Вы тут

Найлепшы падарунак


Днямі я прачытала невялічкую навелу О. Генры «Дары вешчуноў». У ёй дзеянне разгортваецца перад Калядамі. Галоўная гераіня Дэла вельмі хацела парадаваць падарункам свайго мужа. Аднак у яе было настолькі мала грошай, што на іх немагчыма было набыць штосьці незвычайнае — тое, чаго, на яе думку, заслугоўвае каханы. І жанчына вырашылася на адчайны крок: прадала свае шыкоўныя доўгія каштанавыя валасы, а на выручаныя грошы купіла плацінавы ланцужок для кішэннага гадзінніка мужа, які дастаўся яму ў спадчыну ад бацькі. Але Джэймс таксама вельмі хацеў парадаваць сваю жонку, таму прадаў свой любімы гадзіннік, каб падарыць ёй... чарапахавыя грэбні для валасоў — тыя самыя, аб якіх так марыла Дэла. Яны ахвяравалі адно для аднаго самым дарагім, што мелі, хоць цудоўныя падарункі аказаліся ў выніку бескарыснымі рэчамі...


Пасля прачытання гэтай гісторыі ў мяне былі дваякія эмоцыі. З аднаго боку, такое ўзаемнае жаданне парадаваць каханага чалавека ўражвае і выклікае захапленне. З іншага — насцярожвае моцная прывязка герояў да матэрыяльных падарункаў. Мне здаецца, можна было ў такой сітуацыі праявіць сваё каханне неяк па-іншаму. Парадаваць мужа смачнай вячэрай пры свечках ці запрасіць жонку на рамантычную прагулку, разам палюбавацца на падаючы снег...

Цяпер, перад Новым годам, усе дзеці пішуць пісьмы Дзеду Марозу. Просяць у яго, у залежнасці ад узросту: хто — канструктар, хто — снегаўборачную машынку, хто — планшэт ці айфон... Я таксама некалькі разоў нагадала свайму пяцігадоваму сыну, што ўжо час пісаць ліст Дзеду Марозу. Але не акцэнтавала ўвагу, што ў яго трэба нешта прасіць. А днямі Сымон прынёс мне аркуш, увесь спісаны акуратненькімі кручочкамі. Папрасіла сына расшыфраваць той допіс. Аказалася, ён напісаў Дзеду Марозу верш «Не сядзіцца ў хаце хлопчыку малому», які развучыў спецыяльна для яго. «А ты штосьці папрасіў у Дзядулі?» — пацікавілася я. — «Так, — усміхнуўся ён. — Сюрпрыз!»

Сынавы словы прымусілі мяне задумацца, што ў цяперашні час стала вельмі мала сюрпрызаў. Усё часцей людзі дораць блізкім і сябрам грошы. Цяпер такія падарункі нават перасталі ўпакоўвацца ў паштоўкі — проста пераводзяцца праз інтэрнэт-банкінг на картку. Але калі пытаешся пра самы памятны падарунак, які даводзілася атрымліваць, ніхто не згадвае пра грошы... Успамінаюцца простыя радасці, незабыўныя эмоцыі. Напрыклад, мая сяброўка на ўсё жыццё запомніць палёт над Віцебскам на паветраным шары, які ёй падарыў будучы муж. Я ж ніколі не забуду радыёперадачу, якую для мяне на дзень нараджэння запісалі сябры, з якімі мы разам вучыліся на журфаку, а таксама лістапад на Новы год... Мой добры прыяцель ведаў, што я люблю восень і рознакаляровае лісце, таму насушыў яго вельмі-вельмі шмат, а на Каляды папрасіў мяне заплюшчыць на імгненне вочы і падкінуў яго ўверх. У той вечар я стала сведкай цуду — убачыла, як жоўтае і барвовае лісце кружыцца ў паветры і падае на бялюткі снег.

Для мяне заўсёды самым каштоўным быў падарунак, зроблены сваімі рукамі. Бо ў яго ўклалі не толькі часцінку душы, але і самы дарагі рэсурс сучаснасці — час. Дагэтуль памятаю, як пяць гадоў таму, калі мы толькі пераехалі жыць у вёску, суседка падарыла нам зроблены ўласнаручна калядны вянок...

...Апошнім часам прынята дарыць сертыфікаты на вызначаную суму, з якімі трэба некуды ехаць у адзіноце ці шукаць кампанію. А чаму б не праявіць крэатыў і не зрабіць свой «сертыфікат» — на сумесную прагулку па Калядных кірмашах, на СПА з найлепшай сяброўкай, на парны масаж з мужам, на паход у планетарый з сынам, у кіно з братам ці сястрой, у філармонію з мамай. Цяпер, калі свет нясецца на вялізнай хуткасці, у нас так мала часу на стасункі з блізкімі, што падарыць яго — сапраўдная шчодрасць. Цеплыня, стасункі, сумесна перажытыя эмоцыі і ўражанні — гэта тое, што запомніцца на гады і не запыліцца на паліцы.

Дарэчы, свайму каханаму я вырашыла перад Новым годам падарыць спатканне ўсляпую. Сустрэчу прызначыла ў Мінску на вуліцы Крапоткіна. Менавіта там знаходзіцца наш любімы тэатр беларускай драматургіі, побач з якім я і ўручу мужу квіткі на прэм’ерны спектакль «Карней», у аснове якога — апавяданне Уладзіміра Караткевіча. І наогул мы з Уладзем не чакаем Новага года ці дня нараджэння, каб зрабіць адно аднаму сюрпрыз. Бо чым старэйшымі становімся, тым больш цэнім кожны момант, праведзены разам.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».