе. Як паказвае крымінальная статыстыка, гэта сапраўды спрацавала. Але тут усё вельмі індывідуальна. Некаторыя людзі па няведанню  станавіліся заложнікамі злачынцаў. 

Напрыклад, з мэтай паўдзельнічаць у якім-небудзь конкурсе па неасцярожнасці пераходзілі па фішынгавых спасылках на профіль зламыснікаў і пакідалі там свае пашпартныя даныя. Потым па іх пашпартных даных афармляліся віртуальныя плацежныя карткі, праз якія выводзіліся грошы. А ўладальнік пашпарта нават і не падазраваў пра гэта.

Завядзіце асобную картку

Не рэдкасць, калі пры здзелцы ў інтэрнэце пакупнік павінен ўводзіць трохзначны верыфікацыйны CVC-код сваёй плацежнай карткі. І нават, калі інтэрнэт-пляцоўка вядомая і аўтарытэтная, можа адбыцца непрадказальнае.

— Не трэба забываць, што гандлёвыя пляцоўкі таксама могуць быць падвергнуты кібератацы, — папярэджвае суразмоўнік. — І тады вашы персанальныя даныя могуць трапіць у рукі зламыснікаў. Каб не падвяргацца небяспецы, лепш аформіць на сябе запасную картку і трымаць там невялікую суму грошай, неабходную для разавага разліку. Зарплатнымі карткамі для такіх разлікаў лепш не карыстацца. Усякае можа быць. У суседняй Расіі зламыснікі дайшлі да таго, што падмянялі QR-код на электрасамакатах па шэрынгу. Людзі ўводзілі рэквізіты сваіх банкаўскіх картак і развітваліся з грашыма. Адбывалася перанакіраванне сродкаў не на афіцыйны рэсурс, а на фішынгавыя сайты. Злачынны свет трансфармуецца і становіцца ўсё больш агрэсіўным. Каб зламыснік не атрымаў доступ да рахункаў грамадзян і не забраў у іх усе грошы, мы наведваем з тлумачальнымі бяседамі працоўныя калектывы, ходзім у навучальныя ўстановы. Стаць ахвярай вельмі проста. Учора былі ёлкі, заўтра, умоўна кажучы, будуць велікодныя кулічы. Вынік адзін і той жа: ні кулічоў, ні грошай. Кібератакам падвергнутыя ў першую чаргу Расія і Беларусь. Не сакрэт, што шмат кол-цэнтраў знаходзіцца ва Украіне. Там гэта практычна ўзаконена, таму і цяжка змагацца. І ўберагчыся ад разводу можна толькі маючы жаданне не даць сябе развесці. Цікавая акалічнасць для Магілёўскай вобласці: больш за ўсіх устойлівая да кібератак менавіта моладзь. Ахвярамі часцей за ўсё становяцца людзі сярэдняга ўзросту, прычым у 70% выпадкаў гэта жанчыны.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Астапу Бэндэру і не снілася...

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Ірына Старавойтава: За гады суверэнітэту ў Беларусі сфарміравалася свая школа стварэння падручнікаў

Ірына Старавойтава: За гады суверэнітэту ў Беларусі сфарміравалася свая школа стварэння падручнікаў

«Для таго, каб стаць падручнікам, матэрыялы, падрыхтаваныя аўтарамі, праходзяць шмат этапаў экспертызы, абмеркаванняў на дыялогавых пляцоўках з педагогамі, узгадненняў, апрабацыю ва ўстановах адукацыі». 

Рэгіёны

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў

Вобласць падрыхтавала ладны пакет прапаноў удзельнікам форуму.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.