Так, сёлета ў вобласці на апошні тыдзень снежня прыпадае ў два разы больш вяселляў, чым летась. Не менш актыўна адбываецца рэгістрацыя і ў папярэдні тыдзень. На гэты перыяд у аддзел загс Ленінскага раёна Гродна пададзена каля 60 заяў, што значна больш, чым летась. Многія вырашылі распісацца ў прыгожую дату 21.12.23 і 23.12.23. Не ўступаюць у папулярнасці і апошнія дні года. Чаму гродзенцы выбіраюць для шлюбу такі мітуслівы перыяд? Ці не баяцца яны, што навагодняе свята перакрые іх вясельны настрой? Карэспандэнт «Звязды» папрысутнічала падчас рэгістрацыі шлюбу і распытала маладых аб іх выбары.
Загс у гістарычным цэнтры Гродна — самы запатрабаваны сярод маладых пар. Наплыў сюды стаў яшчэ большым пасля таго, як сёлета перастаў дзейнічаць гарадскі загс на бульвары Ленінскага камсамола.
А паколькі будынак існуючага загса невялікі, горад выдзеліў для ўрачыстай рэгістрацыі былы палац Тызенгаўза. Старажытны аб’ект адноўлены ў традыцыях каралеўскай эпохі. Тут рэгістрацыя маладых праходзіць, як правіла, вельмі пышна, з вялікай колькасцю гасцей. У самім загсе такіх умоў няма, тут зала для рэгістрацыі невялікая.
Між тым, па словах спецыялістаў, гродзенцы цяпер часцей схіляюцца да камернай працэдуры рэгістрацыі. Аб гэтым сведчаць і жаданні маладых, якія вырашылі распісацца напярэдадні Новага года.
Напрыклад, Кацярына і Павел наогул прыйшлі адны. Можа таму, што ў абодвух гэты шлюб не першы. Але маладыя людзі не згубілі надзею ўладкаваць сваё сямейнае жыццё і вельмі ўзрушаны будучай падзеяй. Кацярына — педагог-арганізатар у школе, Павел — ветэрынарны ўрач, працуе на мясакамбінаце, праўда пакуль не па сваёй спецыяльнасці. Спадзяецца, што ў новым годзе з’явіцца для яго адпаведная вакансія.
Пазнаёміліся яны ў інтэрнэце. Як абодва жартуюць: «Новы трэнд — інтэрнэт». Перапіска прывяла да сустрэч, а потым і сюды, у загс. Але чаму менавіта ў пераднавагодні час? Як высветлілася, рашэнне ўзнікла спантанна. Калі прыйшлі падаваць заяву, работнікі загса прапанавалі перадсвяточную дату.
— Мы падумалі: а чаму не? Гэта так крута! Цяпер кожны Новы год будзе яшчэ і чарговай датай сумеснага жыцця. Прытым падзея сама па сабе сімвалічная — пачатак новага года і пачатак новага сямейнага жыцця! — узрушана дзеліцца эмоцыямі Кацярына.
Свае спадзяванні маладая пара звязвае з папаўненнем сям’і. «І выйграць кватэру ў наступным годзе!» — жартуе Павел. «Галоўнае, каб усе былі здаровыя — і родныя, і бацькі. І каб было мірнае неба», — выказвае сваю думку яго спадарожніца. Яна пераканана, што ў навагодняе свята ўсе пажаданні абавязкова збудуцца.
У якасці сужэнцаў сустрэнуць Новы год гродзенцы Марта і Аляксей. Так супала, што ў маладых аднолькавае прозвішча. «Не трэба і пашпарт мяняць», — жартуе нявеста.
Для абодвух Новы год — дата сімвалічная. Менавіта 1 студзеня адбылося іх знаёмства. І вось праз некалькі гадоў кола адносін замкнулася заручальнымі пярсцёнкамі.
— Мы не маглі абысці дату нашага знаёмства, таму вырашылі ўзаконіць свае адносіны менавіта напярэдадні Новага года. Цяпер гэта свята стане для нас яшчэ і напамінам аб нашай першай сустрэчы, можна сказаць, што Новы год падарыў нам шчасце, — дзеліцца сваімі разважаннямі 20-гадовая Марта. Яна прызналася, што стала ініцыятарам рэгістрацыі напрыканцы года, бо наступны год — высакосны. «Думаю, што разам мы пераадолеем цяжкасці», — рэзюмавала нявеста. «Магчыма, нам удасца ў будучым годзе завяршыць рамонт у кватэры», — падзяліўся турботамі Аляксей. Яго бацькі пагаджаюцца з сынам. Магчыма, таму і не плануюць рабіць шумнае вяселле. Сродкі лепш укласці ў надзённыя патрэбы, віншаванні атрымаць ад самых блізкіх — гэта будзе і шчыра, і душэўна. Таму на ўрачыстасць збяруцца толькі родныя і блізкія сябры.
— Вялікае вяселле патрабуе значных расходаў, да таго ж хочацца, каб усё было спакойна, акуратна, цывілізавана, — тлумачыць Аляксей. — Таму вырашылі святкаваць з самымі блізкімі людзьмі. Да таго ж, мы не любім да сябе ўвагі.
Як аказалася, само паняцце «вяселле» губляе традыцыйны сэнс. Вялікія і шумныя застоллі становяцца рэдкасцю. Дарэчы, рэгістрацыі, якія я ўбачыла, прайшлі сціпла, без традыцыйнага вальса Мендэльсона. Як расказала начальнік аддзела загса адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна Святлана Анегіна, цяпер многія імкнуцца мінімізаваць гэту падзею. Пары могуць прыйсці і, як кажуць у народзе, проста распісацца. Але і для тых, хто рэгіструе шлюб у кабінеце, праводзіцца мінімальная цырымонія з абменам пярсцёнкамі, а не проста ўручэнне дакументаў. Фармат рэгістрацыі абгаворваецца падчас падачы дакументаў.
— Цяпер у нас напружаны час, работа, можна сказаць, кіпіць. Напярэдадні Новага года ўсе хочуць быць шчаслівымі, многія прымаюць рашэнне аб’яднаць два святы ў адным, узаконіць свае адносіны і адзначыць гэту падзею на Новы год. Асабліва насычаныя апошнія дзесяць дзён года. Самая запатрабаваная дата 23 снежня. Лічба выглядае прыгожа — 23.12.23. У гэты дзень мы зарэгістравалі 17 пар. А ўсяго за два перадсвяточныя тыдні — каля паўсотні. Гэта больш, чым за такі ж леташні перыяд. Вельмі запатрабаваныя пятніца і субота, 29 і 30 снежня. Хоць заяву па заканадаўстве можна падаць і за тры дні, некаторыя браніравалі гэтыя даты яшчэ ў сярэдзіне года, — паведаміла Святлана Анегіна.
Як сведчыць статыстыка, апошнім часам менавіта снежань стаў адным з самых папулярных месяцаў для рэгістрацыі шлюбу. Лічыцца, што ў навагодніх вяселлях ёсць рамантыка. Гэтаму спрыяе і навакольная абстаноўка — усё зіхаціць навагоднімі агнямі, радуюць вока ўпрыгожаныя ялінкі, і, наогул, перадсвяточная мітусня падымае настрой. Вядома, такія фактары ўносяць свой каларыт у пераднавагоднюю рэгістрацыю шлюбу. І нават калі сама працэдура не шматлюдная, атмасфера стварае адчуванне свята пры самым сціплым фармаце рэгістрацыі.
Але не толькі знешні антураж важны для маладзёнаў. Некаторыя жадаюць уступіць у новы год у статусе мужа і жонкі. Як паказала размова з парамі, усе зрабілі свой выбар асэнсавана і спадзяюцца на шчаслівы шлюб. Магчыма, гэта звязана з тым, што павялічваецца ўзрост шлюбных пар. Калі раней жанчыны выходзілі замуж у сярэднім у 21 год, а мужчыны ў 25, цяпер — у 25 і 30 гадоў адпаведна.
Ёсць і ўзроставыя рэкардсмены. Самым сталым жаніхом у Гродне сёлета стаў 77-гадовы мужчына, а самай узроставай нявестай — 74-гадовая жанчына.
Звяртаюць гродзенцы ўвагу і на магію лічбаў. Такіх нямала чакаецца і ў будучым годзе. У прыватнасці, ёсць ахвотныя распісацца 24.02.2024, шэсць пар ужо запісаліся на 24.08.2024. Не застануцца без увагі і такія даты, як 21.01.2024, 02.02.2024, 04.04.2024 ды іншыя.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Фота аўтара
Давайце высветлім, пачым сёння наш галоўны прадукт «зімовага рацыёна», што ў асартыменце ў гэтым лістападзе і які від сала карыстаецца цяпер найбольшым попытам.
«Устаюць раней за ўсіх і пазней за ўсіх кладуцца»
...Як ламае сумеснае актыўнае пераабсталяванне жылля добрыя сем’і, я ведаю не па чутках.