Вы тут

У Лунінецкай гімназіі з’явілася імя


Лунінецкі край багаты на літаратурную гісторыю. У Лунінцы і на Лунінеччыне жылі і працавалі многія пісьменнікі. З гэтай старонкай звязаны лёс народнага песняра Беларусі Якуба Коласа. І не выпадкова, што многія асветніцкія мерапрыемствы ў горадзе і раёне праводзяцца пад знакам памяці пра аўтара «Новай зямлі» і «На ростанях». Адна з вуліц горада носіць імя Мікалая Калінковіча — пісьменніка, журналіста, гісторыка, які напісаў не толькі кнігу пра Лунінец, але і ўнікальны краязнаўчы нарыс «Палескія дні Аляксандра Блока», кнігу, да якой і сёння звяртаюцца ўсе даследчыкі повязяў аўтара паэмы «Дванаццаць» з Беларуссю, Берасцейшчынай. Лунінец літаратурны, Лунінец асветніцкі — гэта і лёс выкладчыка гісторыі ў рэальным вучылішчы ў Лунінцы ў 1920-я гады Мікалая Пятровіча Анцукевіча (1892 — 1971), які нарадзіўся на Гомельшчыне, у Мазырскім павеце.


Мікалай Анцукевіч скончыў у 1911 годзе Бабруйскую гімназію, а ў 1919 годзе — Нежынскі гісторыка-філалагічны інстытут. Працаваў выкладчыкам у Лунінцы, пасля — у польскай гімназіі. Займаўся збіральніцтвам палескага фальклору, народных легенд і паданняў. З 1933 года працаваў у Віленскай беларускай гімназіі. Некаторы час быў дырэктарам гэтай гімназіі. У пасляваенныя гады працаваў выкладчыкам Вільнюскага ўніверсітэта.

Значную частку свайго жыцця Мікалай Анцукевіч аддаў даследванню «Слова аб палку Ігаравым». Пераклаў гэты неўміручы твор на сучасную рускую мову.

Прынята рашэнне аб наданні Лунінецкай гімназіі імя Мікалая Пятровіча Анцукевіча. Ужо больш як дзесяць гадоў выкладчыкі і вучні гімназіі праводзяць гісторыка-філалагічныя чытанні, прысвечаныя знакамітай асобе і яго навуковым, даследчыцкім вышукам. Шмат намаганняў у арганізацыі працы па ўшанаванні памяці пра Анцукевіча і пашырэнню ведаў пра яго жыццёвы і творчы лёс прыклала лунінецкі краязнаўца — журналістка, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Канапацкая.

Мікола БЕРЛЕЖ

Прэв’ю: Лунінецкія навіны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».