Вы тут

Памяці пісьменніка... І вечны танец «Карсакы»


Памёр добры сябра беларускай літаратуры — туркменскі празаік, паэт, драматург, перакладчык Камек Куліеў. 


Пайшоў з жыцця ў лістападзе, 5-га... Так, 5 лістапада 2023-га... А напісалі вось зусім нядаўна. Гэта ўжо адзнака часу, што, нягледзячы на лічбавізацыю, сацыяльныя сеткі, пра нешта важнае, як правіла, балючае, даведваешся не адразу... 

З Камекам мы знаёмы з сярэдзіны 1980-х... Знаёмы ўжывую, без усялякіх там віртуальных поціскаў рукі. Старэйшы гадамі (ён нарадзіўся ў 1955 годзе ў генгешыку Эслі — па савецкім часе і ў Туркменістане гэта было сяло — Саяцкага этрапа (лічы, раёна) Лебапскага велаята (ранейшая Чарджоўская вобласць), Камек быў і ў тыя маладыя гады добрым і шчырым сябрам. Сустрэчы ў рэдакцыях часопісаў «Ашхабад», «Яшлык» («Юность»), «Савет эдэбіяты», у шумных, гаманлівых пакоях рэдакцыі газеты «Эдэбіят ве сунгат» («Літаратура і мастацтва»), размовы пра лепшую прозу, пра тое, што ўсё яшчэ наперадзе, пра ўражлівыя публікацыі ў «Дружбе народов», «Новом мире», пра многіх цікавых рускіх пісьменнікаў, так ці іначай звязаных з Каракумскім краем, — усё гэта і зараз у памяці. Яго шчырая, адкрытая ўсмешка заўжды прыцягвала, прымушала і суразмоўцу шчыраваць, быць адкрытым. 

Памятаю, што Камека заўжды нешта цікавіла з таго, што ён ці ведаў агульна, а спадзяваўся на падрабязнасці, ці з таго, што па яго меркаванню павінна было быць знаёмым яго субяседніку. Праз «Дружбу народов», іншыя маскоўскія часопісы (хаця казаў, што яму знаёмы і «Нёман»; а калі я ўжо выпісваў у Ашхабадзе «Нёман», то асобныя нумары прыносіў чытаць і Камеку, і Аляксандру Гоўбергу, які ў «Ашахабаде» вёў прозу, і Альберту Палякоўскаму, які працаваў ў часопісе «Яшлык» — «Юность») мой туркменскі сябра няблага ведаў і беларускую прозу 1970-1980-х. Мы гаварылі з ім пра апавяданні і аповесці Івана Пташнікава, Алеся Жука, Міхася Стральцова, гаварылі пра мініяцюры Янкі Брыля... Тады Камек і параіў мне прачытаць «Летнія запісы» Керыма Курбанняпесава, інтуітыўна адчуўшы, што ў прозе Брыля і эсэістыцы славутага туркменскага паэта-сучасніка ёсць нейкае падабенства...

Туркменскія празаікі, якія заявілі аб сабе на роднай мове напрыканцы 1970-х — у пачатку 1980-х гг., заявілі шырока, былі прыхільна сустрэчы нацыянальным чытачом. І, на вялікі жаль, не паспелі напоўніцу разгарнуцца для чытача ўсесаюзнага... Не шмат у каго паспелі выйсці кнігі ў Маскве, нават рускамоўны «Ашхабад», маючы невялікі аб’ём ( а да 1987 года ён выходзіў адзін раз у два месяцы), не дужа паспрыяў публікацыям твораў тагачасных маладых празаікаў у перакладзе на рускую мову... 

І я таксама адкрываў глыбока нацыянальную, насычаную, шматколерную прозу туркменскага майго сябра па-руску. Адкрываў ужо болей праз гады, праз дзесяцігоддзі. Мо таму і ўзяўся за пераклад яго твораў... Адно з апавяданняў — «Танец «Карсакы»— пераклаў зусім нядаўна. Яно выйшла ў альманаху «далягляды» , які, на шчасце, удалося, пачынаючы з 2019 года, выдаць некалькі разоў... 

Вандруючы па свету з тых даўніх часін, як узнік зямны шар, пабачыўшы на сваім вяку і дабро, і зло, ужо звар’яцелыя вятры-валацугі пранеслі неяк неяк над стэпам Мангышлак страшэнную вестку:

— Насоўваецца бяда... Вялікая бяда!!!

У каго быў конь, той сядлаў каня, у каго вярблюд — вярблюда, а ў каго не было ні таго, ні другога, той асядлаў асла. Коннікі надзелі даспехі. Агалілі шаблі і выставілі шчыты. З імі ў адзін рад паўсталі і тыя, хто страціў былую моц, каму не пад сілу было валодаць цяжкай зброяй. 

Пакінуўшы жонак сваіх ў глыбокім смутку, пакінуўшы малых сваіх дзяцей на чорныя дні, селі на коней і мужчыны з племя эсгі — магутная абарона аднаго крыла гэтага жорсткага стэпавага народа.

Як толькі атрад згубіўся за даляглядам і пыл рассеяўся за ім, у ваколіцах племя эсгі пачуўся барабанны бой. Сталага веку жанчына, прыняўшы суровы, пагрозлівы выгляд, закрычала на ўсю ваколіцу:

— Ау-у-у, жанчыны! Выходзьце, выходзьце на сярэдзіну ўсе, хто жадае хуткага вяртання мужа з вайны жывым і здаровым.

У халатах, моцна апярэзаных, абматаўшы галовы хусткамі, жанчыны збіраліся на кліч. 

Шырокая, пустая плошча паміж чорнымі кібіткамі, якія, быццам баючыся, што іх можна знесці ветрам, моцна прыціскаліся да зямлі, запоўнілася жанчынамі. Яны кружылі ў сярэдзіне, пляскаючы ў далоні. То ўдвух, то, становячыся ў круг, яны накідваліся адна на другую, затым адступалі і ізноўку кідаліся наперад, пляскаючы ў далоні то над галавой, то нізка ля ног, то справа, то злева. Не было б вяселля ці хаўтур, яны не кружылі б, так р’яна пляскаючы. Плешчуць — значыць нездарма...

Але зараз цяжка было разабраць — вяселле ідзе, ці гэта ўжо хаўтуры, ці гэта танец-гульня, альбо ім зусім не да гульні. Іх вочы не былі вачыма танцораў. Тым, хто пазіраў на іх збоку, здавалася, што не на танец яны выйшлі, не — выйшлі яны на смяротную сутычку! І воплескі, што суправаджалі танец, даносілася да іх слыху, як лязгат шабляў, а шалёны барабанны бой быццам сцвярджаў: «Мужайся, народ мой, мужайся! Уставайце, сыны, на бой!»

Такім быў іх звычай: правёўшы мужоў і братоў на бой, яны і самі «уступалі ў лютую сутычку», па-свойму паўтаралі рухі тых, хто ішоў у атаку, мяркуючы тым самым, што так падтрымліваюць родных. Наіўна? Хто яго ведае... Шчырасць і боль былі сапраўднымі.

... Сталага веку жанчыны не адставалі ад маладых. Кожнай здавалася, што варта ёй стаміцца, не вытрымаць, упасці ці адступіць, як у той самы міг, недзе там, на полі боя, муж ці брат, бацька ці сын ў паядынку з ворагам будзе забіты. Калі танцорка не сустрэне і не адкіне назад выцягнутыя наперад рукі жанчыны, якая кружыць насупраць, то меч заклятага ворага, абрынецца на галаву яе мужа, знясе яе з плеч. Такой была іх вера, і гэтая вера перамагала. Няхай і з вялікімі ахвярамі, з плачам удоў і сірот, з цяжкім болем страт, але перамагала. Але гэтым разам, на жаль, іх падтрымка спазнілася...

Шмат дзён і начэй запар самаахвярна біліся воіны, але перамагчы ворага ім так не ўдалося. Іх адкрытыя вочы на знесеных галовах пакрыліся пылам з-пад капытоў варожых коней. 

Пераможаны народ альбо павінен змірыцца з лёсам і стаць перад ворагам на калені, альбо бегчы ад яго. Разам з астатнімі суровы стэп пакінула і племя эсгі. Горка стогнучы, хаваючы дзяцей сваіх, у асаблівасці хлопчыкаў, уцякалі яны са злашчасных мясцін. Хто, перасягнуўшы горы і моры, застаўся ў далёкіх краінах, хто, паспадзяваўшыся на магутнае заступніцтва, прыбіўся да іншых плямён, а нехта знайшоў прытулак ля берагоў Амудар’і. І цяжка выжываў, станавіўся на ногі...

А далей у апавяданні — пра тое, як з старадаўнім танцам, што яднаў народ, рабіў моцным племя, у адно цэлае збліжаў мужоў і жонак, выканаўцы, танцоры прыехалі на канцэрт, фестываль у далёкую старонку, як шчыра яны імкнуліся перадаць векавы боль свайго народа, сваіх прашчураў... 

Камек Куліеў надзвычай шчыры, эмацыйны пісьменнік. І я веру, што проза яго надоўгна застанецца ў свядомасці туркменскага чытача, а мо яшчэ і прыйдзе, дзякуючы перакладам, не толькі ў Расію, Беларусь, а і ў іншыя старонкі свету. 

А ў Беларусі, мяркуючы і па зробленаму для альманахаў «Далягляды», наспела часіна, калі можна было б і зборнік выдаць «Сучаснае туркменскае апавяданне». Несумненна, поруч з «Танцам «Карсакы» на старонках кнігі будуць і іншыя апавяданні Камека Куліева, а таксама — творыв Максата Бяшымава, Джумагельды Мулкіева, Бягуль Анабаевай, Атаджана Тагана, Агагельды Аланазарава... 

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Прэв'ю: pixabay.com​

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.