Вы тут

Алесь Бычкоўскі: «Пішу дзеля чытача, каб у яго захапіў дух...»


Беразіно — самы што ні ёсць правінцыйны гарадок на Міншчыне. Хаця, можа быць, самім жыхарам гэтай старонкі і крыўдна чуць такое вызначэнне... У любым выпадку Беразіно — не такі і блізкі свет ад Мінска... І ўсё ж гэты невялікі гарадок мне бачыцца своеасаблівым цэнтрам асветніцкага, кніжнага жыцця. Уражваюць памкненні супрацоўнікаў раённай бібліятэкі стварыць у горадзе і раёне атмасферу шырокай увагі да кнігі, да чытання. Гэта дарагога каштуе. Уражвае і тое, што ў горадзе і раёне жывуць, працуюць людзі, нераўнадушныя да мастацкага слова. Яркая асоба сярод іншых — журналіст і пісьменнік Алесь Бычкоўскі. Апошнім часам імя яго ўсё часцей сустракаецца ў рэспубліканскім друку. На некалькі нашых пытанняў і адказвае літаратар з Беразіно, аўтар некалькіх даволі цікавых кніг. 

— Алесь, якім для пісьменніка з Беразіно быў 2023 год? Што з задуманага ўдалося напісаць, што надрукавалі?

 
— Год добрых і прыемных уражанняў ад жыцця ў нашай невялікай правінцыі. Праўда, з улікам асабістай занятасці ў роднай раённай газеце на літаратурную творчасць часу застаецца мала. Але пішацца якраз тое, што трэба. Напрыклад, у лістападаўскім за 2023 год нумары «Маладосці» выйшла мая аповесць «Вясковыя легенды». Яна пра музыку, які прыехаў у пошуку натхнення ў вёску, і пра бабулю, якая жыве там не менш тысячы гадоў, чакае кагосьці і перыядычна наведваецца да таямнічага каменя на беразе возера. У фінале застаецца пытанне, мо музыку — чалавеку творчаму — усё прымроілася? Аповесць нельга назваць фантастычнай, аднак пэўныя элементы фэнтэзі, замешанага на айчынным фальклоры, у ёй прысутнічаюць. Здаецца, прыхільнікі фэнтэзійнага жанру ўбачаць у аповесці менавіта фэнтэзі, а аматары так бы мовіць «сур’ёзнай літаратуры» убачаць там камічную драму з элементамі казкі. 
 
Яшчэ мае творы патрапілі ў кнігі серыі «Сучасная беларуская літаратура», што вельмі прыемна. Праект выдавецтва «Аверсэв» і Саюза пісьменнікаў Беларусі ўражвае... Часам і не задумваешся, што ў нас гэтулькі цікавых творцаў... У самай «свежай» кнізе серыі — зборніку «Планета ў падарунак» змешчана мая аповесць «Зачараваная шафа». Твор расказвае пра хлопчыка, які хацеў пачуць казку і пра казачніка, які ледзь даў рады, апынуўшыся ў цэнтры падзей можна сказаць чыйгосьці твора. Аповесць друкавалася летась таксама ў «Маладосці» і добра замешаная на элементах навуковай фантастыкі. 
 
Таксама надрукавана адно апавяданне ў рамках конкурсу ўрадавай і парламенцкай газеты «Звязда». Конкурс прыцягвае ўвагу многіх аўтараў якраз з глыбінкі, за што мы і ўдзячны «Звяздзе». Пры тым апавяданне зусім далёкае ад фантастыкі, хутчэй сямейная драма. 
 
А вясною мая дзіцячая казка «Мураш-падарожнік» патрапіла ў кнігу «Вясёлка-65» і гэта мяне парадавала асабліва. Так што цалкам год атрымаўся
выдатны, вельмі плённым. 
 
— Вы ў асноўным працуеце ў адным накірунку, у адным жанравым абсягу літаратуры. Якім вам падаецца сённяшні стан айчыннай фантастыкі? Чаго не хапае для яе болей шырокага развіцця?
 
— На беларускай прасторы фантастыка ўласна ў «чыстым» выглядзе з’ява даволі эпізадычная. Для мяне было блізка, што пісалі ў свой час Андрэй Паўлухін, Серж Мінскевіч і часам Юры Станкевіч (напрыклад, яго знакамітая «П’яўка»). Праўда, адзін, здаецца перастаў пісаць, а другіх ужо і на свеце няма. Аднак сустракаюцца рэдкія людзі, напрыклад, Сяргей Белаяр, якія пішуць у названым жанры пастаянна, дадаючы ў творах дэтэктыўную інтрыгу. Раней у жанры «цвёрдай» навуковай фантастыкі працаваў Алесь Аляшкевіч (можа быць, памятаеце яго"Век Вадаліва«?) і некаторыя іншыя. А вось фэнтэзі ў нас пішуць вельмі многія. Напрыклад, я ў захапленні ад творчасці Надзеі Ясмінскай, якая стварыла цэлы сусвет, у тым жа шэрагу творы Людмілы Рублеўскай, цікава піша Маргарыта Латышкевіч. Варта ўспомніць Раісу Баравікову з кнігай «Вячэра манекенаў», Валянціна Маслюкова з эпапеяй «Нараджэнне чараўніцы», і шмат каго яшчэ. У плане фэнтэзі імён у нас і, праўда, безліч, і многія працуюць на мяжы жанраў. Мне здаецца, што фантастычныя накірункі ў беларускай літаратуры — справа для энтузіястаў-аматараў. І калі паглядзець на іх колькасць, за стан айчыннай фантастыкі можна не хвалявацца — фантасты ў нас ніколі не перавядуцца. Можа нам не хапае асобнага «фантастычнага» выдання, кшталту легендарнага часопіса канца 80-х пачатку 90-х «Фантокрим-MEGA»? Але гэта ўжо іншая тэма...
 
— У 2023 годзе вы як аўтар спрычыніліся да такога па задумцы маштабнага праекта, як серыя кніг «Сучасная беларуская літаратура». Ці заўважыў чытач вашы публікацыі ў зборніках серыі?
 
— Адназначна! У нас горад невялікі, таму мае чытачы адразу зацікавіліся. Тым больш, што ў шэрагу надрукаваных твораў не толькі фантастыка. Асобныя чытачы ўжо нават падзяліліся меркаваннямі пры асабістай сустрэчы. Прыемна было пачуць водгукі пра апавяданні «Анёл Гаўрыла» і «Ведзьма». Гэтыя творы для мяне не вельмі характэрныя, але чытачам спадабаліся, пры чым «Ведзьма» быў успрыняты на «ура» з-за гумарыстычнага складніка ў ім. Нават зрабіў для сябе выснову, што з гумарам парою і варта пісаць сур’ёзныя рэчы.
 
— Вы жывеце ў невялікім гарадку на памежжы Міншчыны і Магілёўшчыны. Гэта не з’яўляецца памехай да пашырэння пісьменніцкай вядомасці, да самой літаратурнай працы?
 
— Жыццё ў невялікім ціхім гарадку толькі спрыяе творчасці. Беразіно прыгажэе з кожным годам, і за апошнія дзесяць год горад часам і не пазнаць. Шыкоўны басейн, спартыўныя комплексы, новыя шматкватэрныя дамы, месцы адпачынку, дагледжаныя вуліцы. Яшчэ ж у нас рака пад бокам — летам радасць. Мясцовым жыхарам ужо звычна, часам мо і не прыкмячаюць прыгажосці, а вось гасцям са сталіцы ў нас заўсёды прыемна, ведаю пра людзей, якія наўмысна едуць да нас за сто кіламетраў, каб патрапіць на нашу рэчку. Тут у нас неапісальная прырода, урочышчы, лясы, улетку выдатна адпачываецца. Для творчага чалавека тут райскія ўмовы. А наконт вядомасці магу сказаць, што залішняя вядомасць можа добра сапсаваць творчы працэс у пісьменніка, выклікаць пэўны крызіс. Напрыклад, асабіста я пішу не дзеля папулярнасці, а выключна з-за памкненняў прыдумаць цікавую і захапляльную гісторыю, ад якой у чытача зойме дух. Калі вось атрымаецца хоць раз напісаць такі твор, значыць усё недарэмна. Хаця пэўная вядомасць у меру павінна быць, каб падаграваць агеньчык натхнення. Але часам варта быць удзячным і наяўнасці ўсяго некалькіх чытачоў.
 
— А што самі як чытач заўважылі ў беларускай літаратуры 2023 года?
 
— Як для мяне, то сапраўдная падзея — выхад у «Мастацкай літаратуры» кнігі пра даследванне «Тараса на Парнасе». Упершыню пазнаёміўся з названым творам у школе класе ў трэцім. Цікава, што і ў школе, і ва ўніверсітэце нам расказвалі, што аўтарства паэмы невядомае. А тут такое раптоўнае адкрыццё, якое, як аказалася, зусім не раптоўнае — даследчык збіраў і аналізаваў інфармацыю цягам доўгіх гадоў, каб устанавіць аўтарства Канстанціна Вераніцына. Прызнаюся, я быў у ліку першых пакупнікоў гэтага прыгожага і шыкоўнага выдання.
 
Значная падзея года — выхад згаданай серыі кніг «Сучасная беларуская літаратура», у якой прадстаўлены сучасныя творцы ў самых розных жанрах. Адны з лепшых твораў Алены Брава, Алеся Бадака, Андрэя Федарэнкі і многіх іншых айчынных пісьменнікаў проста неабходна было сабраць пад адной вокладкай і ў адной серыі, як мінімум дзеля таго, каб знаёміць з імі новых чытачоў.
 
На нашым правінцыйным узроўні адметныя падзеі года — гэта два літаратурных фестывалі, не пабаюся сказаць, рэспубліканскага ўзроўню, праведзеныя раённай бібліятэкай. Дзякуй усім, хто рыхтаваў гэтыя творчыя, бібліятэчныя праекты. Дзякуй і выдавецкаму дому «Звязда», Саюзу пісьменнікаў Беларусі, якія падтрымалі фестывалі. 
 
З выдадзенай прозы закрануў і ўразіў новы раман Андрэя Федарэнкі «Сцэнарыст». Аўтар у які раз пацвердзіў званне майстра не толькі глыбокай мастацкай прозы, але і майстра ліха закручанай дэтэктыўнай інтрыгі. За дэтэктыўнымі рамкамі ў рамане праглядаецца моцны філасофскі пласт:
сапраўдны Сцэнарыст — Той, Хто з вялікай літары — Бог. Мяне гэта вельмі ўразіла.
 
Гэта цалкам уражанні ад таго, што я паспеў пабачыць і прачытаць, зразумела, за ўсімі навінкамі не паспееш.
 
— Ці турбуе вас стан беларускай літаратурнай крытыкі? І ўвогуле, ці патрэбна яна, крытыка, пісьменніку?
 
— Крытыка, несумненна, павінна быць, але прафесійная і неананімная. Зараз інтэрнет дае магчымасць каму заўгодна стаць крытыкам пад псеўданімам і гаршэй долі не прыдумаць, калі трапляеш пад такую крытыку аглабельнага характару. А вось добрай крытыкі ў літаратурна-мастацкіх выданнях павінна быць у дастатковай колькасці. Айчынных пісьменнікаў варта хваліць і падтрымліваць, таму станоўчая канструктыўная крытыка павінна мець месца. З іншага боку, крытыка неабходна і дзеля таго, каб літаратары не цягнулі ў літаратуру размаітую пошласць, гвалт, трэш, усякі там сэксуальна-дэвіянтны кантэкст, мацюкі і безгустоўшчыну. Хоць я не лічу сябе слупом маралі, але ж мяркую, што нават эротыка павінна быць мастацкай і прыгожай. З той нагоды хочацца асобным аўтарам сказаць словамі з вядомага анекдота: вас жа дзеці чытаюць. 
 
— Давайце паспрабуем зазірнуць у творчую лабараторыю пісьменніка Алеся Бычкоўскага. З якой кнігай прыйдзеце да чытача ў 2024 годзе?
 
— Добрае пытанне!.. Падрыхтаваў невялікі зборнік аповесцей і апавяданняў, большасць якіх друкаваліся ў «Маладосці» і «Полымі». Усе яны на мяжы жанраў, дзе змешваецца рацыянальнае з ірацыянальным, «рэалізм» з казкай, фэнтэзі, навуковай фантастыкай, дзе раптам здараецца цуд, і выпадае магчымасць чытачу ўздыхнуць: «Дзякуй, Божачка, гэта здарылася не са мной», дзе застаецца месца гумару, а часам і скрухі, але абавязкова са шчаслівым фіналам. 
 
Яшчэ мяркую перакласці на рускую мову маю кнігу «Ацалелы, або вясёлыя хаўтуры» для маіх расійскіх сяброў. Гэта не фантастыка, а трагікамічны дэтэктыў, спроба пісаць «не-фантастыку». Пачынаецца з таго, што чалавек ачомаўся ў труне, цудам выкараскаўся з долу на могілках, а потым спрабуе высветліць, хто ж яго туды «ўпакаваў», і ўсё вакол яго насычана неслабымі прыгодамі. Кніга на адзін вечар.
Зразумела, планы гэта ўсяго толькі планы, бо як кажуць: «Человек предполагает...»
 
Гутарыў Кастусь ХАДЫКА
 
Беразіно — Мінск.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.