Вы тут

У чым сакрэт прыцягальнасці паэзіі «палескай ластаўкі»


Творчасць Яўгеніі Янішчыц не згубіць сваёй прыцягальнай сілы, пакуль існуе паэзія і гучыць беларуская мова. Лепшыя старонкі напісанага ёю ўвайшлі ў скарбонку шэдэўраў нашай нацыянальнай лірыкі. Летась паэтэсе магло б споўніцца 75 гадоў. 


Нарадзілася Яўгенія Янішчыц 20 лістапада 1948 года ў вёсцы Рудка Пінскага раёна на Берасцейшчыне ў звычайнай сялянскай сям’і, а праз сорак гадоў і пяць дзён, 25 лістапада 1988 года, яе лёс трагічна абарваўся. 

Рана прыйшла да яе вядомасць. Літаратурныя мэтры адразу прызналі яе самабытнай паэткай, з неардынарным лірычным голасам, прасякнутым незвычайнай шчырасцю, пяшчотай. Першы зборнік Янішчыц — «Снежныя грамніцы» (1970) выйшаў, калі Яўгенія яшчэ вучылася на аддзяленні беларускай мовы і літаратуры філфака БДУ. І далей выходзілі кніга за кнігай, радуючы прыхільнікаў сапраўднай паэзіі: «Дзень вечаровы» (1974), «Ясельда» (1978), «На беразе пляча» (1980), «Пара любові і жалю» (1983), «Каліна зімы» (1987). 

Пасля сыходу паэтэсы з жыцця яе спадчына ва ўсе часы карысталася заслужанай увагай. Да 70-годдзя з дня нараджэння Яўгеніі Янішчыц у выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў серыі «100 вершаў» выйшаў зборнік «Кахання сад і ластаўка вясны». А летась свет пабачыў не менш цікавы праект выдавецтва — «Непрыручаная птушка». У кнігу ўвайшлі нізкі вершаў з прыжыццёвых зборнікаў Янішчыц. У анатацыі сказана: «Сёння, калі беларускае прыгожае пісьменства актыўна шукае новыя шляхі самасцвярджэння, у тым ліку праз наватарства і эксперымент, лірыка Яўгеніі Янішчыц, далёкая ад модных паэтычных павеваў, па-ранейшаму застаецца вяршыннай з’явай нашай літаратуры, кранаючы сэрцы як сталых прыхільнікаў сапраўднай паэзіі, так і моладзі».

Што ж такога ў гэтых традыцыйных з фарматворчага пункту гледжання вершах, што дазваляе даследчыкам літаратуры, крытыкам, чытачам у адзін голас захоплена сцвярджаць: так, гэтыя творы і па сёння ёсць непераўзыдзенай вяршыняй беларускай лірыкі? Перш за ўсё, безумоўна, прыродны талент, бездакорнае адчуванне слова. Але і гранічная шчырасць інтанацыі, адсутнасць штучнасці, найменшага фальшу. Зрэшты, хіба адно можа існаваць без другога? Сама Янішчыц прызнавалася, што баіцца паэтаў і паэтэс, у чыіх вершах пачуццё «наігранае, высмактанае з пальца». Яна цалкам аддавалася свайму прызванню, не ўяўляла сябе без творчасці і жыла, як пісала, — нагбом. «Непрыручанаю птушкай». Палкай, гранічна шчырай. «Паэзія — агонь і лёд: // Сто раз згараць і уздымацца». Так пранізліва, тонка яна адчувала свет — аголенымі нервамі і трапяткой душой, увесь час шукаючы ў ім «вытокі мудрасці і зла». ‘

Яе называлі «палеская ластаўка», падкрэсліваючы непарыўную духоўную сувязь яе паэзіі з радзімай. Любоўю да родных краявідаў, да «зялёных плёсаў», «сіняй радасці азёр», «ластавак з гнёздаў вясны», да «белых бусліх і мудрых лясоў» прасякнута ўся яе творчасць. З глыбокім пачуццём адданасці ўслаўляла паэтка маці і бацьку, з дзяцінства знаёмых ёй людзей — вяскоўцаў. Услаўляла сялянскую працу, якую добра ўмела рабіць і па якой вымярала свой лёс творцы: 

Мама, сею не жыта я, сею не лён. 

Але з лёну і жыта я словы складаю. 

Ва ўсіх мітрэнгах свайго сталічнага жыцця помніла, як запавет: «І ты душу сасмяглую напоіш // Сівой расою з роднага двара».

Нязменна гучыць у паэзіі Яўгеніі Янішчыц тэма гістарычнай памяці, патрыятызму, адчуванне крохкасці міру на планеце. Паказальны верш, датаваны 1985 годам і прысвечаны Аляксею Дудараву — з ім паэтка адчувае роднасць «па зорцы, што мкне з абеліска». Памяць вайны не адпускае яе і ў звычайнай паездцы: «Мы едзем ласкавым раскрыленым днём, // За дзень да вайны ў 41-м». Нават трава на пагорку абуджае думкі пра ваеннае ліхалецце: «Тут на траншэях і пагорках // Расце трагічная трава». Паэтка стварыла велічныя вобразы пасляваенных удоў, якія «тапталі ржышча, секлі буралом, жыццём масцілі горасныя кладкі» («Салдаткі»). Менавіта ў іх, вясковых жанчынах з няпростымі лёсамі, яна знаходзіла для сябе ідэал маральнасці: 

Не шукаю гаманлівай славы 

І вучуся сціпласці ў кабет. 

Асаблівы пласт творчасці Яўгеніі Янішчыц — лірыка кахання. У беларускай жаночай паэзіі гэтая тэма досыць добра распрацаваная, але ў вершах Янішчыц яна дасягае сапраўдных вышынь. Паэтычная нота дужа высока ўзятая. Многія даследчыкі адзначаюць, што ад светлай, яскрава-сонечнай танальнасці ў ранніх зборніках тэма кахання з цягам часу набывае ўсё больш акрэслены драматызм. У позніх вершах пераважаюць матывы расчаравання і суму. Верш «Застаюся каханай» інтанацыяй гордасці, за якой лёгка прачытваецца боль ад разбітых ілюзій, прымушае ўзгадаць цвятаеўскую «Спробу рэўнасці». Лірычная гераіня Янішчыц (і, безумоўна, сама паэтка) шукае ў творчасці «лекі для душы» і «зёлкі ад маркоты», але паэзія не здольная вылечыць яе душэўную пакуту, бо акурат той пакутаю жывіцца: «Табе, мой боль, табе — і больш нікому! — // я й перад смерцю вымаўлю: люблю». 

Што ж, вершы як «зёлкі ад маркоты» ў рэальным жыцці мала дапамагаюць. Пакуты з-за кахання рамантызуюцца мастацтвам, і як жанчыне, якая шчодра і безаглядна растрачвае душу, не трапіць у гэтую пастку? У вершы «Каліна зімы» паэтка прызнаецца: «Доля мая — нібы гронка любові // Б’ецца над сцішанай голькай жыцця». Кожнае слова ў гэтых спавядальных радках аплочана высокай цаною. На жаль, выбіраць жанчыне-творцы, якая годна нясе сваю адзіноту, застаецца, па сутнасці, паміж двума коламі пекла: ідэалізацыяй кахання (пры тым, што шчаслівая яго версія сталася для яе чамусьці недасяжнай — і гэта перажываецца як трагедыя) і экзістэнцыйнай пустэчай, бо жыццё без кахання здаецца бяссэнсавым. «Па леву ручаньку — масток, // Па правую — бяздонне». Зрэшты, бяздонне можа зацягнуць любога, але найчасцей гэта ўсё ж адбываецца з паэтамі, прычым з тымі, чый дух праходзіць свае зямныя выпрабаванні ў целе жанчыны. Жанчыны з вялікім талентам, трапяткой, уражлівай душой, абвостранай эмацыянальнасцю. А выпрабаванняў лёс прынёс Яўгеніі Іосіфаўне нямала, хоць і на дарункі быў вельмі шчодры. 

Падаецца, галоўны сакрэт прыцягальнасці гэтай паэзіі ў яе адухоўленасці, пранізлівай, шчымлівай шчырасці і светлай, нягледзячы на мінорныя ноты, любові да жыцця — любові, з якой, па словах паэткі, усё пачынаецца. У глыбіннай сувязі з нашай народна-песеннай традыцыяй, са светаадчуваннем беларусаў. Застаючыся дачкой сваёй эпохі, чалавекам другой паловы ХХ стагоддзя, у сваёй паэзіі Янішчыц наследуе Купалу. Радкі з верша «Ружы Купалы», прысвечанага ёю народнаму Песняру, можна цалкам аднесці і да яе самой: «Ўпляліся ў Ваш балесны лёс // Шыпы і ружы». Пра ўсе шыпы дакладна ведала толькі сама Яўгенія Янішчыц, а чытачам, шматлікім прыхільнікам засталіся ружы дзівоснага саду яе паэзіі. 

Алена БРАВА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.