Вы тут

Наперадзе нас чакае ўсё найлепшае. Трэба толькі верыць і дзейнічаць


Тым, хто плануе пачаць новае жыццё з панядзелка ці з 1 студзеня, варта звярнуць увагу, што 1 студзеня 2024-га года — панядзелак. Аднак, найперш чым, пачынаць новае жыццё, варта прааналізаваць стары год, зрабіць высновы і вынесці ўрокі. Таму так важна ў апошнія дні адыходзячага года падводзіць яго вынікі. Беларускія спартсмены зрабілі гэта разам са «Звяздой».


Алімпійскі чэмпіён па фехтаванні Аляксандр Раманькоў прызнаўся, што адыходзячы год быў вельмі шчаслівым для яго сям’і: «У кожным годзе ёсць нешта добрае. Як той казаў: паласа белая, паласа чорная. І вельмі добра, калі белых палос больш. Сёлета ў мяне вялізнае шчасце — нарадзілася другая ўнучка, сын ажаніўся. Мы з жонкай адзначылі юбілеі. Прыемна, што мяне на юбілей павіншавала 250 чалавек, я сам у гэта не магу паверыць». У новым годзе чэмпіён жадае ўсім здароўя, яно заўсёды патрэбна. «У новым годзе я жадаю ўсім мірнага неба, моцнага здароўя. І памятайце: рухацца наперад толькі разам», — пажадаў усім Аляксандр Раманькоў.

Старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Іван Ціхан адыходзячы год ахарактарызаваў у трох словах: насычаны, актыўны і пазітыўны. У новым годзе ён жадае ўсім перамог, асабістых рэкордаў і здароўя.

Алімпійскі чэмпіён па веславанні Аляксей Абалмасаў прызнаўся, што год у цэлым быў спакойным, але прынёс і поспехі. Адным з іх ён назваў уключэнне старэйшага сына ў нацыянальную каманду па веславанні. Свае асабістыя мэты Абалмасаў-малодшы дасягнуў. «Усе жывыя, здаровыя і гэта самае галоўнае. Ад новага года чакаю, каб усё задуманае атрымалася ў нашых дзяцей. Калі ў іх будзе ўсе добра, то і мы шчаслівыя будзем», — адзначыў Аляксей Абалмасаў.

Прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы па лёгкай атлетыцы Настасся Мірончык-Іванова назвала 2023-м год выдатным. «Я пазітыўны чалавек, таму для мяне гэты год прайшоў пазітыўна. Мяне радуе, што нашы людзі сталі адзінымі, вельмі шмат мерапрыемстваў прайшло спартыўных, культурных, яны збліжаюць людзей і гэта не можа не радаваць», — расказала яна. Спартсменка заўважыла, што хоць 2024 і вісакосны год, але ён павінен прайсці выдатна. «Наперадзе нас чакае ўсё найлепшае. Трэба толькі верыць і дзейнічаць», — пажадала Настасся Мірончык-Іванова.

Старшыня Федэрацыі хакея Беларусі Аляксандр Багдановіч 2023-ы год назваў плённым, але і няпростым. «Год атрымаўся нават інавацыйным. Мы ўнеслі шмат новага ў дзейнасць федэрацыі. Таму хочацца, каб усё гэта ў наступным годзе гэта давала свае вынікі. Магчыма, крыху не атрымалася ў нацыянальнай каманды, не выйгралі тое, што хацелі. Але ў наступным годзе мы гэта ўлічым», — падвёў вынікі рабочага года кіраўнік беларускага хакея. У асабістым плане, па яго словах, год быў выдатным: «Дзеці растуць, жонка радуе. Усё добра».


Па словах старшыні Беларускай федэрацыі веласіпеднага спорту Наталлі Цылінскай, у 2023-м годзе не ўсе задуманае атрымалася. Але, яна настойвае на тым, што галоўнае — не складваць рукі і не адмаўляцца ісці наперад. «У новым годзе жадаю ісці наперад. Як паказвае практыка, у тых, хто не здаецца, усё атрымліваецца», — пажадала яна.Прызёр Алімпійскіх гульняў па веславанні на байдарках Марына Літвінчук распавяла, што 2023-і год запомніўся ёй добрымі спаборніцтвамі, годнымі вынікамі. Таксама год быў насычаны на розныя мерапрыемствы, цікавыя сустрэчы. «Галоўная мэта на новы год — больш часу праводзіць з роднымі і блізкімі. Менш хвалявацца і рабіць сваю справу. Што тычыцца спорту, галоўнае, каб было здароўе і тады мы пакажам, хто такія беларусы і на што мы здольныя», — падзялілася Марына Літвінчук.

Насстася Пракапенка, бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў па сучасным пяцібор’і, расказала, што год запомніўся рознымі падзеямі: добрымі, як, напрыклад допуск пяціборцаў да міжнародных стартаў і дрэннымі, кшталту праблем са здароўем. «Галоўная мэта на новы год — адабрацца на Алімпійскія гульні ў Парыжы. А там будуць і новыя мэты», — падкрэсліла спартсменка.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА і НАК Беларусі

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.