Вы тут

Як пазбегнуць траўмаў?


Па статыстыцы, зімовы траўматызм перавышае летні ў два-тры разы. Пры гэтым 65-72% усіх траўмаў прыпадае на цяжкія пашкоджанні апорна-рухальнага апарату — пераломы костак і сустаўныя вывіхі. Зрэшты, удары мяккіх тканак і расцяжэнні звязак таксама не рэдкасць. Як зрабіць, каб зімовы адпачынак, у тым ліку паляванне і рыбалка, не прывёў да сумных наступстваў, расказалі спецыялісты.


На вуліцы і на горцы

Штогод у Беларусі траўмы атрымліваюць каля 700 тысяч чалавек, у тым ліку дзяцей. За апошні год траўматызм павялічыўся на 5% у параўнанні з папярэднім.

Найбольшую колькасць траўмаў атрымліваюць мінчане — у сталіцы ўзровень траўматызму максімальны ў параўнанні з рэгіёнамі. Ён складае 6785 дарослых пацыентаў на 100 тысяч насельніцтва і 8016 дзяцей. Найменшы ўзровень траўматызму ў Віцебскай вобласці — 3938 чалавек на 100 тысяч насельніцтва.

Пераважаюць бытавыя траўмы, яны складаюць 80% у дарослых і 52% у дзяцей. На другім месцы — вулічныя траўмы (12% дарослых і 34% дзяцей).

— Тэхнічны прагрэс, на жаль, стварае траўманебяспечнае асяроддзе. У апошнія гады характэрная адна з самых небяспечных траўмаў дзяцей — пры катанні на горках на цюбінгу. Гэта даволі простая канструкцыя, але ён мае відавочныя мінусы. Гэта некіравальнасць і даволі высокая хуткасць, таму траўмы звычайна даволі сур’ёзныя — ад пераломаў канечнасцяў да пераломаў пазваночніка, — расказвае ўрач-траўматолаг-артапед, малодшы навуковы супрацоўнік лабараторыі траўматалогіі дарослага ўзросту РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Андрэй Баканоўскі. — Але варта адзначыць, што за апошнія гады колькасць гэтых траўмаў паменшылася. Калі ў 2021 годзе было зафіксавана 414 выпадкаў, то ў 2023-м — 132.

Напярэдадні працяглых зімовых свят спецыяліст параіў асаблівую ўвагу ўдзяляць дзецям, асабліва пры катанні на горках, дзе важна выбіраць бяспечныя спускі. Дарослым жа таксама важна паводзіць сябе бяспечна, асабліва ў алкагольным ап’яненні, і не захапляцца ў такім стане зімовымі актыўнасцямі.

Таксама неабходна выбіраць бяспечны абутак і кантраляваць надвор’е, асабліва пажылым людзям.

— Калі перадаюць, што ёсць прыкметы галалёду, то пажылому чалавеку лепш застацца дома. У гэтай групе насельніцтва вялікая колькасць траўмаў ад падзення з вышыні ўласнага росту. Таксама ў галалёд варта паспрабаваць нікуды не выязджаць на аўтамабілі, каб пазбегнуць ДТЗ, — парэкамендаваў Андрэй Баканоўскі.

Калі дзіця атрымала траўму, лепш за ўсё выклікаць «хуткую».

— Не варта актыўнічаць, а трэба дачакацца спецыялістаў. Дзіця звычайна пры такой траўме мае абцяжаранае дыханне, якое потым аднаўляецца. Калі гаварыць пра людзей пажылога ўзросту, звычайна яны атрымліваюць траўмы ніжніх канечнасцяў — пераломы сцягна, шыйкі сцягна. Тут варта зафіксаваць канечнасць, даць абязбольвальнае, калі яно маецца, і выклікаць «хуткую», даставіць пацыента ў траўмапункт для аказання спецыялізаванай дапамогі, — параіў Андрэй Баканоўскі.

На паляванні і рыбалцы

Такія віды вольнага часу, як паляванне і рыбалка, здавалася б, не самыя траўматычныя. 

Але і тут няшчасныя выпадкі здараюцца, больш за тое, прыводзяць да смерці.

— У многіх зараз на слыху няшчасны выпадак, які нядаўна здарыўся на калектыўным паляванні ў Смалявіцкім раёне. Варта сказаць пра яго больш падрабязна, каб паляўнічыя зрабілі правільныя для сябе высновы, бо гэты смяротны выпадак адбыўся ў першую чаргу з-за парушэння тэхнікі бяспекі на паляванні, — адзначае намеснік начальніка ўпраўлення палявання, рыбалоўства і турызму РДГА «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў» Уладзімір Казлоўскі. — Паранены дзік выйшаў на паляўнічага, які стаяў на сваім так званым нумары, і перасёк стралковую лінію. Паляўнічы, не чакаючы заканчэння загону і распараджэнняў кіраўніка палявання, які ва ўстаноўленым парадку прысутнічаў, самастойна вырашыў пайсці за гэтай жывёлай з мэтай дабраць падранка. І, на жаль, наблізіўся вельмі блізка — дзік напаў. Жывёла аказалася буйным самцом. І акрамя таго, што ён паранены, дзікі ў цэлым даволі агрэсіўныя, бо ў іх зараз перыяд гону. Ён нанёс паляўнічаму вельмі сур’ёзнае раненне — пашкодзіў сцегнавую артэрыю, што прывяло да вялікай страты крыві і смерці. Калегі па паляванні нават не паспелі прыйсці на дапамогу.

Спецыяліст нагадаў, якія правілы безумоўна варта выконваць падчас палявання.

— Калі б гэты паляўнічы дачакаўся заканчэння загону і кіраўніка палявання, і той прыняў рашэнне, якія дзеянні праводзіць па даборы гэтага падранку, такога здарэння б не адбылося. Калі б ён самастойна не зняўся са свайго нумара і не пайшоў за дзіком, зноў-такі, гэта б не прывяло да такіх сумных наступстваў. Таму патрабаванні да ўсіх паляўнічых такія: абавязкова на калектыўных паляваннях слухаць і выконваць указанні кіраўніка палявання. І ў цэлым выконваць іншыя правілы тэхнікі бяспекі — стральба ажыццяўляецца пераважна падчас загону, яна забаронена ўздоўж стралковай лініі і па невыразна бачнай мэце, — падкрэсліў Уладзімір Казлоўскі.

У гэтым сезоне ўжо зафіксавана і некалькі выпадкаў гібелі рыбакоў. Ёсць правілы і для зімовай рыбалкі, якія трэба няўхільна выконваць.

— Першы лёд вельмі каварны. Людзі проста не могуць прадказаць яго стан і правальваюцца. Вада вельмі холадная, і часу на выратаванне няшмат. Калі чалавек адзін на рыбалцы, ён рэдка можа выбрацца без спецыяльных сродкаў на лёд самастойна і, на жаль, гіне ад пераахаладжэння або ад утаплення. Таму рыбаловам рэкамендуецца таксама выконваць элементарныя правілы бяспекі. Не выходзіць на лёд танчэйшы за 7 см. Не збірацца вялікімі групамі ў адным месцы, асабліва калі рыбалка па першалёдзе. Не свідраваць шмат лунак у адным месцы і мець пры сабе індывідуальныя сродкі выратавання, так званыя ратавалкі — гэта спецыяльная прылада, якая дазволіць зачапіцца за лёд у выпадку, калі раптам вы праваліліся, і выбрацца. І быць гатовымі прыйсці на дапамогу да іншых рыбаловаў, якія трапілі ў такую сітуацыю, — дадаў Уладзімір Казлоўскі.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».