Вы тут

На Гомельшчыне больш 30 тысяч людзей сталага ўзросту стануць адрасатамі акцыі «Ад усёй душы»


У Гомелі дадзены старт рэспубліканскага дабрачыннага марафону «Ад усёй душы». Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, ветэраны працы, спецыялісты розных сфер народнай гаспадаркі, якія шмат гадоў прапрацавалі на прадпрыемствах рэгіёна, узначальвалі калектывы, а таксама адзінокія пажылыя людзі, валанцёры залатога ўзросту сабраліся на ўрачыстым мерапрыемстве ў гомельскім грамадска-культурных цэнтры. Арганізавалі свята для больш як 60 гасцей з усіх раёнаў рэгіёна пры падтрымцы Гомельскага аблвыканкама і абласной арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь». 


— З 1977 года на дзярслужбе: прыйшла зусім маладой дзяўчынай у сельсавет працаваць, а пайшла з парцы бабуляй — прапрацавала амаль да 65 гадоў, — падзялілася госця мерапрыемства з Жыткавіцкага раёна Алена Шпакевіч.

Алена Іванаўна і па сённяшні дзень — дэпутат Юркевічскага сельскага Савета дэпутатаў Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Чвэрць стагоддзя яна працавала на пасадзе старшыні сельвыканкама.

— Пра наш сельсавет і ў газетах пісалі, і для перадач здымалі. Бо вылучаліся моцным самакіраваннем. Пры падтрымцы мясцовых жыхароў, актыву савету жанчын, які мы стварылі, кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый разам вырашалі ўсе надзённыя пытанні, арганізоўвалі самыя розныя мерапрыемствы. Ёсць што ўзгадаць, і як сельскі фельчарска-акушэрскі пункт узводзілі, і дзіцячы садок на вёсцы, — узгадала дэпутат.

— Сёння ў нашым раёне створана грамадскае аб’яднанне кіраўнікоў дзяржустаноў і арганізацый, якія ўжо на заслужаным адпачынку. Гэта амаль паўсотні пенсіянераў. Кожны квартал мы выязджаем на прадпрыемствы на тэрыторыі раёна, сустракаемся з калектывамі, размаўляем з кіраўнікамі. Наведваем у тым ліку гаспадаркі, установы адукацыі, аховы здароўя, сустракаемся ў сельскіх саветах. Нам вельмі цікава паглядзець, супаставіць, як мы працавалі і як цяпер развіваецца раён, — звярнуў увагу яшчэ адзін госць святочнага мерапрыемства ў Гомелі — былы начальнік вузла паштовай сувязі ў Жыткавічах Ягор Шабаеў. 

На святочным мерапрыемстве ў рамках акцыі «Ад усёй душы» свой родны Брагінскі раён прадставілі галоўны бухгалтар упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ала Кучык і працаўнік сельгаспрадпрыемства ААТ «Імя Жукава» Мікалай Кушнір. 

— Вельмі прыемна атрымаць запрашэнне на такую сустрэчу. Рады, што ёсць магчымасць пазнаёміцца з такімі ж працаўнікамі, спецыялістамі, нашымі калегамі з іншых раёнаў, — падзякавала Ала Кучык, якая больш 25 гадоў жыцця аддала рабоце ў сацыяльнай службе раёна.

— Для мяне запрашэння на свята супала з днём нараджэння. Упершыню праводжу яго на святочным мерапрыемстве ў Гомелі, — падзяліўся былы трактарыст вядомай гаспадаркі Брагіншчыны Мікалай Кушнір.

Між тым святочная сустрэча ў Гомелі — толькі частка запланаваных мерапрыемстваў рэспубліканскага дабрачыннага марафону «Ад усёй душы» на Гомельшчыне. У цэлым у рэгіёне адрасатамі акцыі стануць больш 30 тысяч людзей сталага узросту, у тым ліку адзінокія пажылыя, якія пражываюць ў спецыялізаваных арганізацыях. 

Як нагадаў падчас святочнай сустрэчы старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко, роўна год таму па ініцыятыве Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ўнікальная акцыя «Ад усёй душы» распачалася па ўсёй краіне. 

— Назва акцыі гаворыць сама за сабе. У гэтыя святочныя дні мы дорым цяпло сваіх сэрцаў, клопат і ўвагу людзям залатога ўзросту, тым, хто застаўся на схіле гадоў, па самых розных прычынах, без падтрымкі родных і блізкіх, — адзначыў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко. — Менавіта ў гэтыя дні наша з вамі галоўная задача, дакладней, душэўная патрэба — зрабіць маленькі добры цуд не толькі для малых Беларусі, але і для людзей, як кажуць па-беларуску, сталага веку, — звярнуўся кіраўнік рэгіёна. 

Як асабліва падкрэсліў Іван Крупко, у нашай краіне, як сацыяльна арыентаванай дзяржаве, створаны выдатныя інтэрнаты для пажылых людзей, бальніцы сястрынскага догляду, дапамогу адзінокім людзям аказваюць сацыяльныя работнікі, валанцёры самых розных узростаў.

— Гэтая выдатная акцыя — прыемны дадатак да таго, што з такім клопатам робіцца ў нашай дзяржаве для людзей пажылога ўзросту. Толькі ў нашай вобласці да іх паслуг 13 дамоў-інтэрнатаў і 25 сацыяльных тэрытарыяльных цэнтраў з развітой службай аказання надомнай дапамогі: ад сацыяльных работнікаў і сядзелак, да дзённага нагляду і размяшчэння ў замяшчальных сем’ях. Гэтая выдатная паслуга, практычна па прынцыпе прыёмнай сям’і, толькі тут пад апеку бяруць не дзяцей, а бабуль і дзядуляў. І на сёння ў вобласці ўжо 39 такіх замяшчальных сем’яў, — звярнуў увагу Іван Крупко. — Усяго ж паслугамі ўстаноў сацыяльнага абслугоўвання ахоплена 19 тысяч чалавек. Ва ўмовах пастаяннага кругласутачнага знаходжання ў дамах-інтэрнатах штодзённую дапамогу атрымліваюць больш за тры тысячы чалавек. Для іх больш камфортнага пражывання сёлета пасля маштабнай рэканструкцыі адкрыты дом-інтэрнат у Азарычах. І гэтая паслядоўная планамерная работа будзе працягвацца, — дадаў кіраўнік рэгіёна. 

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара і ТК «Гомельшчына афіцыйна»

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.