Вы тут

Наталля Качанава сустрэлася з членамі пярвічнай арганізацыі БСЖ ААТ «Нафтан»


На пачатку спікер верхняй палаты парламента абазначыла фармат размовы, якая адбылася ў Савеце Рэспублікі, — нефармальная сустрэча. Наталля Качанава рэгулярна наведвае прадпрыемства, а таму абмеркаваць з супрацоўнікамі калектыву надзённыя пытанні мае магчымасць. Падчас апошняга візіту на ААТ «Нафтан» яна запрасіла прадстаўніц жаночай арганізацыі наведаць Савет Рэспублікі, каб яны бліжэй азнаёміліся з месцам, дзе прымаюцца законы. Перад экскурсіяй адбыўся дыялог спікера і супрацоўніц прадпрыемства.


Наталля Качанава расказала аб заканадаўчай дзейнасці сенатараў. У прыватнасці, аб рабоце над прывядзеннем заканадаўства ў адпаведнасць з абноўленай Канстытуцыяй. Карэкціроўкі патрабавалі сто заканадаўчых актаў. Гэтая работа, па словах спікера, ужо практычна завершана. 

«Тыя законы, над якімі мы працуем, датычацца абсалютна ўсіх сфер дзейнасці: Закон „Аб ахове здароўя“, Кодэкс аб адукацыі, Кодэкс аб культуры, — удакладніла Старшыня Савета Рэспублікі. — На апошнім пасяджэнні сесіі ў гэтым годзе мы прынялі Закон „Аб інвестыцыях“. Я вельмі радая таму, што, нарэшце, на папярэднім пасяджэнні мы яшчэ разгледзелі пытанні, якія датычацца Крымінальна-працэсуальнага, Крымінальнага кодэксаў, дзе казалі аб адказнасці за педафілію». 

Спікер верхняй палаты парламента падкрэсліла важнасць таго, што сенатары прадстаўляюць рэгіёны. «Нам важна, каб законы, якія мы прымаем былі ад зямлі, каб яны былі зразумелыя і патрэбныя людзям, былі актуальныя», — звярнула ўвагу яна.

Акрамя таго, Наталля Качанава расказала аб дзейнасці экспертнага і экспертна-кансультатыўнага саветаў, савета па пытаннях сацыяльнай адаптацыі і інтэграцыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, створаных пры верхняй палаце парламента. Спікер адзначыла, што тэмы для разгляду падказваюць звычайныя людзі, якія звяртаюцца з канкрэтнай праблемай падчас прыёмаў грамадзян. Асаблівую ўвагу Старшыня Савета Рэспублікі засяродзіла на міжнароднай дзейнасці. 

«Увогуле работа вельмі цікавая, але няпростая, — паведаміла яна. — Шмат пытанняў, якія хочацца ахапіць. Многае хочацца зрабіць. Прэзідэнт нам заўсёды кажа, што самае галоўнае ў палітыцы, якую мы праводзім у краіне, — гэта чалавек, справядлівыя адносіны да яго. Запыт на справядлівасць — цяпер самая актуальная тэма. І ўсе рашэнні, якія прымаюцца, павінны быць на карысць дзяржавы». 

Вялікую работы сенатары праводзяць з людзьмі. Наталля Качанава заўважыла, што сёлета ў Савет Рэспублікі паступіла каля 6 тысяч зваротаў. Гэта калі не ўлічваць пытанні, агучаныя людзьмі падчас сустрэч на прадпрыемствах і арганізацыях. Спікер закранула тэму дзейнасці грамадскіх арганізацый. Па словах Наталлі Качанавай, людзі павінны туды ўступаць па клічы сэрца. «Атрымаецца тады, калі людзі бачаць, што разам аб’ядналіся і робяць добрыя справы, — дадала яна. — Мы разам усё можам. Але ў грамадскім жыцці гэта павінна быць нефармальна».

Падчас сустрэчы таксама былі абмеркаваны пытанні развіцця рэгіёнаў, падтрымкі моладзі, каб яна не з’язджала ў сталіцу, а прыносіла карысць краіне ў малых гарадах. Па словах спікера, усё для гэтага створана. 

У размове з журналістамі Наталля Качанава адзначыла, што такія сустрэчы, якая адбылася ў Савеце Рэспублікі, нельга ні недаацаніць, ні пераацаніць. «Сустракацца з людзьмі заўсёды цікава, — падкрэсліла спікер. — Для нас гэта важна, бо так мы даведваемся, якія праблемы ўзнікаюць у нашых людзей. Але нам важна і давесці тую інфармацыю, якой мы валодаем, да працоўнага калектыва, да тых, з кім ты сустракаешся». 

Старшыня Савета Рэспублікі заўважыла, што ёй было вельмі прыемна пагутарыць з прадстаўніцамі жаночай арганізацыі «Нафтана», пачуць іх пытанні і пажаданні. «Вы ведаеце, што Наваполацк — для мяне родны горад, я працавала там дастаткова доўга, — удакладніла спікер. — Я пачула добрыя водгукі аб той рабоце, якая праводзіцца сёння Беларускім саюзам жанчын на гэтым буйным прадпрыемстве. Яны працуюць з кожным чалавекам — гэта вельмі важна. Вядома, яны будуць прырастаць. Тады, калі людзі бачаць, што грамадская арганізацыя робіць вельмі важныя і патрэбныя справы не ў цэлым для горада і краіны, а для канкрэтнага чалавека, поспех у гэтым будзе. Для нас вельмі важная эфектыўная работа грамадскіх арганізацый. Мы працуем дастаткова шчыльна. Акрамя таго, я сама з’яўляюся членам Беларускага саюза жанчын і з вялікай радасцю сустракаюся з прадстаўніцамі гэтай грамадскай арганізацыяй».

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.