Вы тут

Маім героям — у Навагоддзе


Кінула вокам на ранейшыя тэксты сваёй калонкі і заўважыла, што ўсталёўваецца своеасаблівы звычай ў канцы года згадваць памятныя сустрэчы, цікавых альбо неардынарных герояў, з якімі звялі журналісцкія дарогі за мінулыя 12 месяцаў. Думаю, гэта не горшая традыцыя, і няма ніякай нагоды яе парушаць.


Сустрэчай года, або, лепш сказаць, узрушэннем года для мяне стала гісторыя лётчыка Пятра Шмыгава і яго маці, пра якую расказалі ў Кобрынскім раёне. Пры жаданні тэкст можна адшукаць на сайце альбо ў газеце за 27 жніўня. Гэта аповед пра мацярынскае сэрца і мацярынскае гора, пра містыку лічбаў, а таксама пра адзін з галоўных жахаў вайны, калі маці можа адправіць на вайну дзіця і ўсё астатняе жыццё не ведаць, што адбывалася з ім у апошнюю секунду, у якой зямлі ляжаць яго костачкі. Так і было з Еўдакіяй, расійскай маці, сын якой Пётр загінуў на другі дзень вайны пад Кобрынам. Але яна ўсё жыццё горача малілася і ў канцы жыцця казала родным, што вымаліла вяртанне сына. Ёй не верылі... Ён загінуў у 1941 годзе, яна памерла праз 40 гадоў, у 1981-м, а яшчэ праз сорак гадоў, у 2021-м, яго цела дасталі з кобрынскага балота, прывезлі на радзіму і пахавалі побач з ёй. А на помніку накрэслілі словы: «Мама, я вярнуўся».

Калі даводзіцца некаму пераказваць згаданы сюжэт, то пасля слоў, узятых у двухкоссі, не заўсёды хутка ўдаецца справіцца з камяком у горле. Асабліва цяпер, калі зноў плачуць маці, калі свет, нібы з’ехаўшы з глузду, дазваляе разгарацца войнам, што зноў аднімаюць сыноў. Бо для маці галоўны сэнс — у шчасці дзяцей. Жывых дзяцей.

І ўжо на гэты раз, пэўна, не згадала б пра Еўдакію і Пятра, бо нават успамінаць тую асобна ўзятую сямейную трагедыю не так лёгка, але ж водгукі на матэрыял паступаюць да гэтага часу. Вось і нядаўна чытачка дазванілася, калі я была ў бальніцы. Расказала, што ведае 90-гадовую жанчыну, у якой ёсць свая, не менш кранальная гісторыя. Тая, як быццам, гатовая падзяліцца. Мяркую, што на пачатку года выберуся ў камандзіроўку па названым адрасе і змагу расказаць вам пра пачутае.

Дарэчы, чытачы не раз падказвалі аўтару гэтых радкоў і тэмы, і цікавых герояў. Па такой падказцы вясной пашчасціла завітаць ў госці да шматдзетнай сям’і Целяціцкіх, якія пакінулі гарадское жыццё з усімі выгодамі, перабраліся ў вёску, адрадзілі бабулін дом, трымаюць вялікую гаспадарку, гадуюць пяцярых дзяцей. Некалі бабуля Святланы Целяціцкай была перадавіком калгаснага жыцця, дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, а потым спыніла грамадскую кар’еру і цалкам прысвяціла сябе сям’і. Вось і Святлана, яе ўнучка, педагог па адукацыі, разводзіць падсобную гаспадарку і атрымлівае ад гэтага вялікае задавальненне. А дзеці, гледзячы на маці і бацьку, растуць працавітымі, добра вучацца ў школе, дачка яшчэ музыкай займаецца. Галоўнае, што лад пануе ў вялікай сям’і, дом яны ўладкоўваюць сваімі рукамі, жывуць на пазітыве.

Сёлета мне як ніколі шанцавала на сустрэчы з цікавымі шматдзетнымі сем’ямі. І заўсёды здзіўляла ўменне бацькоў выбудаваць, адладзіць механізм хатняй работы. Бо без дакладнага механізму, як выглядае, зрабіўся б вэрхал, магла б ахапіць паніка, што нічога не паспяваеш, ні з чым не спраўляешся. А так — хатняя работа па раскладу, ды і астатняе — па плану. Як у сям’і Шавялёвых з Кобрынскага раёна, якія сёлета заваявалі тытул «Уладар сяла». Іх я б назвала сям’ёй новай фармацыі. Ірына і Сяргей шмат укладваюць у развіццё дзяцей. Кожны год яны ўсе разам падарожнічаюць. Загадзя складаюць план адпачынку, адкладваюць грошы, каб летам выпраўляцца ў дарогу, спасцігаць новыя мясціны, атрымліваць незабыўныя ўражанні. Іх меншая дачушка, што восенню толькі пайшла ў садок, ужо знаёмая са спецыфікай аэрапортаў, без цяжкасці пераносіць двухтыднёвую вандроўку на машыне. Ад мудрай 30-гадовай маці сямейства пачула цікавыя разважанні, якія асэнсоўваю да гэтай пары: «Толькі з трэцім дзіцём я адчула сапраўдную асалоду, кайф ад мацярынства. Раней такога не здаралася». «З трэцім дзіцём прыйшоў новы ўзровень усведамлення мацярынства і бацькоўства — падтрымаў жонку муж — нарэшце мы зразумелі, што значыць сцвярджэнне: «Паўнавартасная сям’я можа быць толькі з трыма дзецьмі».

Апошняе, відаць, Валянціна і Мікалай Літвінюкі з Камянецкага раёна спасціглі даўно, бо гадуюць аж дзевяць дзяцей. Усе дзеці добра вучацца, удзельнічаюць у конкурсах, алімпіядах, усе займаюцца музыкай. У гэтай сям’і, як я зразумела, культывуюць строгае выхаванне, дзеці ва ўсім дапамагаюць бацькам, падтрымліваюць малодшых братоў і сясцёр. Маці сямейства, пасля таго, як малодшы пойдзе ў садок, плануе выйсці на работу па спецыяльнасці: яна настаўніца. Няма падстаў сумнявацца, што ў іх атрымаецца, сям’я зробіць усё, каб мама рэалізавала сябе яшчэ і па сваёй спецыяльнасці.

Падобныя сустрэчы, несумненна, падсілкоўваюць энергіяй, усяляюць аптымізм. А яшчэ вельмі люблю герояў-філосафаў, герояў-інтэлектуалаў. Сустракала такіх сярод хлебаробаў, навукоўцаў, прадпрымальнікаў, святароў, бацькоў сямействаў. Асаблівую асалоду атрымліваеш ад стасункаў з чалавекам, які шмат ведае, умее думаць, аналізаваць, мае свой пункт гледжання. Такіх, напрыклад, як Іна Родак. Мінчанка, бізнес-лэдзі, аднойчы карэнным чынам змяніла сваё жыццё. Некалькі гадоў таму яна купіла закінутую хату на Палессі, адкрыла аграсядзібу, цяпер вывучае гісторыю, традыцыі краю, аднаўляе аўтэнтычны побыт, праводзіць для турыстаў захапляльныя экскурсіі. Нездарма ж да яе з задавальненнем едуць сталічныя айцішнікі. Акрамя таго, яна знайшла тут сваё шчасце. З мужам захапіліся садаводствам, агародніцтвам, вырошчваюць самыя розныя расліны — да самых экзатычных. Жывуць цікава, насычана, да таго ж Іна — класная гаспадыня, цудоўна гатуе. Адным словам, гармоніяй пранізана атмасфера іх сядзібы, таму, відаць, і прыцягвае сціплы вясковы дом, многія да яе ледзь не па дзясятаму разу едуць.

...Цягам года здарылася шмат памятных сустрэч. Хочацца, каб не абмінала маіх герояў удача, а галоўнае, каб усе былі жывыя і здаровыя. Гэта і ёсць маё пажаданне ім і вам, дарагія чытачы, на Навагоддзе.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.