Вы тут

Жыць у любові. Размова са святаром не пра рэлігію


Не сакрэт, што прафесія, асабліва калі яна — яшчэ і справа жыцця бацькоў, накладвае адбітак на ўклад усёй сям’і, выхаванне і фарміраванне светапогляду дзяцей. Вядома, усе сем’і розныя. Але сем’і вайскоўцаў, напэўна, будуць мець свае агульныя рысы, як і сем’і ўрачоў, педагогаў ці, напрыклад, псіхолагаў. А які ўклад у сям’і праваслаўнага святара? Пра гэта напярэдадні Раства Хрыстова і Новага года (якія ў нашай традыцыі лічацца сямейнымі святамі) мы вырашылі спытаць у настаяцеля прыхода храма Спірыдона Трыміфунцкага ў Мінску святара Аляксандра Пальчэўскага.


— Не толькі сям’я святара, але і любая хрысціянская сям’я найважнейшай мэтай бачыць духоўнае станаўленне і развіццё ўсіх яе ўдзельнікаў. Згодна з Евангеллем, «шукайце найперш Царства Нябеснага, усё астатняе дадасца вам». Такім чынам, у ідэале павінна выбудоўвацца іерархія каштоўнасцяў у хрысціянскай сям’і. Зразумела, вельмі важныя і іншыя аспекты — выхаванне і адукацыя дзяцей, сумеснае пераадоленне цяжкасцяў, дасягненне матэрыяльнага дабрабыту. Але хрысціянская сям’я — гэта яшчэ і духоўны складнік. І так, па ідэі, павінна быць у кожнай сям’і.

— Кожная сям’я — закрыты свет, таму і ўзнікаюць стэрэатыпы: жорсткая дысцыпліна ў сям’і ваеннага, пастаянны аналіз паводзін блізкіх у сям’і псіхолага... Ёсць «міфы» і пра сям’ю святара. Напрыклад, пра тое, што ў ёй існуе «дамастрой», а жанчына павінна займацца толькі домам і не можа будаваць кар’еру...

— Давайце пачнём з гэтага аспекту ў жыцці самога святара. У некаторых краінах святары, акрамя іх справы жыцця — служэння Богу і блізкім — маюць дадатковую прафесію. У нашай краіне таксама ёсць такія прыклады. Але не ўсе прафесіі святар можа прымаць. Напрыклад, не можа быць прафесійным спартсменам: вялікі спорт — гэта ж таксама справа жыцця, якая патрабуе занадта шмат часу і сіл. Не можа святар мець асабісты бізнес ці працаваць у банкаўскай сферы. Не можа праліваць кроў — напрыклад, быць ваенным або ўрачом. Хоць, што датычыцца хірургіі, у гісторыі былі выключэнні. Так, адзін са святых, Лука Крымскі, быў ваенным хірургам, па яго падручніку да гэтага часу вучацца студэнты-медыкі. Бліжэй да канца жыцця ён прыняў сан, атрымаўшы на гэта спецыяльны дазвол ад кіраўніцтва царквы. Але гэта, паўтаруся, выключэнне. Зразумела, святар не можа быць барменам. Не можа працаваць у любой сферы шоу-бізнесу, у тым ліку і ў тэатры. А вось кіроўцам, напрыклад, ён можа быць. Або, дапусцім, спецыялістам у сферы ІT.

«У хрысціянскай традыцыі любоў — гэта заўсёды ахвярнасць. Калі каханне эгаістычнае, шлюб рана ці позна дасць расколіну».

Што датычыцца матушкі, прынцыпы выбару прафесіі для яе тыя ж, толькі абмежаванні менш строгія. Многія матушкі працуюць, будуюць кар’еру і матэрыяльна незалежныя ад мужа. У сучасным свеце радзей можна сустрэць жонку святара, якая не працуе. Мая матушка, напрыклад, па адукацыі філосаф, скончыла БДУ і выкладала філасофію, а цяпер захапілася медыцынай і атрымала адукацыю, звязаную з асаблівасцямі догляду нованароджаных.

— Ад чаго залежыць заробак святара?

— Кожны святар мае заробак, які яму плаціць прыход, дзе ён служыць. Залежыць ён ад тых ахвяраванняў, якія прыходзяць у храм. Заработная плата святара складаецца з богаслужэнняў, якія ён здзяйсняе, а таксама трэб, калі яго запрашаюць, дапусцім, асвяціць кватэру, здзейсніць хрышчэнне і гэтак далей. Іншымі словамі, святар цалкам залежыць ад свайго прыходу. Ёсць прыходы буйныя, ёсць маленькія, сельскія прыходы. Там многія святары забяспечваюць сям’ю асабістай працай — напрыклад, вядуць гаспадарку. Або асвойваюць дадатковую прафесію. Прыход святар не выбірае, адпраўляецца туды, куды яго прызначаць. Як і ва ўсіх, у святара ёсць два выхадныя на тыдзень і адпачынак раз на год.

Свяшчэннікам трэба быць заўсёды

— Калі вярнуцца да стэрэатыпаў аб тым, «што нельга жонцы святара», то такія складнікі сучаснага жыцця жанчыны, як касметыка ці, скажам, фітнес, для іх магчымыя?

— Што датычыцца касметыкі, то ніякіх абмежаванняў тут няма. Іншая справа, што і ў гэтай сферы ёсць крайнія праявы. Але жанчына, якая выбірае для сябе жыццёвы шлях матушкі, наўрад ці сама захоча рабіць занадта яркі макіяж, наўрад ці будзе захапляцца пластычнай хірургіяй ці татуіроўкамі. Апостал Павел кажа: «Усё мне дазволена, але не ўсё карысна». Бо, пагадзіцеся, нярэдка ў юнацтве чалавек робіць тату або пірсінг, а потым шкадуе аб гэтым, стаўшы дарослым. Да цела трэба ставіцца як да храма сваёй душы — і таму важна спытаць сябе, перш чым, напрыклад, ісці ў тату- салон: ці гатовы я ў такім вось «упрыгожаным» целе паўстаць перад Стваральнікам?

Зыходзячы з канцэпцыі цела як храма душы, фізічная культура толькі вітаецца. Іншая справа, што ёга, напрыклад, можа быць звязана з пэўнай філасофіяй ці светапоглядам, практыкамі, якія могуць ісці насуперак хрысціянству. Так што наўрад ці матушку гэта можа зацікавіць. А вось наведванне трэнажорнай залы або басейна — гэта добра і правільна. Я сам займаюся футболам, хаджу ў трэнажорную залу. Гасподзь даў нам наша цела як дом Духа Святога, і важна падтрымліваць яго здаровым. Яшчэ часам цікавяцца, ці можна святару і яго сям’і карыстацца сацсеткамі, інтэрнэтам. Як вы ўжо зразумелі, адказ — так. Святары выкарыстоўваюць гэтыя інструменты ў тым ліку для дасягнення мэт, якія стаяць перад Царквой. І святары, і іх жонкі часта вядуць блогі. Гэта магчымасць расказаць пра свае погляды на тыя ці іншыя пытанні.

— Іншымі словамі, зняўшы царкоўнае адзенне і пераапрануўшыся ў «свецкую вопратку», святар становіцца звычайным сучасным чалавекам?

— Гэта няпростае пытанне, і яно было такім ва ўсе часы. Бо часта бывае нават у асяроддзі вернікаў-хрысціян: у храме, у кантэксце богаслужэння хрысціянін дэманструе адзін лад мыслення, а выйшаўшы з храма — іншы. Мяркую, гэта недапушчальна, асабліва для святара. Незалежна ад таго, дзе ён знаходзіцца, чым займаецца, у аблачэнні ён ці не, павінен заўсёды і ва ўсім заставацца хрысціянінам. Таму святароў і заклікаюць у любым месцы бываць у аблачэнні. У нас у Беларусі гэта не так выяўлена, а вось у Грэцыі ці Грузіі, напрыклад, святара можна сустрэць у аблачэнні паўсюль — і ў гандлёвым цэнтры, і на рынку... І гэта дысцыплінуе, бо сваім выглядам святар прапаведуе хрысціянства, а значыць, нясе асаблівую адказнасць за кожнае слова ці ўчынак. Хрысціянінам трэба быць усюды і заўсёды. Святаром — тым больш.

Любоў — гэта ахвярнасць

— З чаго пачынаецца дзень у сям’і святара? З малітвы?

— З малітвы, малітвай жа і завяршаецца. Вядома, дзеці растуць, у іх у школе могуць быць розныя змены: пачынаць і завяршаць дзень усёй сям’ёй удаецца не заўсёды. Але святы і нядзелі мы стараемся правесці разам. І абавязкова бываць разам у храме, на богаслужэнні.

— Уклад жыцця ў вашай сям’і хутчэй патрыярхальны або муж і жонка — раўнапраўныя партнёры ў прыняцці рашэнняў?

— Тыя ўяўленні, якія часам узнікаюць аб праваслаўнай сям’і, яе залішняй строгасці і патрыярхальнасці, не адпавядаюць рэальнасці. Зразумела, адносіны ў нашай сям’і раўнапраўныя.

— Як выбраць спадарожніка жыцця раз і назаўжды? Свецкі чалавек ведае: не сыдземся характарамі — заўсёды можна разбегчыся. У святара такой магчымасці няма...

— Цяжкасці ў пошуку «свайго» чалавека ўзнікаюць у кожнага. Калі я пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, яна была зусім не рэлігійная. Але я і сам да веры прыйшоў свядома, будучы ўжо дастаткова дарослым. І я рады, што мая жонка таксама прайшла гэты шлях.

— Як захаваць моцную сям’ю пасля многіх гадоў шлюбу?

— Мы ў шлюбе 13 гадоў, і я не адчуваю за сабой права раздаваць парады. Магу толькі сказаць, што ў хрысціянскай традыцыі любоў — гэта заўсёды ахвярнасць. Калі каханне эгаістычнае, шлюб рана ці позна дасць расколіну. Але калі ў мужа і жонкі ёсць першапачатковая ўстаноўка на ўзаемную павагу, на тое, каб саступаць тым, каго мы любім, першым рабіць крок насустрач у любым канфлікце, у вас ёсць шанц выбудаваць моцныя, здаровыя і шчаслівыя адносіны.

Выхоўваючы дзяцей, пачніце з сябе

— Дзеці ў вашай сям’і маюць права голасу? Ці могуць адмовіцца ісці ў нядзелю на службу ў храм?

— Могуць, і мы іх не прымушаем. Але ў нашай сям’і нядзельнае наведванне храма — такая ж дадзенасць, як, напрыклад, неабходнасць чысціць зубы раніцай. Падлетак, вядома, можа тэарэтычна адмовіцца чысціць зубы. Але ж гэтым ён нанясе шкоду ў першую чаргу сабе, і нашы дзеці гэта разумеюць.

— Ці дзеляцца вашы дзеці з вамі як з бацькамі сваімі праблемамі?

— Не заўсёды. Але, на мой погляд, вельмі важна пакідаць дзіцяці асабістую прастору. У гэтым пытанні бацькам неабходна вытрымліваць баланс, асабліва па меры сталення дзяцей. Калі нашы дзеці былі меншыя, то прыходзілі да мяне на споведзь. Цяпер такое таксама здараецца, хоць часам на споведзь яны прыходзяць да іншых святароў. Гэта пытанне даверу, а давяраць дзіця не прымусіш, давер трэба заслугоўваць зноў і зноў. І мы з жонкай вельмі імкнёмся гэта рабіць.

Выхаванне дзяцей — бесперапынны працэс, як і выбудоўванне адносін паміж мужам і жонкай. Гэта доўгі шлях, асабістае развіццё, і без ахвярнасці, абмежавання сваіх інтарэсаў тут не абысціся. Ведаеце, часта ў храм прыходзяць людзі, якія шкадуюць, што ў свой час не далі дзецям любоў і клопат. І цяпер любові і клопату яны не атрымліваюць ад сваіх дарослых дзяцей. Так што ўсё проста (хоць на практыцы — вельмі няпроста): укладваць максімум увагі, любові, часу ў сваіх дзяцей. І тады ўсё гэта вам абавязкова вернецца. Але тут ёсць важны нюанс. Крайнія ступені апекі, эгаістычнай бацькоўскай любові могуць нанесці шкоду. У гэтым выпадку дзіця, вырастаючы, не мае самастойнасці, не можа арыентавацца ў жыцці. Так што выхаванне дзяцей патрабуе ад бацькоў у першую чаргу самавыхавання. А што датычыцца павагі да бацькоў, па маім глыбокім перакананні, яна выхоўваецца толькі асабістым прыкладам. Як вы ставіцеся да бабуль і дзядуляў — сваіх бацькоў і бацькоў жонкі (мужа), так вашы дзеці, падрастаючы, пачнуць ставіцца і да вас саміх.

— Раскажыце пра вашы сямейныя традыцыі.

— Большая частка традыцый звязана з храмам. Мы стараемся, каб дзеці далучаліся не толькі да знешніх рытуалаў, але і да разумення іх сутнасці. Але, апроч гэтага, у нас ёсць традыцыя праводзіць нядзельны дзень разам, напаўняць яго радаснымі і яркімі падзеямі. Бываць на прыродзе, выязджаць за горад, падарожнічаць па Беларусі. Набліжаецца Раство Хрыстова, і з ім, як і ўвогуле з зімовымі праваслаўнымі святамі, у нашай сям’і таксама звязаны традыцыі. Напрыклад, Каляднае начное богаслужэнне — у ім бяруць удзел і нашы дзеці.

— А Новы год у вашай сям’і — свята?

— Вядома, і ў многіх сем’ях святароў яго не адмаўляюць. Я лічу, не трэба адбіраць у дзяцей гэтае свята. Новы год выпадае на перыяд Каляднага посту, і гэта адбіваецца на нашым святочным меню. Але ніякай праблемы тут няма. Сёння выбар прадуктаў у крамах велізарны, нескладана зрабіць рыбны стол, набыць посны маянэз. Аліўе і мясной нарэзкі на нашым навагоднім стале няма, але ёсць рыбныя стравы, агароднінныя салаты, садавіна, выпечка.

Праз святара дзейнічае Бог

— Айцец Аляксандр, а як вы выбралі для сябе менавіта гэтую жыццёвую дарогу — стаць святаром?

— Я зразумеў, што хачу быць святаром, у 15 гадоў. Сям’я мая, як я ўжо казаў, была няверуючай, хоць, як і многія, мы час ад часу заходзілі ў храм — паставіць свечку, асвяціць кулічы на Вялікдзень. І вось, заходзячы ў храм, я стаў больш увагі звяртаць на тое, што там адбываецца. У мяне з’явіліся пытанні, і я пачаў чытаць Евангелле і іншую духоўную літаратуру. І духоўны свет пачаў адкрывацца для мяне. А ў цэлым для кожнага святара ключавым момантам у прыняцці гэтага рашэння заўсёды з’яўляецца асабісты вопыт перажывання Бога, Яго прысутнасці ў тваім жыцці. Так было і са мною.

— Святарства — гэта, безумоўна, духоўны шлях. Але гэта таксама штодзённая праца з людзьмі. Ці бывае ў святароў «прафесійнае выгаранне»?

— Сучасны свет такі, што часам любому чалавеку цяжка вынесці псіхалагічную нагрузку. Але нам у гэтым плане лягчэй: святар не здзяйсняе нейкія дзеянні ад сябе — праз яго ў храме (і нават за яго межамі) дзейнічае Бог. У прынцыпе, як праз кожнага хрысціяніна, які імкнецца жыць паводле евангельскіх запаведзяў. Таму і важна рэгулярна бываць у храме — не для захавання царкоўных традыцый, а для фарміравання свайго духоўнага свету, сувязі з Богам, змены свайго стаўлення да сябе, навакольных. Божая сіла не мае межаў, і Ён гатовы дзяліцца ёю з кожным.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.